Вандроўкі з Уладзімірам Субатам

Iлля: памiж гiстарычнай радзiмай i аўкцыённым курортам

ЦЭНТРАМІ раёнаў Беларусі да сярэдзіны мінулага стагоддзя былі не толькі гарады, гарадскія пасёлкі, але і некаторыя вёскі. Такі гонар выпаў і вёсцы Ілля, што выцягнулася ўздоўж рэчкі Іліі ў нарачанскім напрамку. Упершыню ўзгадваецца ў 1475 годзе як маёнтак маршалка Вялікага Княства Літоўскага Багдана Саковіча. Потым належала магнатам Заберзінскім і Збаражэўскім. Праз стагоддзе ў архіўных дакументах адзначаецца як мястэчка Мінскага павета. Валодалі ім заможныя Глябовічы, якія ўзвялі на тэрыторыі сядзібы каталіцкі храм. Па ініцыятыве гаспадыні Хрысціны Глябовіч, жонкі вялікага літоўскага гетмана Казіміра Яна Сапегі, маёнтак перайшоў ва ўладанне князя Друцкага-Сакалінскага. З панскай сядзібы касцёл перанеслі на базарную плошчу, вядомую сялянскімі кірмашамі. Спадчынна гаспадарыў тут палітычны дзеяч і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. Пасля ўдзелу яго ў паўстанні Тадэвуша Касцюшкі царская ўлада маёнтак канфіскавала ў дзяржаўную казну.


Два стагоддзі таму на высокім беразе Іліі паўстаў праваслаўны храм Святога прарока Іллі. Дзейнічала сінагога. На пачатку мінулага стагоддзя збудаваны неараманскі касцёл Святога Сэрца Ісуса.

Пры панскай Польшчы ў Іллі, цэнтры гміны Вілейскага павета, дзейнічала бальшавіцкае падполле на чале з вядомым дзеячам камуністычнага руху Станіславам Ваўпшасавым. У гэтых мясцінах прайшло дзяцінства будучага беларускага літаратара Змітрака Бядулі, які свой першы верш прысвяціў Янку Купалу, дзе ёсць радок “…Я люблю бясконца светлую святую маці-Беларусь”.

Ветэран вайны і працы Часлаў ВАРСЛАВАН

Шмат пакут выпала жыхарам мястэчка ад нямецка-фашысцкіх акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Карнікі стварылі гета, а 17 сакавіка 1942 года расстралялі 750 тутэйшых. На брацкай магіле ўсталяваны помнік. 

У ліпені 1944 года за сувязь мясцовага насельніцтва з партызанамі азвярэлыя нелюдзі спалілі вёску. Згарэла і царква Святой Дзевы Марыі, пабудаваная ў ХVIII стагоддзі. Цудам уцалелі касцёл Святога Сэрца Ісуса і праваслаўная царква Святога прарока Іллі.

Пасля вызвалення ад акупантаў мястэчка стала раённым цэнтрам, а з 1957 года — цэнтрам сельсавета Вілейскага раёна.

Ільянскі аграрны каледж за шэсцьдзясят гадоў падрыхтаваў амаль 8 тысяч заатэхнікаў і ветэрынараў. Сярэдняя школа носіць імя былога дырэктара заслужанага работніка адукацыі Беларусі Адама Грымаця. У школьным музеі “Ільянскія далягляды” ўвекавечана памяць былых вучняў Віктара Поспеха і Леаніда Сандзюка, якія гераічна загінулі, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане.

ГРАЦЫЁЗНЫЯ лебедзі раней звычайнага вярнуліся на затокі Іліі, якую поўняць крынічныя воды. Сасновыя бары падступаюць да рачной поймы, уздоўж якой шчыльна месцяцца лецішчы мінчан. Менш як праз гадзіну язды на аўтамабілі ў накірунку Нарачы трапляеш у цішыню і спакой некранутай прыроды. З-за ўзгорка выплывае гатычны шпіль ільянскага касцёла, перад якім шырокую лугавіну заліла перапоўненая вясновай вільгаццю Ілія, што ўпадае ў Вілію. Крутыя пагоркі на вачах падсыхаюць і чакаюць хлебаробаў. Пад цёплымі сонечнымі промнямі рунеюць азімая збажына і рапс. Ажывілі стары парк у цэнтры мястэчка нястомныя гракі. Гімн вясне дораць залівістыя шпакі. З восені навялі тут парадак навучэнцы Ільянскага аграрнага каледжа, дзе абавязкі дырэктара часова выконвае былы выпускнік Аляксандр Мікуцкі. Дыплом з адзнакай атрымаў. Закончыў Віцебскую дзяржаўную ветэрынарную акадэмію і працаваў у гаспадарках Міншчыны. Вопытнага спецыяліста запрасілі ў каледж выкладаць. За дзесяцігоддзі склаўся высокапрафесійны калектыў педагогаў. Былы франтавік Часлаў Антонавіч Варславан дзесяцігоддзямі выхоўваў вясковых інтэлігентаў. Як і выкладчыца лацінскай мовы і фармакалогіі Яніна Мікалаеўна Маханёк, продкі якой з Данбаса. Ветэраны не парываюць сувязі з калектывам. Часлаў Антонавіч — адзіны былы франтавік ў Іллі. Часта выступае перад моладдзю. Яніна Мікалаеўна праводзіць экскурсіі ў гісторыка-краязнаўчым музеі “Спадчына”, дзе сабраны ўнікальныя экспанаты і аформлены цікавыя стэнды пра гісторыю і людзей аграгарадка. 

Выконваючы абавязкі дырэктара Ільянскага аграрнага каледжа Аляксандр МІКУЦКІ

На пачатку мінулага стагоддзя мясцовую гуту, дзе выраблялі шклатару, наведваў Янка Купала і сваю вандроўку занатаваў у рэпартажы. Да 2001 года дзейнічала вытворчасць. Цяпер гуляюць скразнякі. Як і ў мураваных будынках гасцініцы, хлебапякарні. Побач сталіца. Варта арганізаваць аўкцыён. Знойдуцца жадаючыя набыць пабудовы. У былой сталоўцы каледжа прыватнае прадпрыемства выпускае папкорн. Дзясятак жыхароў атрымалі працоўныя месцы. У пасляваенныя гады, калі людзі адбудоўваліся, працавалі цагельня, лясгас. Цяпер дрэваапрацоўкай займаецца прыватнае прадпрыемства, на якім задзейнічана больш як шэсцьдзясят рабочых. 

Пасля рэфармавання саўгаса-тэхнікума ў аграрны каледж засталася невялікая ферма: конік, дванаццаць дойных кароў і цяляты. Малако прадаюць дзяржаве і мясцоваму насельніцтву. Тут праводзяцца практычныя заняткі. Амаль усе выкладчыкі каледжа маюць катэгорыі. А былы дырэктар Святлана Несцяровіч — кандыдат ветэрынарных навук. 

Старшыня Ільянскага сельсавета Мікалай РУСАК

Раней на аддзяленнях ветэрынарыі і заатэхніі займалася амаль паўтары тысячы юнакоў і дзяўчат. Вучэбныя класы туліліся ў прыстасаваным двухпавярховым будынку былога райкама партыі. Большасць навучэнцаў пражывала па вясковых сем’ях. Размяркоўвалі маладых спецыялістаў па ўсёй былой вялікай краіне. Зараз толькі дзве з паловай сотні выхаванцаў. Займаюцца яны ў цудоўным чатырохпавярховым корпусе. Аўдыторыі і лабараторыі аснашчаны сучасным навучальным абсталяваннем. Усе выхаванцы забяспечаны інтэрнатам, побач з якім пустуе яшчэ адзін пяціпавярховы будынак. Спецыяльнай камісіяй Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Ільянскі аграрны каледж атэставаны, але набор зменшаны. У гаспадарках адчуваецца недахоп такіх спецыялістаў, аб чым сведчаць аб’явы-запрашэнні на працу. Сёлета на кожнага выпускніка каледжа прыйшло па пяць заявак. Трэцяя частка выхаванцаў атрымлівае вышэйшую адукацыю па скарочанай праграме. Некаторыя адкрываюць прыватныя ветэрынарныя ўстановы. У вольны ад працы ў каледжы час аказвае ў навакольных вёсках ветэрынарную дапамогу прафесіянал Аляксандр Мікуцкі. Сяляне ўдзячны яму.

— Доктар лечыць чалавека, а ветэрынар — чалавецтва, — перакананы Аляксандр Канстанцінавіч. — Навучэнцы каледжа пастаянна адзначаюцца на віцебскім абласным форуме “Аграрная вясна”. Многія нашы выпускнікі сталі вядучымі спецыялістамі ў рэспубліцы. 

Жыхарка вёскі Казлы Яўгенія МАНДРЫК і медсястра Алена ШУПЕНЬКА

СВЯТЛАНА Вайцяхоўская з лагойскай вёскі Пасадзец пасля заканчэння вучобы засталася ў Іллі. Выйшла замуж за мясцовага жыхара Дзмітрыя Байкова, які працуе рабочым на лесапільні. Жывуць у хаце бацькоў мужа, выхоўваюць сына Паўла і дачушку Уллянку. Сёлета маладая сям’я збіраецца перабрацца ў новы дом на вуліцы Сонечнай. Хутка пабудаваліся дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. На працягу дваццаці гадоў будуць выплачваць банку пазыку, узятую пад невялікі працэнт. Такімі крэдытамі скарысталіся яшчэ пяць маладых сем’яў, якія будуюцца побач.

— Новая вуліца ўпрыгожыла памаладзелы аграгарадок, — адзначае старшыня Ільянскага сельсавета Мікалай Русак. — Пераважная большасць мясцовай моладзі, на жаль, пакідае родныя мясціны. Выпускнікі сярэдняй школы паступаюць вучыцца, і рэдка хто вяртаецца. Пустуючыя сядзібы выкупляюць гараджане пад лецішчы. Са сталіцай цудоўныя транспартныя зносіны. Некаторыя вяскоўцы на працу ездзяць у Мінск. Каб займець сваё жыллё ў горадзе, неабходны вялікія сродкі. Пабудавацца на вёсцы маладым сем’ям дапамагае дзяржава льготнымі крэдытамі. Цудоўныя ўмовы для ільянскіх дзяцей у дзіцячым садзіку і сярэдняй школе імя Адама Грымаця, дзе вучыцца больш як дзвесці хлопчыкаў і дзяўчынак. Юныя таленты развіваюць свае здольнасці ў дзіцячай музычнай школе і гуртках па інтарэсах. А што значыць чыстае паветра, па суседству лес і рака! Круглы год курорт. 

Выпускнік Ільянскай сярэдняй школы імя Адама Грымаця Мікіта БАРТАШЭВІЧ

Сельсавет пастаянна выстаўляе ўчасткі на аўкцыён. У вёсках, размешчаных уздоўж ракі Іліі, амаль усе сядзібы ўжо выкуплены гараджанамі. Звычайна такія аўкцыёны праводзяцца ў сезон з вясны да восені. Сродкі, выручаныя за продаж участкаў, накіроўваюцца на добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Ільянскі сельсавет аб’ядноўвае паўсотні вёсак і хутароў. Да самых аддаленых сядзіб больш як трыццаць кіламетраў. 

Старшыня сельсавета Мікалай Русак вырас у вілейскай вёсцы Добравічы. Там і зараз жывуць яго бацькі. Пасля службы ў арміі паступіў у сталічны інстытут народнай гаспадаркі і пасля заканчэння працаваў эканамістам у калгасе “Абадоўцы”. Гаспадарку выкупіў прыватнік. Мікалай Вацлававіч з сям’ёю перабраўся ў Іллю. Пабудаваў на ўзбярэжжы ракі дом. Старэйшы сын Мікалай закончыў Ільянскі аграрны каледж і Беларускую дзяржаўную ветэрынарную акадэмію. Мае сваю сям’ю. Дзве дачушкі падрастаюць. Малодшы Аляксей адслужыў армію і марыць стаць ваенным. 

Навучэнцы каледжа Андрэй АВІЖЭНЬ, Галіна ВАСІНКЕВІЧ і Сяргей КЛІМЁНАК

Сёлетні выпускнік Ільянскай сярэдняй школы імя Адама Грымаця Мікіта Барташэвіч збіраецца паступаць у Пінскую духоўную семінарыю. Хлопчык выхоўваецца ў шматдзетнай сям’і. Бацька ездзіць на працу ў сталічную бальніцу. Маці займаецца хатняй гаспадаркай. Сустрэліся з Мікітам ля касцёла, дзе юнак дапамагае ксёндзу Юзафу, які прыязджае з Вілейкі. З райцэнтра дабіраецца за дваццаць пяць кіламетраў у ільянскі касцёл і айцец Аляксандр. З Мядзельшчыны прыязджае на богаслужэнні ў праваслаўны храм айцец Віктар. Наведваюць святары вернікаў у бальніцы. 

Завіталі і мы са старшынёю туды. Дзяжурыла медсястра Алена Шупенька. Чысціня і парадак у калідоры і палатах. Дзесяць сацыяльных коек у бальніцы — у асноўным для адзінокіх састарэлых вяскоўцаў. Былая даярка з вёскі Казлы васьмідзесяцігадовая Яўгенія Мандрык некалькі дзён таму паступіла сюды. Суседка яе па палаце былая медсястра з Вілейкі Марыя Абрамчук два гады тут. У яе паралізаваныя ногі. На тумбачцы каля яе ложка ў шклянай вазачцы красаваўся цюльпан. Цёпла і ўтальна ў пакоі. Клапатлівая санітарка Марыя Гашкевіч як родная для бабуль. Пацыенты на дзяржаўным ўтрыманні. Круглыя суткі дзяжураць медыкі. 

Ветэран працы Яніна МАХАНЁК

Стацыянарныя хворыя лечацца ў бальніцы, якую ўзначальвае доктар ад Бога Юрый Панятоўскі. Колькі жыццяў выратаваў ён на сваім вяку. Ні адзін вясковец з самых аддаленых куточкаў сельсавета не застаецца па-за ўвагай мясцовай улады. Да адзінокіх сялян пастаянна выязджаюць спецыялісты, цікавяцца іх побытам, дапамагаюць, калі неабходна. 

Кіраўнік спраў Вольга Гараніна раней была старшынёю сельсавета. Ведае кожнага жыхара ў твар. Да яе звяртаюцца па розных пытаннях. Занепакоены Юрый Вайцяхоўскі прыйшоў даведацца, чаму на хутары, дзе жывуць яго бацькі, знік кантэйнер для збору смецця. Вольга Чаславаўна растлумачыла, што не ўсе гаспадары заключылі дагаворы на вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў, таму часова прыбралі кантэйнер. Кожны падворак абавязаны заключаць такія дагаворы, каб не засмечваць наваколле. 

Святлана БАЙКОВА з сынам і дачкою

ВЯСНА дадае клопату вяскоўцам. Пасля зыходу снегу спецыялісты сельсавета арганізуюць уборку населеных пунктаў, рамонт агароджаў, дамоў. Кіраўнік сельсавета Мікалай Русак вырашыў сам пазразаць старыя трухлявыя дрэвы ў аграгарадку. Камунальная служба дапаможа прыбраць галлё. Кожны дзень у Мікалая Вацлававіча напоўнены справамі, клопатамі. Да выхаду кароў на пашу трэба паспець на лузе навесці парадак. Турбуе яго, што за год амаль на паўсотні меней стала кароў у прыватных гаспадароў. Свае малочныя прадукты ў сям’і Аляксандра Мікуцкага. Раней і старшыня сельсавета трымаў кароўку, але адпала неабходнасць. У магазінах багаты асартымент малочных і іншых харчовых тавараў. Так, пэўна, лічаць і іншыя гаспадары падворкаў. Большая частка прыватных дамоў цэнтралізавана абаграваецца.

На малочна-таварнай ферме прыватнай гаспадаркі ў вёсцы Абадоўцы сярэднегадавы надой ад каровы дасягае пяці тысяч кілаграмаў. Тут, як і ў суседніх сельгаспрадпрыемствах, не хапае рабочых рук. Недастаткова ў гаспадарках і механізатараў. Для жадаючых працаваць прадастаўляецца жыллё, і заробкі неблагія.

Былая панская сядзіба сярэдзіны мінулага стагоддзя

Маладым ствараць будучае старажытнага мястэчка, якое, як сцвярджае паданне, атрымала назву ў гонар святога заступніка Іллі — распарадчыка дажджоў і навальніц, апекуна земляробства.

Вілейскі раён

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter