Віцебская журналістка Алена Бегунова, рыхтуючы тэкст да 100-х угодкаў Пятра Машэрава, знайшла ў вёсцы Шыркі Сенненскага раёна Віцебшчыны якраз тую самую хату, у якой ён нарадзіўся

Хата Машэрава, што стаяла на гары

Выконваючы “юбілейнае” заданне рэдакцыі, уласны карэспандэнт газеты “Советская Белоруссия” па Віцебскай вобласці Алена Бегунова нечакана “выйшла на след” знакамітай “Машэраўскай” хаты, быццам бы згубленай, “якая не захавалася”. Той самай, у якой нарадзіўся і да заканчэння шостага класа школы жыў будучы вядомы дзяржаўны дзяяч. Але чаму лічылася, быццам тае хаты ўжо няма? Інтрыга... Падрабязнасці глядзіце ў інтэрнэце (пад загалоўкамі “Ширки: здесь родилась легенда”, “Дом c удивительной историей”).

Дачнік у Шырках паказвае “Хату Машэрава”
алена бегунова

Кароткі ж пераказ гісторыі пачнем з агульнавядомага: што нарадзіўся Пётр Машэраў 13.02.1918 года ў вёсцы Шыркі Сенненскага раёна. Закончыў Віцебскі педінстытут (1939), а ў 1939-41 гадах выкладаў фізіку і матэматыку ў Расонскай сярэдняй школе Віцебскай вобласці. Лагічна было “нешта пашукаць” да юбілею ў тых мясцінах, адкуль Машэраў родам. І таму спачатку ў журналісткі была размова з былым сакратаром парткама саўгаса “Машканы” (Сенненскі раён) Сцяпанам Блажэвічам ды ягонай жонкай. Яны расказвалі, што не аднойчы прымалі Машэрава, ужо як Першага сакратара ЦК КП Беларусі, у гаспадарцы, фактычна на малой ягонай радзіме, і як тое было. Цяпер Машканы — аграгарадок, а да Шыркоў адтуль прамой дарогі няма, з аб’ездамі — кіламетраў 30. Сярод іншага ветэраны згадалі: дзетак Пётр Міронавіч любіў, нават “у свой верталёт цікаўных падсаджваў. І хлапчукоў, і дзяўчынак. Вунь Іну Шэндзюкову, напрыклад. Яна маленькая такая была, смешная, але вельмі бойкая”.

Што ж, у Беларусі чалавеку згубіцца цяжка — і журналістка знайшла тую Іну, 49-гадовую жыхарку Віцебска. Яе ў свой час высокі госць насіў на руках. Згадваючы пра памятную сустрэчу з Машэравым — а было дзяўчынцы гадоў 7 — і пра тое, як усе плакалі, калі Пётр Міронавіч загінуў, яна ў канцы дадае: “Ды што я... Вось мае сваякі наогул у хаце Машэравых выраслі: там жыла маміна траюрадная сястра. Мы ў сям’і Рэпінскіх у Шырках у дзяцінстве часта гасцявалі, на гарышча разам з сястрой Нінай лазілі. І фатаграфіі там бачылі, і карціну, дзе быў намаляваны маленькі Пеця ў прыгожай футравай шапачцы з бумбончыкамі. А потым, памятаю, да іх людзі з Мінска прыязджалі, фатаграфіі забіралі, прасілі дом пад музей аддаць. У абмен прапаноўвалі кватэру ў Мінску або дом у Машканах, але яны адмовіліся”.

Журналістка не паленавалася даведацца, што музейшчыкі ні ў Мінску, ні ў Расонах пра ацалелую хату Машэрава нічога не чулі. Знайшла ў Віцебску тую Ніну Рэпінскую, якая пацвердзіла: бачыла на гарышчы і здымкі, і карціну, і хату іхнюю ўся вёска называла “Машэраўскай”. Але ж калі ды як набылі хату яе продкі — не ведае. А мама суразмоўцы, якая нешта магла б патлумачыць, пайшла з жыцця ў 2000 годзе. Праўда, нешта можа ведаць дзядзька Ніны Генадзеўны, 86-гадовы Уладзімір Белізаў, які жыве ў Санкт-Пецярбурзе. І журналістка звяртаецца да яго. Вось дзе каштоўны інфарматар! Чытаем у Алены Бегуновай: “Уладзімір Раманавіч — у здаровым розуме і цвёрдай памяці. Расстаўляе ўсё па паліцах: так, дзесьці ў 1939 годзе ягоныя бацькі купілі дом у сям’і Машэравых, якія збіраліся з’язджаць. (Бо Пётр Машэраў жыў з сёстрамі ў Расонах ужо — і, відаць, хацеў забраць маці да сябе. — Аўт.) Пра “разам жылі” не памятае. Але пра тое, што потым яго бацька перавёз зруб з хутара ў вёску Шыркі, выдатна ведае: “Дом быў добрым, грунтоўны. Нічога перарабляць і мяняць не прыйшлося. На горцы акуратна разабралі ўсё па бервянцы, а ў вёсцы, дзе нам выдзелілі ўчастак, якраз гэтак жа й сабралі. Пяцісценак — моцны, прасторны, ніякіх прыбудоў не патрэбна. Цяпер, напэўна, усё струхлела”.

Маючы такія факты ў руках, журналістцы ўжо не было цяжка знайсці ў Шырках і патрэбную хату, якая апошнія 15 гадоў пустуе. Праўда, дабірацца ў саму аддаленую вёску няпроста. Суправаджае Алену Бегунову старшыня Багушэўскага сельсавета Вячаслаў Багданаў. Спачатку яны стаяць “на тым самым месцы, дзе калісьці была хата Машэравых. Невялікі памятны знак з таблічкамі. Сціплы, як і сама асоба Героя Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, легендарнага партызана, які кіраваў краінай. Вячаслаў Віктаравіч раскрывае кнігу “Не говори с тоской, их нет…”, і мы чытаем успаміны Вольгі Пранько — роднай сястры Пятра Міронавіча: “...Наша хата стаяла на гары, адкуль адкрывалася панарама непаўторнай прыгажосці. Унізе, выгінаючыся плаўнай дугою сярод квітнеючых траваў, працякала рэчка. Па абодва яе бокі, як ахапіць поглядам, распасціраўся заліўны луг... “ Журналістка далей канстатуе: “Усё так. Усё тут. Усё на месцы! Як быццам бы за стагоддзе нічога не змянілася. Вунь яна, Абалянка, ложа якой прасвечвае скрозь дрэвы. Заліўны луг рассцілаецца перад ёю. А ўдалечыні — высокі лес...”.

Потым знайшлі й саму хату — яна бачная на фотаздымку, які зрабіла Алена Бегунова з падказкаю мясцовага дачніка. Прычым хата — як дзве кроплі вады падобная да той, здымак якой ёсць у Расонах, дзе сабрана шмат матэрыялаў пра знакамітага земляка Пятра Машэрава.

Цікава пададзена ў канцы аб’ёмных тэкстаў меркаванне Вольгі Міронаўны, роднай сястры Пятра Машэрава, наконт знойдзенай хаты. Яна пацвердзіла: Машэравы сапраўды прадалі сваю хату ў Шырках сям’і сялян. “Але перш чым з’ехаць да Пятра ў Расоны, яго маці Дар’я Пятроўна з дочкамі Вольгай і Надзеяй яшчэ ледзь не год жылі разам з новымі гаспадарамі хаты. Прычым, сцвярджае Вольга Міронаўна, жылі дружна. Прыкладна з лета 1938-га па восень 1939-га. Пад час вайны Вольга была эвакуяваная і вярнулася ў Беларусь у лістападзе 44-га. Перш за ўсё паехала ў Шыркі — спадзявалася знайсці там сваякоў. Але не знайшла ні іх, ні хаты. На месцы хаты — пустка. І нават кусты бэзу высечаны. Нехта сказаў тады, што пабудову перавезлі, але шукаць яе Вольга не стала”.

Далей мы даведваемся: Вольга Міронаўна шукала родную хату ўжо на пачатку 1980-х, пасля гібелі брата: “Па ініцыятыве “Беларусьфільма”, дзе здымалі дакументальны фільм пра Машэрава, Вольгу Міронаўну і яе сястру Надзею прывезлі ў Шыркі. Яны пазналі свой дом — і па вонкавым выглядзе, і па размяшчэнні пакояў, і нават па сваіх дзіцячых адмецінках на падваконнях. І па круку ў бэльцы — таксама. Але ўсе апошнія гады Вольга Міронаўна лічыла, што хаты ўжо няма. Цяпер яна гатовая прыехаць з Гродна, каб апазнаць яе. Завочна з ёй разам мы “прайшлі” па пакоях, палічылі вокны — усё сыходзіцца. Дарэчы, Вольга Міронаўна, якой 9 траўня споўніцца 94 гады, паведаміла: яна піша яшчэ адну кнігу пра сваю сям’ю: “Шмат што памятаю і хачу, каб тыя звесткі не сышлі разам са мной. Вельмі спадзяюся яшчэ раз пабываць у Шырках. А ў тым выпадку, калі будзе пацверджана паходжанне хаты і прынята рашэнне пра яе аднаўленне на старым месцы — нават гатовая туды перабрацца жыць. Буду хадзіць па заліўным лузе нашымі дзіцячымі сцяжынкамі ды ўспамінаць Пецечку. Толькі дай мне Бог сілаў гэтага дачакацца”.

Іван Іванаў

Голас Радзімы № 8 (3560), чацвер, 22 лютага, 2018 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter