Высокія эканамічныя паказчыкі, плённая праца калектыву аднадумцаў і добрыя заробкі... Такі сённяшні дзень у сельгаспрадпрыемстве, якое пасля аб’яднання пяці гаспадарак належыць ААТ «Белаграпрамбанк»
ПРАЦОЎНЫ дзень кіраўніка прыватнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Азярыцкі-Агра» Смалявіцкага раёна Ніны ЖАЛЯЗНОВАЙ распісаны літаральна па мінутах. Таму выкраіць час для размовы з карэспандэнтам ёй
— Што сабой уяўляе ПСУП «Азярыцкі-Агра» і ў чым заключаюцца яго адметныя асаблівасці?
— Наша гаспадарка не падобная на іншыя ў многіх адносінах, — адразу ж зазначыла Ніна Вікенцьеўна. — Па-першае, па сваім геаграфічным становішчы. Яна размешчана на скрыжаванні вельмі важных шляхоў зносін, а прыязджаючыя госці з далёкага і блізкага замежжа мяркуюць аб краіне па прыгажосці дбайна дагледжаных палёў, абліччы навакольных вёсак, гасціннасці іх жыхароў-вяскоўцаў. Таму трэба падтрымліваць усё ў належным стане. І мы стараемся гэта рабіць, каб у гасцей засталіся самыя найлепшыя ўражанні аб нашай прыгожай сінявокай Беларусі. Дарэчы, толькі за апошні год да нас наведваліся дэлегацыі больш як з паўтара дзясятка краін свету.
На тэрыторыі гаспадаркі знаходзіцца Курган Славы — легендарнае гістарычнае месца, дзе падчас вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў праходзілі жорсткія баі. На нашых палях і па сённяшні дзень з зямлі нярэдка выворваюцца розныя боепрыпасы, а часам і астанкі загінуўшых байцоў.
Ёсць і такая асаблівая адмеціна — менталітэт людзей, якія насяляюць 27 вёсак, што ўвайшлі ў склад прыватнага ўнітарнага прадпрыемства пасля аб’яднання пяці гаспадарак. Да нашай зямлі літаральна ўшчыльную падступае горад Мінск, які насамрэч паглынае працоўныя і зямельныя рэсурсы. Да таго ж гараджане часам з пагардай адносяцца да вяскоўцаў. Таму наша найпершая задача — узняць прэстыж такой патрэбнай і пачэснай сялянскай працы. Мы імкнёмся палепшыць умовы працы нашых рабочых і спецыялістаў, каб яны за сваю нялёгкую работу своечасова атрымлівалі дастойны заробак. За сакавік ён у сярэднім па гаспадарцы склаў 3,4 мільёна рублёў.
У нас дружны працоўны калектыў аднадумцаў, які налічвае 640 чалавек. Касцяк складаюць улюбёныя ў сваю справу, адданыя роднай зямлі людзі, якія жадаюць і ўмеюць працаваць. Таму апошнім часам мы дабіваемся добрых вытворчых паказчыкаў. І па выніках гаспадарчай дзейнасці за мінулы год наша прадпрыемства прызнана пераможцам раённага спаборніцтва, узнагароджана пераходным Чырвоным сцягам райвыканкама. Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах у параўнанні з папярэднім годам склаў летась 120,7 працэнта. Больш чым на 18 працэнтаў павялічылася вытворчасць малака, амаль на чвэрць — вытворчасць збожжа. А выручка ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі, работ і паслуг узрасла больш чым у два разы і склала 58 мільярдаў рублёў.
Менавіта ў нашай гаспадарцы летась нарыхтавана найбольшая колькасць травяных кармоў — па 33,9 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. А трактарыст-машыніст Юрый Тароцька заняў трэцяе месца ў рэспубліцы на адвозцы травяных кармоў ад кормаўборачных камбайнаў. Летась мы былі другімі ў раёне па ўраджайнасці збожжавых культур, намалаціўшы ў сярэднім з гектара па 44,6 цэнтнера зерня. А наш валавы намалот збожжа — амаль 14 тысяч тон.
— Ваша прадпрыемства, апроч іншага, мае статус яшчэ і агародніцкай гаспадаркі…
— Так, мы адрозніваемся ад нашых суседзяў і тым, што займаемся вырошчваннем гародніны, дзе многа ручной працы і, па сутнасці, няма міжсезоннага перапынку. У цяплічным камбінаце два гектары заняты пад агуркамі, а яшчэ шэсць — пад памідорамі. Там працуюць у пераважнай большасці вопытныя цяплічніцы, сапраўдныя майстры сваёй справы — актыўныя, гаваркія, імпульсіўныя, часам гарачыя і заўсёды вельмі прыгожыя жанчыны. Летась калектывам камбіната, які налічвае 138 чалавек, пад кіраўніцтвам Аляксандра Ермаловіча вырашчана амаль 3,2 тысячы тон гародніны на 19,6 мільярда рублёў. Рэнтабельнасць вытворчасці цяплічнай гародніны склала каля 16 працэнтаў, у той час як пазалетась не перавышала і пяці працэнтаў. А раней наогул цяплічны камбінат прыносіў гаспадарцы страты. У многім паспрыяла поспехам цяплічніц укараненне новых, высокаўраджайных сартоў агародных культур пасля прыходу на камбінат такіх маладых, ініцыятыўных спецыялістаў, як Уладзіслаў Шабанаў і Віталь Рытвінскі.
Акрамя таго, у адкрытым грунце мы вырошчваем капусту, сталовыя буракі, моркву і абавязкова бульбу — у гэтым годзе плануем пасадзіць яе 230 гектараў. Ад рэалізацыі гародніны атрымліваем немалыя грошы, якія ідуць на набыццё паліва, мінеральных угнаенняў, запасных частак, аплату энергарэсурсаў, падаткаў і іншыя плацяжы. Хаця ў зімовы час даводзіцца затрачваць нямала фінансавых сродкаў на аплату энергарэсурсаў для абагрэву цяпліц. З мэтай эканоміі расходу цяпла мы абшылі іх бакавыя сценкі полікарбанатам. А на аплату прыроднага газу і электрычнай энергіі якраз і скарыстоўваем грошы, выручаныя ад продажу бульбы і гародніны адкрытага грунту, якую, між іншым, рэалізоўваем і цяпер. У нашым гароднінасховішчы да гэтага часу выдатна захаваліся і высокаякаснае насенне бульбы, і сакавітыя сталовыя буракі сорту «лола».
— Наколькі мне вядома, у «Азярыцкім-Агра» дынамічна развіваецца і жывёлагадоўчая галіна.
— Гэта сапраўды так. Агульная колькасць буйной рагатай жывёлы складае 6,5 тысячы галоў. Нашы руплівыя даглядчыкі атрымліваюць ад сваіх гадаванцаў сярэднясутачныя прывагі на цялушках па 660 грамаў, а на бычках — больш за 900. Дойнага статку ў нас утрымліваецца 2035 галоў. Летась сярэдні ўдой ад адной фуражнай каровы склаў 6727 кілаграмаў малака. А на новай малочна-таварнай ферме «Вішня», дзе ўстаноўлена сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне і прымяняюцца перадавыя метады ўтрымання, кармлення і даення кароў, гэты паказчык дасягнуў 8516 кілаграмаў. Радуе і тое, што там зведзена да тэхналагічнага мінімуму непрадукцыйнае выбыццё кароў і цялят. Адпаведна маюць жывёлаводы і добры заробак.
Дарэчы, па разліках спецыялістаў, мы маем магчымасць удосталь забяспечыць кармамі да 2,5 тысячы кароў, таму ў бліжэйшы час маем намер павялічыць пагалоўе дойнага статку і наладзіць продаж нецеляў. Ужо сёлета будзе пачата будаўніцтва і даведзена да блізкага заканчэння новая сучасная робатаферма на 1050 кароў у вёсцы Задомля, на месцы былой свінафермы. Абслугоўваць дойны статак там будуць усяго адзінаццаць жывёлаводаў, у той час як на звычайнай ферме для догляду такога пагалоўя жывёлы патрабуецца не менш чым пяць дзясяткаў рабочых. Да таго ж самі робаты будуць выконваць усе асноўныя аперацыі і тым самым намнога аблегчаць працу аператараў машыннага даення. І нашы жанчыны змогуць больш часу ўдзяляць сабе і сваім сем’ям.
— Узводзіць новыя сучасныя жывёлагадоўчыя фермы, умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу гаспадаркі і ўкараняць перадавыя тэхналогіі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, пагадзіцеся, Ніна Вікенцьеўна, было б няпроста без фінансавай падтрымкі вашага ўласніка, Белаграпрамбанка.
— З гэтым нельга не пагадзіцца, і мы вельмі ўдзячныя кіраўніцтву Белаграпрамбанка і асабіста старшыні праўлення Уладзіміру Іванавічу Падкавыраву за разуменне аграрных праблем і канкрэтную дапамогу ў іх вырашэнні. Белаграпрамбанк — гэта прыклад уласніка, які граматна і эфектыўна рэалізуе пастаўленыя кіраўніком краіны праграмы развіцця сучаснага аграпрамысловага комплексу краіны. Пры фінансавай падтрымцы пабудавана новая малочна-таварная ферма ў вёсцы Вішня на 1250 галоў, узведзены высокапрадукцыйны зернесушыльны комплекс і бункеры-накапняльнікі для захоўвання збожжа на 12 тысяч тон, выдатная лінія па ачыстцы і пратручванні насення, дзе да мінімуму зведзена ручная праца і кантакты людзей з ядахімікатамі, закуплены энерганасычаныя трактары, камбінаваныя глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, іншая высокапрадукцыйная тэхніка. З дапамогай банка нам удалося зрабіць рэканструкцыю інтэрната, дзе на працягу 22 гадоў не праводзіўся рамонт і ўмовы пражывання людзей сталі амаль невыноснымі. На яго рэканструкцыю патрачана 5 мільярдаў рублёў, затое цяпер 174 нашы работнікі і іх сем’і жывуць у камфортных умовах. Заканчваецца будаўніцтва аздараўленчага цэнтра «Сасновая», дзе ў трох доміках сядзібнага тыпу змогуць адначасова пражываць шаснаццаць сем’яў. Там ёсць лазня з басейнам, більярдная зала, кафэ на 100 пасадачных месцаў для правядзення сямейных урачыстасцей, карпаратываў, банкетаў. Акрамя таго, у арэндзе на 99 гадоў Дубраўскае вадасховішча агульнай плошчай воднай гладзі 345 гектараў, у якое запусцілі 6 тон малька рыбы. На беразе возера ўладкоўваюць сучасны пляж, будуць пабудаваны тэнісныя і гольфавыя корты, кафэ, гасцініца, пляцоўкі для дэльтапланерыстаў, для пляжнага валейбола, дзіцячыя пляцоўкі з атракцыёнамі.
Гаспадарка плануе сёлета пачаць будаўніцтва новай робатафермы ў вёсцы Задомля, узводзіцца сучаснае гароднінасховішча ўмяшчальнасцю 10 тысяч тон, з камп’ютарным рэгуляваннем мікраклімату, а таксама пяць жылых дамоў сядзібнага тыпу. Дарэчы, на жыллёвае будаўніцтва штогод укладваюцца значныя фінансавыя сродкі. Дзякуючы гэтаму ў 2007 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю і заселены рабочымі і спецыялістамі гаспадаркі 36-кватэрны дом, а за апошнія тры гады — яшчэ 15 дамоў сядзібнага тыпу. Цяпер на балансе гаспадаркі ўтрымліваецца каля двухсот кватэр і асобных дамоў, а на наступны год запланавана пачаць будаўніцтва яшчэ аднаго 60-кватэрнага жылога дома.
Па магчымасці мы аказваем матэрыяльную падтрымку размешчаным на тэрыторыі гаспадаркі школам і дзіцячым садкам, у якіх выхоўваюцца дзеці нашых работнікаў, наша будучая працоўная змена, і ўдзячны, што кіраўнікі і калектывы дзвюх сярэдніх школ і трох садкоў ахвотна дапамагаюць нам увосень ва ўборцы гародніны.
Нашы людзі, працавітыя і шчырыя, вырошчваюць хлеб, гародніну, даглядаюць жывёлу, таму для іх мы стараемся стварыць усе належныя ўмовы.
НА ЗДЫМКАХ: кіраўнік прыватнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Азярыцкі-Агра» Смалявіцкага раёна Ніна Жалязнова; механізатар Юрый СТАНКЕВІЧ самаходным агрэгатам «Раса» штодзень падкормлівае да 200 гектараў азімых культур; цяплічніца Вольга СТАНОЎСКАЯ летась вырасціла 40,3 тоны памідораў, больш чым па 44 кілаграмы з аднаго квадратнага метра; загадчык малочна-таварнай фермы «Вішня» Іван БАРОЎСКІ з перадавымі жывёлаводамі — аператарам па вырошчванні цялят Таццянай НОВІКАВАЙ і аператарам машыннага даення кароў Таццянай ДАВЫДАВАЙ.