Ад нападу зламысніка «засцеражэ»… дом сезоннага прытулку?
у перыядычным друку давялося нядаўна прачытаць аб тым, што ў нашай краіне ствараюцца і паспяхова працуюць дамы сезоннага прабывання для адзінокіх пажылых вяскоўцаў. гэтае паведамленне мяне падштурхнула ўзяцца за пяро і выказаць свае адносіны да вельмі надзённай для сённяшняй беларускай вёскі праблемы.у перыядычным друку давялося нядаўна прачытаць аб тым, што ў нашай краіне ствараюцца і паспяхова працуюць дамы сезоннага прабывання для адзінокіх пажылых вяскоўцаў. гэтае паведамленне мяне падштурхнула ўзяцца за пяро і выказаць свае адносіны да вельмі надзённай для сённяшняй беларускай вёскі праблемы.
Адкрыццё дамоў сезоннага прабывання, на мой розум, — гэта цудоўная ідэя, і яе трэба як мага хутчэй паўсюдна праводзіць у жыццё. Адказнасць за гэта — ускласці на сельскія і раённыя выканкамы. І найлепш было б, каб такія дамы адкрываліся ў сельскай мясцовасці, у аграгарадках ці ў вёсках, дзе жывуць адзінокія састарэлыя людзі. Калі павесці добрую агітацыйную работу, то, мне думаецца, у кожным раёне Беларусі з’явяцца такія дамы. А што будуць станоўчыя вынікі, няма ніякіх сумненняў! Гэта аблегчыць жыццё адзінокіх людзей, іх абслугоўванне не толькі сацыяльнымі работнікамі, але і работнікамі гандлю, «бытоўкі» і г. д.
Цяпер нярэдка даводзіцца чытаць, што дзесьці ў вёсцы забілі ці абрабавалі адзінокага старога ці старую. Інакш кажучы, нямоглыя людзі становяцца ахвярамі алкашоў, рэцыдывістаў, выпушчаных на волю, усялякай «масці» ашуканцаў. І не выпадкова, бо адзінокія людзі, на жаль, фактычна безабаронныя! А здзейсніць супраць іх злачынства, калі некалькі чалавек стануць жыць нібыта «адной сям’ёй», будзе значна цяжэй. Ды і «працягнуць» суровую зіму разам, адным кагалам, гуртам, — і танней, і весялей.
У станоўчым вырашэнні гэтага пытання, на мой погляд, пэўную ролю могуць адыграць і кіраўнікі сельгаскааператываў. Бо гэта ж тычыцца былых выдатных працаўнікоў многіх гаспадарак, у пераважнай большасці… І на схіле гадоў, перад адыходам у вечнасць, простых шчырых рупліўцаў абавязкова трэба падтрымліваць, дапамагаць ім.
Даводзілася чуць, між іншым, што і ў нашым Іўеўскім раёне збіраюцца ў адным з аграгарадкоў адкрыць дом сезоннага пражывання. Але афіцыйнага паведамлення пакуль што не было. Верыцца, што з’явіцца такая вестка!
НА ЗДЫМКУ: Старасць — не самы лёгкі з пункту гледжання жыццёвых перспектыў узрост, але і яго можна “спрасціць”... своеасаблівай талакой.
Іван ГОВАР, ветэран працы, г. Іўе
Фота Іны ГАРМЕЛЬ, «БН»