Свой апошні перад расстрэлам верш Міхась Чарот выскраб на сцяне сталінскай турмы
ТЫДЗЕНЬ пачаўся не толькі са святкавання 7 лістапада. Сімвалічна, што ў гэты дзень 120 гадоў таму назад нарадзіўся знакаміты паэт, празаік, драматург Міхась ЧАРОТ, які марыў пра сусветную рэвалюцыю, шчаслівую будучыню савецкага народа. Міхась Сямёнавіч нямала сіл аддаў і рэдактарскай справе. Узначальваў газету “Савецкая Беларусь” у 1920—1933 гадах, часопіс ”Чырвоная Беларусь”. Малавядома, што пэўнае дачыненне ён меў і да нашай “Беларускай вёскі” (першая назва, якую мела “Сельская газета”)…
ЖЫЦЦЁВЫ шлях пачаўся для Міхася Чарота, а тады яшчэ проста Міхася Кудзелькі, у вёсцы Рудзенск Пухавіцкага раёна (сёння гарадскі пасёлак). На жаль, час не захаваў будынка, дзе ён нарадзіўся. Наўрад ці знойдзем жывых сведкаў, якія намалююць яго партрэт з уласных уражанняў пасля знаёмства ці сяброўства, з сумам кажа дырэктар Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч:
— Пражыў мастак кароткае, але вельмі цікавае жыццё. Сям’я Чарота, як і ён сам, стала ахвярай рэпрэсій. Пухавіцкая інтэлігенцыя з нагоды 120-годдзя са дня нараджэння мастака вырашыла зладзіць літаратурную вечарыну памяці…
У кнізе нарысаў аб вядомых беларускіх пісьменніках “Памятныя сустрэчы” 1963 года паэт, празаік і перакладчык Мікола Хведаровіч узгадвае словы свайго сябра Міхася Чарота: “Тварыць пачаў, яшчэ не ўмеючы пісаць. У галаве гучалі пявучыя словы народнай песні. Я браў гэтыя словы і пераплятаў іх з выдуманымі ў рыфму сваімі словамі. Такім чынам, атрымліваліся нейкія новыя, зусім не падобныя на ранейшыя радкі, а я радаваўся і, захапляючыся, перайначваў да таго часу, пакуль не нараджаўся зусім новы верш…
Пачаў пісаць на трынаццатым годзе. Напісанае хаваў, нават баяўся чытаць сваім блізкім сябрам. Першым прачытаў мае вершы настаўнік Маладзечанскай семінарыі, у якую я паступіў у 1914 годзе.
Ён пахваліў мяне, але параіў больш пісаць аб прыродзе, а не аб тым, што мне дрэнна жывецца…”
Той, хто аналізаваў скарб, які пакінуў пасля сябе Міхась Сямёнавіч, можа з упэўненасцю сказаць — беднае сялянскае жыццё наклала адбітак на яго творчасці. У вершаваных радках Чарот узгадваў сваё няпростае дзяцінства, сімвалічна выкарыстоўваў вясковыя вобразы, якія дапамагалі гаварыць аб грамадска-палітычных праблемах таго часу. Напрыклад, аб падзеле Беларусі на дзве часткі — Заходнюю і Ўсходнюю:
Ад краю ў край на родным вытаптаным полі
Спакойна йшоў сталёвы новы плуг.
І гэты плуг араў глыбокія разоры,
Ён раны засыпаў — падзелаў след…
Араты песню пеў, прыгожа слаў узоры
На тых ганях, дзе плакаў бацька й дзед.
ВІДАЦЬ, у 1921 годзе партыйныя кіраўнікі вырашылі, што Міхась Кудзелька з лёгкасцю можа справіцца з рэдактарскай справай у выданні для сельскіх людзей. “Беларуская вёска” павінна была пашырыць палітычны кругагляд насельніцтва, падняць яго культурны ўзровень, а галоўнае — дапамагчы пераадолець крызіс пасля цяжкіх часоў Першай сусветнай вайны і замежнай інтэрвенцыі. 7 студзеня 1921 года на паседжанні Цэнтральнага Бюро Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі было разгледжана пытанне “Аб выданні газеты для вёскі” і вырашана: “Газету для вёскі выдаваць два разы на тыдзень. Назва яе “Беларуская вёска”. У рэдакцыйную калегію ўваходзяць: т.т. Булат, Кудзелька, Кнорын”.
Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ Інстытута журналістыкі БДУ Пётр Дарашчонак адзначае, што за Міхасём Чаротам быў замацаваны аддзел “Сялянская гаспадарка”. У ім імкнуліся паказаць сапраўднае становішча ў гэтай сферы, займаліся праблемамі зямельнай палітыкі і іншае.
На працягу 1919—1920 гадоў Чарот плённа працаваў як драматург. З’явіліся творы “Данілка і Алеська”, “Пастушкі”, “Мікітаў лапаць”, “Слуцкая варона”, “Сон на балоце” і іншыя. Спектакль па народнай драме “На Купалле” нават паказалі ў 1922 годзе ў Маскве, атрымаў высокую адзнаку крытыкаў. Тэатральная дзейнасць, відаць, Чарота настолькі захапляла, што восенню 1921 года паехаў у Маскву і амаль год займаўся ў беларускай тэатральнай студыі. У “Беларускай вёсцы” пасля друкаваліся толькі яго вершы.
Але працу на ніве развіцця сельскай гаспадаркі, паляпшэння вясковага жыцця Чарот не пакінуў і пазней, калі быў рэдактарам газеты “Савецкая Беларусь” у 1925—1929 гадах, узначальваў папулярны сярод рабочых і калгаснікаў часопіс “Чырвоная Беларусь”, актыўна працаваў у Саюзе пісьменнікаў. Міхась Чарот шмат выступаў перад вяскоўцамі, чытаў свае вершы, прысвечаныя калгаснаму будаўніцтву. Мікола Хведаровіч успамінае, як на такія сустрэчы часам нельга было атрымаць машыну, і таму прыходзілася ўвесну ісці пешшу ў самыя аддаленыя калгасы. Задаволены і натхнёны гасціннасцю жыхароў вёскі Леніна Горацкага раёна, Кудзелька застаўся прачытаць нават свае апавяданні. Ноччу пад дождж вярталіся назад у Горкі.
У сакавіку 1936 года на з’ездзе партыйнага актыву ў Магілёве Міхась Чарот прызнаваўся: “Не толькі свае кнігі, але калі я нават гартаю сваю душу, заўсёды бачу перад сабою мудры мацярынскі вопыт партыі, якая натхняе мяне, вучыць мудрасці мастацкага слова, дае мне сілы перамагаць цяжкасці і ісці ў нагу з маім народам. Назаўсёды ў маім сэрцы жыве і будзе жыць кіпучая нянавісць да праклятага мінулага і вялікая любоў да ўсяго новага, што будуем мы ў сваёй краіне…”
НА вялікі жаль, ні актыўная грамадская дзейнасць дзеля шчаслівай будучыні савецкай дзяржавы, ні аўтарытэт у літаратурным асяроддзі не выратавалі Міхася Чарота ад жахлівых рэпрэсійных кіпцюроў. Яго зрабілі агентам польскай разведкі і расстралялі 29 кастрычніка 1937 года. Свой апошні верш “Прысяга” ён выскраб на сцяне ў камеры. Рэабілітавалі пісьменніка 8 снежня 1956 года…
Прысяга
Я вам не здрадзіў,
Не зманіў,
Бо славіў наш савецкі будзень.
Свой верш сардэчнай чысціні
Ахвяраваў я родным людзям.
Я не чакаў
I не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
3 турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары,
Кажу вам — я не вінаваты.
Паверце — я не вінаваты!
v.v.korshuk@gmail.com