Нашли в коллекции филателиста открытки и конверты новой тематики и узнали, как их создают сегодня

«Гэта цэлы свет, яго нельга злічыць»

Цi даўно вы трымалi ў руках паштоўку цi пiсалi лiст? На жаль, тыя паштоўкi, якiя былi папулярнымi вiншавальнымi элементамi ў часы СССР, сёння перадалi пальму першынства святочным карцiнкам i паведамленням у месенджарах. Але хiба могуць вiртуальныя выявы замянiць паперу i карткi, падпiсаныя з усiм цяплом i любоўю? Карэспандэнт «Р» паглядзеў на гiстарычныя навагоднiя паштоўкi i канверты, а таксама высветлiў, як iх ствараюць у нашы днi.

Тамара Пiлiповiч збiрае паштовыя карткi i паштоўкi больш за дзесяць гадоў.

Сямейная справа

Тамара Пiлiповiч збiрае паштовыя карткi i паштоўкi больш за дзесяць гадоў. «Падсадзiў» яе на гэта захапленне муж, старшыня Беларускага саюза фiлатэлiстаў Сяргей Пiлiповiч, якi «гарыць» сваёй справай з пяцi гадоў.

— Спачатку я не ўспрымала яго хобi сур’ёзна, а потым захапiлася, стала цiкавiцца, — прызнаецца Тамара Пiлiповiч. — Дарэчы, наша дарослая дачка таксама займаецца фiлатэлiяй.


Пара жыве шчаслiва больш за 25 гадоў, аднак у кожнага члена сям’i свая калекцыя. Тамара Iванаўна, напрыклад, як жанчына любiць усё прыгожае i яркае, таму ў сферу яе iнтарэсаў уваходзяць навагоднiя паштоўкi i канверты.

— Новы год — гэта свята ў першую чаргу для дзяцей, — разважае фiлатэлiстка. — Яны чакаюць падарункаў, казачных герояў i Дзеда Мароза. Гэта, несумненна, адлюстроўвалася на паштовай прадукцыi. Не абыходзiлася без сюжэтаў прыроды i зiмовых вiдаў спорту. Яшчэ ў СССР да святаў выпускалi канверты i паштоўкi, на якiх былi захаваны галоўныя падзеi, што адбылiся за год. Сёння па iх можна вывучаць гiсторыю краiны.


Колькi ўсяго прадметаў налiчваюць iх калекцыi, героi сказаць не могуць: проста не лiчылi. Каб мець уяўленне пра аб’ём, прапаную выказаць здагадку пра iх колькасць.

— Назавi любую лiчбу, — парыруе фiлатэлiст.

— Тысяча, — наўскiдку адказваю я.


— За адзiн толькi год у Савецкiм Саюзе выпускалася тысяча канвертаў рознага дызайну, — малюе маштаб свайго тварэння мужчына. — А нашы калекцыi ахоплiваюць перыяд з 1950-х.

— Гэта цэлы свет, яго нельга злiчыць, — дапаўняе Тамара Iванаўна.

Традыцыi i сучаснасць

«Белпошта» выпускае паштоўкi з 1993 года. Улетку пачынаецца праца над карткамi, прысвечанымi Новаму году: прадпрыемства размяшчае заказ i вытворцы ствараюць сюжэты. «Белпошта» iмкнецца iсцi ў нагу з часам i, размяшчаючы заказы, задае тэндэнцыi, каб друкарнi i вытворцы прапаноўвалi пакупнiкам новыя маляўнiчыя варыянты. Рашэнне аб тым, якiя заказваць карткi, прымае мастацкi савет. У яго ўваходзяць дызайнеры выдавецкага цэнтра «Марка» i спецыялiсты iншых структурных падраздзяленняў.

— Мы задаём тэматыку, напрамкi i надпiсы, паколькi вывучаем патрэбы пакупнiкоў, — расказвае начальнiк аддзела распаўсюджвання маркiраванай i немаркiраванай прадукцыi выдавецкага цэнтра Алена Свiловiч.


У мінулым годзе прадпрыемства выпусцiла 47 паштовак i 12 паштовых набораў з навагоднiмi сюжэтамi. Актуальныя на ўсе часы паштоўкi — з выявамi Дзеда Мароза i Снягуркi. Для дзяцей ствараюць сюжэты са снегавiкамi на лёдзе, на санках i каньках.

— Добра разыходзяцца карткi з нейтральнымi выявамi: ёлачнымi шарамi, краявiдамi, шышкамi, — адзначае Алена Свiловiч. — Ёсць попыт на сюжэты з выкарыстаннем колераў дзяржаўнай сiмволiкi, напрыклад, калi на паштоўцы намаляваны стылiзаваныя ялiнкi ў зялёна-чырвоных танах. А вось картак з намаляванымi бакаламi стала менш.


Абавязковай умовай для «Белпошты» з’яўляецца выбар мовы надпiсаў: большая частка паштовак выпускаецца з надпiсамi па-беларуску, што з’яўляецца адметнай рысай прадукцыi прадпрыемства ад iншых вытворцаў.

— Мяняюцца не столькi сюжэты, колькi iх падача, — тлумачыць вядучы iнжынер выдавецкага цэнтра Дана Казакова. — Калi пейзаж быў i 20 гадоў таму, то цяпер ён стаў больш выразным з-за ўкаранення новых тэхналогiй.


У апошнiя гады беларускiя паштоўкi сталi прыгажэйшымi, паколькi iх дызайн дэталёва прапрацоўваецца з улiкам палiграфiчных магчымасцяў айчынных прадпрыемстваў. Выкарыстоўваюцца такiя паслядрукарскiя тэхналогii, як пластызоль белага i жоўтага колеру, цiсненне фальгой, тэрмапад’ём. Дзякуючы гэтаму кожная паштоўка становiцца прыгожай па-свойму. Напрыклад, калi прымяняюць напыленне, снег на малюнку становiцца аб’ёмным.

— Мы павялiчваем асартымент, каб кожны знайшоў нешта для сябе, — адзначае Алена Свiловiч.





Дарэчы, у мінулым годзе на мiнскiм паштамце адкрыўся «Паштовы салон». У святочныя днi ў выставачнай галерэi салона можна азнаёмiцца з экспазiцыяй, дзе прадстаўлена навагодняя паштовая прадукцыя 1950—1980-х гадоў з асабiстай калекцыi Тамары Пiлiповiч.

grudnitskiy@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter