Можа, унук прадоўжыць яго сялянскі занятак, спадзяецца старшыня Аляксандр Барташэвіч і бярэ хлопца ў поле
У ЦЭНТРЫ патанаючага ў садах і раскінутага на пакатых узгорках беларускага мястэчка Парыж узвышаецца металічная вежа, падобная на сусветна вядомую “Жалезную даму” (толькі ў мініяцюры), што стала сімвалам французскай сталіцы. Мясцовую гаспадарку “Парыж-Агра” дзясяты год узначальвае Аляксандр БАРТАШЭВІЧ. Гаспадарка не толькі паступова ўмацоўвае эканамічныя паказчыкі, але і дбае пра духоўнае адраджэнне. Адноўлены Свята-Пакроўскі храм 1856 года і стогадовы касцёл. Устаноўлены помнік мужным змагарам з напалеонаўскімі войскамі. Плануецца ў перспектыве адкрыць турысцкі маршрут у беларускі Парыж.
Аляксандр БАРТАШЭВІЧ
Аляксандр БАРТАШЭВІЧ
ГРЫБНЫЯ мясціны вакол хутара Старына, што прытуліўся да невялічкай рачулкі Уса, дзед Казімір трымаў у сакрэце. Заўжды вяртаўся з Налібоцкай пушчы з поўным кошыкам белых грыбоў, якія акуратна нанізваў на льняныя вяроўчыны і сушыў пад павеццю. Здзіўляўся, як дапытлівыя ўнукі вышуквалі свае грыбныя кладоўкі і прыносілі з пушчы лісічкі, падбярозавікі і нават таўстаногія, з карычневымі шапачкамі баравікі. Падлеткі звычайна пачыналі сваё летняе гасцяванне на дзедавым хутары з сунічных палян, шчодра багатых на духмяныя ягады. Чарніцы і брусніцы змяняліся жнівеньскім зборам журавін і спелых, размерам з вока арэхаў. А перад самай школай не адпускалі з хутара грыбныя вандроўкі. Зачароўвалі дзятву цікавыя расповеды дзядулі пра яго мінулае, звязанае з лесам. Да пушчанскіх прастораў пераехаў з бабуляю з Капыльскага раёна і стаў працаваць у лясніцтве. Неяк суседзі паехалі на вяселле і папрасілі жонку Казіміра Казіміравіча прыгледзець за гаспадаркай. Здарылася страшэннае. Злодзеі даведаліся пра адсутнасць хутаран і не толькі абакралі іх, але і забілі суседку, каб не пакінуць сведкаў. Так і застаўся Казімір Барташэвіч удаўцом. Сыны Міхал, Рамуальд і дачка Ірына свае сем’і завялі і пакінулі бацькоўскі куток, а Юзік прывёў у хату маладую гаспадыню. Казіміру Казіміравічу весялей стала. І асабліва радаваўся, калі падворак звінеў галасамі ўнукаў. І цяпер любіць прыязджаць сюды ўжо са сваімі сынамі яго ўнук Аляксандр Барташэвіч, які пасля заканчэння Дзераўнянскай сярэдняй школы збіраўся атрымаць адукацыю інжынера лясной гаспадаркі. Дзядуля яго па мацярынскай лініі Іосіф Ланкевіч таксама працаваў у леспрамгасе на Стаўбцоўшчыне. І бацька Рамуальд Барташэвіч узначальваў лясную інжынерную службу Клецішчанскага леспрамгаса аб’яднання “Маладзечналес”. Радаваўся паспяховай здачы сынам Аляксандрам уступных экзаменаў у тэхналагічны інстытут па матэматыцы і фізіцы. А экзамен па літаратуры і мове не вытрымаў і восенню пайшоў служыць у армію.
З вайсковай часці добра было відаць старую Рыгу з вядомым Домскім саборам. У звальненні гуляў па старых вулачках латвійскай сталіцы, а думкі вярталі да ціхага налібоцкага хутара. Бацькам у лістах паведамляў, што ўжо стаў намеснікам камандзіра ўзвода і самастойна навучае маладых салдат кіраванню аўтамабілямі. Так захапіла тэхніка, што вырашыў пасля вяртання са службы вучыцца на інжынерным факультэце Беларускага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Падаў дакументы на вячэрняе падрыхтоўчае аддзяленне і быў залічаны.
– УВЕСЬ дзень даглядалі жывёлу на ферме вучгаса імя Фрунзе, — узгадвае Аляксандр Барташэвіч. — Вярталіся ў студэнцкі інтэрнат, пераапраналіся і ляцелі на заняткі ў аўдыторыю. Да апоўначы вучыліся. Зараблялі ў гаспадарцы няблага. Бацька, як інжынер лясной гаспадаркі, атрымліваў па 210 рублёў у месяц, а я значна больш. Але і стараліся працаваць. Некаторыя юнакі дапамагалі рамантаваць сельгас- тэхніку ў майстэрні вучгаса і мелі больш вольнага часу, а ў нас на жывёлагадоўчай ферме выхадных не было.
Армія выхавала ў мяне адказнасць і ўменне трымацца. Паспяваў працаваць і вучыцца. Да нас добра ставіліся выкладчыкі профільных прадметаў. Выпускныя экзамены здаў паспяхова і стаў студэнтам першага курса інжынернага факультэта, якім кіраваў інтэлігентны Валерый Іванавіч Хадкевіч. Ён выклікаў мяне і прапанаваў быць старастам групы, а потым і старшынёю студэнцкага савета інтэрната. Выбралі мяне і членам адміністрацыйнай камісіі інстытута.
— Пасля кожнага курса вы праходзілі вытворчую практыку. Цікавая яна ў вас была?
— Пасля інтэнсіўнага тэарэтычнага курса можна было крыху і расслабіцца. Нас накіравалі на Мінскі падшыпнікавы завод, дзе ўсё мяне цікавіла. Многа новага я там уведаў. На другім курсе паехалі ў Глыбоцкі раён капаць бульбу. Рассялілі нас па хатах у вёсцы Удзела. Ніколі не думаў, што гэтыя мясціны стануць блізкімі.
У тую восень на вяселлі ў сяброў мяне зачаравала дзяўчына. Потым даведаўся, што яна з тых мясцін. Пасля года сустрэч заявіў бацькам пра жаніцьбу.
— І яны вельмі абрадаваліся такой навіне...
— Але і не пярэчылі, бо ведалі мой характар. Трыццаты год разам. Двух сыноў выхавалі, далі ім адукацыю. Старэйшы Дзмітрый атрымаў дыплом інжынера прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва ў Полацкім дзяржаўным універ- сітэце. Адслужыў год у пагранічных войсках, дзе атрымаў званне лейтэнанта, і працуе начальнікам службы эксплуатацыі і раскватаравання цэнтральнага шпіталю ў Паставах. Малодшы Аляксандр пасля інжынернага факультэта Беларускага дзяржаўнага агратэхнічнага ўнівер- сітэта працуе ў спецпадраздзяленні дарожнай інспекцыі беларускай сталіцы. У нас ужо трое ўнукаў. Старэйшы Ягорка, і сёлета нарадзіліся дзве ўнучкі, якіх назвалі Лізавета і Вулляна.
— А дарогу на дзедаў хутар не забылі?
— Сыны часта бывалі. Дзядзька Юзік гаспадарыць там. Цяпер нашы дзеці з унукамі ў Парыж прыязджаюць. Дом тут мы збудавалі прасторны, падворак вялікі, ёсць дзе пагуляць. Калі сыны вучыліся, мы дзвюх кароў трымалі і па некалькі свіней, шмат курэй. Падтрымлівалі іх як маглі. Хаця хлопцы і самі не ленаваліся зарабляць. Ноччу вагоны выгружалі, агароды дачнікам абраблялі. З дзяцінства кожны ведаў свае абавязкі па хатняй гаспадарцы. Даглядалі жывёлу, дровы нарыхтоўвалі, траву касілі. Да любой працы здатныя. Так некалі і мяне бацькі выхоўвалі. З малых гадоў з дзедам на сенажаць хадзіў. Мужчыны здзіў- ляліся майму спрыту ў пакосе. І стог умею вяршыць. Цяпер я ўнука Ягорку вучу сялянскім заняткам. З сабою на поле да камбайнаў, трактараў важу. Яму ў вёсцы цікава. Можа, захоча прадоўжыць наш сялянскі занятак. Расказваю яму пачутае ад цесця, што ў пасляваенныя гады чатырнаццацігадовым хлапчуком ён зімою коньмі з Крулеўшчызны вазіў на чыгуначную станцыю Навадруцк будаўнічы лес. Шлях не блізкі. Прастудзіў ногі і стаў інва- лідам. І мне дзядуля Казімір шмат цікавага пра наш род распавядаў.
— Вяртаецца Ягорка дамоў і з сябрамі дзеліцца, што быў у Парыжы. Цікава, адкуль такая назва ў глыбіннай беларускай вёсачкі?
— Нічога дзіўнага тут няма. Вайна 1812 года прайшлася па нашых мясцінах і пакінула свой след. Каля царквы на ўзгорку захавалася магіла расійскага генерала і афіцэраў, што загінулі ў баі з французамі. На двухсотгоддзе напалеонаўскага паходу да нас прыязджалі прадстаўнікі французскага пасольства, ускладалі вянкі да помніка. З тых далёкіх часоў вайны 1812 года, калі тут вяліся жорсткія баталіі, засталася назва Парыж. У канцы сямідзясятых гадоў яе памянялі на Навадруцк. Але людзі сталі збіраць подпісы, ім дапамагаў і вядомы ксёндз Булька з Мосару. Звярталіся да органаў улады, і былую назву аднавілі.
— А вы і гаспадарку перайменавалі?
— Нават сканструявалі вежу, падобную на Эйфелеву, і ўстанавілі ў цэнтры вёскі. Магазін атрымаў назву “Парыж”, сельскі клуб стаў парыжскім, а гаспадарка “Парыж-Агра”.
— Як жывецца беларускім парыжанам?
— Двойчы давялося мне ўзначальваць гаспадарку. У перапынку паміж старшынёўствам тры гады працаваў механікам у Навадруцкай ПМС, а калі яе аб’ядналі з Пастаўскай мелія- рацыйнай арганізацыяй, кіраў- ніцтва раёна прапанавала вярнуцца. Прымаў адразу дзве гаспадаркі. Далучылі суседні невялікі калгас. Зямельных угоддзяў стала 4300 гектараў, з іх палова — ворыва. На нашых фермах 1300 галоў буйной рагатай жывёлы, трэцяя частка якой — дойныя каровы. Мінулы год выдаўся няўдалым для нашых жывёлаводаў. Сёлета папраўляем становішча — на 130 працэнтаў прыбавілі па надоях.
Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў дапамог набыць сучасную тэхніку, і стала лягчэй працаваць. У лізінг купілі тры трактары “Беларус 3022” і чатыры камбайны. Паспяхова справіліся са жнівом. Ніколі такой ураджайнасці збожжавых у гаспадарцы не атрымлівалі, як сёлета. Намалацілі па 43 цэнтнеры пшаніцы і жыта па 40 цэнтнераў з гектара. У параўнанні з мінулым годам валавая вытворчасць збожжа вырасла на 500 тон. І гэта пры тым, што на 400 гектараў менш пасеялі збожжавых. Вельмі добра прыдумалі шырокаколыя трактары для веснавой падкормкі пасеваў, дзякуючы якой павысілася ўраджайнасць. Поў- насцю не толькі забяспечваем свой статак фуражом, але і прадаём. Летась ад рэалізацыі сіласу атрымалі 740 мільёнаў рублёў.
— Ёсць каму даіць кароў?
— Пажадана лепшых мець жывёлаводаў. А ў механізацыі поўны парадак. Асноўны касцяк — механізатары маладога ўзросту. Два дзесяцігоддзі таму ў нашых дзвюх школах вучылася 250 дзяцей, а зараз засталася адна школа — дзіцячы садзік, дзе ўсяго сорак адзін выхаванец. Але варта адзначыць, што нараджальнасць стала расці. Пяць нашых маладых сем’яў, што атрымалі новыя катэджы, сёлета папоўніліся немаўлятамі.
— Накіроўваеце выпускнікоў школы ў аграрныя навучальныя ўстановы?
— Юнакі вучацца на механізатараў і вяртаюцца ў гаспадарку. Для маладых сем’яў будуем жыллё. У нашу гаспадарку накіравалі сёлета двух маладых спецыялістаў у інжынерную службу. Атрымалі пад’ёмныя, месяц папрацавалі і пайшлі служыць у армію. Спа дзяёмся, што вернуцца. Большасць галоўных спецыялістаў пенсіённага ўзросту, і пакуль замяніць іх няма кім. Вельмі важна мець каманду аднадумцаў, каб быў давер у калектыве...
— ...прайсці практычную школу кіравання. Вам на яе пашчасціла?
— Многае пераняў у старшыні Баляслава Шылько, які кіраваў пастаўскай гаспадаркай “Дружба”. Там я працаваў галоўным інжынерам.
— Кіраўнік павінен быць кампетэнтным, напорыстым і…
— …разумець і паважаць людзей. Калі трэба — не сквапіцца на пахвалу, а калі неабходна, то і патрабаваць. Людзі розныя, і да кожнага абавязковы асабісты падыход. У вёсцы ўсе сацыяльныя пытанні — ад нараджэння да провадаў чалавека ў іншы свет — завязваюцца на кіраўніку.
Суседнюю гаспадарку ўзяло пад апеку наваполацкае ААТ “Нафтазаводмантаж” і добра дапамагае. Кіраўніцтва раёна вядзе перамовы, каб і наша гаспадарка перайшла да іх.
— Мне помніцца вершаваны радок паэта Генадзя Бураўкіна: “Я не забыў, дзе мой выток...” Цягне вас да свайго вытоку?
— Мой выток каля Налібоцкай пушчы ў вёсачцы дзяцінства Кляцішча, дзе лугавіну рассякае вузенькая рэчка Уса і знікае сярод высокай сцяны векавых дрэў. Ужо колькі часу яна нястомна поіць іх. Калі засумую, лячу туды, на Бацькаўшчыну, каб глынуць пушчанскага паветра, якім дыхалі мае продкі.
Уладзiмiр СУБАТ
Пастаўскі раён
Фота аўтара