Гайна - земля людей героических и песенных

Гайна: «тут такія густыя лясы і такія спакойныя рэкі»


На пакацістых пагорках, па якіх праходзіць водападзел паміж Чарнаморскім і Балтыйскім басейнамі, раскінуліся падворкі самага старажытнага на Лагойшчыне паселішча Гайна. Побач пачынаюцца рэкі Ілія і Гайна, якія цякуць у супрацьлеглыя бакі.

Як сведчаць дакументы Вялікага Княства Літоўскага 1387 года, у той час кароль Ягайла заснаваў у Гайне адзін з сямі першых у дзяржаве каталіцкіх прыходаў.

У 1560 годзе паселішча атрымала статус мястэчка, цэнтра стараства Мінскага павета і ваяводства. На прыбярэжным узгорку паўстала царква Святога Архангела Міхаіла. У эпоху Сярэднявечча тутэйшыя праваслаўныя вернікі далучыліся да грэкакатолікоў. Пазней на месцы драўлянага касцёла збудавалі мураваны.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе мястэчка адышло да Докшыцкага, а потым Барысаўскага паветаў Расійскай імперыі. У паселішчы дзейнічалі мукамольнае і крупяное прадпрыемствы, адкрыліся народнае вучылішча, драўляны праваслаўны Свята-Міхайлаўскі храм.

З 1924 года Гайна — цэнтр сельсавета, а пасля масавай калектывізацыі — створанага калгаса.

Шмат пакут тутэйшым прынеслі ваенныя падзеі мінулага стагоддзя. Нямецка-фашысцкія акупанты ў пачатку вайны вывезлі мясцовых яўрэяў у Лагойскае гета і 30 жніўня 1941 года расстралялі. Мемарыялам ушанавана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

З першых пасляваенных гадоў аднавіў дзейнасць саўгас, рэфармаваны ў сельгасцэх ААТ «Мінскі трактарны завод». З 2008 года Гайна — аграгарадок Лагойскага раёна. Некалькі гадоў таму цэнтрам Гайненскага сельсавета стала вёска Лагаза.

Гайна — радзіма славяназнаўца ХІХ стагоддзя Зарыяна Даленга-Хадакоўскага і сучаснага беларускага нейрахірурга заслужанага дзеяча навукі Іосіфа Варановіча.


Дарога з Лагойска да аграгарадка Гайна адразу за новым мікрараёнам нырае пад пуцеправод і далей сцелецца асфальтам праз нізіны і перакаты. Паабапал віднеюцца крутабокія палі, пакрытыя аксамітнай рунню, пералескі, лугавіны. У гэтым кірунку нячаста курсіруюць аўтобусы і маршруткі. Інспектар па ахове працы Лагойскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Браніслаў Тарайкоўскі, з якім сустрэліся ў райвыканкаме, прапанаваў падвезці да аграгарадка на сваім легкавіку.

Па дарозе Браніслаў Францавіч расказваў пра родную Лагойшчыну. Тут ён нарадзіўся і вырас. Кожную сцежку, грыбную мясціну навокал з маленства ведае. Пасля атрымання ў сталіцы дыплома інжынера па сельгасмашынах вярнуўся працаваць дамоў. Дзесяцігоддзі ўзначальваў інжынерную службу ў чудзеніцкай гаспадарцы.

Калі пад’язджалі да вёскі Лагаза, ён узгадаў пра тутэйшую вядомую трактарыстку Героя Сацыялістычнай Працы На­дзею Куніцкую. У гады Вялікай Айчыннай яна змагалася з ворагам у партызанскім атрадзе. У пасляваенны час скончыла курсы механізатараў і села за руль трактара. Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, была дэлегатам партыйных з’ездаў. Надзеі Іванаўне ў 1972 годзе Пётр Машэраў падарыў мільённы трактар мінскай вытворчасці. Да глыбокай старасці калгасніца не расставалася з ім. Спачывае нябожчыца на вясковым цвінтары.

ЛАГАЗНЯНСКУЮ гаспадарку далучылі да Гайненскай. Аб’яднанае сельгаспрадпрыемства дзесяць гадоў таму рэфармавалі ў сельгасцэх «Гайна» ААТ «Мінскі трактарны завод». Аграгарадок стаў цэнтральнай сядзібай. Спецыялізуецца сельгас­прадпрыемства на вытворчасці малака, мяса і збожжа. Пераважная большасць жыхароў аграгарадка занята на палях і фермах. Чысцінёй і парадкам уразіў машынны двор. На прахадной варту нёс Канстанцін Дуброў. Перад уваходам у адміністрацыйны будынак з венікам увіхалася жанчына. Да выязных варот пад’ехаў трактар МТЗ з прычэпам. Механізатар назваўся Міхаілам Ліхтаровічам. Расказаў, што пасведчанне трактарыста-машыніста атрымаў разам з атэстатам сталасці ў Гайненскай сярэдняй школе. Дванаццаты год працуе механізатарам. Вырас у сялянскай сям’і. Маці даглядала жывёлу на калгаснай ферме. Бацька быў кавалём, выкоўваў нескладаныя дэталі да сельгасмашын. Зімою звычайна дапамагаў сыну рыхтаваць трактар да выхаду ў поле. У жніво Міхаіл Ліхтаровіч садзіўся на збожжаўборачны камбайн. Цяпер падвозіць кармы жывёле.

Механізатар Міхаіл ЛІХТАРОВІЧ.

На мехдвары сустрэліся з механікам Яўгенам Лукшыцам. Восем гадоў таму пасля заканчэння Мар’інагорскага саўгаса-тэхнікума імя Уладзіміра Лабанка атрымаў размеркаванне ў свой раён. Аграномам працуе бацька Аляксандр Яўгенавіч, а маці Валянціна Пятроўна — бухгалтарам у гайненскай гаспадарцы. Яўген Лукшыц шчыра прызнаўся, што пасля жаніцьбы настроены пераехаць у Лагойск, дзе мае ўласную кватэру.

Механік сельгаспрадпрыемства Яўген ЛУКШЫЦ.

У час нашай размовы з канторы выйшаў дырэктар Валянцін Валецкі і загадаў Яўгену Аляксандравічу тэрмінова адчыняць памяшканні, у якіх захоўваецца тэхніка: прыехалі кантралёры правяраць яе стан. З поля механіку патэлефанавалі механізатары Ігар Ціхановіч і Мікалай Галушка. Трэба тэрмінова везці ім запчасткі. За вёскай Малінаўкай трактарысты сеялі авёс. Яўген Лукшыц адзначыў, што кожны вясновы дзень напоўнены рознымі клопатамі. Фронт палявых работ у гаспадарцы паступова пашыраецца.

спраў хапае і ў жывёлаводаў. Заатэхнічнай службай васемнаццаты год кіруе выпускнік заафака Белдзяржсельгасакадэміі Іван Кальвінкоўскі. З ім сустрэліся ў працоўным кабінеце. Пасля вучобы маладым спецыялістам ён вярнуўся на Лагойшчыну. Працоўную дзейнасць пачынаў у гасцілавіцкім калгасе. Потым працаваў інструктарам сельгасаддзела райкама партыі, сакратаром партарганізацыі і галоўным заатэхнікам у саўгасе «Коранскі». Узгадаў, як летам каля жывёлагадоўчай фермы за вёскай Заазер’е ўбачыў прыгажуню і прыпыніў легкавік. Пазнаёміліся. Дзяўчына заканчвала медвучылішча. На канікулах дапамагала маці даіць калгасных кароў. Неўзабаве маладыя пажаніліся. Разам з жонкай Жаннай Пятроўнай выхавалі сына і дачку. Падрастаюць два ўнукі.

Працоўны вопыт у Івана Аляксеевіча багаты. У поспехах жывёлаводаў гаспадаркі, бясспрэчна, і яго заслуга. З амаль што 3000 галоў буйной рагатай жывёлы трэцяя частка — дойны статак. За мінулы год надой ад кожнай каровы павялічыўся на 1000 кілаграмаў і перавысіў 6-тысячны рубеж. Іван Аляксеевіч лічыць, што прырост атрымаўся дзякуючы ўвядзенню ў эксплуатацыю сучасна абсталяванага малочна-таварнага комплексу «Гайна», дзе ўтрымліваецца звыш 1600 галоў буйной рагатай жывёлы. Палова статка — дойныя каровы.

Пабудаваны комплекс два гады таму на ўзвышшы ў баку ад аграгарадка. На прахадной сустрэўся з ахоўнікам Вольгай Гарохавік. У гаспадарцы механізатарам працуе і яе муж Яўген Леанідавіч. У іх двое дзетак-дашкольнікаў. Яны наведваюць дзіцячы сад. Жыве сям’я ва ўласным доме.

На легкавіку пад’ехаў да прахадной начальнік комплексу Аляксандр Кочараў. Працуе ён тут першы год. Кожную раніцу едзе амаль за 20 кіламетраў з Плешчаніц, дзе з сям’ёю здымае кватэру. Абслугоўваюць МТК тры дзясяткі жывёлаводаў, у асноўным моладзь. Аператары даільнай залы Іна Грынкевіч, Жанна Шчурэвіч і Алёна Белая па вытворчых паказчыках сярод лепшых у раё­не. Шэсць жанчын заняты на даенні кароў. Працуюць яны два праз два дні.

У прасторным светлым цялятніку за кармленнем маладняка засталі Алену Давідовіч і Кацярыну Скавінскую. Змяняюць іх сёстры Галіна і Мая Бараноўскія. Заробкамі, якія перавышаюць тысячу рублёў, цялятніцы задаволены. Кацярына Скавінская тры гады таму пераехала ў Гайну са сталіцы. Жыве ў бабулі Галіны Канстанцінаўны. Даглядаць цялятак ёй у радасць. У вольны час дапамагае бабулі па гаспадарцы. Пакідаць аграгарадок не збіраецца.

Цялятніца Кацярына СКАВІНСКАЯ.

ПЕРШЫ намеснік старшыні Лагойскага райвыканкама Наталля Пятрушэнка далейшую перспектыву развіцця гайненскай гаспадаркі бачыць у далучэнні да яе суседняга КСУП «Спадарожнік-Агра». Спецыялізуецца прадпрыемства таксама на вытворчасці малака, мяса і збожжа. Пасля аб’яднання гэтых калектываў агульная плошча сельгасугоддзяў перавысіць 11 000 гектараў.

Старшыня Гайненскага сельвыканкама Андрэй Свібовіч упэўнены, што аб’яднанне сельгаспрадпрыемстваў дасць штуршок развіццю эканамічнай дзейнасці і сацыяльнай сферы. Спецыялісты, механізатары і жывёлаводы гаспадаркі маюць патрэбу ў жыллі. За мінулае дзесяцігоддзе на вуліцы Садовай у Гайне на сродкі сельгаспрадпрыемства пабудавана чатыры катэджы. Некалькі ўласных дамоў узведзена жыхарамі аграгарадка. У адным з іх на Школьным завулку два гады таму пасялілася шматдзетная сям’я Святланы і Віталя Крупіцаў. Пераехалі яны з Мінска.

Шматдзетная маці Святлана КРУПІЦА з дочкамі Даліяй, Стэфаніяй і Амеляй.

З маладой маці і яе дачушкамі-дашкольніцамі Даліяй, Стэфаніяй і Амеляй сустрэліся ў час іх прагулкі каля сярэдняй школы. Святлана Вікенцьеўна спадзяецца, што і сын папоўніць іх сям’ю. Пераездам яна задаволена. Аграгарадок газіфікаваны, пракладзены водаправод. Побач з домам — дзіцячы садзік і сярэдняя школа. Дзейнічае філіял Плешчаніцкай дзіцячай музычнай школы. У магазіне «Родны кут» заўжды багаты выбар свежых прадуктаў. На беразе рэчкі Гайны золатам купалаў ззяе невялікая царквушка Архістратыга Міхаіла, у якой правіць святар Аляксандр Папоў. Шмат старання для ўзвядзення храма прыклаў ветэран працы Іван Кавалёў. Толькі няма ініцыятара аднавіць работу гайненскага клуба. Зачынены ён на замок.

Урок англійскай мовы вядзе Ніна ВАШЫШЫНА.

Настаўніца па класе цымбалаў Дар’я МЫТНІК і вучань Дзмітрый ЛАПІНСКІ.

На прысядзібным участку маладой сям’і Святланы і Віталя Крупіцаў абсталявана дзіцячая пляцоўка. За падворкам прывабныя краявіды: прасторнае поле і лес. Вось бы яшчэ ўпарадкаваць Школьны завулак, каб зручна было на аўтамашыне да дома пад’язджаць. Муж працуе ў сталіцы і кожны раз, калі вяртаецца дадому, вымушаны легкавік пакідаць на асфальтаванай вуліцы каля школьнага падворка.

СЕЛЬСАВЕТ аб’ядноўвае амаль чатыры дзясяткі вёсак і два аграгарадкі. За паўтара дзесяцігоддзі кіравання мясцовай уладай Андрэй Свібовіч ведае клопаты кожнай сям’і. Ён пастаянна сустракаецца з жыхарамі. У Гайну з сям’ёю пераехаў з Палесся, дзе пасля заканчэння Гродзенскага сельгасінстытута працаваў аграномам. Там застаўся аўдавелы бацька Андрэй Пятровіч. Да выхаду на пенсію ён таксама кіраваў сельсаветам у Лунінецкім раёне. І малодшы брат Пётр Андрэевіч узначальвае мясцовую ўладу ў івацэвіцкім аграгарадку Волька.

Прадавец магазіна «Родны кут» Настасся СЕМЯНЕНКА і пакупнік Мікалай ЗУБРЫЦКІ.

Год таму пераехаў з Магілёўшчыны ў Гайну і ўзначаліў педкалектыў Юрый Студнеў. Двухпавярховы мураваны будынак сярэдняй школы ўпрыгожвае аграгарадок. У апошнія гады колькасць вучняў стабілізавалася. Вадзіцель Анатоль Грынкевіч штораніцы падвозіць на заняткі хлопчыкаў і дзяўчынак з навакольных вёсак Слабада, Янушкавічы, Стайкі, Звярыні, Радзевічы, Рэдзькавічы.

Завіталі з Юрыем Міхайлавічам у школьны музей, якім кіруе Тамара Кохан. У невялікім пакоі сабраны ўнікальныя матэрыялы пра гісторыю і жыхароў Гайны. У далёкім 1954 годзе тады яшчэ Гайненскую сямігодку скончыў будучы народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Партрэт творцы ўпрыгожвае стэнд, прысвечаны слынным землякам. Ушанаваны ў музеі выпускнікі школы: прафесары Зінаіда Бадзевіч, Эдуард Верамей, кандыдат эканамічных навук Аляксандр Гатоўскі, Ігар Угорыч, які прадстаўляў Беларусь у ААН. Кожнага з іх неаднойчы сустракала ў школе педагог Тамара Кохан. Цяпер яна на заслужаным адпачынку, але са школай не развітваецца.

Кіраўнік школьнага краязнаўчага музея Тамара КОХАН (у цэнт­ры) з вучнямі Алегам ЖАРДЗЕЦКІМ і Святланай ПАЛЯНСКАЙ.

Тамара Дзмітрыеўна ўзгадала пра першую даваенную трактарыстку Ганну Рыбчык. Працавала яна на Янушкавіцкай МТС. Перад нямецка-фашысцкай акупацыяй разабрала свой трактар. Кожную дэталь змазала, загарнула ў анучы і закапала. У пасляваенны час сабрала трактар і працавала на ім. Знакамітая трактарыстка ўзнагароджана ордэнам Леніна, выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі. Юныя краязнаўцы адшукалі здымак Ганны Іосіфаўны ра­зам з Пятром Машэравым на адным з урадавых пасяджэнняў.

Славіцца школа і самадзейнымі артыстамі. Школьныя танцоры свята захоўваюць мясцовыя традыцыі. Гайна ганарыцца былым сама­дзейным калектывам «Суботкі». Ад яго ўдзельнікаў артысты-школьнікі перанялі харэаграфію гайненскага карагода.

УЗГАДАЛА Тамара Кохан і пра традыцыю «Ад хаты да хаты», якую ўсталявалі Жанна і Віктар Дубко з суседняй вёскі Слабада. Кожны вясковы падворак дорыць удзельнікам свята сваю песню.

У музеі крануў сэрца верш народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча:

Я шчаслівы, што ў суджаны час

Нарадзіўся на гэтай зямлі,

Дзе такія густыя лясы

І такія спакойныя рэкі.

Дзе вясной непаўторна штораз

Зелянеюць разлогі-палі,

Дзе ўладар гэтай дзіўнай красы —

Ты, народ мой, на вечныя векі.

Больш трапна пра гэты куточак Лагойшчыны і не скажаш!

Лагойскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter