Дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў учора наведала Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.
–МЫ ДАВОЛІ часта запрашаем на розныя імпрэзы нашых мясцовых майстроў слова — празаікаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў. Прымаць жа ў сценах роднай альма-матэр такую прадстаўнічую дэлегацыю — удвая прыемна і адказна, — зазначыў на сустрэчы ва ўніверсітэце рэктар ГДАУ, прафесар Вітольд ПЕСЦІС. — Зразумела, першачарговая наша задача — рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў, але важна выхаваць студэнта гарманічна развітай асобай. З ліку такіх — нашы выпускнікі — кіраўнікі розных гаспадарак Беларусі, некаторыя з іх ужо сталі героямі твораў сучасных пісьменнікаў. А некаторыя — яшчэ стануць!
На творчай сустрэчы ў ГДАУ пабывалі шэсць прадстаўнікоў пісьменніцкай дэлегацыі — Рагнед Малахоўскі, Славамір Антановіч, Ірына Лявонава, Анатоль Зэкаў, Ірына Масляніцына і Ала Нікіпорчык. Паэты і празаікі пацікавіліся ў рэктара, чым сёння жыве ўніверсітэт. А таксама падаравалі свае кнігі з аўтографамі Вітольду Песцісу і ўніверсітэцкай бібліятэцы.
Творчая сустрэча са студэнтамі адбылася ў канферэнц-зале ВНУ. Пісьменнікі чыталі свае вершы, расказвалі аб сваім шляху ў літаратуру, жартавалі. Асаблівы поспех у студэнцкай аўдыторыі мела выступленне 27-гадовага паэта Рагнеда Малахоўскага. Ён, дарэчы, хоць і мае вышэйшую эканамічную адукацыю (дыплом Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта), сваё жыццё звязаў з паэзіяй. Першы зборнік Рагнеда «Беражніца» выйшаў у 2005 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» (у серыі «Дэбют»). Другі — «У дзённай мітусні» — пабачыў свет зусім нядаўна ў спецыяльнай серыі Саюза пісьменнікаў «Маладая паэзія Беларусі».
— Мне даволі часта даводзіцца выступаць у студэнцкіх, моладзевых аўдыторыях, — расказаў «БН» Рагнед Малахоўскі. — У месяц такіх сустрэч адбываецца па 15—20! Гэтая — у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце — была адной з самых цікавых.
Дарэчы, з творчымі сустрэчамі пісьменніцкі «дэсант» прызямляўся і ў розных установах адукацыі горада. У тым ліку — Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, гімназіі № 5, сярэдняй школе № 3. Фінальным акордам паездкі ў цэлым стала наведванне пісьменнікамі легендарнай гаспадарцы СВК «Прагрэс-Верцялішкі» і знаёмства са старшынёй СВК Васілём Равякам. Першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт і публіцыст Генадзь Пашкоў падараваў Верцялішкам невялічкую бібліятэчку Саюза пісьменнікаў.
Таццяна УСКОВА, «БН»