Літаратурная лупа з Віктарам Лупасіным

Трактат пра яблык

Трактат пра яблык




 Частка 1. 


Ляжаў на стале яблык.

 Частка 2. 

Прыйшоў пісьменнік Аркаша і напісаў: «Яблык быў вялікі». Падумаў трохі ды прыпісаў: «...і яблычны».

 Частка 3. 

Прыйшла пісьменніца Алеся. Спярша таксама напісала, што яблык быў вялікі, трохі падумала і прыпляла вакол гэтага яблыка гісторыю пра двух студэнтаў і студэнтку: маўляў, адзін студэнт падарыў ёй яблык, другі зараўнаваў, яны пабіліся, ды ўсё абышлося добра.

 Частка 4. 

Прыйшоў дарослы пісьменнік Юрый Валер’евіч, Алесін настаўнік. Ён пачаў тым, што параўнаў яблык з геоідам (памятаеш, што такое геоід?), а чарашок яблыка – з зямною воссю. Потым старонкі тры ішло лірычнае адступленне пра белых мядзведзяў. Урэшце Юрый Валер’евіч вярнуўся да яблыка. Падрабязна апісаў складаны геаметрычны абрыс мутнаватага бліку ад акна (3/4 старонкі), рассыпаў дзевяць бліскучых метафар пра форму яблыка, заўважыў, што цень ад яблыка трохі размыты і мае свой колер; апісаў заадно малюнак на старой дзіравай цыраце і часцінкі пылу ў паветры (іх відаць, калі сонца выходзіць з-за аблокаў, што ў той дзень здаралася кожныя пяць хвілін)...

 Частка 5. 

...але тут Юрыю Валер’евічу патэліў сын з горада. Юрый Валер’евіч пайшоў у іншы пакой і забыўся на яблык. Калі ён вярнуўся, цудоўнага яблыка ўжо не было, і давялося пісаць новае апавяданне пра памідор.

 Частка 6. 

Яблыка не стала вось чаму. Калі Юрый Валер’евіч размаўляў з сынам, на веранду зайшоў авангардыст Л. Юрый Валер’евіч сябраваў з авангардыстам Л. і часамі яго падкормліваў.

«Хм, які цудоўны яблык», – падумаў авангардыст Л. Натхненне прыйшло адразу. Авангардыст адкусіў кавалак, прыслухаўся, як шыпіць сок, паглядзеў на мякаць і пачаў пісаць авангардную паэму:

Яблык белы
Яблык белы
Яблык трохі пачаў жаўцець
Яблык трохі больш пачаў жаўцець
Яблык крыху аранжавы
Яблык крыху больш аранжавы
Яблык амаль аранжавы
Яблык аранжавы

(Слоўнікавы запас у авангардыста Л. быў слабаваты, таму раз-пораз эпітэты паўтараліся.)

Да бурага яблыка не дайшло: авангардыст Л. заўважыў камара, пагнаўся за ім, каб апісаць, і дарогай выпадкова зжэр увесь яблык.

 Частка 7. 

Чый спосаб апісання яблыкаў самы лепшы? Гледзячы дзе і для чаго. Калі кожны яблык у дэтэктыўнай аповесці выпісваць гэтак старанна, як Юрый Валер`евіч, то праз некалькі кілаграмаў кніжка скончыцца. А нам, апроч кошыка яблыкаў, трэба ж і сюжэт разгарнуць.

А калі ў вялікім рамане рабіць апісанні ў стылі Аркашы, чытач хутка заблытаецца, чым вялікі яблычны яблык са старонкі 3 адрозніваецца ад вялікага яблычнага яблыка на старонцы 682.

(Дарэчы, чым ён адрозніваецца? Сортам? Колерам? Смакам? Не такі круглы? Там чарвяк, там няма чарвяка?)

У маленькім апа­вяданні найлепей даць сціслае і шчыльнае апісанне, каб з некалькіх слоў малявалася карцінка: надбітая, амаль цалкам чырвоная «астраханка» з асой у расколіне.

А ў вострасюжэтным лепш або зусім не апісваць (проста: яблык), або даць толькі тыя дэталі, якія ўплываюць на сюжэт (тут мая фантазія пачынае глухнуць. Ну, напрыклад, няхай нейкая інтрыга будзе пабудаваная на тым, што яблык незаўважны – маленькі і зялёны на зеленаватым фоне).

 Частка 8. 

Усе вышэйпрыведзеныя развагі могуць выкарыстоўвацца ў апісанні не толькі яблыкаў, але і іншых прадметаў.

Гэта намёк. Пішы, дасылай свае опусы на mushroom1948@bk.ru і друкуйся ў «Знамёнцы».


Ужо знаёмая табе Марыя Гадуйка напісала просты верш. Просты як... паркаль у кветачку)))

Ситец в цветочек

Надо писать стихи попроще
И придумывать названия
Поинтереснее трех звездочек.
Забить на тайны мироздания

И писать об обыденном.
Меньше эпитетов. Больше точек.
Чтоб отдавало цементом и в тон
Ему – ситцем в цветочек.

Надо меньше нелепых сравнений,
Надо больше понятных истин.
«Небо синее», «в жизни много сложных решений»,
«В сложных решениях много жизни».

Нет, последнее – слишком трудно.
Уничтожить, вырезать, сжечь,
Прах развеять по ветру в холодное утро.
И молчать. И не пробовать впредь

Запудрить мозги читателю.
Оставить меньше сомнительных строчек.
Сделать поэзию простой, обаятельной,
Как ситец в цветочек.

Некалькі паэтаў даслалі добрыя вершы, але ж... папрасілі не друкаваць, бо яны саромеюцца! Выконваю іх жаданне – не друкую вершы. Хоць і шкада. А паэт Яўген Чарнышоў не саромеецца. Яго і надрукуем, хоць восеньскія вершы друкаваць яшчэ трохі ранавата.

Восеньскі ранак

Паўсталі ранішняй чаргой
Над новым днём ды над зямлёй
Прамені сонца,
Узвілісь птахі
І паляцелі за вясной.

Той ранак восенню павеяў;
Ад яе крылаў ледзянее
Крывя у жылах,
Але неба
Душу блакітам мне сагрэла.

Ціхутка восень надышла,
Пасаг прыроды заняла
Зусім нячутна,
І цяпер
Лістота з дрэў амаль сышла.

Не грэе сонейка, як у маі,
І птах вясны не так спявае
Свой вечны спеў,
Але прыемна
Мне ў гэта восеньскае ранне.

У абшар ляцяць святла прамені –
Яны да неба паляцелі,
Да вышыні.
Ранак, восень,
Блакіт, нябёсы –
У іх жыве мая надзея.

Гэта была жнівеньская «Лупа». Ці будзе вераснёўская? Залежыць ад двух чалавек: мяне і цябе, шаноўны чытач. Ты дасылай новыя вершы, прозу, драматургію, а я буду па магчымасці вучыць цябе іх пісаць, пакуль сам умею.

Падрыхтаваў Віктар ЛУПАСІН
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter