За якія «меліярацыйныя трэскі» і сёння вінаваціць сябе прафесар Анатоль Меяроўскі?

Беларускiя балоты стануць пустыняй?

За якія «меліярацыйныя трэскі» і сёння вінаваціць сябе прафесар Анатоль Меяроўскі, які столькі зрабіў дзеля эфектыўнага выкарыстання асушаных зямель


ПАЎВЕКА таму пачаўся шырокамаштабны наступ на беларускія балоты. Вучоныя даследавалі структуру абноўленых зямель і распрацоўвалі навукова абгрунтаваныя рэкамендацыі па іх эфектыўным асваенні. Кандыдацкую і доктарскую дысертацыі прысвяціў стварэнню занальнай сістэмы земляробства і лугаводства на меліяраваных угоддзях выпускнік геолага-геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Анатоль МЕЯРОЎСКІ. На працягу шасці дзесяцігоддзяў навукова-практычнай дзейнасці ён актыўна ўдзельнічае ў распрацоўцы дзяржаўных комплексных праграм гаспадарання на акультураных масівах. Ім падрыхтавана і выдадзена амаль шэсцьсот навуковых артыкулаў, атрымана пяць пасведчанняў на вынаходніцтвы.

Анатоль Сямёнавіч удзельнічаў у міжнародных кангрэсах, што праходзілі ў краінах СНД, Фінляндыі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі. Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш як дваццаць кандыдацкіх дысертацый. 

Навукова-практычная дзейнасць вучонага адзначана званнямі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі і лаўрэата прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ордэнам “Знак Пашаны”, Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Анатоль Меяроўскі ўзначальвае навуковы савет па праблемах Палесся Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з’яўляецца членам спецыялізаванага савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый.

ВАЕННУЮ трывогу ў пагранічным прыкарпацкім гарадку Судовая Вішня аб’явілі адразу пасля вераломнага нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Кадравы афіцэр Сямён Меяроўскі толькі паспеў кінуць позірк на двух маленькіх сыноў Анатоля і Барыса, якія салодка спалі, развітаўся з цяжарнаю жонкаю і пакінуў горад з танкавай часцю, у якой служыў афіцэрам. Раніцай у кватэру Меяроўскіх заскочыў саслужывец мужа і запэўніў, што гэта звычайная вучэбная трывога. А днём стала вядома, што пачалася вайна.

Анатоль МЕЯРОЎСКІ. 1980 г.

Жонкі афіцэраў сабраліся з дзецьмі на цэнтральнай вуліцы, па якой да іх набліжаліся дзве грузавыя машыны. Жанчыны перакрылі ім дарогу. Салдаты-вадзіцелі паведамілі, што вязуць снарады. “Каму іх везці? Нашы войскі адступілі з горада”, — чулася з натоўпу . Жанчыны хуценька выгрузілі скрыні з боепрыпасамі і з дзецьмі паселі ў кузавы, а вадзіцелям загадалі ехаць у Львоў, да якога было недалёка. Тую вандроўку запомніў пяцігадовы Анатоль Меяроўскі, які разам з маці і малодшым братам Барысам уціснуўся ў кузаў другога грузавіка. Як толькі ўехалі ў Львоў, па першай аўтамашыне пачалася стральба з дамоў. Вадзіцель другой машыны імгненна развярнуўся і выехаў з горада. Без прыпынку імчаў грузавік з поўным кузавам перапужаных жанчын і дзяцей. Спыніліся на чыгуначным паўстанку, дзе ўбачылі састаў, запоўнены людзьмі. Ускочылі ў вагоны, і цягнік рушыў. Раніцай прыбылі ў Кіеў. Аляксандра Уладзіміраўна з маленькімі сынамі адразу накіравалася да свякроўкі, якая жыла на ўскрайку горада. Але доўга затрымацца ў яе не давялося. Фашысцкія самалёты бамбілі ўкраінскую сталіцу. Чарговым эшалонам адправіліся ў Тулу да брата Аляксандры Уладзіміраўны, а ў снежні яна там нарадзіла трэцяга сына, Валерыя. Вясною 1942 года ёй прыйшло пісьмо ад мужа-франтавіка, які паведамляў, што іх танкавая часць стаіць непадалёк ад Курска. А потым маёр Сямён Меяроўскі прыслаў аўтамашыну, і Аляксандра Уладзіміраўна, пакінуўшы дзяцей на сваякоў, адважылася праведаць мужа на перадавой. А праз месяц Курская дуга палала ў вогненнай бітве, дзе загінулі і ўсе байцы танкавай часці, якой камандаваў маёр Меяроўскі. 

Пасля разгрому фашысцкіх войскаў пад Курскам аўдавелая Аляксандра Уладзіміраўна кінулася шукаць магілу мужа-танкіста. Вярнулася з дакументамі, баявымі ўзнагародамі і некаторымі асабістымі яго рэчамі. Праз гады падзялілася з сынамі тым страшэнным відовішчам, якое ўбачыла на знявечанай курскай зямлі. На руках у яе засталіся тры асірацелых падросткі. 

Дзяржава не пакінула франтавую сям’ю без фінансавай падтрымкі. Хлопчыкі вучыліся ў школе, а Аляксандра Уладзіміраўна працавала цеплатэхнікам на тульскім заводзе. Да замужжа яна закончыла некалькі курсаў політэхнічнага інстытута. Бацькі яе перажылі акупацыю ў Мінску, куды пасля заканчэння сярэдняй школы прыехаў паступаць на геолага-геаграфічны факультэт старэйшы сын Анатоль. Ён меў намер вучыцца ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце і паспяхова здаў некалькі ўступных экзаменаў. Але калі даведаўся, што не будзе інтэрната, забраў дакументы і паехаў у Мінск, дзе на Старажоўцы засталіся маміны бацькі. Бабуля Марыя Антонаўна і дзядуля Уладзімір Іванавіч Касцяневічы абрадаваліся прыезду ўнука, якому прадстаяла вытрымаць уступны экзамен па геаграфіі. 

Строгі выкладчык Уладзімір Навіцкі доўга не адпускаў абітурыента Меяроўскага. Разгублены юнак з экзаменацыйным лістом у дрыжачых руках выйшаў з аўдыторыі, і ў яго сталі цікавіцца, што атрымаў. Не дачакаўшыся адказу, выхапілі з рук экзаменацыйны ліст, дзе красавалася выдатная адзнака. Вучоба давалася лёгка. Усе зімнія сесіі быў выдатнікам і атрымліваў павышаную стыпендыю, а летам пасля кожнага курса не дапускаў у выдатнікі экзамен па ваеннай падрыхтоўцы.

КРАНАЛІ ўнука Анатоля сямейныя расповеды пра далёкае мінулае бабулі і дзядулі, якія да рэвалюцыі закончылі вясковую царкоўнапрыходскую школу на Віцебшчыне і апынуліся ў Мінску. Дзядуля Уладзімір Іванавіч з малых гадоў марыў стаць чыгуначнікам. У паравозным дэпо юнака прынялі на працу. Дапамагаў машыністу вадзіць саставы. Зарабляў няблага. Касцяневічы займелі свой невялікі дом. Падрасталі трое дзяцей. Цеснавата было сялянскай душы Уладзіміра Касцяневіча ў невялікім мінскім дворыку. Нагледзеў зямельны надзел каля Астрашыцкага Гарадка і ўгаварыў жонку прадаць гарадскую сядзібу і перабрацца ў вёску. Грошай хапіла на чатырнаццаць дзесяцін зямлі. У багатых людзей пад залог будучага ўраджаю ўзялі пазыку і набылі хатнюю жывёлу, неабходны інвентар.

— Дзед падлічыў, што толькі праз восем гадоў “узбіўся на ногі”, — адзначае Анатоль Меяроўскі. — Двума коньмі апрацоўвалі восем дзесяцін поля, мелі тры гектары лесу. Былі і няўдобіцы, дзе пасвілі кароў, авечак. Трымалі свіней, свойскую птушку. У госці выязджалі на прыгожай брычцы. Як пачалася калектывізацыя і дзед адчуў, што трапіць пад кулацкі клас з высяленнем у Сібір, хуценька пазбавіўся гаспадаркі. Што прадаў, а большасць раздаў людзям і купіў на мінскай Старажоўцы драўляны дом. Вярнуўся на чыгунку. Цешыла, што дачка Ліда закончыла агранамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і працавала спецыялістам у калгасе. Перад вечнасцю апошняя просьба яго была пахаваць паблізу астрашыцкай сядзібы. Там і спачывае. Доўга яшчэ стаяў на Старажоўцы наш дом, дзе збіраліся сваякі. Мае дзеці і ўнукі ведаюць гэты куточак, дзе цяпер паўсталі гмахі...

— АНАТОЛЬ Сямёнавіч, дзядуля ў жонкі ўзяў зямлячку, а ўнук?

— Мая жонка з Магілёўшчыны. Мы пазнаёміліся ў студэнцтве. Вучыліся ў адным корпусе Белдзяржуніверсітэта: яна на хімічным факультэце, я на геолага-геаграфічным. Убачыў Эльвіру ў спартыўнай зале, дзе яна займалася мастацкай гімнастыкай, а я баскетболам. Пасля заканчэння вучобы мяне накіравалі ў Інстытут глебазнаўства. Выязджаў у экспедыцыі для складання аграхімічных зямельных карт. Эльвіра працавала ў Дзяржплане. Праз тры гады пасля заканчэння вучобы мы зладзілі вяселле, на якое ў маёй маці не было за што прыехаць з Тулы. Цётка Ліда і дзядзька Георгій прадстаўлялі родных на вяселлі.

Сямейнае жыццё пачыналі ў маленькім пакойчыку камунальнай кватэры, а потым атрымалі сваю. Дачка Вольга і сын Дзмітрый таксама закончылі гэты ўніверсітэт. Унукі цяпер там вучацца. Сын Вольгі Уладзіслаў заканчвае эканамічны факультэт, а дачка Дзмітрыя Аляксандра, дарэчы, названая ў гонар маёй маці, атрымлівае спецыяльнасць турыстычнага менеджара на факультэце міжнародных адносін. Не забываюць яны нас. Асабліва зараз, калі Эльвіра Дзмітрыеўна чацвёрты год цяжка хварэе.

Першыя гады маёй працы супалі з пачаткам даследавання глебы, і даводзілася па паўгода бываць у экспедыцыях.  У студэнцтве грунтоўныя лекцыі  чытаў нам прафесар Іван Лупіновіч. Ён потым быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук, узначальваў створаную сельскагаспадарчую акадэмію навук Беларусі, якую ў хрушчоўскія часы закрылі. Універсітэцкія веды па глебазнаўству дапамагалі ў навуковых даследаваннях. Начамі сядзеў на балоце і спецыяльным прыборам, які самі сканструявалі, вымяраў газастваральныя страты аміяку. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную азотнаму рэжыму акультураных тарфяна-балотных глебаў. Праз паўвека такую ж тэму кандыдацкай дысертацыі абрала аспірантка нашага інстытута Алена Каранкевіч.

— Чаму праз такі працяглы час паўстала гэтая тэма даследавання?

— Дваццаць пяць гадоў таму я абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную гэтай важнай тэме. Тарфянікі лічыліся залатым дном, і разлічвалі на іх шматвекавую патэнцыяльную ўрадлівасць. Але гэта не так проста. Сама па сабе меліярацыя стварае ўмовы для фарміравання і эфектыўнай дзейнасці іншых спрыяльных росту ўраджайнасці фактараў, такіх як угнаенні, сродкі аховы раслін, селекцыя, агратэхніка. Трывала ўсталявалася думка, што меліярацыя мае толькі пачатак. Неабходна пастаянна паляпшаць умовы. Пракладзеныя каналы, пабудаваныя шлюзы, укладзены дрэнаж усё не вырашаюць. За паўвека выкарыстання тарфянікаў структура глебы змянілася. Балотныя масівы мелі лішкі азоту, а за гады эксплуатацыі асушаных зямель яго ўжо не хапае. Высветлілася, што ён хутка трансфарміруецца і сыходзіць у ваду, паветра і проста згарае. За гады эксплуатацыі мятровы слой торфу поўнасцю выпрацоўваецца. Аспірантка Каранкевіч дэталёва даследавала структуру азотнага фонду на выпрацаваных меліяраваных масівах...

— ...якія паступова ператвараюцца ў пустыню?

— Такога ніколі не будзе, таму што ў нас штогод выпадае 500—600 міліметраў ападкаў. І яшчэ таму, што палову тэрыторыі краіны займаюць лясы, нізіны, хмызнякі. У Беларусі паўтара мільёна гектараў балот, што складае амаль дзесяць працэнтаў ад агульнай тэрыторыі. Але пры ўсім гэтым неабходна было з часоў масавай меліярацыі сінхронна з фізіялагічнымі пераменамі ў глебе мяняць і агратэхніку, структуру пасеваў.

— Чаму ж маўчалі вучоныя?

— Мы заўсёды настойвалі на комплекснай меліярацыі. Гаспадаркі атрымлівалі асушаныя плошчы і засявалі іх, а стараворныя землі пуставалі з-за таго, што дадатковая тэхніка, мінеральныя ўдабрэнні, сродкі аховы раслін не выдзяляліся. Давялося працаваць у любанскім калгасе “Чырвоная змена”, якім кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы Кузьма Шаплыка. Пяцёра перадавых прадстаўнікоў гаспадаркі ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы — за высокія ўраджаі каксагызу, бульбы, збожжавых, рэкордныя надоі малака. Але яшчэ ніхто ў Беларусі не атрымаў высокую дзяржаўную ўзнагароду за павышэнне ўраджайнасці траў, за стварэнне высокаўраджайных сенажацяў ці пашаў. Менавіта гэта ў канчатковым выніку фарміруе поспех у жывёлагадоўлі.

Пастаўлена задача рэалізаваць сельскагаспадарчай прадукцыі на 7,5 мільярда долараў. Летась прадалі на экспарт прадукцыі на 5,6 мільярда долараў. Эфектыўнае выкарыстанне толькі асушаных зямель, якіх у Беларусі амаль тры мільёны гектараў, дазваляе забяспечыць кармамі грамадскі статак і выйсці на планаваны экспартны паказчык.

— З удзелам вучоных распрацоўваюцца важныя дзяржаўныя дакументы па выкарыстанні меліяраваных зямель. Але, на жаль, не ўсе прынятыя Урадам рашэнні паспяхова рэалізуюцца. 

— Перш за ўсё хачу адзначыць, што меліярацыі ў Беларусі не было альтэрнатывы. Доўгі час яна была практычна адзінай крыніцай буйных саюзных інвестыцый. У якім стане заставалася б Брэсцкая вобласць, дзе больш за палову сельгасугоддзяў — асушаныя землі, а ў сярэднім на раён прыпадае больш як 40 тысяч гектараў такіх масіваў. Як у прыказцы, дзе лес сякуць, там трэскі ляцяць. Меліярацыйных “трэсак” зашмат. З агульнай колькасці абноўленых зямель цяпер толькі трэцюю частку складаюць тарфяныя глебы. Яны ў большасці ўжо выпрацаваліся. Балоты чаргаваліся з пясчанымі выспамі, і там цяжка было праверыць, дзе якая глеба.

У канцы мінулага стагоддзя паўстала праблема далейшай эксплуатацыі такіх зямель, якія першапачаткова мелі мятровы запас торфу. Гэтыя палі патрабуюць асаблівай агратэхнікі. Яны захоўвалі яшчэ натуральны патэнцыял, які значна большы, чым на пясчаных глебах. Але, каб іх эфектыўна выкарыстоўваць, варта добра ведаць асаблівасці і галоўнае — пастаянна ўдасканальваць тэхналогіі.

— А наваколле цярпела?

— Многае рабілася, каб мінімізаваць шкоду прыродзе. Высаджвалі лесапалосы, захоўвалі натуральныя масівы. У суседняй Польшчы, дзе больш як мільён гектараў асушаных зямель, катэгарычна забаронена на іх вырошчваць прапашныя і збожжавыя культуры. З польскімі вучонымі дзесяцігоддзе таму падрыхтавалі кнігу пра выкарыстанне і ахову тарфянікаў. Палякі сказалі, што кніга для іх не актуальная.

— Калі б вярнуць час назад, што перайначылі б у меліярацыі?

 — З першых дзён патрабаваў бы спалучэння гідратэхнічных і агратэхнічных мерапрыемстваў. І каб больш вады акумуліравалася. За многія гады ўпершыню палеская Амазонка — паўнаводная Прыпяць і яе 12 прытокаў — істотна змялелі. Былі гады з рэзкім дэфіцытам ападкаў.

— З’явілася так званая шостая кліматычная зона?

— У нейкай ступені ўмоўная. Наадварот, у паўночна-ўсходнім рэгіёне Беларусі сумарная колькасць ападкаў вырасла. Больш заўважныя перамены на Палессі, дзе спалучэнне арганагенных пясчаных і супясчаных глебаў, на якіх складаней рэгуляваць водны рэжым. Але дбайныя працаўнікі атрымліваюць і там стабільна высокія паказчыкі. Гаспадаркі “Фядорскі” Столінскага, “Жураўлінае” Пружанскага, “Парахонскі” Пінскага, “Зашыр’е” Ельскага, “Кольна” Жыткавіцкага раёнаў паказваюць узоры выкарыстання асушаных зямель.

— Анатоль Сямёнавіч, нават пасля пенсійнага “званка” вы апантаны справай. Што прымушае працаваць?

— Гены, якія атрымаў у спадчыну. Дзядуля да апошняга дня не мог сябе ўявіць без працы. Кірую праграмамі выкарыстання асушаных зямель і пастаянна працую з аспірантамі. Першая мая вучаніца Святлана Кас’янчык абараніла кандыдацкую дысертацыю і працуе намеснікам акадэміка-сакратара Аддзялення аграрных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ганаруся маім выхаванцам — былым міністрам сельскай гаспадаркі, кандыдатам сельскагаспадарчых навук Іванам Шаколам. Навуковую дысертацыю на базе Любанскага раёна абараніў мой аспірант Генадзь Сакалоў. Кіраўнікі любанскіх гаспадарак Анатоль Спрынчак і Іван Лявер папоўнілі корпус кандыдатаў сельскагаспадарчых навук.

— Вясною будучага года чакаецца ваш юбілей. Безумоўна, ёсць што падсумоўваць. А што не паспелі зрабіць?

— Вывучыць замежную мову. Затое дзеці і ўнукі цудоўна валодаюць ёю. Дачка Вольга ўдзельнічае ў распрацоўцы праграмы збліжэння беларускай навукі з Еўрасаюзам. 

Хацелася б мець больш глыбокую матэматычную адукацыю. Нядаўна занатаваў у штодзённіку: “Матэматыка — мова навукі, а фізіка — шкілет”. У студэнцкія гады матэматыку вучыў, а фізікі ў праграме на факультэце не было. Не хапае прыкладных ведаў па інфармацыйных тэхналогіях. 

— Ці можаце ўзгадаць моманты, за якія сорамна перад самім сабою?

— (Пауза) Такога не ўзгадваю. Мне шанцавала на настаўнікаў, пачынаючы з першай маёй тульскай настаўніцы Кацярыны Рыгораўны Грышынай, якая праз 25 гадоў сустрэла маю маці і цікавілася маім лёсам. Яна была мудрай настаўніцай да апошніх сваіх дзён.

— Без гарчынкі жыцця не бывае. А ў вас як?

— Мая гарчынка ў тым, што меліяраваны гектар можа даваць да шасці тон кармавых адзінак. Атрымліваем у лепшым выпадку толькі чатыры тоны. Патэнцыял не выкарыстаны, і ў гэтым ёсць і мая віна як вучонага.

У чатыры разы меншая па плошчы за нашу рэспубліку Галандыя, дзе меліярацыя праведзена амаль дзевяць стагоддзяў таму і некалькі разоў гідратэхнічныя сістэмы рэканструяваліся, прадае штогод экспартнай сельскагаспадарчай прадукцыі на 20 мільярдаў долараў.

Беларуская зямля прыгожая і патэнцыяльна багатая. Давялося суправаджаць кітайскую дэлегацыю па рэспубліцы, і адчуваў іх зачараванасць нашымі краявідамі. Захаваць для нашчадкаў прыгажосць беларускай зямлі — наша агульная задача.

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара і з сямейнага архіва Анатоля МЕЯРОЎСКАГА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter