Ксёндз Кірыл Бардонаў: Дзеці ў храме

У  Евангеллі мы можам прачытаць, як да Хрыста прыносілі маленькіх дзяцей і ён іх абдымаў, ставіў дарослым у прыклад дзіцячы давер. Сёння многія задаюцца пытаннем: а ці трэба ўвогуле прыводзіць у храм маленькіх дзяцей ці лепш пачакаць, пакуль яны падрастуць?

Самаму важнаму ў жыцці мы навучаемся ў маленстве: есці, мыць рукі, чытаць і пісаць, гаварыць словы ветлівасці і г.д. Для сапраўды веруючых людзей хрысціянская вера зай­мае важнае месца, параўнальнае да самых элементарных чалавечых патрэб. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што бацькі жадаюць з першых гадоў пасля нараджэння дзяцей паступова ўводзіць іх у таямніцы хрысціянства.

На жаль, бываюць выпадкі, калі бацькі прымусамі, пагрозамі і маніпуляцыямі спрабуюць прывіць дзецям веру ў Бога. Часта гэта мае адваротны эфект. Нават у дзяцінстве мы схільныя супраціўляцца таму, да чаго нас прымушаюць. Вера — свабодны выбар чалавека, а дзіця — такі ж самы чалавек, які пакуль не мае такіх здольнасцей і такога вопыту, як дарослыя. Са смуткам можна ўзгадаць тыя моманты, калі дарослыя прымушаюць дзяцей маліцца ў якасці аднаго з відаў пакарання за непаслухмянасць.

Калі бацькі і іншыя дарослыя выхоўваюць дзіця як упэўненага ў сабе чалавека, самастойнага і ўсебакова развітага, з цягам часу яно само зможа вырашыць, якія мець перакананні, у што верыць і як жыць. Аднак як бацькі не могуць не навучыць дзіця мыць рукі, так яны не могуць не прапанаваць яму прыгожую прыгоду жывых адносін з Богам, на якую калісьці самі асмеліліся.

Дзяцей неабходна хрысціць як мага хутчэй пасля нараджэння, бо па веры бацькоў яны атрымліваюць асаблівую Божую ласку (благадаць). З цягам часу бацькі бяруць з сабой дзяцей на літургію. Зразумела, у храме малыя паводзяць сябе па-дзіцячы: шумяць, плачуць, бегаюць, перашкаджаюць засяродзіцца. Таму ўсё часцей праводзяцца літургіі, спецыяльна адаптаваныя да ўдзелу ў іх дзяцей. І гэта можа быць добрым адказам на пытанне адносна ўдзелу дзяцей у агульных малітвах.

Так ці інакш, калі побач з намі нейкае дзіця перашкаджае нам маліцца, мы можам успомніць, як самі былі дзецьмі. А таксама паразважаць над тым, што для дарослых вернікаў не бывае чужых дзяцей і ў нейкай ступені ўсе дарослыя нясуць адказнасць за тых, хто пакуль сам за сябе не адказвае.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter