У КОЖНАГА чалавека ёсць асабліва дарагі куток на зямлі. У мяне гэта — вёска Гута, што на любай сэрцу Рагачоўшчыне. Там і сёння стаіць хата, у якой я нарадзіўся, а на мясцовых могілках спяць продкі. Сустрэча з землякамі, з роднымі мясцінамі — заўсёды свята. Свята душы. Калі быў вучнем, то за свае невялікія ганарары, акрамя часопісаў “Бярозка” і “Вясёлка”, выпісваў раённую газету “Камунар”, з якой даведваўся шмат чаго карыснага. Упершыню на яе старонках прачытаў, што ў вёсцы Старая Алешня нарадзіўся пісьменнік Мікола Гроднеў. Зямляк, значыць. Гэта ж зусім блізка! Пройдзе час, і мы не раз будзем сустракацца, я перачытаю амаль усе творы Мікалая Пятровіча, а калі пісьменніку споўнілася семдзесят гадоў, то ў Гомельскай абласной цэнтралізаванай бібліятэцы імя Леніна адзначым яго юбілей. На той вечарыне, помніцца, разам прыгадалі, лёс якіх годных пісьменнікаў звязаны з нашай Рагачоўшчынай. Гэта ў першую чаргу паэты Мікола Сурначоў і Алесь Жаўрук, якія не вярнуліся з вайны, народны пісьменнік Міхась Лынькоў і непараўнальны Уладзімір Караткевіч, літаратуразнаўцы і крытыкі Юльян Пшыркоў і Фёдар Куляшоў, літаратуразнавец і цікавы празаік Фёдар Янкоўскі, рускамоўны празаік і перакладчык масквіч Эдуард Карпачоў.
ПЕРШЫ, вядома, у гэтым спісе народны пісьменнік Беларусі, драматург Андрэй МАКАЁНАК. Нарадзіўся ён 12 лістапада 1920 года непадалёку ад вёскі Журавічы — у Борхаве. Але неўзабаве бацькі пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Журавічы, з якімі многае звязвала надалей Андрэя Ягоравіча. Пасля заканчэння мясцовай дзесяцігодкі працаваў масавіком у раённым Доме культуры (на той час Журавічы былі раённым цэнтрам), сюды вярнуўся ён з фронту. Дзе б ні быў потым Андрэй Макаёнак — у Гродне, Магілёве ці Мінску, — сэрцам ён заставаўся з землякамі. У Журавічах драматург чэрпаў матэрыял для новых п’ес, і амаль у кожнай з іх прататыпамі герояў былі людзі, якіх ведаў — як з добрага боку, так і з адмоўнага, вядома ж. Калібераў Сцяпан Васільевіч, Антаніна Цімафееўна, Печкуроў Кузьма Прохаравіч (“Выбачайце, калі ласка!”), Лушка, Лявон Чмых, Буйкевіч (“Лявоніха на арбіце”), Цярэшка і Паліна (“Трыбунал”), дзед Цыбулька і Васіль (“Таблетку пад язык…”).
Перш чым заглянуць у музей, які быў адкрыты ў мясцовай сярэдняй школе на пачатку 1986 года, варта адзначыць, што той дзень стаў значнай падзеяй не толькі ў жыцці журавічан, але і жыхароў навакольных вёсак. Задоўга сабраліся тады яны перад школай на вясковай плошчы, каб сустрэць дарагіх гасцей — у тым ліку і пісьменнікаў Івана Чыгрынава, Сцяпана Лаўшука, Пятра Васілеўскага. Міколу Гроднева, Галіну Васілеўскую, тэатральнага рэжысёра Барыса Луцэнку, сваякоў Андрэя Макаёнка — дачку Алу Гаўрыловіч і сына Сяргея, братоў Івана Ягоравіча і Леаніда Ягоравіча.
Трыццаць гадоў прайшло з таго часу, а музей жыве, і я, бываючы на Рагачоўшчыне, абавязкова наведваю яго. Сярод экспанатаў, сабраных там, дзясяткі афіш і праграмак спектакляў на мовах народаў былой нашай шматнацыянальнай краіны і свету, выданне п’ес, асабістыя рэчы драматурга. Вось здымкі. На іх Андрэй Ягоравіч з сябрамі-пісьменнікамі, з маці першага касманаўта планеты Юрыя Гагарына — Ганнай Цімафееўнай. Змешчаны ў музеі партрэты бацькоў драматурга: Маланні Міхайлаўны і Ягора Сяргеевіча. Прыцягваюць увагу рукапісы пісьменніка, а таксама кнігі з аўтографамі, якія ў свой час былі падораны Андрэю Ягоравічу. Яны — ад сяброў па пяры: Івана Мележа, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі, Максіма Лужаніна, Генадзя Бураўкіна… Іван Шамякін падарыў свайму паплечніку ўсе свае выданні.
Ёсць тут і мой экспанат, чым я, безумоўна, ганаруся.
За два гады да акрыцця музея, у 1984 годзе, я таксама пабываў у Журавічах, занатаваў успаміны тых, хто добра ведаў Андрэя Макаёнка, каму было што прыгадаць. І таму сёння ўдзячны лёсу, што паспеў гэта зрабіць, бо людзі — не вечныя.
ПРА Уладзіміра КАРАТКЕВІЧА і Рагачоўшчыну шмат напісана. Як адзначае адзін з даследчыкаў яго творчасці Анатоль Верабей, для пісьменніка Рагачоў быў такім месцам, як для Пушкіна Болдзіна ці для Купалы Акопы. Тут была пачата яго ранняя паэма “Зямля дзядоў”, напісаны шматлікія вершы, тут ён працаваў над многімі празаічнымі творамі. Заўсёды ўтульным і гасцінным для Караткевіча быў у Рагачове дом па вуліцы Чкалава, у якім жыў яго дзядзька Ігар Васільевіч Грынкевіч.
Дарэчы, у рамане “Леаніды не вернуцца да Зямлі” пазнаецца Рагачоў, а яго дзядзька стаў прататыпам галоўнага героя Андрэя Грынкевіча. Тут напісаны многія раздзелы рамана “Каласы пад сярпом тваім”, навела “Ладдзя роспачы”, дзе расказвалася пра сярэдневяковага жыхара Рагачова Гервасія Выліваху. Тут ён заканчваў раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і аповесць “Чазенія”. І гэты пералік можна працягваць.
Уладзімір Сямёнавіч Прыдняпроўе таксама называў сваім. Што асабліва прыемна.
ГАДОЎ колькі назад з аднакласнікам Міколам Бондаравым, які на той час працаваў дырэктарам саўгаса “Зарэчча”, спыніліся паблізу вёскі Старае Сяло — якраз на тым месцы, дзе некалі была “будка” (звычайная драўляная хата. — Аўт.) “на дзвесце трынаццатай вярсце” бацькі Міхася ЛЫНЬКОВА, рабочага-чыгуначніка. Голае месца. Лапік зямлі. Падумалася: а можа б які слупок з шыльдачкай паставіць, каб жыла памяць даўжэй? Для нашчадкаў. Для тых жа турыстаў.
Народны пісьменнік Беларусі Міхась Лынькоў, як вядома, дзіцячыя і юнацкія гады правёў на Рагачоўшчыне. У 1907 годзе сям’я Лыньковых і жыла ў той “будцы”. Будучы пісьменнік вучыцца пачаў у мясцовай школе, якую скончыў у 1910 годзе, атрымаўшы ў якасці ўзнагароды за добрую вучобу кнігу Мікалая Гогаля “Вечары на хутары каля Дзіканькі”. Па прапанове настаўніка бацькі пасылаюць Міхася ў двухкласнае вучылішча пры Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі. А праз тры гады ён вытрымаў экзамены ў тую ж семінарыю. Намнога пазней, прайшоўшы полымя грамадзянскай вайны і службу ў Чырвонай Арміі, тыф, Міхась атрымае прызначэнне на працу ў сямігадовую школу, што месцілася ў Свержні.
Былы вучань гэтай школы Фёдар Лаўрэнавіч Бычынскі ўспамінаў: ”Мы палюбілі Міхася Ціханавіча за справядлівасць, павагу. Тады не хапала падручнікаў, твораў мастацкай літаратуры, таму Лынькоў наладжваў калектыўныя чытанні. Зімою гэта рабілася ў свабодным класе ці на кватэры настаўніка, якая была пры школе, а ў цёплыя веснавыя дні ўсе мы ішлі ў прыгожы бор, які пачынаўся адразу ж за школай. Міхась Ціханавіч патрабаваў ад нас акуратнасці і дысцыплінаванасці і сам паказваў ва ўсім прыклад.
На старасельскіх могілках пахаваны бацька і маці Міхася Лынькова. Памяць пра аўтара шырока вядомай аповесці “Міколка-паравоз” жыве на Рагачоўшчыне. Яго імя носіць вуліца, а ў абласным цэнтры — каледж чыгуначнікаў.
У КАНЦЫ мінулага стагоддзя цудоўны літаратурны музей “Пісьменнікі-землякі” быў створаны ў Рагачове. Гэтаму спрыяла не толькі шчодрая на таленты прыдняпроўская зямля, але і захопленасць аднаго чалавека — энтузіяста, таленавітага педагога і паэта Уладзіміра НЕМІЗАНСКАГА. Сам родам з Віцебшчыны, ён, выпускнік педінстытута, а потым камсамольскі работнік, пераехаў на радзіму жонкі. І прыжыўся тут трывала — назаўжды, як прызнаваўся сам. Доўгі час працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў мясцовым педвучылішчы. Таму і літаратурны музей, вядома ж, быў створаны на базе гэтай навучальнай установы.
Уладзімір Львовіч збіраў матэрыял па крупінках. Наведваў пісьменнікаў, іх сваякоў, сяброў, працаваў у рэспубліканскім архіве літаратуры і мастацтва, у галоўнай бібліятэцы нашай краіны. Вёў перапіску. Сачыў за перыядычным друкам. Набываў кнігі землякоў у крамах, кіёсках. Побач аказаліся, і надзвычай своечасова, сябры-аднадумцы — настаўнік Аляксандр Лейкін, супрацоўнік раённага музея Аляксандр Рыкуноў, настаўнік Уладзімір Бандарэнка, былы кіраўнік Рагачоўскага краязнаўчага цэнтра Марат Гаравы, загадчыца дзіцячай бібліятэкай Нінэль Падгурская. Вельмі ўдзячны Немізанскі таксама сваякам пісьменнікаў — унучцы Міхася Лынькова Ірыне, брату Мікалаю Ціханавічу, сястры Уладзіміра Караткевіча Наталлі Сямёнаўне Кучкоўскай, цётцы Галіне Мікалаеўне Грынкевіч і многім іншым.
ЧАСТА згадваю Аляксея СІЛЬКЕВІЧА, былога рэжысёра Рагачоўскага народнага драматычнага тэатра. Хударлявы, з прыгожым смуглявым тварам, разважлівы... Такім ён і застаўся ў маёй памяці.
Так сталася, што ў народны тэатр як драматург я прыйшоў пасля прэм’ер у Магілёўскім (“Сівы бусел”) і ў Гомельскім (“Вокны”) абласных драматычных тэатрах. Для пастаноўкі Аляксей Ігнатавіч выбраў камедыю “Лесвіца”. Я, вядома, быў на прэм’еры, захапляўся дзеяннем на сцэне і майстэрствам самадзейных артыстаў Людмілы Салавай, Яўгена Шыца, Юрыя Хаткевіча, Ніны Сурначовай і іншых. Рагачоўскія тэатралы стварылі свята для жыхароў горада і для саміх сябе. Трэба было бачыць, як радаваліся яны! Радаваліся поспеху на сцэне, радаваліся жыццю.
У рэпертуары тэатра рагачоўцаў за час яго існавання былі п’есы беларускіх і іншых вядомых драматургаў: “Прымакі” Я. Купалы, “З народам” і “Людзі і д’яблы” К. Крапівы, “Альпійская балада” паводле аповесці В. Быкава, “Выгнанне блудніцы” І. Шамякіна, “Трывога” А. Петрашкевіча, “Апошні ўзлёт” А. Дударава, “Вясёлыя, бедныя, багатыя” Г. Марчука, “Іван і мадона” А. Кудраўцава, “Крык на хутары” У. Бутрамеева, “Барабаншчыца” А. Салынскага, “Валянцін і Валянціна” М. Рошчына, “Салдацкая ўдава” М. Анкілава, “Дзённік жанчыны” К. Фіна... Уражвае спіс шаноўных аўтараў і іх твораў, хіба не так?
Аляксей Сількевіч да апошняга дня вучыўся. У творчай дзейнасці няма межаў, і ён помніў пра гэта. Кожны раз, калі Гомелю выпадала праводзіць “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, ён пасяляўся на час гэтага відовішча — за свой кошт, вядома ж, — у гасцініцы, наведваў спектаклі, прымаў удзел у іх абмеркаванні. Збіраўся нешта ставіць і сам. Не паспеў...
НА літаратурнай карце нашай краіны Рагачоўшчына, як бачым, займае годнае месца. Скрозь жылі тут таленавітыя людзі. І тым, хто нейкім чынам мае дачыненне да гэтага цудоўнага кутка Беларускага Прыдняпроўя, застаецца не толькі ганарыцца гэтым, але і ўшаноўваць, берагчы памяць пра славутых землякоў.
Васіль ТКАЧОЎ, пісьменнік, ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна
Скарбніцы літаратурных падворкаў
ЗАЛІКОВАЯ кніжка студэнта БДУ Івана Мележа з выдатнымі адзнакамі і пішучая машынка, на якой друкаваўся рукапіс «Палескай хронікі», запіска Андрэя Макаёнка Пятру Машэраву з прапановай адкрыць драматычныя тэатры ў беларускіх гарадах, першая кніга Івана Навуменкі «Сямнаццатай вясной»… Роднымі і блізкімі пісьменнікаў рарытэтныя экспанаты былі перададзены ў дар Гомельскай абласной бібліятэцы імя Леніна. А зараз яны стануць часткай экспазіцыі на Дні беларускага пісьменства.
Нi адзін Дзень беларускага пісьменства, а ў гэтым годзе ён пройдзе ў 23-ці раз, не абыходзіцца без удзелу бібліятэк. Вось і ў Рагачове адзінаццаць раённых і Гомельская абласная бібліятэкі разгарнуць сапраўдную «Скарбніцу светлых з’яў пісьменства». Кожны раён прадставіць свой літаратурны падворак. Нямала сюрпрызаў падрыхтавала і абласная бібліятэка.
Безумоўна, галоўнае месца адведзена кнігам. З гомельскай бібліятэкі ў Рагачоў ужо тройчы наведваліся дэлегацыі, якія прывозілі рарытэтныя выданні і ўсё неабходнае для будучай экспазіцыі. Яе сэрцам стане Літаратурны музей пісьменнікаў Гомельшчыны. Кожны жадаючы зможа пазнаёміцца з жыццём і творчасцю чатырох ураджэнцаў вобласці — народных пісьменнікаў Івана Мележа, Івана Шамякіна, Івана Навуменкі, Андрэя Макаёнка. Усе прысутныя таксама змогуць паглядзець прадстаўленне народнага аматарскага тэатра «Грачи». Дырэктар абласной бібліятэкі Марына Рафеева распавядае:
— Творчы калектыў складаюць нашы супрацоўнікі – для кожнага знаходзіцца свая роля. Дарэчы, «Грачи» — адзіны бібліятэчны тэатр у нашай краіне. Нам ёсць чым ганарыцца – за 17 гадоў калектыў атрымаў шмат узнагарод. Зусім нядаўна на Міжнародным фестывалі маладзёжных тэатраў «Славянский перекресток» за спектакль «Далекий дивный свет» атрымалі дыпломы за лепшую жаночую ролю і за лепшы акцёрскі ансамбль. А на Дні беларускага пісьменства пакажам урыўкі з твораў як класікаў беларускай літаратуры, так і гомельскіх аўтараў.
Акрамя гэтага, госці змогуць убачыць і рукатворныя кнігі. Абласны конкурс на лепшае такое выданне быў аб’яўлены і аблвыканкамам, і абласной бібліятэкай. Усяго было атрымана 46 кніг ручной работы, а пераможцы вызначыліся ў чатырох намінацыях. Тым, хто не паспеў стварыць сваю, хвалявацца не трэба. Падчас свята будзе працаваць «Кніжная майстэрня» — тут можна даведацца, як зрабіць і ўпрыгожыць сваё выданне, а таксама паспрабаваць зрабіць новы асобнік. Такі маленькі шэдэўр будзе існаваць у адзіным экзэмпляры, таму стане добрым падарункам для блізкіх. Жадаючыя змогуць набыць і паштоўкі з літаратурнымі рэцэптамі нацыянальных беларускіх страў.
Наталля БАРЫСАВЕЦ, «СГ»
borisovez@sb.by
Пацалаваныя Богам берагі
Да Дня беларускага пісьменства Міністэрства інфармацыі, як мы ўжо паведамлялі, падрыхтавала тэматычныя выданні, прысвечаныя Рагачову. Сярод іх — “Добры дух зямлi Дняпроўскай”. Напярэдадні прэзентацыі навінкі “СГ” задала некалькі пытанняў укладальніку зборніка твораў Міхаілу КАЗЛОЎСКАМУ, а таксама аднаму з сучасных пісьменнікаў Рагачоўшчыны, чыя творчасць прадстаўлена ў кнізе Міхасю СЛІВЕ.
Для вядомага маладзечанскага краязнаўцы, крытыка і публіцыста Міхаіла Казлоўскага «Добры дух зямлi Дняпроўскай» стаў шостым томам у серыі, заснаванай выдавецтвам “Мастацкая літаратура”. Гомельская зямля яму не чужая — сястра бібліяфіла жыве ў Мазыры. Міхаіл Міхайлавіч прызнаўся, што сам быў здзіўлены, калі пачаў сваё даследаванне: не чакаў, што так шмат аўтараў маюць дачыненне да Рагачоўшчыны і настолькі багаты спектр іх творчай разнастайнасці.
Літаратура пачынаецца з песні і фальклору, таму і сваю кнігу ён вырашыў адкрыць народнымі песнямі, запісанымі ў гэтых мясцінах. А як забыць пра гістарычныя і этнаграфічныя апісанні з першакрыніц, што належаць пяру славутых Вацлава Ластоўскага ці таго ж Адама Кіркора? Пасля такога адначасова літаратурнага і інфарматыўнага знаёмства з месцам дзеяння ў раздзеле “Радзімы светлыя імёны” ўкладальнік сабраў творы ўраджэнцаў Рагачоўшчыны. Многія з іх — малавядомыя, напрыклад, тая ж паэтка Наля Маркава і цэлая кагорта іншых літаратараў. Як патлумачыў Міхаіл Казлоўскі, некаторыя творы ён адшукаў у цяжкадаступных выданнях, многія шмат гадоў не перадрукоўваліся і зараз зноў пабачылі свет.
— Узгадаць хацелася ўсіх — і тых, хто вучыўся і працаваў у гэтых мясцінах, і тых, хто натхняўся імі, — атрымалася каля 50 аўтараў, — падсумоўвае субяседнік. — Я імкнуўся выбраць з мноства твораў тыя, што стваралі на Рагачоўшчыне. Памятаеце, як ва Уладзіміра Караткевіча? “Я ўраджэнец той часткі Беларусі, якая ляжыць на Дняпры. Люблю Беларускае Палессе і казачна мяккую Навагрудчыну, і адзіную ў свеце Белавежу, і суровую прыгажосць паўночнага азёрнага краю. Іх нельга аддзяліць ад мяне, але ў Прыдняпроўі мне неяк больш прытульна”. Самыя значныя творы класік напісаў менавіта тут.
Вялікі патрыёт гэтых мясцін і пісьменнік Міхась Сліва, або Міхаіл Мітрафанавіч Кавалёў, адзін з сучасных аўтараў, творы якога апублікаваныя ў кнізе. Родам ён з вёскі Каменка Рагачоўскага раёна, больш за трыццаць гадоў працуе ў мясцовай раённай газеце. Дарэчы, літаратар напачатку творчай дзейнасці супрацоўнічаў і з нашым выданнем, таму да званка карэспандэнта паставіўся вельмі цёпла. У збор укладальнік уключыў чатыры гумарэскі лаўрэата конкурсу БСЖ “Залатое пяро” і абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага.
— У нас на Рагачоўшчыне шмат творчых, цікавых людзей, мастакоў, паэтаў, — заўважае Міхаіл Мітрафанавіч. — Ці то мясціны асаблівыя паміж дзвюх рэчак? У нас кажуць: хмары ідуць, Бабруйск залівае, а нас мінае. Да свята пісьменства з нашага ціхага гарадка зрабілі канфетку, таму чакаем у госці. Лепшага месца, як у Рагачове, няма!
Што ж, госці Дня пісьменства правераць гэта, а калі на свята вы не патрапіце, пазнаёміцца з творчым багаццем Прыдняпроўя можна дзякуючы новаму выданню.
Алена ЯСКО, «СГ»
yasko@sb.by
Мастак, які маляваў тое, што жадаў
АДНОЙ з цэнтральных падзей Дня беларускага пісьменства ў Рагачове стане адкрыццё пасля рэканструкцыі Школы мастацтваў. Ёй будзе нададзена імя славутага земляка-рагачоўца, таленавітага мастака-графіка Анатоля КАПЛАНА. А на будынку школы адкрыюць памятную дошку ў яго гонар.
РАГАЧОЎСКІ музей народнай славы падтрымлівае цесныя сувязі з музеямі свету, дзе захоўваюцца работы Каплана, знакамітымі мастацтваведамі, якія вывучаюць яго творчасць і мецэнатам Ісаакам Кушнірам, у якога зараз захоўваецца вялікая калекцыя твораў мастака, прысвечаных Рагачову, расказаў дырэктар музея Алег Вараненка:
— У Дзень беларускага пісьменства мы правядзём Капланаўскія чытанні, ужо трэція па ліку. На іх збяруцца дэлегацыі з Санкт-Пецярбурга, Ізраіля, Германіі. Сюды для ўдзелу ў выставе прывязуць каля сотні работ аўтара. Частку з іх пакінуць нашаму музею. Дарэчы, у нас ужо сабраная даволі вялікая калекцыя яго твораў, якой хопіць на асобны музей.
Стварэнне музея Анатоля Каплана — не толькі мара яго землякоў. Такі крок стаў бы заканамернай данінай павагі для майстра, які праславіў нашу краіну ў свеце. І прыцягнуў бы ў Беларусь шматлікіх прыхільнікаў творчасці мастака, упэўнены ў Рагачове.
Сёння імя Анатоля Каплана называюць сярод лепшых графікаў свету, яго творы выстаўляюць у многіх краінах. А кошт яго работ ужо параўнальны з работамі Шагала. Дарэчы, прызнанне аўтар атрымаў яшчэ пры жыцці. Але, як часта бывала ў часы СССР, — за мяжой.
Нарадзіўся ён у пачатку мінулага стагоддзя ў Рагачове. Яго бацька трымаў мясную лаўку, маці гадавала дзяцей — іх у сям’і было шасцёра. Трэба аддаць даніну бацькам мастака — ніхто з іх не прымушаў аднаго са старэйшых дзяцей у сям’і, Танхума (такім было яго сапраўднае імя), гандляваць у лаўцы. Яны бачылі, што сын схільны да мастацтва, і імкнуліся яго падтрымліваць. Маляваў з дзяцінства. А калі скончыў школу настаўнікаў малодшых класаў, нават атрымаў дазвол выкладаць маляванне. Вялікую ролю ў станаўленні Каплана як мастака адыграў Марк Шагал. Той настойліва раіў яму паступаць у Акадэмію мастацтваў у Петраградзе. Бо сам Каплан як чалавек вельмі сціплы не быў упэўнены ў сваіх здольнасцях.
Яго педагогамі ў акадэміі сталі такія вядомыя мастакі, як Пятроў-Водкін, Рылоў, Радлоў. Маляваў Каплан лепш за многіх сваіх аднакурснікаў, але не цікавіўся ні рэалізмам, ні авангардызмам, якія тады ўваходзілі ў моду. “Няхай кожны малюе тое, што хоча”, — такім было яго крэда.
І ён ніколі яму не здраджваў. У адрозненні ад многіх правінцыялаў Каплан не толькі любіў сваю малую радзіму, але і ганарыўся ёю, адлюстроўваў у сваёй творчасці: маленькі гарадок з вузенькімі вулачкамі і беднымі хацінкамі. Ён добра помніў сваіх суседзяў і з задавальненнем расказваў пра іх. А калі ў яго пыталіся, дзе ён бярэ персанажаў для сваіх карцін, нязменна адказваў: “Я ніадкуль не бяру іх, яны заўсёды са мной”.
Жыццё ў вялікім горадзе было нятанным, і Каплан маляваў дэкарацыі, пісаў лозунгі і плакаты — рабіў усё, што прыносіла хоць якія грошы. Сітуацыя ўскладнялася тым, што ў іх з жонкай, дарэчы, таксама ўраджэнкай Рагачова, была хворая дачка, якая патрабавала безупыннага догляду.
У Саюзе мастакоў творчасць Каплана разумелі адзінкі, улады таксама ставіліся да яго асобы не лепшым чынам. Нават ужо ў сталым узросце, калі ён быў даволі вядомым мастаком, яго сям’я жыла ў дзвюх маленькіх прахадных пакойчыках у камунальнай кватэры. Знаёмыя мастака ўзгадвалі, што замежныя госці вельмі здзіўляліся, чаму ў кватэру трэба заходзіць праз кухню, а на калідоры па сценах развешаны веласіпеды і тазы. А яшчэ не маглі зразумець, чаму мастак не можа выйсці на вуліцу разам са сваёй жонкай. Але ўсё было банальна: у іх на дваіх было ўсяго адно паліто...
Працаваў майстар у розных тэхніках. Напрыклад, зрабіў шмат літаграфій у якасці ілюстрацый да твораў Шалом-Алейхема, Готхальда-Эфраіма Лесінга і нават да музыкі Дзмітрыя Шастаковіча, творчасцю якога захапляўся. У 70-я гады мінулага стагоддзя Каплан зацікавіўся керамікай і стварыў скульптурныя партрэты ўсіх дзеючых асоб аповесці Гогаля “Мёртвыя душы”. Дырэктар Рускага музея марыла набыць іх, але Каплану маглі заплаціць за ўсё толькі... тры тысячы рублёў. Гэта была смешная сума за 37 скульптур высокай мастацкай каштоўнасці. І тады Каплан знайшоў выйсце: ён прадаў толькі адну выяву — Чычыкава. Астатнія скульптуры музею проста падарыў.
Юлія БАЛЬШАКОВА, «СГ»
bolshakova@sb.by
Ілюстрацыі з архіва Рагачоўскага музея народнай славы і інтэрнета