Три новых электропоезда уже курсируют по маршруту Минск — Гомель — Минск: до конца 2022 года парк техники БелЖД пополнят еще семь таких поездов

Камфорт з пяццю вагонамі

Пробная эксплуатацыя новых пяцiвагонных электрацягнiкоў з пасажырамi пачалася на гэтым тыднi. Маршрут руху — Мiнск — Гомель. Гэта адзiн з найбольш папулярных у пасажыраў напрамкаў. Пацвярджэннем таму — практычна поўнасцю ўкамплектаваны электрацягнiк: ранiцай у буднi дзень выкупiлi амаль усе бiлеты. «Р» даведалася, як ацанiлi навiнку першыя пасажыры.


Расклад навiнкi

— Штодня новым маторвагонным рухомым саставам ЭПМ будуць iсцi цягнiкi № 716/715 Мiнск — Гомель у 07:08 i Гомель — Мiнск у 19:05. З Гомеля ў Мiнск пасажыры таксама змогуць адправiцца на новым электрацягнiку ў 15:10 з панядзелка па чацвер (№ 739 Гомель — Мiнск). Па пятнiцах i нядзелях з Гомеля ў Мiнск пасажыраў даставiць цягнiк № 747 Гомель — Мiнск адпраўленнем з Гомеля ў 10:53. З Мiнска ў Гомель цягнiк № 748 адправiцца ў 14:57 i будзе курсiраваць з панядзелка па пятнiцу i ў нядзелю, — удакладнiлi ў прэс-службе БЧ.

Да 6 верасня са сталiцы ў напрамку Гомеля i назад гэтыя цягнiкi курсiравалi рухомым саставам серыi ЭПР у фармаце мiжрэгiянальных лiнiй бiзнес-класа. Ён прадугледжвае мiнiмальную колькасць прыпынкаў на шляху i маршрутную хуткасць не менш за 80 кiламетраў у гадзiну. Фармат перавозкi пасажыраў застаўся ранейшым, а вось рухомы састаў стаў больш камфортны.

Новы пяцiвагоннiк серыi ЭПМ вы-творчасцi кампанii ЗАТ «Штадлер Мiнск» мала чым адрознiваецца ад знаёмага ўжо пасажырам сямiвагоннага цягнiка серыi ЭПМ, якi са жнiўня 2016 года эксплуатуецца на маршруце Мiнск — Гомель i заслужана карыстаецца попытам у пасажыраў. Яно i зразумела: «старэйшы брат» —базавая мадэль для распрацоўкi «малодшага».

Пасажыры ацанiлi камфартабельнасць новага пяцiвагоннiка. Сярод найбольш прывабных якасцей — гардэроб, сонцаахоўныя рулонныя шторы, кнопка выклiку праваднiка.

Першыя ўражаннi

— Новы, так? — удакладнiла ў мяне Валянцiна Серафiмаўна.

Пажылая жанчына прызнаецца, што пакуль асаблiвай рознiцы памiж цягнiкамi не заўважыла: гэта першая эксплуатацыя з пасажырамi. Але адзiн з плюсаў ЭПМ усё ж адзначыла: сонцаахоўныя рулонныя шторы схаваюць у яркае надвор’е.

Яе суседзi Алеся i Андрэй нячаста ездзяць з Мiнска ў Гомель. Але кожны раз памiж маршрутнымi таксi i цягнiкамi выбiраюць апошнiя — так камфортней.

— У цягнiку асаблiва прывабным мне здаецца наяўнасць гардэроба, — дзелiцца меркаваннем Алеся. — Вельмi актуальна гэта стане зiмой, калi апранём верхняе адзенне.

Прасторныя месцы ацанiла таксама Iрына. Кажа, што бiлет у першы клас (у зоне павышанай камфортнасцi ўсяго 16 месцаў) купляла з цiкавасцi:

— Я даўно ведала, што з 6 верасня пачне хадзiць новы электрацягнiк. Таму вырашыла ўзяць першы клас. Выдатна, што можна спакойна выцягнуць ногi ва ўвесь рост, не замiнаючы суседу. Прыемны i клопат пра пасажыра ў выглядзе кнопкi выклiку праваднiка.

Усяго ў салоне цягнiка прадугледжана 262 месцы ў першым i другiм класе. У першым — скураныя крэслы з рэгуляванай па вугле нахiлу спiнкай, iндывiдуальнымi падлакотнiкамi. У другiм — мяккiя сядзеннi з падлакотнiкамi па сiстэме «3+2». Вугал нахiлу спiнкi таксама можна мяняць. Створаны спрыяльныя ўмовы для праезду асоб з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата, а таксама iнвалiдаў па зроку. У адным з салонаў электрацягнiка размешчаны зоны для буйнагабарытнага багажу або перавозкi веласiпедаў. Да месца i кандыцыянеры з iнтэгрыраваным унутры бактэрыцыдным модулем апрацоўкi рэцыркуляванага паветра. Цягнiк таксама абсталяваны сiстэмай бесправаднога доступу да медыясервера па тэхналогii Wi-Fi. Кантэнт уключае мастацкiя фiльмы розных жанраў i мультфiльмы. Кошт за адзiн бiлет другога класа — 16 рублёў 4 капейкi, для пасажыраў з веласiпедамi — 32 рублi 8 капеек, за праезд у першым класе — 22 рублi 21 капейка. Час шляху складае каля трох гадзiн.

Тры новыя электрацягнiкi паступiлi на БЧ у рамках курсу на абнаўленне рухомага саставу. Усяго Беларуская чыгунка прыме дзесяць сучасных пяцiвагонных электрацягнiкоў серыi ЭПМ. Яшчэ сем паставяць да канца 2022 года.

ЛIЧБА

Сёння на беларускай магiстралi эксплуатуецца 21 сучасны электрацягнiк вытворчасцi швейцарскай кампанii Stadler, якi курсiруе па маршрутах гарадскiх, рэгiянальных i мiжрэгiянальных лiнiй бiзнес-класа.

tychko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter