13-гадовая беларуская балерына пазмагаецца за перамогу ў фінале прэстыжнага міжнароднага конкурсу ў ЗША

Датанцаваць да алімпу

Каб патрапіць на фінішную прамую Youth America Grand Prix, вучаніцы Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Алесі Асташонак прыйшлося абысці каля 3,5 тысячы дзяцей з усяго свету. Менавіта столькі заявак было пададзена на ўдзел у танцавальным спаборніцтве.

Паўфіналы аднаго з самых буйных і аўтарытэтных конкурсаў у свеце, у якім удзельнічаюць вучні балетных школ, праходзілі сёлета ў Амерыцы, Аўстраліі, Бразіліі, Карэі, Мексіцы, Францыі і Японіі. Наша суайчынніца выступіла ў паўфінале YAGP у амерыканскай Філадэльфіі. Дзяўчына выканала варыяцыі з балетаў “Карсар” і “Раймонда” і заняла 2-е месца сярод 112 удзельнікаў ва ўзроставай катэгорыі 12—14 гадоў, пакарыўшы журы тэхнікай выканання і артыстычнай падачай.

Для Алесі гэтая перамога не першая ў кар’еры. Летась юная артыстка стала трэцяй на “Танцавальным Алімпе” ў Берліне, а з італьянскага Спалета прывезла золата і бронзу. Акрамя таго, яна з’яўляецца стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Пакуль артыстка вядзе падрыхтоўку да наступнага этапу спаборніцтва — займаецца ў родным каледжы ў Мінску. Але ўжо ў красавіку зноў адправіцца за акіян — на фінал танцавальнага конкурсу, які адбудзецца ў Нью-Ёрку. Пераможцы праекта атрымаюць прэстыжныя стыпендыі. Спадзяёмся, што сярод іх будзе і наша беларуская зорачка.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter