Директор КСУП «Ханчицы-Неман» Юрий Костоломов: люблю аромат спелого зерна

Дырэктар КСУП «Ханчыцы-Нёман» Юрый Касталомаў: «Люблю водар спелай збажыны»

Сярэднюю школу, зоатэхнічны факультэт Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Юрый КАСТАЛОМАЎ скончыў з адзнакай. Вытворчая практыка для будучых заатэхнікаў ладзілася ў філіялах профільных кафедраў аграрнага ўніверсітэта, створаных на базе жывёлагадоўчых комплексаў гродзенскіх гаспадарак «Прагрэс-Верцялішкі» і імя В. І. Крамко. Выдатнік вучобы прагна спасцігаў азы прафесіі. Працоўную дзейнасць пачынаў заатэхнікам па кармах у ваўкавыскім КСУП «Зара і К», загадваў комплексам па адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы. Займеў сям'ю. З жонкай Юліяй Уладзіміраўнай выхавалі дачку Алену і сына Антона.

Другі год Юрый Уладзіміравіч кіруе свіслацкім КСУП «Ханчыцы-Нёман», якое па прадукцыйнасці дойнага статка сярод дзесяці лепшых у рэспубліцы. За 2022-і ад кожнай з 900 кароў атрымана па 10 879 кілаграмаў малака, штодзённа 25 тон рэалізуецца для перапрацоўкі. Рэнтабельнасць вытворчасці прадукту перавысіла 60 працэнтаў. Намечана развіваць малочную галіну жывёлагадоўлі.


Летні працоўны дзень дырэктар звычайна пачынае з агляду палёў і сенажацей, каб да ранішняй нарады лепш вызначыць больш важны фронт работ (землі мяжуюць з Бераставіцкім і Ваўкавыскім раёнамі). Чэрвеньскія доўгачаканыя дажджы асвяжылі скошаныя сенажаці і пасевы на палях. З першым укосам механізатары аператыўна справіліся — заклалі ў сянажныя траншэі трэцюю частку запланаванай колькасці корму. Травастой адразу падкармілі тукамі. Спадзяванні цяпер на больш шчодрыя ўкосы.

— Штодзённа працуем па сітуацыі, — разважае Юрый Касталомаў. — На палях не адступаем ад тэхналогіі. Пасевы своечасова падкормліваем, праводзім хімічную апрацоўку ад пустазелля і шкоднікаў. Зараз на хлебнай ніве самы спрыяльны час для наліву коласа. З паўтары тысяч гектараў збожжавых трэцюю частку займае азімая пшаніца, амаль такая ж плошча адведзена пад азімы і яравы ячмень. Больш як на 400 гектарах вырошчваем гібрыднае жыта. Летась уведзены ў эксплуатацыю сучасны зернесушыльны комплекс, што дазваляе аператыўна давесці да неабходнай кандыцыі ўраджай. Плануем набыць і ўсталяваць лінію па перапрацоўцы насення рапсу. Гэту культуру вырошчваем на 600 гектарах. На сотню гектараў больш займае кукуруза, амаль палову пасеваў яе будзем убіраць на зерне, высяваем у асноўным сарты беларускай селекцыі. Грэчкі — паўсотні гектараў. Натуральная ўрадлівасць сельгасугоддзяў не перавышае 34 балы. Абавязкова кожнае поле запраўляем неабходнымі ўдабрэннямі.

— Тэхнікі хапае, каб своечасова выконваць комплекс палявых работ?

— З галоўным інжынерам Віктарам Жуком агледзелі трактары (іх у нас 24), камбайны, прычапны інвентар і вызначылі, што неабходна абнаўляць. За апошнія гады закуплена шэсць энерганасычаных трактароў, чатыры аўтамабілі МАЗ, два цягачы. У гаспадарцы амаль паўтара дзясятка розных прычэпаў, два корманарыхтоўчыя і тры зернеўборачныя камбайны, амкадораўскія пагрузчыкі. Хвалююся, што няма маладой змены ў механізацыі, ды і на фермах дэфіцыт працоўных рук. Чакаем выпускнікоў аграрных сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Вакантная пасада начальніка вытворчага ўчастка. На палях і фермах заняты крыху больш сотні чалавек, сярэднямесячны заробак перавышае дзве тысячы рублёў. Пастаянна ўдасканальваем умовы працы.  

— Юрый Уладзіміравіч, як складваецца для вас аб'яўлены на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

— З галоўнымі спецыялістамі шмат цікавага запланавалі і паступова ажыццяўляем усё гэта. У электронным штодзённіку занатоўваю, што неабходна зрабіць. Важнымі справамі насычаны кожны дзень. Камп'ютар пільна адсочвае іх выкананне — не трэба напружваць памяць, каб што не забыць. 

Імкнуся падтрымліваць усталяваныя ў калектыве традыцыі, але жыццё ўносіць свае карэктывы. Аналізую эканамічную дзейнасць, вызначаю яе асноўныя накірункі, на што перш-наперш звярнуць увагу. Паколькі значныя сродкі патрачаны на абнаўленне тэхнічнага парка, вырас сабекошт прадукцыі. Але павялічваюцца і аб'ёмы вытворчасці. Значную падтрымку гаспадарцы аказала Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман». Важна і тое, што ў свой час уведзены ў эксплуатацыю малочнатаварны комплекс. Яго запоўнілі спецыяльна адабранай высокапрадукцыйнай жывёлай, атрыманне якаснага малака паставілі на навуковую аснову. Супрацоўнічаем з беларускімі вучонымі-жывёлаводамі. Добры плён даюць парады доктара сельскагаспадарчых навук Міхаіла Бараноўскага. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы пачнём узводзіць жывёлагадоўчы МТК на 643 галавы дойнага статка. Ужо ёсць заключэнне экспертаў на тэхнічны праект. Размесціцца новабудоўля побач з дзеючым жывёлагадоўчым комплексам, што паблізу вёскі Бортнікі. Памяшканні аснасцім самым апошнім тэхналагічным абсталяваннем, набываць яго будзем у лізінг. Ужо абзавяліся будаўнічым 25-тонным кранам, аддалі амаль паўмільёна рублёў. Падлічыў, што гэта больш выгадна, чым плаціць вялікія сумы за эксплуатацыю наёмнай тэхнікі. Пасля завяршэння будаўніцтва кран будзем здаваць у арэнду: ён адзіны на ўвесь Свіслацкі раён. Гэты год багаты на стваральныя справы. Працаваць нашы людзі ўмеюць — каб толькі мірным было неба. Майму пакаленню пашчасціла нарадзіцца ў спакойны час. 

— Што з тых гадоў больш помніцца?

— Сэрца грэюць успаміны сустрэч са сваякамі на далёкай Валагодчыне. Паўвека таму бацька Уладзімір Валер'евіч пасля заканчэння прафесійнага вучылішча электрыкаў прыехаў на Міншчыну пагасцяваць. Мясціны і людзі так уразілі яго, што вырашыў застацца. Уладкаваўся па спецыяльнасці ў салігорскі саўгас «Гарняк», займеў сям'ю. Маці Акуліна Марыніч працавала на жывёлагадоўчай ферме. Да замужжа з бацькам у яе падрастаў сын Валодзя (на некалькі гадоў старэйшы за мяне), дапамагаў прыглядваць за мною. Калі я падрос, мы ўдваіх падсаблялі матулі упраўляцца і на калгаснай ферме, і па хатняй гаспадарцы. Паміж бацькамі не склаліся сямейныя адносіны: брат застаўся з маці, а мы з татам пераехалі ў слуцкую вёску Лядна. Кожны водпуск адпраўляліся на яго радзіму. Цягніком ехалі да Масквы, пераязджалі на іншы чыгуначны вакзал і адтуль дабіраліся на Валагодчыну. З маці амаль што не сустракаўся, прызвычаіўся самастойна жыць. Да нас заходзіла дачка суседкі-настаўніцы Алена Калешка (працавала разам з бацькам). Прыносіла цікавыя кнігі, настройвала мяне на вучобу. Запомніўся з тых далёкіх гадоў дзяцінства кіраўнік школьнага факультатыўнага кружка пантамімы Алег Руф. Працаваў ён электрыкам, а ў вольны час займаўся з намі. Кожнае выступленне на сцэне прыдавала мне настрою, хацелася быць разам з сябрамі. Значны ўплыў аказала кніга Дэйла Карнегі «Як перастаць турбавацца і пачаць жыць», якую параіла жонка кіраўніка нашага кружка. На адным дыханні прачытаў тоўсты фаліянт і стаў інакш успрымаць рэчаіснасць, больш сур'ёзна ставіцца да заняткаў. Пасля дзявятага класа паступіў у завочную рэспубліканскую фізіка-матэматычную школу і скончыў яе з адзнакай. Разам з атэстатам сталасці за сярэднюю школу атрымаў і срэбраны медаль. Загарэўся паступаць на лесатэхнічны факультэт Беларускага тэхналагічнага інстытута, але лёс падказаў вучыцца на зоатэхнічным факультэце Гродзенскага сельгасінстытута. 

— Усё ж была нейкая прычына, што так кардынальна памянялі жыццёвыя планы?

— У той час моцна захварэў бацька. Палічыў, што не выцягну матэрыяльна вучыцца ў сталіцы. У Гродзенскім сельгасінстытуце аб'явілі набор на новую спецыяльнасць «пушновая зверагадоўля». Мне, як медалісту, неабходна было прайсці толькі гутарку. Упершыню ўбачыў горад над Нёманам. Уразілі брукаваныя вулачкі, скверы, паркі, старыя будынкі. У такіх векавых мурах размешчаны шматлікія карпусы інстытута. Першай была гутарка па роднай мове. 

— Як вытрымалі яе?

— Здзівіў экзаменатараў веданнем мовы і атрымаў самую высокую адзнаку. Яшчэ ў школе любіў гэты прадмет. У старэйшых класах толькі па-беларуску стасаваліся паміж сабою. Дарэчы, і ў сваёй сям'і гэта прыжылося. Без напругі стаў студэнтам сельскагаспадарчага інстытута, які потым атрымаў статус універсітэта. Мяне паглынулі лекцыі, практычныя заняткі. Перад першай экзаменацыйнай сесіяй трапіў у бальніцу з траўмай, а потым захварэў на грып. Усё гэта адмоўна адбілася на эмацыянальным стане. На экзамене адказваў няўпэўнена, стваралася ўражанне, што слаба ведаю прадмет. Атрыманая нізкая адзнака збянтэжыла мяне. Летнюю сесію вытрымаў паспяхова і да канца вучобы трымаўся ў выдатніках. На студэнцкіх алімпіядах займаў прызавыя месцы. Паўгода практыкаваўся ў нямецкага баўара, многа цікавага спасціг у яго. Перад заканчэннем вучобы ў мяне сярэдні бал быў даволі высокі, але тыя першыя здавальняючыя ацэнкі не дазвалялі атрымаць дыплом з адзнакай. Тагачасны рэктар Вітольд Песціс дазволіў пераздаць экзамены.

— Такі дыплом дае шлях у навуку?

— Пасля ўніверсітэта скончыў аспірантуру, потым два гады вучыўся на стацыянары ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Праца аднімае шмат часу, не хапае яго на навуковую дзейнасць. Выраслі і атрымалі адукацыю сын і дачка. Дзеці заўжды на першым плане. Шкадую, што рэдка бачыўся з маці. Калі даведаўся, што яе не стала, паехаў на магілу і ўсталяваў помнік. Бацька больш не жаніўся, жыве адзін на Случчыне. Наведваю яго, дзялюся сваімі планамі. 

— А якія яны у вас?

— У розныя перыяды жыцця яны розныя. Пасля студэнцкай стажыроўкі ў Германіі меў намер стаць фермерам, але не адважыўся на гэты крок. За больш як два дзесяцігоддзі практычнай дзейнасці набыты вопыт, з'яўляюцца больш маштабныя планы. Вось зараз абдумваю, як падрыхтаваць пагалоўе для новага МТК. Трэба не вагацца, а прыступаць да справы. Са спецыялістамі абмеркавалі, як лепш арганізаваць вырошчванне дойнага статка. У нас атрымлівалася сто галоў прыплоду на сто кароў. Па рэкамендацыях вучоных-жывёлаводаў сталі працаваць з генетыкай. Дзякуючы выкарыстанню сексіраванага семені атрымліваем 116 цялушак на сто рагуль. Найбольш прадукцыйных адбіраем і гадуем для запаўнення новага комплексу. Кароў, ад якіх атрымліваем племянны маладняк, пазначаем чырвонымі ашыйнікамі, а прыплод — чырвонымі біркамі. Ствараем племянное ядро. На пачатку чэрвеня з дапамогай навуковых спецыялістаў Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта зрабілі геномную ацэнку маладняку. Трывалую сувязь падтрымліваем з НПЦ па жывёлагадоўлі НАН Беларусі, а таксама са спецыялізаванымі фірмамі. На нашы фермы рэгулярна прыязджаюць вучоныя, право­дзяць аналіз кармоў, малака, правяраюць стан крыві ў жывёлы.

— Юрый Уладзіміравіч, у вас была магчымасць займацца навуковай дзейнасцю, а вы абралі практычную справу. Безумоўна, набыты вопыт. Пэўна, самы час падзяліцца ім з іншымі?

— Многіх здзіўляе, чаму не застаўся выкладаць у аграрным універсітэце. Жартам адказваю: мне больш прыемна займацца дабрачыннасцю. На наш МТК пастаянна прыязджаюць па 30—40 навучэнцаў Ваўкавыскага аграрнага каледжа. Выкройваю час і расказваю, як рэгуляваць для жывёлы мікраклімат, ствараць спрыяльныя ўмовы ўтрымання статка, дабівацца найбольшай прадукцыйнасці жывёл. Перадаю ўсё, што спасціг у сваёй справе за гады вучобы і працы.
Часта выступаю перад вучнямі вясковых школ, яны з цікавасцю слухаюць пра аграрныя прафесіі. Раю, каб не глядзелі толькі пад ногі: там у лужыне бруд. Лепш позірк накіраваць да зор. Настройваю іх на аптымістычны лад жыцця. Лічу, што такія сустрэчы карысныя. Па натуры я эгаіст: закідваю вуду на жыўца, каб моладзь захацела пасля вучобы працаваць у нашай гаспадарцы. І сёлета ўжо ёсць жадаючыя па мэтавым накіраванні вучыцца ў аграрных навучальных установах. Ім працягваць справу на палях і фермах. Калі маладыя не будуць ні да чаго імкнуцца, так нічога і не даб'юцца. Важна нават у самай складанай сітуацыі не апускаць рукі.
— Матэрыяльнае чалавеку даецца, каб выжыць, а духоўнае — каб жыць. Для вас што на першым плане?
— Матэрыяльнае, канешне, важна ў паўсядзённым жыцці, але духоўнае ўсё ж на першым плане. У цяжкі момант неабходна падтрымка: добрае слова лечыць душу. Калі здараецца бяда, то ніякія грошы не ўратуюць. Суцешыш чалавека, і яму лягчэй. У калектыве ведаю ўсіх, адчуваю сэрцам, як да каго падысці. На першым месцы сям'я, але калі ты ў калектыве, то павінен жыць агульнымі клопатамі. Так і ў цэлым у краіне важна трымацца яднання. Асабліва ў такі надзвычай напружаны час. Ад старання кожнага на сваім працоўным месцы залежыць дабрабыт дзяржавы.
Мы павінны яе зберагчы для нашчадкаў. 

— Калі больш ведаеш, то мо і лягчэй весці за сабой калектыў?

— Наадварот, больш адчуваеш адказнасць, загадзя ведаеш, якія перашкоды могуць быць. За тваёю спінаю не толькі вытворчы калектыў, а і іх сем'і. Кожны крок абдумваеш, перш чым прыняць рашэнне, аналізуеш сітуацыю і ўзважваеш магчымасці, прагназуеш вынік. 

— Па натуры вы хто?

— Абсалютны рамантык. Люблю вясну з яе капрызамі і залаты час года — жнівень, калі з палёў даносіцца пах спелага хлеба. Ніва аддае золатам. Хлебароб атрымлівае вынік гадавога старання. Самыя светлыя ўспаміны засталіся са студэнцтва. Кожны раз, калі даводзіцца бываць у Гродне, імкнуся зазірнуць у студгарадок, прайсціся цяністымі алеямі. Мінулай вясною быў ва ўніверсітэце на размеркаванні выпускнікоў. Члены дзяржаўнай камісіі адзначылі, што звычайна па два выпускнікі накіроўвалі на працу ў адзін раён, а тут два ў гаспадарку папрасіліся. Такое зрэдку выпадае. Яны папоўнілі наш калектыў. Гэта радуе і надае аптымізму.

— Ваш жыццёвы дэвіз?

— Памятаю, як у шостым класе настаўніца ўбачыла на падлозе разбіты вазон і запатрабавала прызнацца, чыя гэта справа. Ніхто не асмельваўся назваць вінаватага. Тады яна аднаму з вучняў сказала, што ён будзе яго перасаджваць. Той спытаў чаму. А яна ў адказ: «А хто, калі не ты?» Гэтыя словы ўрэзаліся ў памяць і сталі маім дэвізам.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter