Гатуй сваё

Рэцэпты беларускай кухнi ад Юрыя Качука

ГРЫБНЫ СУП З ЧАРНАСЛIВАМ


Складнiкi: 30 г сушаных баравiкоў, 3 бульбiны, 8 ягад чарнаслiву, 1 цыбулiна, 2 ст. лыжкi алею, 1 ст. лыжка мукi, 2 кружкi цытрыны*, соль.


Папярэдне замочаныя грыбы адварыць, затым дробна нашаткаваць. Адвар працадзiць i пакласцi ў яго падрыхтаваныя грыбы. Дадаць падсмажаныя на алеi муку i цыбулю, давесцi да кiпення. Закласцi нарэзаную скрылькамi бульбу, чарнаслiў, кружкi цытрыны, пасалiць i варыць да гатовасцi.


* Цытрына — лимон


ТРЫБУШКI, РУБЦЫ, ФЛЯКI


I варыянт


Складнiкi: 1 1/2 кг рубцоў, 100 г сметанковага масла, 25 г мукi, 150 г смятаны, 4 ст. лыжкi таматавай пасты, 1 кг кораняў морквы, пятрушкi i салеры, 2 цыбулiны, прыправы, соль, зелянiна пятрушкi i кропу.


Рубцы мачыць на працягу 12 гадзiн, змяняючы некалькi разоў халодную ваду. Затым, для знiшчэння паху, апусцiць на 30 хвiлiн у слабы раствор марганцоўкi. Так падрыхтаваныя рубцы пакласцi ў рондаль, залiць вадой i варыць каля гадзiны, здымаючы шум. Затым ваду злiць, залiць кiпенем, дадаць прыпраў i карэння, варыць усе да гатовасцi, пад канец пасалiць i пакласцi цыбулю. Гатовыя рубцы выняць з прыварку, нарэзаць даўгаватымi кавалкамi, абсыпаць мукой цi сухарамi i падсмажыць на масле. Цыбулю падрумянiць на масле з лыжкай мукi, дадаць тамат, развесцi шклянкай працэджанага адвару, закiпяцiць разам са смятанай. Гэтай заправай залiць рубцы, зверху пасыпаць зелянiнай.


II варыянт


Складнiкi: 1 кг свiных страўнiкаў, 150 г воцату*, 100 г соды, 1 кг карэнняў (пятрушкi, морквы, цыбулi, салеры), 200 г таматавай пасты, 100 г сметанковага масла, соль i прыправы да смаку, часнок, зелянiна пятрушкi.


Страўнiкi старанна пачысцiць i добра памыць. Пакiнуць на 6 гадзiн у халоднай вадзе, часта яе мяняючы. Ваду потым злiць, а страўнiкi нацерцi содаю i соллю, добра ўсе перамяшаць. Праз 40 хвiлiн палiць воцатам, даць пастаяць хвiлiн 10, пакуль не асядзе шум, зноў добра памыць страўнiкi халоднай вадой. Дбайна абрэзаць здор. Пасля гэтага ix закiпяцiць, адкiнуць на друшляк, добра прамыўшы вадой. Потым варыць страўнiкi 3 гадзiны, выняць з кiпеню, прамыць i нарэзаць палоскамi. Закiнуць трыбушкi ў кiпень i варыць яшчэ да мяккасцi, дадаўшы coлi i прыпраў.


Цыбулю, часнок, моркву, коранi салеры i пятрушкi здрабнiць i абсмажыць на сметанковым масле. На другой патэльнi падсмажыць звараныя трыбушкi да атрымання румянай скарыначкi, дадаць таматавай пасты, а потым далучыць да абсмажанай агароднiны, калi патрэбна, то дасалiць. Прычынiць накрыўкай i тушыць 20 хвiлiн. Прыгатаваную страву пасыпаць сечанай зелянiнай.


* Воцат — уксус


ШЧУПАК 3 ХРЭНАМ


Складнiкi: 700 г шчупака, 60 г цёртага хрэну, 1 цыбуля, 1 морква, 1 ст. лыжка цытрынавага соку, 1 ст. лыжка мукi, 100 г смятаны, цукар, соль, зелянiна кропу.


У 1/2 лiтра падсоленай вады згатаваць адвар з дробна нарэзаных морквы i цыбулi. Рыбу нарэзаць на кавалкi, паскладаць у рондаль, перасыпаючы цёртым хрэнам, залiць адварам, дадаць цытрынавы сок i тушыць пад накрыўкай у духоўцы 30 — 40 xвiлiн. Затым злiць адвар, дадаць у яго падрумяненую на масле муку i смятану, залiць закрасай рыбу i яшчэ тушыць 15 хвiлiн. Пасыпаць зелянiнай кропу.


КАБАЧКI КРЫПАНЫЯ*


Складнiкi: 2 маладыя кабачкi, 200 г мяса, 1 цыбулiна, 50 г рысу цi проса, 50 г алею, 2 ст. лыжкi таматавай пасты, 2 ст. лыжкi смятаны, 1 ст. лыжка мукi, 1 ст. лыжка сметанковага масла, соль, зелянiна.


Падрыхтоўка накрыпкi з мяса.


Мяса прапусцiць праз мясасечку. Цыбулю дробна нашаткаваць, моркву нацерцi на дробнай тарцы, абсмажыць, дадаць да сечанага мяса i адваранага рысу, перамяшаць.


Кабачкi ачысцiць, разрэзаць уздоўж, выняць асяродак, начынiць шчыльна накрыпкай ледзь вышэй краёў i паскладаць на патэльню.


Таматавую пасту закiпяцiць з маслам, дадаць смятану i шклянку вады, размяшаўшы ў ёй папярэдне муку. Кабачкi пасалiць, залiць атрыманай заправай i паставiць запякаць у духоўку на 40 хвiлiн.


Падаючы на стол, пасыпаць зелянiнай кропу, пятрушкi, цыбулi, часнаку i базiлiкам.


* Крыпаны — фаршированный


По просьбе уважаемого Ю.Качука причитающийся ему авторский гонорар будет перечислен на счета Зельвенского районного социально-педагогического центра и Центра коррекционно-развивающего обучения и реабилитации г.п. Зельва.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter