Доктор сельскохозяйственных и экономических наук Николай Яковчик: земля для нашей семьи — основа всего

Доктар сельскагаспадарчых і эканамічных навук Мікалай Якоўчык: «Зямля для нашай сям'і — аснова ўсяго»

Больш за дзесяць гадоў доктар сельскагаспадарчых і эканамічных навук прафесар Мікалай Якоўчык працуе ў сталіцы, але гарадскім сябе не лічыць. Калі землякі выбіралі яго дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі, абяцаў, што родныя мясціны не пакіне. І слова цвёрда трымае. Кожныя выхадныя імчыць на роднае Палессе. У спадчыну застаўся бацькоўскі падворак у вёсцы Дубраўкі Драгічынскага раёна, да яго прымыкаюць тры гектары поля. Догляду патрабуе пчальнік з двума дзясяткамі вуллёў, хапае і іншых спраў. Дапамагае сын Генадзь: пасля атрымання вышэйшай аграрнай адукацыі заняўся фермерствам…

Сялянскую працу немагчыма размеркаваць раўнамерна на ўвесь год. Зіма дае магчымасць хлебаробам не толькі перадыхнуць перад чарговым вітком клопатаў, але і ўзбагаціцца ведамі ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў АПК Белдзяржагратэхуніверсітэта. Кіруе адукацыйнай установай доктар сельскагаспадарчых і эканамічных навук прафесар Мікалай Якоўчык. Пасля заканчэння з адзнакаю Ляхавіцкага саўгас-тэхнікума працоўную дзейнасць пачынаў ветфельчарам у драгічынскім калгасе імя Кірава. Завочна скончыў ветэрынарны факультэт Віцебскай дзяржветакадэміі. Мікалай Сцяпанавіч два дзесяцігоддзі кіраваў КСУП Закозельскі», на фермах гаспадаркі разам з вучонымі НПЦ жывёлагадоўлі займаўся навуковымі даследаваннямі. Паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, а потым двойчы доктарскую. Атрымаў званне прафесара.

Мікалай Сцяпанавіч выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання. Ён заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, адзначаны медалём «За працоўныя заслугі», ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу, міністэрстваў адукацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Расіі, Брэсцкага аблвыканкама.


— Мікалай Сцяпанавіч, за гады кіравання племзаводам «Закозельскі» вы вывелі калектыў у перадавыя і самі дасягнулі вышынь у навуковай дзейнасці. Чым можна растлумачыць вашу прагнасць да працы на зямлі? Адкуль яна ў вас?

— Ад продкаў. Мае дзяды Васіль Клімік і Антон Якоўчык славіліся працавітасцю. Выпала ім жыць у міжваенны час, калі наша мясцовасць была пад уладай панскай Польшчы. Вакол балоты непраходныя, зямля для апрацоўкі лапікамі параскідана ў пойме Ясельды, каштавала дорага. Абодва яны рызыкнулі завербавацца на заробкі за акіян. Тады толькі параходам можна было дабрацца да Амерыкі. Амаль год працавалі чорнарабочымі на шахтах, будоўлях. Зарабілі грошы і адправіліся дамоў. Пасажырскі параход, на якім дзядуля Антон Якоўчык вяртаўся на радзіму, у час моцнага шторму атрымаў пашкоджанне і стаў тануць. Сярод пасажыраў узнялася паніка. Дзеду ўдалося ўхапіцца за драўляны плыт і дачакацца дапамогі. Многія загінулі, а тыя, хто ўратаваўся, атрымалі стрэс. Дзядуля, каб не пужаць родных успамінамі пра перанесеныя пакуты, вырашыў дамоў без грошай не вяртацца. Наняўся бурлаком на рускай рацэ, цягаў грузавыя баржы. Калі нешта зарабіў, прыехаў дамоў. Набыў надзел і з ахвотаю ўзяўся гаспадарыць. Але сэрца, хворае ад перажытага, не вытрымала… Аўдавелую нявестку і дзяцей падтрымаў мой прадзед Мікалай Якоўчык. У працы яму не было роўных, руплівы і на слова востры. Жартаваў, што за жыццё перанёс вялікія ўзрушэнні: тройчы гарэў і столькі ж разоў жаніўся. Другая жонка памерла, калі дзеду было 80 гадоў. Яму параілі пасватацца да незамужняй кабеты з вялікай вёскі Бездзеж. Параду прыняў і вырашыў: дабяжыць без перадыху пяць кіламетраў да бездзежскага ветранага млына — можна заляцацца. Выбраў спрыяльны дзень, прычапурыўся... і як даў чосу па шляху! Ні разу не спыняючыся, забег на пагорак да млына і павярнуў да хаты Марыі, якую ў вёсцы звалі Галушкаю (была невысокаю і круглаю, як галушачка). Жанчына прыняла прапанову васьмідзесяцігадовага жаніха. Так разам і гаспадарылі. У 94 гады дзядуля пешкі пайшоў у Драгічын купляць каня, каб вясновым цяплом поле ўзараць. Пераходзіў праз талы лёд на струзе і праваліўся. Сяляне дапамаглі выбрацца з ледзяной купелі, але ён захварэў запаленнем лёгкіх. Да ўрачоў не звяртаўся, спадзяваўся, што хвароба пройдзе. Але на ногі так і не падняўся. Перад адыходам у вечнасць папрасіў, каб мяне да яго прывялі. З усіх нашчадкаў чамусьці мяне найбольш шкадаваў.

— Мо ад яго і перадалася апантанасць да працы на зямлі?

— Каб таго каня не купляў, то жыў, мабыць, яшчэ і я многае ад яго пераняў бы. Збрую каня дзядуля трымаў у парадку. Сошка, плуг, барана і іншыя яго сялянскія прылады перайшлі нам у спадчыну. Бацька вучыў, як за плугам хадзіць і касу ў руках трымаць. Ён з любой сялянскай справай выдатна спраўляўся. Па навакольных вёсках дамы рамантаваў, печы мураваў. На ўсе рукі майстар быў. Доўгі час жылі ў старой дзедавай хаце. Адну палову займала сям'я, а ў другой вясковыя дзеці вучыліся. Бацька новы дом збудаваў, усё ў ім сваімі рукамі вырабіў.

У калгасе бацькам за працадні, акрамя некалькі кілаграмаў жыта ці бульбы, нічога не выдавалі. Трымалі карову, свіней, авечак, гусей, курэй, пчол. У Дубраўках было 130 двароў, і толькі тры гаспадары мелі вуллі. Калі бацька захварэў, паклікаў мяне і перадаў пчалярства. Ад яго прыняў восем вуллёў з пчалінымі сем'ямі, а зараз у нас іх у тры разы больш.

Лягчэй вяскоўцам стала, калі пачалі выплачваць грошы, пенсіі. Мы выхоўваліся на асабістых прыкладах бацькоў і родных. Модна было збірацца на так званыя бяседы, дзе абмяркоўваліся розныя праблемы. Гулялі на прастольныя святы ў родзічаў, спявалі мясцовыя песні і тыя, што чулі па радыё. І зараз любім гуртавацца для агульнай працы і адпачынку. Так нарадзіліся ў маёй душы патрыятычныя пачуцці. Усё жыццё імкнуся крочыць шляхам дабра.

— Ваша старанне і ўклад у развіццё аграрнага сектара краіны адзначаны медалём «За працоўныя заслугі». Такі значны падарунак атрымалі ў свой юбілейны год!

— З хваляваннем у сэрцы прымаў медаль з рук Прэзідэнта. Незабыўнае ўражанне! Як і той памятны прыезд Аляксандра Рыгоравіча летам 2005 года ў гаспадарку. Тады цэнтральная сядзіба — вёска Закозель — першай у рэспубліцы атрымала статус аграгарадка. З такіх важных момантаў складаецца гісторыя.

На нашых фермах навукоўцы НПЦ жывёлагадоўлі Нацыянальнай акадэміі навук праводзілі даследаванні, засвойваліся інава­цый­ныя тэхналогіі. Была апрабавана ў дзеянні даільная ўстаноўка «Вестфалія». Вывучалі на замежных фермах і ўкаранялі ў сябе сучасныя метады ўтрымання жывёлы. Заняліся добраўпарадкаваннем палявых дарог, за свае сродкі асфальтавалі вуліцы. Потым дзяржава вярнула частку затрат. Памятаю, як з банка паведамілі, што на рахунак гаспадаркі залічана значная сума. Ноч не спаў і думаў, як лепш выкарыстаць грошы, каб іх не з'ела інфляцыя. За гэтыя паступленні ад дзяржавы набылі 14 трактароў, шэсць МАЗаў і адзін суперМАЗ. Калі прыгналі, пасадзіць на іх не было каго. Падабралі кадры да працы на сучасных машынах. Старыя рэстаўрыравалі і прадавалі іншым гаспадаркам, а таксама лепшым нашым механізатарам. Магутная тэхніка і агрэгаты замянілі коней. Табун у нас быў вялікі, вырашылі прапанаваць яго вясковым гаспадарам. Людзі здзівіліся: такога за ўсю гісторыю гаспадаркі не было. Усе, хто хацеў, набылі коней.

— Адкрыццё «железного занавеса» дазволіла выязджаць у іншыя краіны, пераймаць там вопыт. Знаходзілі час і магчымасць для такіх дзелавых паездак?

— Не толькі мы выпраўляліся ў Еўропу, а і да нас прыязджалі павучыцца гаспадарыць. Калі вяртаўся з замежных паездак, дамоў вёз ідэі і поўны чамадан розных эксклюзіўных прылад для выкарыстання на жывёлагадоўчай ферме. Гэта і незвычайная соска для выпойвання цялят, і трохканцовы ланцуг для прывязі ў памяшканні гадаванцаў рознага ўзросту. Легкавіком з Германіі даставіў пластмасавую клетку для ўтрымання маладняку. Толькі потым падобныя сталі вырабляць на заводзе ў Віцебску. Па нямецкай тэхналогіі аднымі з першых у рэспубліцы пачалі закладваць сянаж з прымяненнем біялагічных кансервантаў. Гаспадарка па прадукцыйнасці дойнага статка была сярод лідараў у краіне. На нашых жывёлагадоўчых фермах пастаянна вяліся навуковыя даследаванні, вынікі якіх апрабаваны і знайшлі прымяненне ў вытворчасці. Кандыдацкую дысертацыю прысвяціў вывучэнню і вырашэнню праблем сельскагаспадарчай вытворчасці, у прыватнасці корманарыхтоўцы, утрыманню і кармленню жывёлы, павышэнню яе прадукцыйнасці, укараненню энергазберагальных тэхналогій. У доктарскай даследаваў рацыянальнае выкарыстанне энерга­рэсурсаў у жывёлагадоўлі на прыкладзе некаторых гаспадарак з розных рэгіёнаў рэспублікі. Паспяхова абараніўся ў Маскве і атрымаў званне доктара эканамічных навук, а ў Беларусі за тэхналагічнае навуковае даследаванне вучоны савет прысвоіў званне доктара сельскагаспадарчых навук. І пасля абароны доктарскіх дысертацый кіраваў калектывам. Паспяхова развівалася ў гаспадарцы жывёлагадоўля. Племянны маладняк, які вырошчвалі нашы жывёлаводы, карыстаўся вялікім попытам. З агульнага прыбытку пастаянна выдзялялі сродкі на будаўніцтва сацыяльна-культурных аб'ектаў. Дайшлі рукі і да старых панскіх муроў. Аграгарадок Закозель мае багатую гісторыю: у былыя часы тут гаспадарыў заможны род, які папоўніла пісьменніца Эліза Ажэшка. Захавалася радавая пахавальня.

— Акрамя кіравання гаспадаркай, навуковых даследа­ванняў, у вас і вялікі вопыт грамадскай дзейнасці. Як удаецца паспяваць ва ўсіх справах?

— Зараз шмат гаворыцца пра матывацыю да працы, а мяне з малых гадоў выхоўвалі на адказнасці да даручанай справы. Калі да ўсяго сур'ёзна ставіцца, не гнацца за нейкімі бонусамі, то ўсё будзе ладзіцца. Дванаццаты год узначальваю Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Да нас едуць на вучобу спецыялісты, кіраўнікі гаспадарак. Саўмін вызначыў нашу ўстанову базавай па падрыхтоўцы рэзерву аграрных кадраў. Сярод слухачоў большасць маладых спецыялістаў, учарашніх выпускнікоў аграрных ВНУ. Дзялюся з імі думкамі, якім павінен быць сучасны кіраўнік, практычным вопытам. Расказваю, як прымаць наведвальнікаў, весці размову з падначаленымі. Гэта быццам элементарныя рэчы, але з іх складаецца імідж. Падзяліўся нават успамінамі, як у час працы кіравання гаспадаркай сяляне, якія заходзілі на прыём да мяне ў кабінет, здзіўляліся, што прапаноўваў ім разам выпіць гарбаты. Людзі да такіх адносін не былі звыклыя. Потым гэта стала ў нас правілам.

На працы трэба быць акуратным, стрыманым. Гэта немалаважны фактар для сучаснага кіраўніка. Пры заканчэнні двухмесячных курсаў перападрыхтоўкі звычайна ладзім круглыя сталы, дзе вядзём шчырую размову.

— На павышэнне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны звяртаў асаблівую ўвагу Прэзідэнт на сустрэчы з аграрыямі Гомельшчыны.

— Вядома, што аснова поспеху — парадак і дысцыпліна. На гэта ў першую чаргу звяртаем увагу ў вучэбным працэсе нашага інстытута. Заняткі вядуць вопытныя спецыялісты, навукоўцы, запрашаем выступаць і адказных асоб з Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Чамусьці так атрымліваецца, што пераважная колькасць слухачоў з больш паспяховых абласцей, дзе лепшыя вынікі працы: з Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай. Гомельская — у аўтсайдарах. Там па сваёй схеме арганізавана перападрыхтоўка аграрных кадраў: слабыя гаспа­даркі замацоўваюцца за эканаміч­на моцнымі. Пажадана, каб смялей да нас ехалі і кадры з віцебскіх аграхолдынгаў. Маё стаўленне да такіх інтэграцыйных структур неадназначнае. Цэнтры іх — у асноўным малаказаводы ці мясакамбінаты. Гэта затратна для дзяржавы, яна выдаткоўвае сродкі на іх стварэнне. Не па-гаспадарску замест выкарыстання былых жывёлагадоўчых памяшканняў будаваць новыя. Лепш рэканструяваць фермы — сабекошт прадукцыі зніжаецца. Здзіўляюць мяне апусцелыя двухпавярховыя дамы на Віцебшчыне. Іх можна аддаваць бежанцам ці пераабсталяваць пад інтэрнаты для часовых рабочых. Канешне, прымусіць людзей жыць там, дзе няма працы і сацыяльнай інфраструктуры, не атрымаецца. Трэба пра ўсё комплексна дбаць. У першую чаргу выкарыстоўваць і стымуляваць натуральнае жаданне чалавека рэалізоўваць свае задумы, клапаціцца, каб было каму працягваць справу.

— А вашы дзеці намераны працягваць сямейную традыцыю працаваць на зямлі?

— Сын Генадзь займаецца фермерствам у вёсцы Людвінова — вырошчвае збожжавыя, клубніцы і маліну. Рыхтуе памяшканні для ўтрымання авечак. Плануем з ім у Дубраўках, дзе застаўся баць­коўскі дом, назваць аграсядзібу «Бацькоўскі падворак». Зносім старыя кінутыя падворкі, наводзім парадак. Нідзе так не спачываю душою, як на малой радзіме. Зямля дае сілы, настрою, жадання тварыць. Як пачынаю там касіць, зграбаць траву, поле апрацоўваць, не адчуваю, як вечар надыходзіць. Дачка Іна з сям'ёю атабарылася ў аграгарадку Закозель.

Працую ў сталіцы, але ад малой радзімы не адрокся. Многім землякам дапамог, гэта маё жыццёвае крэда. Бацькі, калі да іх прыходзілі, нікому не адказвалі. І я з маладых гадоў, калі працаваў ветэрынарным урачом, безадказна па вёсках лячыў жывёлу. З жонкай Вольгай Арцёмаўнай такімі імкнуліся выхоўваць сына Генадзя і дачок Іну і Кацярыну. У нас тры ўнучкі і два ўнукі. Старэйшы Арцём працуе ўрачом у Драгічыне, пабудаваў уласны дом. Другі ўнук Фёдар вучыцца ў аспірантуры Белдзяржуніверсітэта.

— Каму ў будучым гаспадарыць на вашай Бацькаўшчыне?

— Спадзяваюся, што Фёдар абароніць кандыдацкую дысертацыю і вернецца ў родныя мясціны. Любіць ён раслінны і жывёльны свет. Зямля для нашай сям'і — аснова ўсяго.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter