Умер белорусский писатель Георгий Марчук

Давыд-Гарадок даў яму крылы

Георгій Марчук навечна вярнуўся да кветак палескай правінцыі...

Учора цвінтар старажытнага Давыд-Гарадка прыняў на вечны спачын слыннага палешука, даўняга сябра «Сельской газеты» Георгія Васільевіча Марчука. На 77-м годзе абарвалася жыццё вядомага беларускага пісьменніка, сцэнарыста, драматурга. За экранізацыю рамана «Кветкі правінцыі» ён уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Талент і грамадская дзейнасць адзначаны прэміяй «За духоўнае адраджэнне», ордэнам праваслаўнай царквы Анастасіі, прэміяй рускага пісьменніка Аляксандра Іванавіча Ганчарова, медалём расійскай акадэміі славеснасці «Прыхільнік асветы». Багаты і шматгранны творчы арсенал літаратара: дзесяць раманаў, паўсотні п'ес, дзіцячыя кніжкі казак, зборнікі навэл, афарызмаў, «Давыд-гарадоцкіх канонаў», сцэнарыі кінафільмаў. Георгій Васільевіч творчую дзейнасць спалучаў з працай сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, быў членам Грамадскага савета па маральнасці. Двойчы намінаваўся ад Беларусі на Нобелеўскую прэмію. Творы яго ўключаны ў школьную праграму і перакладзены на англійскую, балгарскую, рускую, украінскую, літоўскую, казахскую, польскую, македонскую мовы.

Фото из архива «СБ»

Да апошніх сваіх дзён творца быў аддадзены роднай Беларусі. Выхад кожнага новага рамана абавязкова прыязджаў прэзентаваць у дарагі сэрцу Давыд-Гарадок, дзе прайшло яго басаногае дзяцінства. Падлеткам асірацеў. Выхоўваўся ў дзядулі і бабулі. З якой любоўю заўжды расказваў пра іх. Калі школьнікам выпісаў часопіс «Мастацтва кіно», то быў здзіўлены рэакцыі бабулі, якая даведалася пра гэта. Баяўся, што будзе ругаць. «Хопіць гандляваць насеннем, спасцігай навуку», — падтрымала яна ўнука. З-за частых хвароб хлопчык лячыўся ў дзіцячым санаторыі. Там была багатая на беларускую літаратуру бібліятэка. Зачытваўся творамі класікаў. 

Пісьменніцкі талент яго прыкмеціла ў выпускным класе настаўніца рускай мовы і літаратуры. У сачыненні пра развітанне з юнацтвам яе кранула трапная вобразнасць. Узгадваючы пра гэта, Георгій Васільевіч адзначаў, што быў вельмі здзіўлены, калі на наступным уроку настаўніца абвясціла яго сачыненне лепшым і зачытала вучням. Напоўнена яно было развагамі пра жыццё жыхароў правінцыяльнага гарадка з яго векавымі ўкладамі, пра юнацкае расстанне з бацькоўскім парогам. Потым сачыненне зачытвалі выпускнікам наступных гадоў. Атрыманая за яго пяцёрка запаліла ў сэрцы юнака творчы агеньчык. Пасля няўдалага паступлення ў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі вярнуўся дамоў і кіраваў драматычным гуртком пры Доме культуры ў Давыд-Гарадку, а потым працаваў метадыстам у Столінскім раённым доме культуры. З гумарам узгадваў Георгій Васільевіч, як палескай пявучай мовай здзівіў прыёмную камісію тэатральна-мастацкага інстытута. Паспяхова здаў іспыты і стаў студэнтам. Завочна вучыўся і працаваў адміністратарам, асістэнтам рэжысёра на кінастудыі «Беларусьфільм». Наведваў секцыі пры саюзе пісьменнікаў. Завочна закончыў у Маскве Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў. Загадваў літаратурнай часткай Тэатра-студыі кінаакцёра. 

Праз дзесяцігоддзі, узгадваючы маладосць, Георгій Васільевіч прыгадаў лёсавызначальную сустрэчу з дзяўчынай на сталічным праспекце. Пазнаёміліся і сталі сустракацца. А потым і пажаніліся. З жонкай Наталляй выхавалі і аддалі замуж дачку Наталлю. Радаваліся нараджэнню ўнучкі. Не крыўдзіўся дзядуля на маленькую Марыйку, калі прапанову пачытаць яго новую дзіцячую казку адкладвала на потым і бавіла час за камп'ютарам. У апраўданне любай гарэзы адзначаў, што нас змяняе іншае пакаленне. 

Больш за паўвека таму Георгій Марчук развітаўся з Давыд-Гарадком, але так і не пазбавіўся ад пявучай палескай гаворкі. У сваіх творах выкарыстоўваў дыялектызмы, каб чытач больш яскрава адчуваў каларыт. Запомніўся яго ўспамін, як перачытваў раман Міхаіла Шолахава «Ціхі Дон» і заўважыў слова «сернікі», якое выкарыстоўваюць і палешукі. Некаторыя падзеі рамана адбываліся на пачатку мінулага стагоддзя ў памежжы Украінскага і Беларускага Палесся. Шолахаў дакладна і прыгожа апісвае краявіды, дзе ніколі сам не бываў. Дапытлівы Марчук даведаўся, што прататып шолахаўскага Рыгора Мелехава Харлам Ермакоў бываў у Давыд-Гарадку. Ён змагаўся на Палессі з ворагам у час Першай сусветнай вайны. Шолахаў перад напісаннем «Ціхага Дона» днямі слухаў ваенныя аповеды казака Ермакова і прагна занатоўваў, а потым дакладна перанёс у свой эпахальны твор. Павучальным стаў гэты творчы прыём. Перад напісаннем эпічнага рамана «Крык на хутары» Георгій Васільевіч вывучаў па архівах гістарычныя факты, абагульніў і толькі потым прыступіў да працы. З першых старонак уцягваешся ў падзеі, перажываеш за кожнага героя. А іх у рамане больш за дзве сотні, і кожны мае асаблівасці характару. Аўтар расказваў, што касцяк герояў пісаў з рэальных людзей. Пісьменнік карпатліва вывучаў архіўныя дакументы, занатоўваў успаміны цікавых людзей, якім давялося жыць пры панскай уладзе. 

Без гонару расказваў творца, як адважыўся папрасіць Васіля Быкава азнаёміцца з раманам «Крык на хутары». Пазней даведаўся, што Васіль Уладзіміравіч пасля прачытання цікавіўся ў Адама Мальдзіса, ці не той гэта Марчук, што сядзеў у трыццатых гадах у польскіх вязніцах. Народны пісьменнік адзначыў, што твор пераканаўчы, і быў здзіўлены ўзростам аўтара — усяго 28 гадоў. Натхнёны такой высокай ацэнкай, малады літаратар заўзята ўзяўся за працяг твора. 

Гучны рэзананс у чытачоў атрымаў аўтабіяграфічны раман «Кветкі правінцыі». Нядаўна яго агучылі на радыёканале «Культура». Кожны вечар паўгадзіны чыталі ў эфіры чарговы ўрывак. Мяне здзівіла, адкуль выканаўца твора Алег Вянярскі так удала пераняў давыд-гарадоцкую гаворку. Георгій Васільевіч потым расказаў мне, як вучыў дыктара палескаму вымаўленню. Міжнародную літаратурную прэмію імя Івана Аляксандравіча Ганчарова атрымаў аўтар рамана. Паспяхова экранізаваны твор на кінастудыі «Беларусьфільм».

Любіў ён сустракацца з землякамі, занатоўваць цікавыя факты. Адна з такіх сустрэч з вясковым ветэранам вайны падштурхнула яго на напісанне аповесці-рамана «Паляшук». Прысвечаны твор надзённым маральна-этычным праблемам сучаснасці. У ім зборны вобраз галоўнага героя Карнея, які жыве ў неперспектыўнай вёсцы. Падзеям, што адбываліся ў Скідалі, прысвечаны раман «Без анёлаў», а дзеянні літаратурных герояў кнігі «Вочы і сон» сканцэнтраваны ў Мірскім замку. Нядаўна ўбачыў свет яго аўтабіяграфічны раман «Летний дождь». 

Георгій Васільевіч умеў радавацца не толькі сваім поспехам, а і чужым. Ніколі не ўтойваў планаў. Шмат іх было ў творцы. Чуў ад яго, што збіраўся адзін з чарговых твораў прысвяціць палескаму свяціцелю Кірылу Тураўскаму.

Узрост надае чалавеку развагі. Гэта адчувальна ў жанравай творчасці Георгія Марчука. Кароткія філасофскія эсэ пра біяструктуру чалавечую, боскую, прыродную пісьменнік абагульніў у «Давыд-Гарадоцкіх канонах». Два з іх уключаны ў школьную праграму. Асабліва запаў у сэрца «Канон пра маці». Узбагацілі творчую палітру пісьменніка драматургічныя творы. Многія з іх увайшлі ў рэпертуар тэатраў. Сярод іх нямала адзначана на прэстыжных конкурсах. Драма «Магіла Чынгісхана» ўвайшла ў савецкую анталогію аднаактавай п'есы. А колькі песень пра родны Давыд-Гарадок, любімую раку Гарынь, цудоўныя палескія мясціны напісана таленавітым аўтарам! Трапным радком ён умеў адмерваць афарызмы. 

Творчы патэнцыял яго быў бязмерны. Нават працяглая цяжкая хвароба не спыняла дзейнасць. Адчуваў, што сілы пакідаюць, і спяшаўся выказацца трапным словам. Дарогай дальняю назаўсёды вярнуўся да бласлаўлёных кветак правінцыі. Людзі з чыстай душой і на нябёсах запатрабаваны... 

subbat50@mail.ru
Калектыў рэдакцыі «Сельской газеты» глыбока смуткуе з нагоды смерці Георгія Васільевіча Марчука, пісьменніка, грамадзяніна і аўтара газеты, і выказвае спачуванні яго родным, блізкім і землякам.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter