Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Дровы

Дровы

Лес дорыць чалавеку шчодрае цяпло i неверагодную энергiю!..

Сонца толькi збiралася выкочвацца з-за Сiпачовай гары, а мы з дзядулем Дзям’янам ужо былi на возе. Пад намi на драбiнах ляжалi дзве добрыя ахапкi леташняга сена. Побач закручаныя ў старую дзяругу пакуль маўчалi пiла, добра навостраная напярэдаднi, ды некалькi таксама даведзеных да бляску сякер. У самай сярэдзiне трохi пакалыхвалася з боку на бок драўляная, мабыць дубовая, цёмная бiклага з вадой з мокрымi бакамi. Ля яе прымасцiўся пузаты клунак, перавязаны накрыж чатырма сваiмi ж канцамi — гэта быў некалi зрэбны, але ўжо трохi жоўты ад часу абрус з кухоннага стала.


А ў iм!.. Я прыйшоў у хату трохi раней i дакладна бачыў, што паклала нам з сабой бабулька Ядвiга. Там былi дзве цёмна-зялёныя бутэлькi з толькi што надоеным малаком, як у нас казалi, з сырадоем, кожная закручаная ў газету, з дзясятак яек, не меней, аблупленыя бялюткiя цыбулiны i пер’е, два боханы хлеба, трохi цукерак, салодкiя пернiкi, галушка падсушанага клiнковага сыру, ладны шматок сала з кубельца ў белай хусцiне i неверагодна пахучы кусок кумпяка. Старая хацела яго трохi парэзаць, але, адклаўшы нож, сказала: «Не, вы ўжо там, у лесе, самi. Як спадабаецца, як пой­дзе… — i дадала: — А пойдзе, я так мяркую, з вялiкiм задавальненнем, таму што ў гэтым годзе як нiколi ўдаўся… Аж свецiцца, калi нарэзаць танюткiмi скрылiкамi». Перад ад’ездам сама агледзела воз, яшчэ раз абмацала рукамi, папраўляючы шматкi сена, каб надзейна ляжалi бiклага i клунак з ежай, каб не згубiлi, каб сабакi потым не дзякавалi…


Мы ехалi ў лес, мы ехалi па дровы.

Як толькi выбралiся за вёску, конiк пабег крыху шпарчэй, добра ведаючы, што наперадзе ў нiзiнцы ляжыць ставок, напалову запоўнены празрыстай вадой, з берагамi ў кураслепе i дзiкiм шчаўi.

У лесе яшчэ панавала ранiшняя прахалода, а птушкi, пакуль сонца не прагрэла вершалiны дрэў, шчабяталi так заўзята, што падавалася, як быццам гэтая драбяза была ўзрушана i нават незадаволена нашым раннiм з’яўленнем ў iх царстве.


Праехаўшы яшчэ з добрую вярсту ўглыб, трошкi збочылi i прыпынiлiся на палянцы, на краi якой расла старая, ужо нават памiраючая бяроза.

— А вось i наша дзялянка, — сказаў Дзям’ян, павольна злазячы з воза.

…Да вечара нарыхтавалi добрых вазы тры дроў. Задаволены працай стары агледзеўся ды прамовiў:

— Ну, здаецца, усё, як належыць, як трэба. Не будзе леснiку да чаго прычапiцца.


I сапраўды, калi нават пiльна прыгле­дзецца, сляды нашай дзённай працы можна было бачыць толькi па акуратна складзеных купах бярвення i дзвюх кучах абсечанага галля.

— Пасля наступнага дажджу завiтаю, каб спалiць, — дадаў дзядуля ў канцы. — А цяпер кладзём на воз ды з богам дахаты.

У нашай мясцовасцi пра загатоўку дроў казалi: у ачыстку. Таму што, нарэзаўшы сабе дроў, кожны гаспадар вычышчаў сваю дзялянку ад ламачча ды паваленых дрэў. Насечанае галлё спальвалася, а вогнiшча засыпалася зямлёй цi закiдвалася дзiрваном. Нават пнi, якiя зразалiся каля самай зямлi, потым таксама накрывалiся iглiцай цi мохам.

— Калi не па-гаспадарску, — распавядаў мне дзед, — то ў наступны раз ляснiк дасць такую дзялянку… Толькi на дарогу туды-назад мо з дзень спатрэбiцца. Я, напрыклад, такога штрафу нiколi не атрымлiваў. А як iначай? З лесам трэба па-людску, тады i ён табе заўсёды будзе ў дапамогу…


Але гэта была толькi палова працы па нарыхтоўцы дроў. Далей iх трэба было парэзаць, пакалоць, злажыць у касцёр цi пад страху, а ў самым канцы восенi перанесцi частку цi нават усе ў драўнiцу або спецыяльна адведзенае месца ў тым жа хляве.

У нашай гаспадарцы гэтая праца была ў асноўным маёй — гэта быў час летнiх вакацый. Вядома ж, бацька дапамагаў: цi з самага ранку, да працы, цi позна ўвечары. I дапамагаў ён мне ў самым складаным — парэзаць пiлой-двухручкай бярвенне на калодкi патрэбнай даўжынi. А потым iшла ў працу сякера. Цяжкая справа, скажу вам, складаная. Але ж пасля слушных бацькоўскiх парад куча паленцаў хоць i марудна, а расла. 

Здаецца, i сакрэты былi простыя: куды ў калодку трэба сякерай патрапiць, каб яна пасля першага замаху разляцелася, як секчы калодкi з сукамi, нават пароды дрэў, i тыя ўлiчвалiся. Цi гэта была бяроза, цi сасна, цi елка — да ўсiх патрэбны свой падыход, свае маленечкiя сакрэты.


Больш за ўсё мне падабалася складваць насечаныя паленцы ў касцёр. Чым вышэй ён рос, тым больш раслi мае радасць i задавальненне, што i гэтую справу я ўмею, што i тут мая дапамога сям’i на карысць. Цi ленаваўся, не памятаю. А вось калi надыходзiў час з сябрамi на возера пайсцi цi на луг мячык паганяць альбо ўвечары ў клуб на канцэрт цi кiно — тут цярпення не хапала, каб давесцi працу да канца. Бывала, што i збягаў, кiдаў недаробленае. Вядома ж, пасля прыходзiлася адказваць. Але з цягам часу ад тых пакаранняў цi нейкiх абмежаванняў маёй дзiцячай свабоды не засталося i следу. 

Успамiнаецца толькi добрае, цёплае, шчырае: усмешкi бацькоў, iхнiя парады, якiмi я сёння час ад часу карыстаюся, якiя дапамагаюць мне дагэтуль, хаця прайшло столькi гадоў.

Яшчэ добра адклаўся ўспамiн пра той неверагодны лясны водар, якiм напаўняўся двор, калi ў яго ўязджаў воз, поўны доўгiх бярвенняў. А калi пад сякерай разляталiся калодкi, гэты пах яшчэ больш разлiваўся ў паветры, спаборнiчаў з iншымi пахамi, заўсёды перамагаючы, i кружыў галаву да таго часу, пакуль не высыхалi ў кастрах дровы, якiя пасля, згараючы ў агнi ў печы, баранiлi маiх бацькоў i мяне ад халадоў у доўгiя сцюдзёныя зiмы.

Як было добра сядзець на падлозе каля адчыненай грубкi i адчуваць тое шчодрае цяпло, тую неверагодную моц i энергiю, якую лес дарыў чалавеку да апошняга паленца, да апошняй сваёй знiчкi.

v-cvirko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter