Литературно-музыкальный вечер прошел в музее Якуба Коласа в Минске

«Гуляй, зіма, твая часіна!»

Калядная літаратурна-музычная вечарына прайшла ў музеі Якуба Коласа ў Мінску.


Святочны настрой у дом класіка, як заўжды, прывезлі госці з Палесся — духавенства Пінскай і Лунінецкай епархіі. Дзякуючы ім аднойчы і з’явілася традыцыя ладзіць сустрэчы пасля Нараджэння Хрыстова з песнямі, вершамі, цёплымі размовамі ў літаратурна-мемарыяльным музеі на вуліцы Акадэмічнай.

Колас і Палессе — адно без другога ўявіць немагчыма. У маладыя гады пісьменнік настаўнічаў у Люсіна, Лунінцы, Пінкавічах і Купяцічах, дзе, дарэчы, натхняўся жыццём мясцовых жыхароў і збіраў матэрыял для будучых твораў. Сваё стаўленне да Палесся ён пакінуў у вершах:

…Я далёка цяпер

Ад палескіх раўнін,

А люблю ж я той край,

Бы яго родны сын,

І па ім маё сэрца баліць.


У Пінску адбылася сустрэча, якая стала лёсавызначальнай для Якуба Коласа: ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй Каменскай. Там жа яны абвянчаліся, у іх нарадзіўся старэйшы сын Даніла. Гэтыя падрабязнасці маюць вялікую каштоўнасць для сям’і народнага паэта. Таму на калядную сустрэчу з палешукамі заўжды прыходзяць яго нявестка Ала Цімафееўна, унучкі Вера і Марыя, праўнучка Васіліна.

— Хочацца прыгадаць, з чаго пачаліся Каляды ў Коласавым доме. Канешне, з гісторыі кахання. А дакладней, з жадання захаваць памяць пра яе, — узгадвае Ала Цімафееўна. — Упершыню мы адправіліся ў падарожжа на палескую зямлю па запрашэнні архіепіскапа Сцяфана (1944—2022). Гэта быў чалавек высокіх духоўных і маральных якасцей. А яшчэ ўладыку ўсе ведалі як сапраўднага аматара беларускай мовы і літаратуры. Асабліва ён любіў творчасць Якуба Коласа. Менавіта па благаслаўленні архіепіскапа Сцяфана і, што не менш важна, па яго асабістай ініцыятыве ў 2015 годзе на званіцы Варварынскага сабора ў Пінску з’явілася мемарыяльная дошка са звесткамі пра вянчанне ў гэтым горадзе Якуба Коласа і Марыі Каменскай. Пасля гэтага мы пазвалі палешукоў у госці ў Мінск — так, можна сказаць, зарадзіліся нашы штогадовыя зімовыя сустрэчы.


Вершы на роднай мове, пералівы святочных спеваў і шчырыя размовы на духоўныя тэмы — вось ідэальная формула, якую вывелі арганізатары Каляд у Коласавым доме. Нязменна за культурную праграму вечара адказваюць журналіст, краязнаўца і пісьменніца Таццяна Канапацкая з Лунінца і браты Андрэй і Іаан Гарбуновы, якія служаць свяшчэннікамі ў Баранавічах і Пінску. Дзякуючы іх намаганням у розныя гады ў доме Якуба Коласа выступалі і калядоўшчыкі з Альшан, і іераманах Агафангел з Сербіі, і сямейныя музычныя дуэты з розных гарадоў. Частымі гасцямі калядных сустрэч з’яўляюцца пісьменнік Сяргей Трахімёнак і паэт Іна Фралова.

У гэтым годзе тон сустрэчы задаваў мужчынскі хор «Усіхсвяцкі» — калядная праграмма ў выкананні аднаго з лепшых калектываў краіны нікога не пакінула абыякавым. 

kurak@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter