Жыццёвы прынцып самага маладога сярод кіраўнікоў жлобінскіх гаспадарак дырэктара СВУ “Сцепы” Сяргея Ярмоленкі: “Каб ладна жыць, трэба добра працаваць”

Дырэктар жлобінскага СВУ «Сцепы» Сяргей Ярмоленка: «У першую чаргу быць сумленным перад сабою»

– Значны вынік залежыць ад старання. Трэба пастаянна прыдумваць і ствараць нешта новае, — разважае 27-гадовы дырэктар жлобінскага СВУ «Сцепы» Сяргей Ярмоленка. — Без ведаў нічога не атрымаецца. Вучоба ў Чырвонабярэжскім дзяржагракаледжы, а потым на аграфаку Белдзяржсельгасакадэміі ўзмацнілі маю цікавасць да навуковай літаратуры. Пастаянна ў інтэрнэце, спецыялізаваных часопісах, брашурах і кнігах адкрываю для сябе нешта новае. Патрэбу ў ведах пра жывёлагадоўлю востра адчуў, калі ўзначаліў гаспадарку. Калега параіў набыць двухтомнік расійскага вучонага спецыяліста-жывёлавода А. М. Лапоткі «Тайна малочных рэк». Гэта даволі грунтоўнае выданне. Штодзённа выкройваю час, каб пасядзець над кнігай.


Менавіта жывёлагадоўля дыктуе развіццё сельгаспрадпрыемства. Ад рэалізацыі малака і ялавічыны атрымліваем найбольшую частку прыбытку. На нашых фермах 4100 галоў буйной рагатай жывёлы, трэцяя частка з іх — дойны статак. Амаль з нуля пачалі селекцыйную работу, клапоцімся пра ўмовы ўтрымання статка. Дойныя каровы размешчаны ў двух памяшканнях малочна-таварнага комплексу «Сцепы». Дзякуючы фінансавай падтрымцы дзяржавы сёлета пачнём пераабсталёўваць даільны цэх. Спадзяёмся, што павысіцца таварнасць прадукту. Штодзённа на Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат адпраўляем для перапрацоўкі звыш 14 тон яго, пакуль толькі палову рэалізуем класам экстра. Значную падтрымку ў арганізацыі вытворчасці на нашых фермах аказваюць спецыялісты малочна-кансервавага камбіната.

— Некалькі гадоў таму ў Горках вы атрымалі дыплом агранома. Пэўна, вывучалі і асновы жывёлагадоўлі?

— Менавіта асновы. Калі стаў дырэктарам, адчуў недахоп ведаў у гэтай галіне. Канешне, зараз ёсць магчымасць запрашаць вучоных для кансультацый па распрацоўцы рацыёну кармлення жывёлы, вядзенні селекцыйнай работы, але разавыя кансультацыі не заменяць пастаянную працу спецыяліста.

Чатыры гады таму гаспадарку аб’ядналі з суседняй. Плошча сельгасугоддзяў, якія раскінуліся ў міжрэччы Дняпра і Бярэзіны, павялічылася да 6550 гектараў, тысячу з іх займаюць азімыя збожжавыя. У два разы большая плошча адведзена пад кукурузу. Асаблівасці кожнага поля добра ведае галоўны аграном Наталля Барадзіна.

— Ніва ў вас шчодрая на ўраджай?

— Пасля заканчэння агракаледжа дзевятнаццацігадовым прыйшоў працаваць у гаспадарку. Кожны гектар тады даваў не болей 20 цэнтнераў зерня пры натуральнай ўрадлівасці ворыва ў 28 балаў. Узялі курс на прымяненне сучасных тэхналогій. Вынік значны: за мінулы год ураджайнасць збожжавых павысілася амаль на 10 цэнтнераў.

Сапраўдны хлебароб сэрцам адчувае поле. У сельгасакадэміі пашчасціла на цудоўных вык­ладчыкаў. Запомніліся лекцыі па глебазнаўстве Тамары Персікавай. На яе занятках у аўдыторыі панавала цішыня. Пра асаблівасці розных глеб Тамара Піліпаўна расказвала як пра святыню. Яна была маім кіраўніком дыпломнага праекта па тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур. Засноўваў яго на вытворчых паказчыках СВУ «Сцепы». Два разы на год ездзіў на сесію ў сельгасакадэмію, абараніў дыплом на выдатна.

Асновы агранаміі атрымаў у час вучобы ў Чырвонабярэжскім дзяржагракаледжы. Прафесія мяне захапіла. Вучыўся і актыўна займаўся спортам… А праз год пасля заканчэння каледжа не стала бацькі. Ён таксама скончыў агранамічнае аддзяленне ў Чырвоным Беразе, але лёсам яму выпаў шлях ваеннаслужачага.

У юнацтве і я марыў пра кар’еру ваеннага, нават намерваўся паступаць у ваеннае вучылішча, але не прайшоў медкамісію. З аднакласнікаў толькі я застаўся працаваць на зямлі. Мала каго з іх у дваццаць гадоў аднавяскоўцы называлі па бацьку. Пачынаў працу ў гаспадарцы з брыгадзіра, потым стаў намеснікам дырэктара. Трэці год кірую сельгас­прадпрыемствам «Сцепы», якое ўваходзіць у вытворчую структуру Гомельскага мяса-малочнага холдынга.

— Сяргей Аляксандравіч, вы самы малады кіраўнік гаспадаркі ў раёне. Чым можна заахвоціць моладзь працаваць на зямлі?

— Сённяшнім гаспадаркам найбольш патрэбны спецыялісты. На падрыхтоўку іх дзяржава затрачвае значныя сродкі, і па законе выпускнікі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў павінны пэўны тэрмін адпрацаваць там, куды іх размеркавалі. Прыязджае малады чалавек у гаспадарку, і ў першую чаргу яму неабходна ўладкаваць побыт. Важна і тое, дзе і як ён можа правесці вольны час пасля працоўнага дня. Горад спакушае мноствам забаў.

Не меншую ролю для замацавання моладзі на вёсцы адыгрывае і заробак. Ветэрынары ўладкоўваюцца ў прыватных клініках лячыць кошак і сабак, бо там адказнасць не такая, як на ферме. Мо варта звярнуць увагу на вопыт іншых краін па заахвочванні аграрных спецыялістаў. Як бы там ні было, а вырашаць гэту дзяржаўную праблему неабходна. Канешне, праца на зямлі цяжкая, але і ганаровая. Пра гэта трэба больш гаварыць, пісаць, расказваць.

— Якім павінен быць сучасны кіраўнік сельгаспрадпрыемства?

— У першую чаргу адукаваным. А таксама настойлівым, мэтанакіраваным і, канешне, адказным. А калі кіраўнік мужчына — мужным.

— Што параіце тым, хто толькі пачынае кар’еру кіраўніка?

— Са свайго вопыту ведаю, што трэба з першых дзён кіраўніцтва смялей быць. Больш сустракацца з людзьмі, гутарыць з імі. Калі што абяцаеш чалавеку, абавязкова выконвай. Кіраўнік у першую чаргу павінен быць сумленным перад сабою. Няма чаго граху таіць, часам нешта не атрымліваецца, тады ахоплівае пачуццё бязвыхаднасці. Галоўнае, не пасаваць перад цяжкасцямі і верыць у поспех. Чым больш старання і вопыту, тым больш прыемных імгненняў.

— Кіраваць гаспадаркай — справа адказная. А ці ўдаецца выкройваць час для сустрэч з сябрамі, прыяцелямі, сваякамі?

— Сяброў не так і многа ў мяне, але кожны з іх надзейны. Многа быць і не павінна. Сапраўдны сябра правяраецца жыццёвымі сітуацыямі. Не забываю і пра сваякоў, вось толькі не заўжды хапае часу праведаць іх. Даўно не бываў у родных мясцінах, дзе прайшло дзяцінства. Толькі ў сне бачу дарагую сэрцу вёску Альхоўцы, прыгожае возера за яе аколіцай, дзедаў сад. Успаміны грэюць душу.

— Вы толькі пачынаеце працоўную кар’еру, характар усталёўваецца. Што б хацелі змяніць у сабе?

— Быць менш успрымальным да розных стрэсавых сітуацый. Складана трымаць сябе ў руках. Часам ускіпаю, але па натуры адыходлівы. Мала хто ведае: павышу голас, а потым перажываю. Асабліва калі не магу стрымаць слова перад кіраўніцтвам. На цябе спадзяюцца, і раптам нешта не атрымліваецца. Удзячны старшыні Жлобінскага райвыканкама Аляксандру Грыгарэнку і начальніку райсельгасхарча Але Маслюк-Сінюгінай, якія часта наведваюцца ў гаспадарку і цікавяцца справамі, за падтрымку ў працы і мудрыя парады.

— Сяргей Аляксандравіч, праца працай, а што для вас значыць любоў і прыгажосць?

— Прыгажосць, калі вакол усё красуе, у краіне ціха і спакойна, родныя здаровы. Тады і настрой цудоўны, і свет іншым падаецца. Нездарма вясна — час кахання. Кожны раз з асаблівым нецярпеннем чакаю яе. Калі ўсё ў прыродзе бушуе, абуджаюцца пачуцці. Кожная з васьмі вёсак нашай гаспадаркі вясновым часам асабліва прывабная. Толькі шкада, што з кожным годам усё менш вясковых жыхароў застаецца. Кожная новая сям’я у нашай гаспадарцы — вялікая радасць. Жыллём забяспечваем. Напрыклад, нядаўна наваселле справіў механізатар Яўген Аўдзееў, яго сям’я папоўнілася першынцам.

— Вясна абуджае пачуцці. Узгадваюцца паэтычныя словы Максіма Багдановіча: «Маладыя гады — маладыя жаданні». Якія яны ў вас?

— Іх шмат, ёсць і асабістыя. Спа­дзяюся, што здзейсняцца. Настроены займець сям’ю. Ёсць у мяне каханая з нашага раёна. Але няхай гэта пакуль будзе маёй тайнай.

Жадаю згоды і плёну землякам. У нашых вёсках побач з праваслаўнымі мірна жывуць сем’і старавераў, менталітэт якіх крыху адрозніваецца: яны больш набожныя, далікатныя ў адносінах паміж сабою. Пастаянна сустракаемся з імі, абмяркоўваем розныя падзеі. Людзі цяплом душы адгукаюцца на ўвагу да іх. Добрае слова не шкодзіць нікому.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter