МЯНУШКА “дырэктар” прыляпілася да Мікалая ЖУКОВІЧА (на здымку) ў дзяцінстве. Ён успамінае, як з зайздрасцю назіраў за падворкам роднай школы ў Здзітава, дзе ішлі заняткі па фізічнай культуры. Але Міколку хацелася не гойсаць з дзецьмі, а весці свой урок. Родных братоў, сясцёр і суседскіх дзяцей ён арганізоўваў гуляць “у школу”...
Цяпер Мікалай Васільевіч — дырэктар сярэдняй школы № 1 імя В.Х.Галаўко ў Бярозе. Аддаў педагогіцы больш за 30 гадоў. Піша навуковыя артыкулы, падручнікі, распрацоўвае новыя методыкі навучання.
— Нядаўна прысутнічала на размеркаванні ў адной з педагагічных ВНУ краіны. У прыватнай размове з выпускнікамі высвятляецца, што мараць пачынаць кар’еру ў сельскай школе лічаныя студэнты...
— А ехаць прыйдзецца. Дзяржзаказ. З іншага боку, не вельмі добра, калі малады спецыяліст пачынае свой прафесійны шлях, шкадуючы пра нешта. У вёсцы цяжкавата ўладкавацца гарадскому жыхару, ды і вясковы не заўсёды ахвотна вяртаецца ў глыбінку.
Напрыклад, мне пасля ўніверсітэта давялося першыя гады працаваць настаўнікам, а потым намеснікам дырэктара ў Шылінскай базавай школе. Асаблівых перспектыў там не было: 47 вучняў, малакамплектная школа. Маёй жонцы на працу трэба было ездзіць за 10 кіламетраў, вось і пачалі мы шукаць лепшага жыцця ў горадзе.
Гэтыя прыступкі прафесіяналізму варта прайсці. У маленькай школе настаўнік мае больш магчымасці і часу падрыхтавацца да ўрока, прачытаць больш кніг. Ды і ў параўнанні з гарадской школай у сельскай праблем з дысцыплінай менш.
— Мікалай Васільевіч, тым не менш дыпламаваныя спецыялісты, адпрацаваўшы пэўны тэрмін, адыходзяць ад прафесіі...
— Задаёмся гэтым пытаннем і мы, педагогі са стажам. Відавочна, што прэстыж у прафесіі не той, што быў раней. Маладыя і амбіцыйныя людзі мараць зарабляць вялікія грошы. Але не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Да прыкладу, мае сыны. Педагогі па адукацыі, яны скончылі Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, сёння працуюць па спецыяльнасці. Старэйшы нават кідаў адзін час гэтую справу, пачаў працаваць у лагістыцы, але праз нейкі час ужо былі не даспадобы яму тыя вялікія грошы. Вярнуўся ў школу.
Настаўнік — прафесія ад бога. А інтарэс да яе ідзе ад асабістага прыкладу, які паказвае настаўнік вучням. У гэтым кантэксце мне ўспамінаецца выдатная настаўніца біялогіі Любоў Аляксандраўна Дакучыц, якая была нашым класным кіраўніком. Мы ўсе хацелі быць падобнымі на яе.
— Што самае прывабнае ў прафесіі педагога?
— Камунікацыя з людзьмі, жывыя стасункі. У нас у школе кожныя 5 хвілін — усё новае і цікавае. Я “закаханы” ў сваю справу, таму што люблю працаваць з дзецьмі, вучыць іх разважаць. Мой прадмет — беларуская мова і літаратура, таму я павінен прымушаць вучняў думаць, развіваць іх мысленне. Кнігі — першы тут памочнік.
— У сучасных дзяцей мысленне кліпавае?
— Не пагаджуся. Зразумела, дзеці сёння адрозніваюцца ад былых пакаленняў, яны не закамплексаваныя. Больш вольныя ў паводзінах, думках. І гэтая свабода ім толькі дапамагае. Дзеці больш самастойныя, таму спрабуюць вырашаць нейкія праблемы энергічна, мэтанакіравана. Ацэньваю гэта станоўча.
— Улічваючы камп’ютарную “прасунутасць” школьнікаў, як павярнуць іх здольнасці, мабільнасць на карысць?
— У працэсе адукацыі настаўніку варта смела ўжываць сучасныя методыкі навучання, звязаныя з выкарыстаннем электронных сродкаў. Глядзіце, у нас звыш 40 сайтаў, прысвечаных беларускім пісьменнікам. Літаральна любога класіка назаві, на яго інтэрнэт-старонку заходзіш, а там і артыкулы, і фотаздымкі, і аўдыякнігі... Немагчыма не параіць вучню зайсці на такі сайт, даць адпаведнае заданне, выканаць якое дзіцяці будзе цікава.
Вельмі зручная ў школе праца з мультымедыйнымі прэзентацыямі. Іх створаны цэлыя серыі для кожнага класа — з 5-га па 11-ты ўключна. Але для гэтага трэба, каб амаль ва ўсіх класах стаялі камп’ютары. Пакуль гэта мара. Напрыклад, у нашай школе 32 кабінеты, і толькі ў 11 стаяць камп’ютары. Прэзентацыямі лягчэй распавесці пра тую ці іншую тэму, асабліва калі ўлічваць, што вучэбныя праграмы загружаны тэарэтычным матэрыялам. Мала гадзін застаецца на практычныя заняткі. Глядзіце самі. Калі раней на “Людзі на балоце” Івана Мележа адводзілася 12 урокаў, то цяпер усяго 3...
— Відавочна, адсюль і згасае любоў да чытання...
— Ведаеце, я не згодны з выказваннем, што гэта адбываецца з-за нецікавасці беларускай літаратуры. Шэдэўры ў нас ёсць, але ў школьную праграму ўведзена нямала лішніх твораў. Асноўныя іх тэмы — краявіды, прырода, вёска... Мне здаецца, трэба ўключыць творы больш сацыяльнага характару, дзе распавядаецца пра няроўнасць дзяцей, ранняе сіроцтва, алкагалізм бацькоў... Да прыкладу, гэта “Першая кроў, або Доказ закона прыгажосці” Валерыя Гапеева, творы іншых сучасных айчынных аўтараў.
— Мікалай Васільевіч, вы актыўна друкуецеся ў часопiсах «Беларуская мова i лiтаратура», «Роднае слова». Нядаўна ў свет выйшаў новы ваш сборнік аб сучасных адукацыйных тэхналогіях на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Чаму вы, настаўнік, займаецеся яшчэ і навукай?
— Ёсць такое паняцце “прафесійнае выгаранне”. Артыкулы і кніжкі дазваляюць запаволіць гэты працэс, самаўдасканальвацца. Важна ўмець дзяліцца вопытам з маладымі настаўнікамі, таму што, прыходзячы ў школу, многія з іх спачатку губляюцца. Але кожны хоча праявіць сябе, заваяваць добрае імя. Каб не губляць на гэта гады, патрэбна своеасаблівая прафесійная азбука. Напрыклад, я пішу кнігі, дзе апісваю тэхналогіі сучаснага выкладання мовы і літаратуры. Яны былі апрабаваны і прыжыліся. Галоўнае, матывуюць вучняў сапраўды любіць нашу мову, чытаць беларускую літаратуру.
uskova@sb.by