Вось і нядаўна — зайшла паглядзець, што ў сусветным сеціве робіцца. Стварыў старонку ў тым жа «Фэйсбуку» паважаны чалавек, доктар-анколаг, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, які заслужыў аўтарытэт і павагу на пасадзе міністра аховы здароўя і ў ліку першых выйшаў на перадавую ў барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй. Дзеліцца там самымі важнымі падзеямі пераважна свайго рэгіёна. Калі сутыкнуўся з негатывам у свой адрас, падкрэсліў, што адключаць на старонцы каментарыі не будзе, бо нічога не баіцца: 15 гадоў у таракальнай хірургіі, тысячы гадзін у аперацыйнай і 10 гадоў кіраўніцтва стварылі непахісную стрэсаўстойлівасць.
А вось нервы ў бчб-прапагандыстаў, відаць, зусім здаюць. Ім ужо кансіліум збіраць трэба. Чаго варты «Стары Маісеевіч Габрэй», звычайны фэйкавы бот, бо на старонцы ніводнага рэальнага фотаздымка. Відавочна, што да яўрэяў ніякіх адносін не мае, толькі на ламанай трасянцы сыпле абразамі. Я, як і ўсе адэкватныя карыстальнікі, заступілася за паважанага чалавека, паспрабаваўшы асадзіць «Габрэя»: «Не калечце беларускую мову, пан». На гэта пан у мяне запытаўся, ці толькі маю прэтэнзіі лексіка-марфалагічнага характару і ці згодная са зместам? «З чым быць згоднай? З тым, што абражаеце лепшых людзей краіны? Наадварот, такіх людзей паважаю і жадаю ім быць моцнымі, не зважаючы на абразы непісьменных паноў».
Гэта быў той крытычны момант, калі стала гучаць лаянка ў мой бок, а «Стары Маісеевіч Габрэй» нечакана раздвоіўся. За яго стала заступацца беларускамоўны бот Наталля, якая мяне абвінаваціла ва ўсіх зямных і нябесных грахах, называючы адэптам, спічрайтарам і ўсімі магчымымі макаранізмамі, толькі пісаць іх правільна па-беларуску так і не навучылася. А пасля маіх парад звярнуцца да слоўнікаў знакамітага прафесара і стваральніка новага беларускага правапісу ўжо стала абліваць граззю яго самога: «Ствараючы новы правапіс, ён столькі наварочаў, што толькі цвікамі ў нужніку і прыбіваць ягоныя перлы».
Між тым, пакуль Наталля вучыла мяне вялікаму і прыгожаму пісьменству, «Стары Маісеевіч Габрэй» працягваў абліваць граззю ўсіх, хто толькі меў смеласць яму запярэчыць. «Я такі вашыя дадзеныя занатую… калі ўсё скончыцца — цікава будзе з вамі паразмаўляць», — напісаў ён мне. Далібог, смешна. Што іх занатоўваць? Я ж ні ад кога не хаваюся, на маёй старонцы рэальныя фотаздымкі, рэальнае імя і прозвішча, справаздачы з творчых імпрэз Саюза пісьменнікаў Беларусі, спасылкі на цікавыя матэрыялы ў любімай «Сельской газете». А ён занатуе. Відаць, каб не забыцца, каго прывесці да гільяціны, калі пабудуе «незалежную» краіну, якую зробіць прадажнай і рабаўніцкай. Толькі ніколі ён яе не пабудуе, бо ўсё ў яго фэйкавае. На старонцы, акрамя бчб-палатна, ні імя, ні прозвішча. І абразы, што сыпле з ранку да ночы разам з Наталляй, якую сам жа, толькі пад іншым акаўнтам, стварыў. Ці Наталля стварыла яго? Тут, выбачайце, сам чорт нагу зламае. Мне нічога не заставалася, як пажадаць ім добрай ночы з вершаваным наказам:
А лепш за ўсё, «Стары Габрэй»,
Ты збожжа на раллі пасей.
Ды памаўчы, ды паглядзі,
Як будзе збожжа ўвысь расці.
Тады адчуеш плён у працы
І надалей будзеш старацца
Не біць аб зубы языком,
Не пэцкаць пальцамі фэйсбукі,
А будаваць агульны дом,
Прыклаўшы розум, спрыт і рукі.
Верш, відаць, удаўся, бо ў шэсць гадзін раніцы ад Наталлі пасыпалася лаянка. Праўда, у мяне не так многа вольнага часу і сіл, каб вучыць невядома каго жыццю. Апошняе толькі напісала: «Вы крытыкуеце ўсіх на свеце, а крытычна ставіцца любому чалавеку, на маю думку, трэба перш за ўсё да сябе. Калі ўсе вакол адмоўныя, звярніце ўвагу на свой унутраны свет. Можа, там ёсць агрэхі?
Як вы думаеце, Наталля? І ці Наталля вы? І кім вам прыходзіцца «Стары Габрэй»? Я не хацела вас гэтымі словамі пакрыўдзіць. Ні ў якім разе. Проста заклікаю вас да разваг, якія, калі гэта магчыма, дазволяць інакш глядзець на свет, бачыць у ім добрае, верыць у будучыню і ўласныя перспектывы. А не абражаць, не прыніжаць, не пагражаць».
Любыя перамены пачынаюцца з сябе, толькі ці думаюць пра гэта боты і робаты з фэйкавымі подпісамі.
basikirskaya@sb.by