Почти 80 лет живет с осколком в легких фронтовик Семен Николаевич Стома, кавалер ордена Славы III степени

Кавалер ордэна Славы III ступені франтавік Сямён Мікалаевіч Стома: «Мужчынская справа — стаяць на варце краіны»

Змагацца з нямецка-фашысцкімі акупантамі выпускнік Мікалаеўшчынскай сямігодкі Сямён СТОМА пачаў, як толькі ў Прынямонні стаў арганізоўвацца партызанскі рух. У атрадзе народных мсціўцаў змагаўся з ворагам яго старэйшы брат Мікалай. Сямён на кані ездзіў па наваколлі, пад'язджаў да чыгункі і праз брата перадаваў камандаванню звесткі пра дыслакацыю нямецкіх фарміраванняў. Бывала, падвозіў байцоў на выкананне важных заданняў. Бацькі разам з аднавяскоўцамі ўпотайкі адпраўлялі партызанам харчаванне і адзенне.

Пасля вызвалення Стаўбцоўшчыны Чырвонай арміяй летам 1944 года браты Мікалай і Сямён Стома разам з маладымі землякамі папоўнілі 192-ю дывізію 3-га Беларускага фронту. Базіравалася яна на тэрыторыі Літвы. На літоўскай зямлі ў баі з гітлераўцамі загінуў Мікалай. Сямён з аднапалчанамі гналі ворага далей на захад. Ён быў тройчы паранены і адпраўлены на лячэнне ў тылавы ваенны шпіталь горада Горкі. Там і сустрэў Дзень Перамогі.

Ратныя заслугі інваліда Вялікай Айчыннай вайны першай групы, ветэрана працы адзначаны ордэнамі Славы III ступені і Айчыннай вайны I ступені, медалямі «За адвагу» і «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў».

У пасляваенны час скончыў філфак БДУ і амаль паўвека аддаў педагагічнай дзейнасці. Неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, дыпломамі. Сямён Мікалаевіч — ганаровы ветэран Мінскай вобласці.

У стаўбцоўскай вёсцы Мікалаеўшчыне прайшло даваеннае дзяцінства сялянскага хлопчыка Сямёна Стомы. Гэты ціхі куточак цудоўна адлюстраваны ў літаратурных творах Якуба Коласа. Тымі ж сцежкамі-дарожкамі, як і будучы Пясняр, хадзіў некалі Сямён на нёманскія сенажаці, з рачных берагоў назіраў за плытагонамі, пераймаў ад продкаў і нёс далей традыцыі роднага краю. Праз мурожную лугавіну рукой падаць ад Мікалаеўшчыны да Акінчыц, роднай вёскі класіка беларускай літаратуры.


 Сёння, у свае 97 гадоў, ветэран узгадвае стасункі са слынным земляком.

— У маёй роднай Мікалаеўшчыне жылі сваякі Якуба Коласа, — Сямён Мікалаевіч на імгненне спыняецца і ў думках вяртаецца ў мінулае. — Працавалі на зямлі, ганарыліся знакамітым родзічам. Не забываў пісьменнік родныя мясціны, цікавіўся жыццём землякоў. Асабліва адчулі яго падтрымку пасля страшэннага пажару ў пачатку мая ў перадваенны год. У нашай мясцовасці толькі ўсталёўвалася савецкая ўлада. Панаваў энтузіязм. Вёска прырастала новымі сядзібамі. У сонечны вясновы дзень дзеці гулялі каля недабудаванай хаты, што стаяла на ўскрайку вёскі. Нехта з падлеткаў чыркануў запалкаю салому, што ляжала каля сцяны. Успыхнула полымя — і ў момант вецер раздуў яго, перакінуў на дах суседняга дома. Раз'юшаны агонь панёсся па падворках. Сяляне ад страху разгубіліся. Пажарных не было. Адзін за другім загараліся саламяныя, чаротавыя дахі. Спыніць агонь не змаглі. Пажар знішчыў больш за дзве сотні гаспадарчых сядзіб. Потым пайшла прыказка: чацвёртага мая Мікалаеўшчына палала, а ў дзень пяты — ні адной хаты.

Пра гэта няшчасце стала вядома ў Мінску, і Якуб Колас на другі дзень быў у Мікалаеўшчыне. Са слязьмі людзі сустракалі яго, прайшліся ра­зам па знішчанай агнём вёсцы. Абпаленыя дрэвы сіратліва ўзвышаліся над счарнелымі галавешкамі. Землякоў ён супакоіў і паабяцаў дапамагчы пагарэльцам. Так і атрымалася. Дзяржава выдзеліла кожнай пацярпелай ад пажару сям'і лес на будаўніцтва новых дамоў. Многім землякам Колас дапамог грашамі з уласных зберажэнняў. Нашай сям'і ён даў 400 рублёў. Значная сума па тым часе. Выдзелілі нам 30 кубаметраў лесу для будаўніцтва новай хаты. Пілавалі яго і тралявалі з пушчы самі. Талакою адбудоўвалася Мікалаеўшчына.

У той час я толькі скончыў сямігодку і марыў вучыцца далей. З школьных урокаў роднай літаратуры ведаў на памяць многія паэтычныя радкі нашага класіка, з захапленнем чытаў яго прозу.

Запала ў сэрца і чуллівае выступленне Песняра на вясковым цвінтары, калі хавалі яго сябра дзяцінства. У развітальны момант ён гаварыў стрымана, прыцішана, узгадваючы эпізоды з іх юнацкай дружбы. Вяскоўцы прагна слухалі земляка. Шмат гадоў мінула, а ўсё да драбніц помніцца. У родныя мясціны Якуб Колас заўжды прыязджаў сціпла, запомніўся яго брыль. З кожным у вёсцы шчыра вітаўся, цікавіўся справамі.

— Сямён Мікалаевіч, 2022-і — юбілейны ў Якуба Коласа і яго творчага сябра Янкі Купалы: спаўняецца 140 гадоў з дня іх нараджэння. У сталіцы і на малой радзіме класікаў беларускай літаратуры запланаваны шматлікія культурныя мерапрыемствы. Ці настроены пабываць на іх?

— На працягу многіх гадоў удзельнічаю ў літаратурным свяце «Каласавіны», што ладзіцца Дзяржаўным музеем Якуба Коласа і нашай мясцовай уладай. Чакаю адкрыцця ў Стоўбцах помніка нашаму слыннаму земляку. Ёсць што ўзгадаць і пра святкаванне Купалавых юбілеяў. Увогуле, з творчасцю гэтых выбітных беларускіх літаратараў звязана не толькі мая педагагічная дзейнасць. Да настаўнічання тры першыя пасляваенныя гады, як вярнуўся з ваеннага шпіталя дамоў, загадваў Мікалаеўшчынскай хатай-чытальняй. Кніг і газет малавата было, радаваліся, калі паступалі новыя выданні.

Ахвяраваў землякам новыя кнігі і Якуб Колас. З яго пляменнікам Сымонам Белым адправіліся цягніком у Мінск. Са сталічнага чыгуначнага вакзала пакрочылі да дома, дзе жыла сям'я Коласа. Нас ветліва сустрэлі, запрасілі зайсці і пачаставалі гарбатай з духмянымі булачкамі. За сталом сядзеў і гаспадар. Ён распытваў нас пра жыццё сваякоў, знаёмых у Мікалаеўшчыне, Альбуці і родных Акінчыцах. Сымон перадаў прывітанне ад маці. Яна была роднай сястрой Якуба Коласа, выйшла замуж у Мікалаеўшчыну і там жыла. Гутарылі выключна на роднай мове. Пісьменнік перадаў стос кніг, новыя выданні атрымалі тады і ад Міхася Лынькова, іх дапамаглі даставіць да вакзала. Цягніком вярнуліся ў Стоўбцы, дзе нас чакала падвода. Папоўнілі кнігамі паліцы хаты-чытальні. З тых часоў мінулі дзесяцігоддзі, а памяць захоўвае радкі з класічных паэм «Новая зямля» Якуба Коласа і «Над ракой Арэсай» Янкі Купалы.

— А хто ваш любімы літаратурны герой?

— З юнацтва і праз усё жыццё мой ідэал — Паўка Карчагін з рамана Мікалая Астроўскага «Як гартавалася сталь». Імкнуўся быць такім жа стойкім, упартым у дасягненні пастаўленай мэты. Вучням на ўроках рускай літаратуры з вялікай любоўю да твора даносіў гэты вобраз. Вуснамі галоўнага героя пісьменнік трапна сказаў: «Лепш менш ды гарэць, чым больш і тлець». Да гэтых слоў сёння актуальна дадаць: мужчынская справа — стаяць на варце краіны. Лёсам мне выпаў такі гонар. У маладосці, якая прыйшлася на ваенны час, давялося перажыць складаныя моманты. Столькі гадоў мінула, але балюча вяртацца ва ўспаміны.

Баявое хрышчэнне Сямён Стома атрымаў у няпоўныя 19 гадоў на літоўскай зямлі. На фронт ён адправіўся ў ліпені 1944 года пасля вызвалення Чырвонай арміяй беларускіх зямель ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Служыў у пяхотным палку 192-й дывізіі 3-га Беларускага фронту. Пад націскам савецкіх войск гітлераўцы адступалі. Былі жорсткія баі за кожны літоўскі горад, вёску, хутар. Здаралася, што населены пункт па некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі.

Асабліва цяжка было прарваць варожую абарону на былой нямецкай мяжы ва Ўсходняй Прусіі. Узгадваць яму цяжка не толькі маральна, але і фізічна: з-за асколка, што пасля ранення застаўся у лёгкім, яму складана гаварыць. З перапынкамі франтавік паступова спыняецца на складаных момантах перажытага за вайну:

— Не спадзяваўся застацца жывым у баі непадалёк ад Кёнігсберга. Паступіў загад прарваць лінію абароны праціўніка. Па чыстым полі ў поўны рост кінуліся ў атаку на нямецкія кулямёты. Варожая артылерыя бесперапынна страляла ў наш бок. Адступаць мы не мелі права. З абодвух бакоў ад мяне падалі на зямлю байцы. Па трупах нашых і варожых салдат мы няспынна рваліся да першай, другой, трэцяй лініі абароны фашыстаў. У тым баі страцілі амаль палову нашага палка, але варожы фронт прарвалі. У адным з такіх баёў на літоўскай зямлі загінуў мой старэйшы брат Мікалай. Пра гэта даведаўся толькі пасля вайны.

Кожная ваенная аперацыя давалася няпроста. Няўжо магу забыць, як напярэдадні генеральнага наступлення нашаму ўзводу загадалі захапіць і ўтрымаць мост праз паўнаводную раку. Выконваць трэба было неадкладна, каб ворагі не ўзарвалі яго пры адступленні. Нам удалося прарваць нямецкія ўмацаванні і захапіць стратэгічны аб'ект. Але якой цаной гэта далося?! З 22 байцоў узвода ў жывых пасля аперацыі засталося толькі чатыры. Галодныя, без сна, мы суткі не падпускалі фашыстаў да моста. Дзякуючы гэтаму нашы танкі і баявыя машыны пераправіліся на другі бераг і далей пагналі ворага на захад.

— Пра што думалася ў крытычныя моманты?

— Аб адным — выжыць і перамагчы ворага. Чатыры з сямі маіх аднакласнікаў, з якімі ра­зам пайшоў на фронт, загінулі. Дамоў з вайны вярнуліся толькі двое, прычым інвалідамі. Цяжка было перажыць, калі снарад трапіў у майго баявога сябра. Мне асколак пакінуў шрам на грудзях. У жорсткіх баях тройчы быў паранены. Пасля вельмі цяжкага ранення мяне адправілі санітарным цягніком на лячэнне ў тылавы шпіталь горада Горкі. Па дарозе пачаўся остэаміеліт. Доўга лячыўся. Дагэтуль памятаю, як радаваўся, калі пачуў, што вайна пераможна закончана. Нам у шпіталі зладзілі святочны абед. Адзін аднаго абдымалі і віншавалі з Перамогай. Карцела хутчэй вярнуцца дамоў. Але толькі праз год залячыліся раны. Цягніком прыехаў у Стоўбцы і пешшу пакрочыў у родную Мікалаеўшчыну. Мяне сустрэлі маці, бацька, браты і сёстры. Сям'я ў нас была вялікая.

— Вайна закончылася і пачаліся мірныя справы. Чым заняліся дома?

— Вучобай. Хацеў атрымаць атэстат. У Мікалаеўшчыне адкрылася хата-чытальня, і мне даручылі загадваць ёю. Да абеду — урокі, а пасля працаваў. Скончыў сярэднюю школу і адправіўся ў Мінск. Вытрымаў уступныя экзамены на завочнае аддзяленне філфака БДУ. Працаваў у Слабодскай школе настаўнікам, а потым дырэктарам і завочна вучыўся ва ўніверсітэце. Больш як 30 гадоў выкладаў рускую літаратуру і мову, на заслужаным адпачынку яшчэ 10 гадоў настаўнічаў. І жонка мая Ганна Уладзіміраўна таксама была педагогам.

— Дзе вы пазнаёміліся?

— На раённай канферэнцыі настаўнікаў у Стоўбцах. З мноства маладзенькіх педагогаў прыглянулася яна. Пакарыла мяне не толькі прыгажосцю, але і цудоўным характарам. Вяселля не ладзілі — запрасілі блізкіх сяброў на вечарыну. Жылі ў вяскоўцаў на кватэры. Потым пераехалі на радзіму жонкі ў вёску Стары Свержань. Мяне, трыццацітысячніка, партыйныя органы накіравалі старшынёю калгаса імя Андрэева ў вёску Слабодку. Пабудавалі ўласны дом побач з сядзібай бацькоў жонкі. Падрасталі два сыны. Малодшы сын Мікалай пражыў, на жаль, толькі 46 гадоў... Старэйшы Уладзімір пайшоў па нашых слядах: да выхаду на пенсію настаўнічаў, працаваў у раённых дзяржаўных структурах. Яму, як і мне, пашчасціла на жонку. Нявестка Ірына Уладзіміраўна — фельчар, пільна сочыць за маім здароўем. Пасля таго як аўдавеў, 14 гадоў жыў адзін у доме, упраўляўся з агародам, садам. Гады сваё ўзялі — перабраўся ў Стоўбцы да сына і нявесткі. У іх два сыны. Унукі не даюць заняпасці маёй сядзібе ў Старым Свержані.

— А ў родную Мікалаеўшчыну наведваецеся?

— Тры гады таму мяне запрасілі на святкаванне 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі. Шмат гасцей сабралася на турбазе «Высокі бераг», што побач з Мікалаеўшчынай. Там ладзіўся конкурс абласцей на лепшае культурнае мерапрыемства. Педагогі Міншчыны арганізавалі адкрыты ўрок па паэме Якуба Коласа «Новая зямля». Мне як удзельніку Вялікай Айчыннай вайны і земляку класіка беларускай літаратуры даручылі правесці яго. Для ўдзелу запрасілі лепшых вучняў Стаўбцоўскага раёна. Было што расказаць школьнікам пра малую радзіму паэта і маю. Успаміны аздабляў літаратурнымі радкамі Якуба Коласа, зачытваў урыўкі з «Новай зямлі». І вучні дэкламавалі радкі паэмы. Адкрыты ўрок атрымаўся цікавым і быў прызнаны лепшай праграмай сярод шасці прафсаюзных каманд рэспублікі. Мяне ўзнагародзілі 200 рублямі і юбілейным медалём Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

На гэтым фэсце я ўручыў старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілу Ар­дзе прэзентатыўнае выданне «Новай зямлі» з надпісам: «Ад земляка Якуба Коласа — Стомы Сямёна Мікалаевіча». А зараз жыву чаканнем знамянальнага свята — Дня Незалежнасці.

— Шаноўны Сямён Мікалаевіч, дзякуй за інтэрв'ю. Здароўя і новых свят вам, радасных падзей!

subbat50@mail.ru

Фота Таццяны ПЯТКЕВІЧ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter