Ззяе зорка Максіма Гарэцкага

У НАН адкрыта выстаўка да 120-годдзя Максіма Багдановіча

Яго жыццёвы і творчы шлях — у экспазіцыі выстаўкі.

«Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — такую назву мае прэзентацыя выстаўкі, якая адбылася ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Экспазіцыя прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка, класіка айчыннай літаратуры, аднаго з пачынальнікаў сучаснай нацыянальнай прозы, драматурга, публіцыста, вучонага, педагога Максіма Гарэцкага, жыццё якога ў 1938 годзе трагічна абарвалася за кратамі НКУС.

Юбілейная экспазіцыя падрыхтавана на аснове шматлікіх архіўных матэрыялаў і друкаваных дакументаў з фонду аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў, распавядае пра жыццёвы і творчы шлях выдатнага сына беларускага народа. Сярод экспанатаў — арыгіналы рукапісаў пісьменніка за розныя гады, у тым ліку першыя спробы пяра, датаваныя 1912 годам, рукапіс «Камароўскай хронікі», пераклад на рускую мову «Віленскіх камунараў», шматлікія занатоўкі, накіды, незавершаныя творы, іншыя творчыя матэрыялы, а таксама фальклорныя запісы.

Экспазіцыя ўключае дакументы да біяграфіі пісьменніка, цікавыя фатаграфіі як самога пісьменніка, так і яго бацькоў, здымкі з братамі Іванам, Гаўрылам, з жонкай Л.Чарняўскай-Гарэцкай і дзецьмі.

Творчасць слыннага літаратара шырока прадстаўлена яго публікацыямі ў перыядычным друку, асобнымі выданнямі. Дэманструюцца таксама кнігі з дароўнымі надпісамі Якуба Коласа Максіму Гарэцкаму. У асобным раздзеле сабраны энцыклапедычныя даведнікі, якія адлюстроўваюць асноўныя этапы жыцця і творчай дзейнасці пісьменніка, літаратуразнаўчыя даследаванні, прысвечаныя Гарэцкаму, успаміны розных асоб, сярод якіх Гаўрыла, Галіна і Радзім Гарэцкія. Таксама шырока прадстаўлены дакументы, звязаныя са святкаваннем 100-гадовага юбілею Максіма Гарэцкага і ўшанаваннем яго памяці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter