Янка Брыль основательно в своем творчестве затронул полонизацию Западной Белоруссии: притеснения, аресты, наказания, шовинистскую ограниченность захватчиков

«Крэсы ўсходнія» хацелі людзьмі звацца

Данік Малец з «Сірочага хлеба», Алесь Руневіч з «Птушак і гнёздаў», Мікола Ганчарык з аповесці «У сям’і» — галоўныя героі многіх твораў народнага пісьменніка Янкі Брыля жывуць «пад Польшчай» і моцна ад гэтага пакутуюць. Данік, бацька якога загінуў на вайне з польскімі панамі, згуртаваў вакол сябе аднакласнікаў — дзяцей беднаты, каб усе трымаліся адзін аднаго. Большасць жа настаўнікаў, за выключэннем пані Мар’і, да дзяцей беларусаў ставіліся пагардліва. Алесь Руневіч з дзіцячых гадоў, яшчэ задоўга да позвы ў войска, быў сведкам несправядлівасці: прыгнёту, арыштаў, пакаранняў за спробу беларускамоўнага спектакля, перажываў абразу і ў войску польскім. Мікола Ганчарык шукае паратунку для хворай на запаленне лёгкіх дачкі, едзе ноччу да шляхецкага доктара. Той жа называе цану, якая не пад сілу сялянам, і лекар гэта добра ведаў. Яму што?.. Яму не баліць, як не балела і ягонаму народу. «Крэсы ўсходнія» ўсяго толькі бясплатны дадатак, ускраіна, якая дасталася «высокаму панству» паводле Рыжскай мірнай дамовы.

Мікалай Ламан.
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

«Начавшееся в феврале 1919 года наступление польских войск уже к августу привело к тому, что практически вся территория Беларуси была ими оккупирована. Хотя в 1920 году Красная армия освободила захваченные территории и даже вышла в наступление к Варшаве, однако удержать завоеванные позиции не удалось. Осенью 1920-го польские войска перехватили инициативу и снова оккупировали значительную часть Беларуси. В октябре 1920 года в Риге между Польшей с одной стороны и с РСФСР и УССР с другой был подписан мирный договор, согласно которому в составе Польши остались занятые ее войсками Западная Беларусь и Западная Украина» — так у кнізе пра гісторыю Турэцкай школы Карэліцкага раёна, а дакладней, у частцы пра паланізацыю роднай мясцовасці піша акадэмік НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар Мікалай Ламан.

Мікалай Апанасавіч — часты госць на Карэліччыне, бо адсюль родам. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Загор’е, куды ў пяцігадовым узросце разам з бацькамі на іх радзіму прыехаў і Янка Брыль. Ламан і Брыль скончылі адну і тую ж Турэцкую школу, што за тры кіламетры ад Загор’я. Навуковец напісаў пра яе дакументальную гістарычную кнігу «Крыніцы разумнага, добрага, вечнага», дзе асобны раздзел прысвечаны мясцовай навучальнай установе падчас апалячвання. Вось невялічкі фрагмент:


«Турец в этот период является местечком, входящим в состав Столбцовского повета (уезда), а с 1926 года становится центром Турецкой гмины (волости). Турецкое уездное училище преобразуется в семиклассную общеобразовательную школу с польским языком преподавания всех предметов. Учителя, которые работали в уездном училище, были направлены на переквалификацию вглубь Польши, а по окончании курсов оставлены там работать. Те из наставников, кто не согласился уехать на переквалификацию, были уволены».

Кніга выдадзена ў 2007 годзе да 145-годдзя адкрыцця ў мястэчку Турэц свецкай агульнаадукацыйнай установы — пачатковага народнага вучылішча Міністэрства народнай асветы тагачаснай Расійскай імперыі. Тут сабраны школьныя выпускі за апошнія 56 гадоў! У гэтым жа раздзеле і фотаздымак малога Янкі Брыля разам з аднакласнікамі, а таксама пасведчанне аб заканчэнні падшэфнай школы яго будучай жонкай Нінай Клаўсуць, якая потым скончыла Стаўбцоўскую гімназію і інстытут замежных моў. Па некаторых крыніцах, менавіта жонка была Брылю першым літаратурным дарадчыкам і рэцэнзентам, бо адукацыю сапраўды мела грунтоўную.

Можна выказаць здагадку, што менавіта вучоба Брыля ў паланізаванай школе паўплывала на напісанне твораў гэтай тэматыкі. Ён скончыў сямігодку і паступіў у Навагрудскую гімназію. Дзеянне ў аповесці «Сірочы хлеб» таксама адбываецца ў былой Заходняй Беларусі, дзе ўсталяваны жорсткія парадкі: урад Польшчы не пры­знае беларусаў за нацыю, вядзе прымусовае апалячванне, абмяжоўвае наша нацыянальнае права на друк, бібліятэкі, таварыствы.

«Данік успомніў худы, скарэжаны злосцю твар панны Рузі і голас яе: «Прэч! Натыхмяст прэч зэ школы, дрань! І венцэй не пшыходзь!» А ён усё ж такі прыйшоў назаўтра ў школу. Другі раз «прэч» не прыйшлося пачуць. Пан кіроўнік сказаў яму спакайней: «Малец, ты выключаны са школы. Ідзі дадому і падумай, што ты натварыў». А што ён натварыў? Ну, урокі ўрокамі, а на пераменках яны пастанавілі, што, калі хто акажацца хоць слоўцам па-польску, — пяць грошаў штрафу. Ды так і не зарабілі на гэтым ні гроша. Лупаты Чэсік Бэндзіньскі данёс»...

— Вось наша вуліца ў Загор’і. Наша сям’я з Брылямі жыла па суседстве, а ягоны старэйшы брат Мікола Антонавіч — мой хросны бацька, — разглядае фотаздымкі Мікалай Ламан, паказвае сваю хату пад нумарам 33 і Брылёву, што размясцілася побач з клубам, так званым «людовым домам», які таксама ці не стаў прататыпам у творчасці народнага пісьменніка.

Ягоны герой Алесь Руневіч стаіць на ганку «людовага дома», засмучаны, з растузанай душой. «Колькі ж можна! У школе ў Пасынках ставіць спектакль настаўніца чамусьці раптам не дазволіла. Нанялі на тым тыдні гэты «людовы дом». Сяк-так дамагліся дазволу ў павятовага рэферэнта бяспекі. На табе — папа рымскі памёр, жалоба. Перанеслі спектакль на сённяшні дзень. А ўчора паліцыя, па званку таго самага рэферэнта, зняла дазвол з беларускай часткі праграмы — забараніла і пастаноўку, і дэкламацыі, і спевы»...

Алесь думаў «заказырыцца» і ў знак пратэсту не ставіць польскую п’есу, але выбраў заставацца вышэйшым за панскі шавінізм і далучаць землякоў да творчасці хаця б на польскай мове. Пасталеўшы таксама, Руневіч (або сам Брыль, які стаў прататыпам для Алеся) стараўся кіравацца не асабістымі крыўдамі, а матывамі больш высокімі.

Брылю спаўняецца 21 год, і ён атрымлівае позву ў польскае войска, дзе таксама трывае прыніжэнні з-за сваёй нацыянальнасці. Пра гэта мы да­знаёмся ад Алеся Руневіча, які таксама маладым сыходзіць на вайну: «Калісьці яго, на прызыве, польскі пісар куды больш культурна, — чуючы адно, а пішучы другое, як і належала згодна вышэйшым планам пабудовы адзінай і магутнай каталіцкай Польшчы, — занатаваў, як прасцячка, «тутэйшым», а родную мову яго адзначыў не менш ідыёцкім казённым акрэсленым — «па-прастэму».


Між тым і Руневіч, і аўтар кіруюцца гуманізмам, разумеюць, што барацьба з агульным ворагам важнейшая за крыўды. «Біліся мы, няхай сабе «крэсовяцы», не толькі за тую часовую, санацыйную Польшчу, якая была нам мачыхай, але і за Польшчу вечную — за народ, за яго жыццё, на якое абрынуўся смяротны вораг не проста дзяржаў, але ж народаў», — піша Янка Брыль.

Родная зямля для пісьменніка як маці, і абараняць яе ён гатовы заўсёды, хоць і перайшла пад уладу мачыхі. У вёску Загор’е пераехаў у 1922-м разам з бацькамі, дзе знаходзіліся іх карані.

– Вярнуліся з Савецкай Расіі, з Адэсы, куды эвакуіраваліся падчас Першай сусветнай вайны, бо ў Польшчы быў прыняты закон: калі не прыязджаеце, то пазбаўляецеся асноўнай уласнасці — зямлі. А тут у Брылёў быў дом, і вярнуліся яны амаль у самы апошні момант, — тлумачыць Мікалай Ламан.

Мітынг у мястэчку Турэц у лістападзе 1939 года. На трыбуне крайні справа ля сцяга Павел Жалезняковіч, асуджаны палякамі на пажыццёвае зняволенне і вызвалены ў 1939 годзе. З архіва П. А. Абадзінскага.

Акадэмік часта з Янкам Брылём сустракаўся, асабліва калі пісаў кнігу па гісторыі школы, складаў спісы ўдзельнікаў вайны, якія з яе не вярнуліся:

— Зямляк быў цудоўным субяседнікам, вёў дзённікі, запісы, куды занатоўваў россып беларускіх выразаў. Прысвяціў апавяданне нашай сям’і, слухаў расповеды цікавых аднавяскоўцаў, напрыклад лесніка Габруся, потым гэта ўваходзіла ў аснову многіх сюжэтаў. Дапамагаў мне парадамі і матэрыяламі да маёй кнігі. Зараз рыхтую да выдання гісторыю Турэцкай царквы. Часта бывае, што не ведаем свой род далей за трэцяе пакаленне, архівы ў гэтай царкве прымусілі мяне задумацца над спадчынай, сістэматызаваў іх, пераплёў. Атрымалася 73 тамы… Але ўжо няма слыннага земляка, каб параіцца. Хаця многае мог расказаць, чытаем ягоную аповесць «Ніжнія Байдуны», прататып якой запазычаны таксама з роднай вёскі. «Царквы ў Ніжніх Байдунах не было, стаяла толькі драўляная, самшэлая капліца, з такімі ж старымі іконамі ўсярэдзіне і са званіцай перад дзвярмі. Званіца — слуп са стрэшкай з дранкі і два блёмкалы-званы». Гэтыя званы, дарэчы, у царкву ахвяраваў мой прадзед.

«Ніжнія Байдуны» — твор знакавы для беларусаў, і галоўная яго ідэя — нікому і ніколі не ўдасца адхіліць народ ад гісторыі. А сапраўдная гісторыя — гэта гісторыя стварэння, а не захопу і спажывання, пра што выказваецца ў сваёй кнізе «Усё чалавечае» Уладзімір Калеснік. «Байдуны» паводзяць сябе гратэскава, гэта іх такі своеасаблівы адказ на адлучэнне ад гісторыі, «адказ гратэскавымі, пацешнымі выхадкамі на каварныя міфы паноў жыцця, узурпатараў, паразітаў, якія вырвалі хітрасцю і сілай права вяршыць гісторыю, не маючы на гэта ні падставы, ні здольнасці».

А пакутваў ад гэтага наш народ, беларусы. Занатаваная рэчаіснасць у апавяданні «У сям’і», дзе тыповая беларуская сям’я Ганчарыкаў апынулася на паланізаванай тэрыторыі. Жывуць у яшчэ дзедаўскай, малой і нізкай хаце, бо новую пабудаваць няма магчымасці: лес дарагі і панскі. «Да новай хаты нам яшчэ вельмі далёка, — пакуль патаннее лес, усюды панскі, — а цяпер, у цеснаце, культуры, як бацька кажа, не завядзеш. Толькі і культуры, што новая падлога, шырма з дзяругаў ды пад тапчаном паліца з кнігамі — адна на ўсе нашы Ганчары». Скардзяцца галоўныя героі і на адсутнасць работы, асабліва ўзімку. Граніца мурам адгарадзіла ад савецкай Радзімы, і калі раней можна было працаваць на чыгунцы, у шахтах, на фабрыках, то зараз ні моладзі, ні прадстаўнікам сярэдняга ўзросту развівацца і зарабляць няма ніякай магчымасці. Але бадай самыя бесчалавечныя паводзіны ўсчыніў доктар, да якога Мікола Ганчарык едзе ноччу прасіць паратунку для хворай дачкі. Пан Бадоўскі патрабуе 15 злотых ці 15 пудоў жыта, а іншае яго не хвалюе. Для «панства» злотыя блішчаць ярчэй, чым выпакутаваныя хваробай вочы Ніны. У «панства» такія прыярытэты, што тут паробіш.

Святкаванне 1 Мая 1940 года ў Турцы. З архіва П. А. Абадзінскага.

«Пэўна ж, ёсць і ў мяне паваротка з гасцінца на палявую дарогу, у родную вёску. Нават не адна, а дзве, з захаду і з усходу, нібы сімвалічна. З захаду я аднойчы вярнуўся дахаты пасля даўжэйшай разлукі; з усходу, госцем, прыязджаю даволі часта і амаль заўсёды з хваляваннем. Яно бывае то большае, то меншае, але ж у нечым кожны раз адно, сваё на ўсё жыццё», — так пачынае Янка Брыль сваю аповесць «Ніжнія Байдуны».

Думаецца, тыя павароткі сталі сімвалічнымі, а заходняя — як наша зямля, якая па гістарычнай недарэчнасці адышла да чужынцаў, аднак уз’ядналася з роднай. Уз’ядналася навечна! Бо сапраўдная гісторыя — гэта гісторыя стварэння, а не захопу і спажывання.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter