Паэтка Галіна Бабарыка са столінскай вёскі Мачуль распавяла пра літаратурныя густы і пісьменніцкае крэда

Добрая кніга даражэй за «хлеб і відовішчы»

З гэтым аўтарам наш чытач час ад часу сустракаецца па суботах у «Беларускім ручніку». Вершы Галіны БАБАРЫКА пра родную старонку, мову і беларускую вёску кранаюць душу. Нездарма: Галіна Сідараўна, атрымаўшы адукацыю настаўніка, жыве і працуе ў месцы, дзе нарадзілася і вырасла, — столінскай вёсцы Мачуль. Ведае сялянскае жыццё, як мала хто. А гэтай восенню Галіну Бабарыка напаткала чарговая творчая ўдача: яна атрымала прэмію Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка за кнігу «Дарога ў восень». Цікава, што гэты  зборнік лірыкі паэтка не магла выдаць некалькі гадоў.

З якімі цяжкасцямі сустракаецца аўтар, працуючы ў глыбінцы, ці віруе там літаратурнае жыццё? На гэтыя і іншыя пытанні Галіна Бабарыка адказала карэспандэнту «СГ».

— Галіна Сідараўна, віншуем з прэміяй. Шлях кнігі “Дарога ў восень” да перамогі ў творчым праекце, ведаю, быў не такі просты…

— Гэта сапраўды так. У мяне не атрымалася аднойчы ў 2006 годзе пазмагацца за прэмію з першым зборнікам “Давер”. Яго спрабавалі падаваць на намінацыю, але мы спазніліся. Наступную кнігу “Дарога ў восень” удалося надрукаваць толькі ў 2015-м. Шчыра кажучы, я не разлічвала, што апынуся ў ліку пераможцаў, хоць раней, калі яшчэ зборнік быў у рукапісе, пісьменнік Анатоль Крэйдзіч — ён у той час узначальваў Брэсцкае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі — мне казаў: “Друкуй кнігу, будзеш пераможцай”. Але фінансаў не хапала.

“Дарогу ў восень”, як і “Давер”, выдавала за ўласныя грошы — пакуль што гэта самы кароткі і рэальны шлях займець свой зборнік. З выпускам першай кнігі, дарэчы, пашанцавала больш: мне дапамагаў старшыня мясцовага СВК “Палеская ніва” Мікалай Ажог. Шчыры дзякуй Мікалаю Іванавічу за падтрымку. З другім зборнікам, які пэўны час праляжаў у Саюзе пісьменнікаў, складаней — яго ўзялі на рэалізацыю некалькі арганізацый. Але і гэта добра: са спонсарамі складана.

— Але ж гэта не значыць, што іншых спосабаў для таго, каб уласныя творы пабачылі свет, няма. Чаму, напрыклад, не тая ж перыёдыка?

— Сапраўды. Газеты і часопісы даюць добры штуршок, асабліва для пачынаючых творцаў. У гэтым сэнсе вельмі ўдзячная вашай газеце. Ведаеце, у свой час менавіта  з “Белорусской нивы” пачаўся і мой шлях у прафесійную літаратуру.

Вершы спрабавала складаць яшчэ ў дзяцінстве. Затым пісала проста, як кажуць, у стол. Хавала запісы. Але потым вырашыла паспрабаваць сілы на творчым літаратурным конкурсе “Сярэбраныя радкі”, які праводзіла ваша выданне, і па яго выніках апынулася ў ліку пераможцаў. Сама нават не чакала. У Мінску была арганізавана творчая сустрэча з удзельнікамі спаборніцтва. З той самай пары пачалося і маё знаёмства з вядомым паэтам Уладзімірам Карызнам. Пасля ён даў мне рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Дарэчы, пазней выйшла кніга “Беларускі ручнік”, дзе змешчаны і мае вершы.

— Гэта значыць, што вы можаце параіць аўтарам, асабліва пачынаючым, прасоўваць сябе, забыўшыся на сціпласць?

— Так. Варта актыўна ўдзельнічаць у розных конкурсах, імпрэзах, праектах. Не трэба баяцца заявіць пра сябе. Таму што з кожнай новай сустрэчай у цябе з’яўляюцца нейкія знаёмствы. А потым — прапановы супрацоўнічаць. Напрыклад, знянацку могуць патэлефанаваць і запрасіць паўдзельнічаць у нейкім паэтычным калектыўным зборніку. Ці нешта іншае. Прасоўваць сябе нясорамна ў любым узросце — і калі табе 20, і калі 40 гадоў. Іншая справа — чым больш сталым ты становішся, тым больш вопытным. Тады ёсць пра што напісаць. Жыццёвы багаж… Вось што сапраўды важна для літаратара, на маю думку. Ужо потым трэба задумвацца над пытаннем, дзе друкавацца.

— А стаўленне сучаснага чытача да кнігі – яно, на ваш погляд, не такое прыязнае, як хацелася б?

— Сёння шмат хто жыве па прынцыпе “хлеба і відовішчаў”. Гэта значыць, што большасць чытачоў аддасць вялікія грошы, каб патрапіць на выступленне якога-небудзь там Міхайлава. А літаратура адыходзіць на другое месца. Аднак правінцыяльныя літаратары, на маю думку, увагай чытачоў не пакрыўджаны. Узяць тых жа мачульцаў. Калі выходзіць у друк чарговы мой твор, жыхары падыходзяць, дзякуюць і ганарацца — маўляў, такі добры верш, так спадабаўся. Галоўнае для пісьменніка, як ні круці, каб яго чыталі. Проста аўдыторыя ў кожнага свая. Дарэчы, калі прайшло паведамленне, што я перамагла ў гэтым літаратурным конкурсе, то мне тэлефанавалі людзі з навакольных вёсак, іншых гарадоў, віншавалі. Гэта вельмі прыемна.

— А ці часта вы сустракаецеся з калегамі па літаратуры?

— Некалькі разоў на год. Пры раённым метадычным кабінеце Століна існуе аб’яднанне “Натхненне”. Галоўнае ў такіх сустрэчах — абмен думкамі, магчымасць выслухаць меркаванні калег.

Падтрымліваем сувязі з літаратарамі з іншых райцэнтраў, Брэста, Мінска і нават з Украіны. Таксама на імпрэзы і да творчых праектаў прыцягвае Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Справай гонару лічу навучыць асновам вершаскладання і сваіх вучняў. У нас у школе ёсць гурток “Мастацкае слова”, у якім мы засвойваем асновы вершаскладання. Дарэчы, першыя паэтычныя і празаічныя спробы маіх падапечных ужо друкавала раённая газета.

— Галіна Сідараўна, вялікая адказнасць ляжыць спачатку на настаўніку: ён і чытаць з маленства вучыць, і паказвае дзецям якасную літаратуру. Але ўсё ж найбольшая адказнасць — на пісьменніку?..

— Зразумела, так. Калі з маленства дзеці бачаць добрыя кнігі (дзякуй богу, цяпер выданні для малых добра ілюстраваныя, аздобленыя на выдатна), то з чытацкім густам у будучым будзе ўсё добра. Пісьменнік жа павінен заўсёды думаць пра сваю гуманістычную і асветніцкую ролю. Наконт гэтага ёсць прытча. У пекле стаялі два катлы. У адным з іх сядзеў злодзей, у другім — пісьменнік. Апошні спачатку ўбачыў, што пад яго суседам моцна гарыць агонь, і ўзрадаваўся. Але сітуацыя перамянілася: пад злодзеем ледзь-ледзь стала тлець, а пад пісьменнікам запалаў агонь. Падышоў служка з пекла і растлумачыў: “Тваю кнігу ўзяў проста нехта пачытаць. А ты сваімі словамі згубіў чыюсьці душу”. Вывад — і пісьменнік, і паэт заўсёды павінны думаць пра тое, што яны пішуць і гавораць.

uskova@sb.by

Фота з архіва Галіны БАБАРЫКА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter