Дырэктар жлобінскага філіяла СВУ «Антонаўка-Агра» РВУП «Гомельаблгаз» Ігар Кліменка: «Вясной журавы вернуцца зноў»

У юнацтве сялянскага сына Ігара КЛІМЕНКУ не мучыла сумненне, кім быць: з малых гадоў прызвычаіўся да працы на зямлі. Так атрымалася, што маці Таццяна Іванаўна адна выхоўвала трох сыноў. Старэйшы Ігар падсабляў ёй упраўляцца па хатніх справах і за меншымі братамі Сяргеем і Аляксандрам прыглядваў. Шмат увагі ўдзяляў унукам аўдавелы дзядуля Іван Мікалаевіч. Працаваў ён лясніком у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку, што непадалёку ад іх хойніцкай вёскі Навасёлкі. Калі дзядулі не стала, дадалося гаспадарчых клопатаў чатырнаццацігадоваму ўнуку Ігару. Але і з хатнімі абавязкамі спраўляўся, і вучобу ў школе не запускаў. 

Пасля атрымання атэстата сталасці ў Судкоўскай сярэдняй школе па мэтавым накіраванні паступіў на агранамічнае аддзяленне Палескага дзяржагракаледжа імя У. Ф. Міцкевіча. Калі адвучыўся там, узначаліў агранамічную службу ў хойніцкім СВК «Стралічава». 

Вышэйшую агранамічную адукацыю атрымаў завочна ў Белдзяржсельгасакадэміі. Займеў сям’ю. Маладому спецыялісту паступіла прапанова кіраваць агранамічнай службай у жлобінскім філіяле сельгасвытворчага ўпраўлення «Антонаўка-Агра» РВУП «Гомельаблгаз». У той год у засекі засыпалі рэкордныя 4500 тон збожжа пры ўраджайнасці 45 цэнтнераў з гектара. На абласных «Дажынках», што праходзілі ў Жыткавічах, за высокія вытворчыя паказчыкі Ігара Кліменку прызналі лепшым сярод аграномаў Гомельшчыны, а летась ён узначаліў вытворчы калектыў філіяла.

…Ігар пры сустрэчы расказаў, як калісьці з дзедам Іванам нарыхтоўвалі дровы ў лесе. На падворку калоў іх, вясною апрацоўваў агарод. Гэтыя ўспаміны як зарніцы на небасхіле: то нешта высвеціць на імгненне, то зацягнецца цемрай. Дзяцінства выпала на першыя гады змагання з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Узгадаў, як тройчы прымала яго на аздараўленне італьянская сям’я. Запомнілася экскурсія па Рыме, наведванне Ватыкана, сустрэча з Папам Рымскім Паўлам. 

Чарнобыльская бяда параскідала людзей па свеце. Многія перасяленцы з хойніцкіх вёсак атабарыліся на Жлобіншчыне. 

Ігар Кліменка з сынамі Ільёю, Іванам і Мацвейкам. 

— Палова нашага калектыву — мае землякі, — канстатуе Ігар Кліменка. — Атрымалі ад дзяржавы жыллё ў вёсках Антонаўка, Цупер і Малыя Казловічы, працуюць жывёлаводамі, механізатарамі. Гаспадарка паспяхова развіваецца, пашыраецца. Да канца года плошча сельгасугоддзяў перавысіць 5 тысяч гектараў.

— Складана было ўваходзіць у роль дырэктара?

— Мяне ў калектыве ведалі: тры гады адпрацаваў тут галоўным аграномам. Як стаў кіраўніком, кардынальна нічога не мяняў, трымаюся распрацаванага курсу развіцця гаспадаркі. Важна не толькі кіраваць вытворчым працэсам, але і ўмець выслухаць і зразумець падначаленых. Калі ўсё добра ў сям’і, то і ў працы будзе поспех.

— Ці склаўся за год дырэктарства ўласны стыль кіравання?

— Прызвычаіўся планаваць працоўны дзень: у шэсць гадзін наведваю жывёла­гадоўчыя фермы, потым мехдвор. На ранішняй нарадзе размяркоўваем па відах работ тэхніку. Інжынернай службай пяты год кіруе трыццацігадовы Дзмітрый Семчанка. Толькі год галоўным аграномам Аляксандр Бельчанка. Дапамагаю яму, бывае, што і замяняю. Імкнуся прыцягваць да работы галоўных спецыялістаў. 

— На вашым працоўным стале ў кабінеце кінуўся ў вочы шырокафарматны манітор. Дапамагае ў працы?

— Не ўяўляю, як можна без камп’ютара абыходзіцца. Праз манітор ёсць магчымасць назіраць за работай машынна-трактарнага парка. На кожным трактары і аўтамашыне ўсталяваны ЧПС, што спрыяе эфектыўнай рабоце тэхнікі. У камп’ютарнай базе на працягу месяца захоўваецца інфармацыя. Плануем усталяваць і відэакамеры на ўсіх вытворчых аб’ектах. Тым не менш ад мноства папер не пазбавіліся.

— Без камп’ютара зараз кіраўніку ніяк.

— Інакш і быць не можа. Але не лішне відавочна бачыць, як ідуць справы на палях і фермах. Камп’ютар не заменіць стасункі з людзьмі: пагутарыць, пацікавіцца іх клопатамі, калі неабходна, падбадзёрыць добрым словам. Галоўнае — ва ўсім бачыць чалавека і дапамагаць яму. На вёсцы ў будні і ў святы ўсе разам. 

— Адчуваеце, што заваявалі аўтарытэт у падначаленых?

— Людзі параўноўваюць мяне з папярэднім дырэктарам. Ён старэйшы, строгі быў, а ў мяне больш мяккі характар. Тым не менш патрабую дысцыпліну, бо адной дабрынёю аўтарытэт не заваюеш. Усяго павінна быць у меру. 

— Як завяршаеце сельскагаспадарчы год?

— Атрымалі па 45 цэнтнераў зерня на круг. Найлепш урадзіла азімая пшаніца, пасевы яе займалі пятую частку ў севазвароце зерневых. Тысячу гектараў хлебнай нівы ўбралі пяць экіпажаў. Камбайнеры працавалі без памочнікаў і атрымалі грашовую надбаўку па 50 працэнтаў. Тры камбайны дапамагалі рагачоўскім хлебаробам. 

Звыш тысячы тон зерня намалацілі браты Мікалай і Іван Грытчанкі. Механізатарамі працуюць і іх браты Аляксандр і Міхаіл. Яны пераехалі з Хойніцкага раёна. 

Дзякуючы старанню калектыву грамадскі статак забяспечаны ўласным фуражом. На кожную з 3200 галоў буйной рагатай жывёлы назапасілі па 29 цэнтнераў кармавых адзінак. Сутачны надой ад кожнай з 714 кароў перавышае 22 кілаграмы, летась пераадолелі сямітысячны рубеж. Сёлета па папярэдніх падліках выйдзем на 7800 кілаграмаў малака ад каровы.

— Сувязь з вучонымі падтрымліваеце?

— Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне «Белпалiвагаз», якому падпарадкоўваемся, пастаянна арганізуе навуковыя семінары, запрашае вучоных. Шмат карыснай інфармацыі атрымліваюць галоўныя спецыялісты ў прадстаўнікоў фірм, што пастаўляюць прэпараты для прымянення ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Кантактуем з беларускімі вучонымі-раслінаводамі, на доследных дзялянках высяваем гібрыды і назіраем за іх развіццём. Прымаем рашэнне, на якія сарты ставіць стаўку. 

— Па адукацыі вы аграном, а як кіраўнік, адказваеце за вытворчую дзейнасць. Сучасныя тэхналогіі развіваюцца. Ці паспяваеце ўсё засвойваць?

— За першы год кіраўніцтва ўдалося спасцігнуць толькі самую дробязь. Выкройваю час і самастойна вывучаю двухтомнае выданне «Тэхнічнае кіраўніцтва вытворчасці малака», шмат карыснага чэрпаю з кнігі «Навуковыя асновы тэхналогіі вырошчвання азімых збожжавых, рапсу і кукурузы», чытаю таксама перыядычныя выданні. Атрыманая інфармацыя дапаўняе асабісты практычны вопыт.

— Чым зараз найбольш заклапочаны?

— Будаўніцтвам малочна-таварнага комплексу на 720 кароў у вёсцы Цупер. Узводзіцца ён будзе за сродкі РВУП «Гомельаблгаз» і на крэдыт Банка рэканструкцыі і развіцця. За ўласныя грошы заклалі падмуркі шасці зернябункераў па 600 тон кожны на цэнтральнай сядзібе. Узводзім адкормачную пляцоўку ў Малых Казловічах на 500 галоў маладняку, плануем пабудаваць камбікормавы завод і ўсталяваць лінію па перапрацоўцы насення рапсу. Будзем развіваць і сацыяльную сферу: новыя катэджы ўпрыгожаць вёску Антонаўка.

— Калі на душы цяжка, з кім дзеліцеся?

— Дамоў вытворчыя клопаты імкнуся не несці. З сям’ёю я адводжу душу. Вяртаюся ўвечары стомлены, а мяне чакаюць жонка і трое сыноў. З розным настроем прыходжу. На працы не заўсёды атрымліваецца так, як плануеш, але пры жаданні ўсе праблемы паспяхова вырашаюцца.

— Калі б вам давялося складаць пра сябе красворд, якія б словы там пра сябе запісалі?

— Добры і справядлівы. Незайздросны. Люблю сваю сям’ю. Як выдаецца вольны час, выязджаем у лес, да Дняпра (рачная плынь у нашых мясцінах шырокая, магутная). 

Больш аб’ектыўна пра мяне могуць сказаць аднавяскоўцы. Калі трэба, падтрымаю чалавека, дапамагу. Даверлівы. Ёсць механізатары, якія ўбачаць, што зямля да іх неахайна апрацавана, і катэгарычна адмаўляюцца на такім полі сеяць. Удзячны ім за прынцыповасць. Выязджаем і прымаем меры. 

— Як захоўваеце ў сабе годнасць?

— Імкнуся ў любой сітуацыі заставацца прыстойным. Як казаў адзін мудры старшыня, да падначаленых варта ставіцца па-чалавечы, тады і яны адгукнуцца. Жыццё мяне шліфавала. Шмат карыснага ўзяў ад дзеда Івана Мікалаевіча, яго імем і першынца назваў. Сыны — наша з жонкай бясцэннае багацце. Хлопчыкаў цікавіць тэхніка, асабліва меншага Мацвейку. Калі яны гасцююць у бабулі, ад суму не знаходжу сабе месца. Дружна разам апрацоўваем 30 сотак прысядзібнага ўчастка. Летась пасадзіў «малінаўкі». З дзяцінства памятаю пах гэтых летніх яблыкаў. У нашым маладым садзе растуць чарэшні, грушы, слівы, ягаднікі. Цёшча прывезла і пасадзіла грэцкі арэх. 

— Што ахоплівае вас, калі назіраеце за сцішанымі палямі і сенажацямі?

— Восень заўжды надае суму. Едзеш па рачной пойме і бачыш, як журавы збіраюцца да адлёту. Але душу грэе, што вясною яны вернуцца на дняпроўскія прасторы. Ганаруся, што вырас на Гомельшчыне. Дзецям працягваць нашу справу на гэтай цудоўнай зямлі.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter