Дом меў толькі сцены
— Быў апошні дзень мая, — успамінае Яўген. — Схілы на мелавых кар’ерах ужо зазелянелі, пупышкі толькі раскрыліся, таму кусты здаваліся празрыстымі, адлюстроўваліся ў бірузовай вадзе. І гэта было, скажу я вам, відовішча яшчэ тое!..Яны спыніліся на начлег, уладкаваўшы палатку на адным з такіх аздобленых першай зеленню берагоў. Дарэчы, ваўкавыскія мелавыя кар’еры — адно з унікальных месцаў у Беларусі. Яны выпрацаваныя: раней тут здабываўся мел — сыравіна для вытворчасці будматэрыялаў. З цягам часу ўзнікла сетка штучных азёр, раскіданых па раўніне. Нагрувашчаныя вакол адвалы пяску, крутыя белыя берагі... Усё гэта стварае адчуванне ілюзорнай рэальнасці. Бірузовае адценне вады — ад мелавых адкладаў, якімі густа ўслана дно вадаёмаў. Кідкія, у шматколерным «выкананні» пейзажы выклікаюць асацыяцыі з сусветна вядомымі Мальдзівамі, дзе такія ж блакітныя лагуны на выкладзеных караламі астравах. Адсюль і запазычаная з экзотыкі далёкіх вандровак назва.
Палатачная ізаляцыя абодвум шукальнікам прыгод пайшла на карысць: перад імі адкрыліся непаўторныя выявы роднага краю, пра якія нават не падазравалі. Вырашылі, што іх мара павінна ажыццяўляцца менавіта сярод незвычайнай прыгажосці азерцаў і выспаў, да якіх ужо ўпотайкі цягнуліся шматлікія групы «дзікіх» вандроўнікаў.
У вёсцы Альхова, дзе пераважна драўляныя будынкі, выбралі дом. Вартасць лакацыі была ў тым, што ў паселішчы праведзены прыродны газ, дзейнічаў культурны цэнтр, у якім віравала жыццё. Пасля створаная аграсядзіба наладзіла з ім супрацоўніцтва: разам арганізоўвалі масавыя народныя святы. Але пакуль што да ўсяго гэтага было далёка. Выбраны для сядзібы дом меў толькі сцены. Яго трэба было рэканструяваць, захаваўшы дух сялянскага побыту. За ім людзі і едуць у аграсядзібы.
Акрамя субсідый на развіццё аграэкатурызму, якія дзяржава пачала выдзяляць энтузіястам, патрэбны былі яшчэ немалыя сродкі. Сем год таму аграсядзіба «Альхова» зарэгістравана і працуе як агратурыстычны аб’ект. Сёння сярод яе гаспадарчых і дызайнерскіх пабудоў выдзяляецца дыхтоўны гасцявы дом з чатырох пакояў, адзін з якіх належыць гаспадару. Аграэкасядзіба нядаўна стала дыпламантам ХХ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь».
Тут маюцца ўсе бытавыя выгоды, з разлікам на тое, што сучасны турыст аддае перавагу цывілізаванай экзотыцы. На тэрыторыі сядзібы прыродная сажалка, якую сілкуюць падземныя крыніцы. Неяк яе выбралі сваім месцам жыхарства бабры. Нацягнулі алешын, змайстравалі гаці. Госці захапляліся іх штукарствамі. Але надарылася летняя засуха, і бабры пакінулі сажалку.
«Несапраўдныя» жаўткі
Захаванне бытавых і культурных традыцый вёскі — такую задачу ставілі перад сабой гаспадары сядзібы. Гэта амаль натуральная гаспадарка, калі спажываецца тое, што вырабляецца. На падвор’і завялася розная птушка: індыкі, куры, гусі, качкі.— Неяк на сняданак гасцям з Расіі падалі звараныя ўкрутую яйкі. Дзеці доўга ўглядаліся ў жаўткі, а потым заявілі, што яны несапраўдныя. Бо аранжавыя, — смяецца Яўген. — І сапраўды, насычаны колер жаўтка здзіўляе гараджаніна. Як і смак толькі што знятага з градкі агурка, яго далікатны, насычаны водар.
Да сваёй «жывой» гаспадаркі Яўген падыходзіць не толькі са спажывецкага пункту гледжання. Вось набылі ў Гродзенскім заапарку пару паўлінаў. Птушкі, як кажуць, пайшлі рукой — размнажаюцца. Для іх тут прасторны вальер з імітацыяй ствалоў дрэва, жэрдкі. Птушкі ёсць птушкі: аддаюць перавагу начлегу на курасадні.
У «Альхове» два сады, стары і малады. Першы — з высокімі стваламі, як даніна памяці мінуламу. Высекчы іх рука не падымаецца. У другім — невысокія каржакаватыя дрэўцы, якія хутка прыносяць плады і маюць нетрадыцыйныя для гэтых мясцовасцей назвы.
Ноу-хау сядзібы
З гэтай гаспадаркі і фарміруецца «шведскі» стол для наведвальнікаў — своеасаблівае ноу-хау сядзібы. І гэта, так бы мовіць, гастранамічны ўклад сядзібы. Але ёсць і іншы, нейкім чынам з ім пераплецены, але адметны імкненнем гаспадароў пазнаёміць гасцей з традыцыйным побытам далёкіх продкаў — экскурс у мінулае.— Іх трэба займаць згодна з той канцэпцыяй, якая вызначана спачатку. Мы арганізоўвалі калядкі. Не адмаўляемся ад іх і цяпер, толькі некалькі змянілі падыход да гэтай традыцыйнай абраднасці. Купалле ў нашай інтэрпрэтацыі таксама падабаецца гасцям. Але ж продкі не толькі гулялі ды весяліліся. Яны пяклі хлеб, рабілі дзясяткі страў з малака. Прычым былі рэцэпты, якія спакваля забываюцца. Мы на сядзібе вырашылі ўзнавіць тэхналогіі — каб прадэманстраваць, асабліва дзецям, увесь складаны працэс прыгатавання прадукту. Ад самага пачатку і да дэгустацыі.
Для наведвання майстар-класаў у Альхове ўжо арганізоўваюцца вучнёўскія турыстычныя групы. Усім цікава паназіраць за прыгатаваннем сапраўднага хатняга хлеба на заквасцы. Ужо мала хто памятае, як падыходзіць у дзяжы крутое цеста, як выкладаюцца на чугунную патэльню, усланую кляновым лісцем, тугія шараватыя камякі. А які непаўторны водар хлеба стаіць пасля ў хаце!.. Падобныя тэхналогіі імкнуцца ўзнавіць пераважна ў прысутнасці дзятвы. Пакуль хлеб пячэцца, арганізуюцца рухомыя гульні, віктарыны. Яны арыентаваны на засваенне атрыманых у працэсе майстар-класа ведаў. Пасля — чаяпіцце з толькі што спечаным хлебам.
Сярод аналагічных праграм — знаёмства з тэхналогіяй прыгатавання вяршковага масла. У тым выглядзе, у якім яна практыкавалася ў сялянскіх падвор’ях нашымі продкамі, — з бойкай, крыжавінай… Большасць наведвальнікаў сядзібы ўпершыню сутыкаюцца з падобнай тэрміналогіяй. Пасля працэсу — традыцыйная дэгустацыя, але на гэты раз з блінамі.
Перадкалядная фішка
«Як скакаў наш казёл ды па ельнічку, хлопцаў-дзевак збіраў на вяселлячку…» — на падвор’і сядзібы часта можна пачуць гэты моўны фрагмент гульні, якая тут і нарадзілася. У ролі вядучага часта выступае сам гаспадар. У працэсе «казёл» чапляе «рожкамі» таго, каго ён выбірае сабе ў пару. Спакваля сплятаецца ланцужок, які з прыгаворкамі-жартамі рухаецца па двары. Сэнс у тым, хто каго выбраў.Фішка «Альхова» — тэатр лялек «Батлейка». У яго стварэнні дапамог мастак-канструктар віцебскага тэатра «Лялька» Дзмітрый Гаралевіч. Ролі агучваюць і Яўген, і іншыя мясцовыя аматары тэатральнай справы. У рэпертуары ў тым ліку біблейскі сюжэт пра цара Ірада, надзвычай актуальны ў гэтыя перадкалядныя дні. Юныя гледачы з хваляваннем сочаць за дзеяй. Батлейка сёння ўжо збірае гасцей. Спачатку ў прасторнай гасцінай сядзібнага дома, а затым пад страхой альтанкі, дзе валадарыць шчодрая ў гэтым годзе на снег зіма.
Марыя КУЗАЎКІНА.