(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 15 сакавіка.)
Па ўсёй краіне амаль дваццаць азёрных пітомнікаў разводзяць малькоў фарэлі і карпаў, якімі зарыбляюцца фермерскія вадаёмы.
— Кожную вясну зарыбляецца і Скадарскае возера, дзе фермеры па дзяржаўнай ліцэнзіі ловяць рыбу, — адзначае ўдава рыбака Бранка Барысіч. – У нас няма агародаў. Вінаград, інжыр і гранаты з-пад камянёў прабіліся, выраслі і акружаюць дом. Зімы мяккія, без маразоў. Лета сонечнае і цёплае, і садавіна выспявае. На рынку можна нядорага купіць самаробнае вінаграднае віно. У дырэкцыі Нацыянальнага парку “Скадэрскія азёры” набываем ліцэнзію на рыбны промысел. Раней была калектыўная арцель, дзе заробак выплочвалі натуральнымі прадуктамі. Цяпер усе разлікі толькі грашыма. Высокім попытам на рынку карыстаецца рачная фарэль, на якую багата паўнаводная рака Марача. Да сямі метраў глыбіня рэчышча. Вясною яно разліваецца і падступае да падмуркаў дамоў. У разводдзе толькі на лодках можна з дому выбрацца. Унучак Лука ў школу на лодцы адпраўляецца.
— Навучыўся веславаць?
— Ён васьмікласнік і самастойны ўжо. Добра вучыцца. Тры мовы засвойвае: сербскую, рускую і англійскую. Захапляецца футболам. У летні сезон дапамагае прымаць турыстаў, ад якіх маем прыбытак. Я не магла атрымаць адукацыю. Сваім дзецям імкнулася дапамагчы вывучыцца. Старэйшы сын Веска закончыў інстытут. Уладкаваўся ў курортным пасёлку і адкрыў турыстычную фірму. Арганізуе вандроўкі турыстаў па ўнікальных мясцінах Чарнагорыі. Адзін з такіх маршрутаў пракладзены праз нашу старажытную рыбацкую вёску. Мы частуем гасцей рыбнымі стравамі і самаробнымі вінамі. Арганізуем катанне па возеры на дзедавых лодках. Іх выраблялі майстры ў суседняй вёсцы Жабля, што побач са старажытнай сталіцай Чарнагорыі. Там і зараз майструюць драўляныя чаўны з шаўкоўніцы, сасны, дубу, каштана і прадаюць па 600 еўра. Пасля вайны баркасы каштавалі болей, чым карова.
— Чаму зараз вашы аднавяскоўцы кароў не трымаюць?
— Лягчэй злавіць рыбу і прадаць яе, а за атрыманыя грошы купіць малако. Рыбацтва дае большы прыбытак. Сем’і ў нашых вёсках не такія вялікія, як раней. Па аднаму-двое дзяцей у маладых.
— Прадукты харчавання дзе набываеце?
— У нашым вясковым магазіне цэны больш высокія, чым базарныя. Малочныя і мясныя прадукты прывозяць з Сербіі, Харватыі. Садавіны і гародніны сваёй удосталь. Чарнагорскія прадукты смачныя і экалагічна чыстыя.
На сталічных рынках Падгорыцы, да якой з Враніна можна за паўгадзіны на аўтобусе ці электрычцы даехаць, багаты выбар прадуктаў харчавання. Цэны залежаць ад сезона. Раней на Адрыятычным узбярэжжы адпачывалі ў асноўным пенсіянеры заходнееўрапейскіх краін. Цяпер пераважная большасць турыстаў з Расіі, Беларусі і Украіны. Нават зімою не пустуюць атэлі. Субтрапічны клімат, насычанае ёдам марское паветра і мясцовыя экалагічна чыстыя прадукты вабяць адпачываючых. За семдзесят пражытых гадоў Бранка Барысіч не памятае моцных халадоў. Бывала, што снег усцілаў зямлю, але ненадоўга. У яе невялікім пакойчыку стаіць сучасны тэлевізар, а каля акна ўпісалася пакрытая белай эмаллю металічная печка для абагрэву дрывамі. Кубаметр паколатых дроў каштуе 30 еўра. Іх прывозяць з паўночнай часткі краіны, пакрытай лясамі. Набываць дровы танней, чым заказваць газавыя балоны. На пліце рыхтуюць і ежу. Ледзьве заўважны комін выведзены з пакоя на дах. Звадкаваным газам карыстаюцца гаспадары толькі для сушкі рыбы.
Непадалёку ад падворкаў б’е горная крыніца, і ад яе ў вёску праклалі вадаправод. Каналізацыю кожная сям’я ладзіць сама.
Кранула чарнагорскія вёскі ўрбанізацыя. Моладзь пакідае бацькоўскі парог. Старэйшы сын Даніэлы і Горана пасля сярэдняй дванаццацігадовай школы закончыў курсы афіцыянтаў у Падгорыцы. Працаўладкавацца ў сталіцы Боян не змог і вярнуўся дадому. Набыў дазвол на лоўлю рыбы ў Скадарскім возеры і працягвае справу продкаў. Яму ўлоў не трэба везці, як некалі бабулі, чоўнам на базар. Ля азёрнага прычала рыбу скупляюць нарыхтоўшчыкі.
Садавіна, гародніна, малочныя і мясныя прадукты з фермерскіх гаспадарак пастаўляюцца ў супермаркеты і прадуктовыя магазіны, дзе заўжды багаты асартымент мясцовых прадуктаў харчавання.
Гаспадыня садовай фермерскай гаспадаркі Райка Сцепановіч з прыгарада курортнага мястэчка Бар мае пастаяннае месца продажу садавіны ў курортным мястэчку Рафаілавічы. Штораніцы на досвітку прывозіць на легкавіку тавар і да заходу сонца прапануе адпачываючым. Дапамагае ёй дачка Рада, якая працуе ў гарадской аптэцы фармацэўтам, а ў выхадныя падмяняе маці. На дзесяці гектарах прыватнай зямлі яны вырошчваюць вінаград, персікі, інжыр, яблыкі, грушы, слівы, арэхі. Гаспадыня фермерскіх угоддзяў Райка Сцепановіч мае дыплом бухгалтара сельскагаспадарчай вытворчасці. Працавала па спецыяльнасці, а пасля смерці мужа занялася фермерствам. Усім сваім шасцярым дзецям дапамагла атрымаць адукацыю. Ніхто з іх не застаўся працаваць на зямлі. Горад пераманіў сваімі выгодамі. Дачка Рада жыве побач і пасабляе маці. І не толькі дзеці Райкі Сцепановіч перабраліся ў горад. Рэдка сустрэнеш маладую сям’ю ў чарнагорскай правінцыі. Закрываюцца вясковыя школы, медыцынскія ўстановы. Жыхары рыбацкай вёскі Враніна да ўрачоў дабіраюцца за дзесяць кіламетраў.
З мінулых часоў багата Чарнагорыя на праваслаўныя храмы. Амаль у кожным населеным пункце правіцца богаслужэнне ў каменных царквах.
У праваслаўным храме святога Тома, што ў чарнагорскім куротным гарадку Будва, служба вядзецца на стараславянскай мове і абсалютна адпавядае рытуалу ў артадаксальных праваслаўных храмах. Векавыя карані ядналі славянскія народы, і пастыр упэўнены, што надалей гэтая сувязь не парушыцца. Агульная вера, блізкая мова і культура цэментуюць перспектыву. Самы старажытны ў ваколіцах Скадарскага возера Вранінскі манастыр збудаваны ў 1221 годзе. Пяць стагоддзяў таму краіна атрымала сучасную назву. Больш за 70 працэнтаў насельніцтва Чарнагорыі праваслаўныя. Мусульманскія і каталіцкія паселішчы канцэнтруюцца на мяжы з Албаніяй, дзе развіта агародніцтва. Адсюль паступае першая вясновая гародніна.
На дзяржаўным узроўні падтрымліваюцца фермерскія гаспадаркі. На перыяд правядзення веснавых палявых работ і ўборкі ўраджаю яны вызвалены ад уплаты акцызу на паліва, што значна зніжае сабекошт прадукцыі. Ёсць намер выдзяляць дзяржаўныя сродкі на частковае пакрыццё страхоўкі фермерскага ўраджаю. У севазварот вяртаюцца землі, якія па розных прычынах пуставалі. На раўнінных тэрыторыях вырошчваюцца злакавыя культуры, гародніна, вінаград, садавіна, цытрусавыя, аліўкі. Добра родзяць пшаніца, ячмень, жыта, авёс, грэчка, кукуруза і тэхнічная культура табак. Мяккі клімат дазваляе збіраць па два ўраджаі за год. Пасля жніва, якое звычайна пачынаецца ў чэрвені, па іржышчы высяваюць кукурузу і ўвосень абмалочваюць пачаткі. Амаль круглы год фермерскія гаспадаркі забяспечваюць насельніцтва свежай гароднінай.
Без прымянення мінеральных удабрэнняў вырошчваецца чарнагорская прадукцыя земляробства. На еўрапейскім рынку яна прызнана адной з самых экалагічна чыстых і карысных.
Значная частка ўзвышшаў і непрыгодных для вырошчвання сельгаскультур зямель занята вінаграднікамі. Чарнагорскія вінаградныя віны карыстаюцца попытам на еўрапейскім спажывецкім рынку. Выпасваюцца на горных схілах атары авечак і коз, а на раўнінах – буйная рагатая жывёла. Паспяхова развіваецца малочная вытворчасць. Асаблівыя ўмовы, якія створаны прыродай на высакагорных пашах і ў далінах, надаюць мясу і малаку незвычайны смак. Вытворчасць малака і малочных прадуктаў мае векавыя традыцыі. Вырабляюцца розныя віды сыроў і высакаякасныя мясныя прысмакі. Краіна забяспечана прадуктамі жывёлагадоўлі і пастаўляе іх на экспарт.
Імкненне ўрада гэтай невялікай горнай краіны ў Еўрасаюз накладвае пэўны адбітак на сельскагаспадарчую палітыку. Плануецца ўзбуйненне фермерскіх гаспадарак, развіццё кантролю і сертыфікацыі прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі, удзел у міжнародных праектах, у тым ліку і разам з беларускімі аграрыямі. Попытам карыстаюцца ў мясцовых фермераў беларускія трактары. Распрацоўваюцца праекты па арганізацыі сумеснай вытворчасці ў нашай краіне сельгаспрадукцыі па інтэнсіўнай тэхналогіі. Сумесна з пасольствам Сербіі і Чарнагорыі ў Беларусі праводзіцца дзейнасць па стварэнні інфраструктуры развіцця двухбаковых эканамічных адносін.
Уладзімір СУБАТ, «СГ»
Фота аўтара