Колас был в рядах писателей, которые острым словом выступали в защиту прогресса, против войны и разрушения

«Чую матчыну песню…»

Куратарам нашай першай групы на журфаку Белдзяржуніверсітэта быў малады дацэнт, будучы доктар гістарычных навук, прафесар Іван Іванавіч Сачанка, які выкладаў замежную журналістыку і літаратуру.

Калі прыйшла пара напісання дыпломаў, у нас зайшла размова пра багатую спадчыну Якуба Коласа, і Сачанка нечакана прапанаваў: «Слухай, а напішы ты пра ягоную творчасць у вайну!» Так нарадзілася мала тады вывучаная тэма «Публіцыстыка Я. Коласа ваеннага перыяду». Кіраўніком дыпломнай стаў Сачанка, а рэцэнзентам — наш непаўторны дэкан Рыгор Васільевіч Булацкі. Абараніўся я, з адзнакай, 29 мая 1975 года... З таго даследавання і пачалося маё бясконцае знаёмства з унікальнай творчасцю Песняра.

Пясняр на калгасным полі, 1951 г.

Збіраў, аналізаваў і асэнсоўваў матэрыял (чытаў, як заўжды раблю, не толькі «па тэме», але і вакол яе) і знайшоў прызнанне Коласа ў тым, што ён лічыў сябе ў абсалютна аднолькавай ступені паэтам і празаікам. І сапраўды: што лепш (калі гэта ўвогуле можна неяк параўноўваць) — ліра-эпічная паэма «Новая зямля», якую Пятрусь Броўка назваў своеасаблівай «Калевалай» беларускага народа, ці эпічная трылогія «На ростанях», якую Іван Навуменка лічыў першым буйным празаічным творам беларускай літаратуры, дзе ва ўсім сваім багацці і бляску заззяла родная мова?!

Да «Новай зямлі», дарэчы, трэба дадаць яшчэ адзін шэдэўр нашай паэзіі пачатку мінулага стагоддзя — ліра-эпічную паэму «Сымон-музыка», пяць частак якой, адзначаў памерлы ў 1938-м у Паўночным чыгуначным папраўча-працоўным лагеры таленавіты літаратуразнавец Адам Бабарэка, адпавядаюць пяці кругам жыцця і «блукання паміж нябёсаў і зямлі» галоўнага героя. «Сымон-музыка» стаў вобразам беларускага паэта-адраджэнца, які, па словах таго ж рэпрэсіраванага Бабарэкі, перадусім аддаў сваю пяснярскую энергію на змаганне за нацыянальную і сацыяльную свядомасць беларусаў. Таму ён і тварыў адпаведную песню ды сам пракладаў ёю ў жыцці «пяснярскую каляіну». Кожны раз, калі перачытваю гэты вершаваны расказ пра адоранага ад прыроды вясковага хлопчыка, якога бацька выгнаў з хаты і які апынуўся сярод добрых і злых людзей, здзіўляюся ўнікальнасці і разнастайнасці зместу, падтэкставым, як кажуць, плыням, філасофскаму сэнсу, моўнаму багаццю і гучанню... Прачытайце-перачытайце, хто гэтага яшчэ не зрабіў, і вы адчуеце, акрамя ўсяго, сапраўдную асалоду ад пейзажных замалёвак. А з якім замілаваннем намалёваны прыродныя стыхіі і ўсе поры года!

Быў Колас і глыбоканаглядальным, удумлівым, палымяным публіцыстам. Гэта падкрэсліў у прадмове да ягонага зборніка публіцыстычных і крытычных артыкулаў, якія ўпершыню былі сабраныя разам толькі ў 1957 годзе, Пятрусь Броўка. У кнізе на 600 старонках, якая стала мне падарункам журфакаўскага настаўніка і якую я, вядома ж, захаваў да гэтага часу, змешчаны амаль усе публіцыстычныя артыкулы, выказванні, нататкі і прамовы паэта. У ліку апошніх — «К мести, братья-славяне!». З ёй Колас выступіў 9 мая 1943 года на Трэцім Усеславянскім мітынгу ў Маскве.

Вось яе крыху скарочаны тэкст:

«Без малого два года зверствуют фашистские грабители на белорусской земле. Дорого обошлись немецким оккупантам попытки придавить к земле свободолюбивый белорусский народ. За время войны народные мстители Белоруссии уничтожили более 150 000 гитлеровских солдат и офицеров.

Где бы ни находился белорус — на фронте, в партизанском отряде, в тылу, — он всюду горит одним желанием: истребить взбесившееся фашистское зверье, избавить от этой напасти родную Белоруссию. Во имя этой возвышенной и благородной цели самоотверженно борется и доблестно трудится белорусский народ.

Братья-белорусы! Наступила весна. Пусть вдохнет она в сердца новые силы, еще выше поднимет ваш дух непреклонной воли к борьбе! Пусть вся наша земля — от Беловежской пущи до Приднепровья, от Бреста до Гомеля, от Белостока до озерной Витебщины — запылает под ногами врага! К мести, братья-славяне! К беспощадной и неугасимой мести! Пусть гитлеровские палачи захлебнуться в своей собственной крови!»

Выданне з прадмовай Петруся Броўкі.

Зычны голас публіцыста Пясняр узняў супраць фашызму і прыгнёту пілсудчыкаў у Заходняй Беларусі, за захаванне міру і культуры ва ўсім свеце яшчэ ў сярэдзіне трыццатых. Ён стаяў у радах лепшых пісьменнікаў, якія сваім вострым словам выступалі ў абарону прагрэсу, супраць вайны і разбурэння.

У Вялікую Айчынную публіцыстыка Коласа набыла асабліва дзейснае значэнне. Побач з гнеўнымі вершаванымі радкамі пра тое, што змяіны зброд спыніць можна толькі дубінай, што месца цемрашалаў на эшафоце, што не трэба даваць перадышкі гітлераўскай зграі, каб спусціла дух і кішкі яна ў родным краі, з'яўляліся палымяныя, як прыведзены вышэй, заклікі да бязлітаснай барацьбы супраць ненавісных захопнікаў. Яны гучалі не толькі з трыбун народных мітынгаў. На акупіраванай тэрыторыі, у партызанскіх атрадах, на фронце, у тыле іх чыталі ў газетах і лістоўках, слухалі па радыё.

А як уславіў народны паэт у сваіх палымяных артыкулах Перамогу! «Радостно видеть, — пісаў публіцыст-змагар у надрукаваным у «Советской Белоруссии» за 8 жніўня 1944-га артыкуле «Чудо-богатырям Красной армии», — как после мрачных дней, окутанных густым туманом, вдруг проглянет солнце и в его животворных лучах раздвигаются дали земли, а над ними свешивается ясное, глубокое небо. Такую радость испытывает сегодня каждый из нас, когда мы оглядываемся на огненный путь победы, пройденный вами, воины-герои, легендарные богатыри великой Красной армии».

Сярод іншых публіцыстычных артыкулаў я з вялікай цікавасцю перачытаў «Паездку на Асінбуд». І гэта зусім не выпадкова, бо пачынаецца ён з успамінаў пра маю родную Оршу. У маі 1929-га па дарозе на Асінбуд да Коласа далучыўся мастак з Украіны. У Оршы яны ўзышлі на высокую дняпроўскую кручу (дзе ж яна цяпер?!) і палюбаваліся прыгожымі відамі горада. Увечары схадзілі ў аршанскі чыгуначны клуб. Аглядалі будынак, знаёміліся з яго бібліятэкай, чытальняй, усімі дастасаваннямі для культурнага адпачынку гараджан. Клуб вельмі ўразіў, быў падобны знадворным выглядам на палац. Двор перад ім шырокі, прасторны. Граў духавы аркестр. У бібліятэцы, даведаліся, 30 тысяч кніжак. У чытальні — спіс журналаў, што ўстанова выпісвае. Наведалі і дзіцячы прывакзальны сад. «Рэзідэнцыя загадчыцы — малюсенькі пакойчык, вельмі бедна абстаўлены. Тут яна і жыве і тут жа вядзе кіраўніцтва сваёй установай. Трудная гэта справа, і пры цяжкіх умовах прыходзіцца весці работу, але маладая спецыялістка дасканала спраўляецца з ёю, выступаючы ў ролі і адміністратара, і дзелавода, і бухгалтара, і настаўніцы». Сёння некаторыя спецыялісты ад культуры і што-небудзь адно толкам зрабіць не могуць...

Колас піша, акрамя іншага, што аднайменная станцыя заўсёды набіта народам. Вельмі цяжкае ўражанне пакідаюць сем'і перасяленцаў. «На запыленых і забруджаных лахманах, на цвёрдым каменным памосце — маткі з малымі дзецьмі... За выступам сцяны станцыённага будынка хіліцца сям'я: бацька, маці і трое дзяцей. Гэта селянін з Полаччыны, едзе ў Прыўралле, дзе ўжо асела яго «радзіна» (радня). Маленькі хлопчык гадоў пяці, прыкрыты кажушком, капрызіць і плача, просіцца дадому. На яго шчасце, у мяне знайшоўся кусок шакаладу, што на нейкі час яго супакоіла і пагадзіла з горкаю доляю перасяленца».

Пра лёс і жыццё беларусаў Колас думаў пастаянна. З народам ён быў звязаны ўсё сваё жыццё. Выразна бачыў мэту, дзеля якой працаваў, — свабода і шчасце людзей, бо з малых гадоў зразумеў несправядлівасць, якая яго акаляла. Княжацкія палацы з аднаго боку і пахілыя, абымшэлыя, курныя хаты — з другога. Раскошныя вопраткі паноў і панят і збуцвелае зрэб'е на сялянскіх плячах. Адкрытыя шляхі да навукі багатым і немагчымасць вучыцца бедным. Неабдымныя прасторы княжацкіх уладанняў і вузенькія гіблыя палоскі бацькоў і аднавяскоўцаў. Усё гэта выклікала з дзяцінства горкі і сумны настрой. Дзякуй богу, матчын голас не траціў дабраты і мяккасці. Кастусь вельмі любіў, як мама спявала.

У сваіх успамінах Канстанцін Міхайлавіч распавядаў: «Прыедуць госці, падгуляюць, і тады заводзяць песні і жанкі і мужчыны. Тут ішлі ў ход найболей жартоўныя мелодыі. Галасы, у тым ліку і матчын, рабіліся прарэзлівымі, як бы штучнымі. А мне падабалася іншае. Управіўшыся з чарнейшаю работаю па хаце і па гаспадарцы, маці садзілася, як на адпачынак, за верацяно або за шытво. Яна спачатку адзывалася ледзь чутна, тонка-тонка, як шчыгол, прабуючы голас, ці не ахрып часам за ноч. Потым матчына песня бралася ў сілу і запаўняла хату... І калі пачынаю ўяўляць гэту хату і маці пры рабоце — здаецца, чую і песню...»

З матчынай песняй у сэрцы і ствараў Колас да канца свайго жыцця незабыўныя творы, сярод якіх і вядомая паэма «Рыбакова хата»:

Пытае вецер у раслінак:

— Чаму зіма вас не ўзяла?

І кажуць тысячу былінак:

— Мы ад зямельнага цяпла!

Пытае холад у крыніцы:

— Чаму цябе я не спыніў?

Яму адказвае вадзіца:

— З зямлі струменіць мой разліў.

Пытае бура старца-дуба:

— Чаму цябе я не зламлю?

І кажа дуб: — Я ўрос ў зямлю,

З зямлёю жыць у дружбе люба.

Да ўсяго застаецца дадаць, што я працягваю сваё бясконцае знаёмства з неўміручай творчасцю волата нашага працалюбівага народа Якуба Коласа.

Уладзімір БАРЫСЕНКА.

Фота з дамашняга архіва аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter