Беларусь у адносна кароткія тэрміны змагла забяспечыць уласную харчовую бяспеку і выйсці на пяць мільярдаў долараў экспарту сельгаспрадукцыі

Зярнятка да зярнятка

Беларускія прадукты ведаюць і любяць у Расіі, Казахстане, іншых краінах. Але ці значыць гэта, што ў галіне ўсё добра і няма ніякіх праблем?


Пра перспектывы беларускай вёскі расказаў дырэктар Інстытута сістэмных даследаванняў у аграпрамысловым комплексе Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр ШПАК:

— Беларусь, нягледзячы на ўсе цяжкасці пераходнага перыяду, захавала буйную аграпрамысловую вытворчасць. І гэта дае магчымасць шырокага і эфектыўнага ўкаранення ў галіны найноўшых дасягненняў навукі і тэхнікі, якія забяспечваюць высокую канкурэнтаздольнасць вытворчасці, дазваляе з году ў год нарошчваць экспарт харчавання. У сацыяльным плане станоўчыя вынікі прынесла стварэнне маштабнай сеткі аграгарадкоў з развітой інфраструктурай. Што дапамагло скараціць адток людзей з вёскі ў горад і павысіць якасць жыцця на вёсцы.

— Нягледзячы на несумненныя поспехі, аграрны сектар Беларусі ўсё яшчэ адстае ад вядучых еўрапейскіх краін па сваёй эфектыўнасці і прадукцыйнасці працы.

— Прычын некалькі: на працягу многіх гадоў закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю былі заніжаныя, крэдытныя рэсурсы дарагія. Дзяржаўная падтрымка сельскай гаспадаркі размяркоўвалася так, што толькі чацвёртая яе частка даставалася непасрэдна суб’ектам гаспадарання. Шматпрофільнасць гаспадарак, якая дасталася нам па спадчыне з часоў СССР, не заўсёды апраўдана. Фермеры, як правіла, выбіраюць для сябе вузкую спецыялізацыю і займаюцца тым, у чым яны больш за ўсё могуць дасягнуць поспеху. Ёсць перадавыя калектыўныя гаспадаркі, у якіх атрымліваецца спалучаць розныя напрамкі ў рабоце. Але стратным прадпрыемствам трэба вызначыцца і засяродзіцца на тым, што ў іх атрымліваецца лепш за ўсё, дзе ёсць вытворчая база і неабходныя кадры. А яшчэ патрэбна элементарная дысцыпліна, ад якой залежыць і своечасовая падрыхтоўка тэхнікі, і прытрымліванне тэхналогій, і якасць нарыхтоўкі кармоў.

— Ад вяскоўцаў патрабуюць павелічэння аграпрамысловай вытворчасці. Але ці знойдзе збыт гэтая прадукцыя?

— Попыт і цана на харчаванне ў свеце павялічваюцца. Насельніцтва Зямлі прырастае хутчэй (1,4 працэнта ў год), чым вытворчасць прадуктаў харчавання (0,9 працэнта ў год). Апошнія даследаванні ФАО (Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН) указваюць на неабходнасць павелічэння вытворчасці харчавання на 60 працэнтаў да 2050 года, каб пракарміць насельніцтва планеты, колькасць якога да таго моманту дасягне 9 мільярдаў чалавек. Але вырабіць прадукцыю — гэта толькі палова справы. Прыбыткова яе рэалізаваць сёння няпроста: канкурэнцыя на сусветным харчовым рынку абвастраецца.

Касцяк аграрнага сектара краіны і ў перспектыве будуць складаць буйныя аб’яднанні і холдынгі з вытворцаў сыравіны, перапрацоўчых прадпрыемстваў, агракамбінатаў, сялянскіх гаспадарак і фірменнага гандлю. Гэта стратэгічны напрамак аграрнай палітыкі.

Але роля сярэдняга і малога аграрнага бізнесу павінна расці, бо ён мабільны і можа прыстасоўвацца да попыту без значных капіталаўкладанняў. Да прыкладу, наўрад ці вялікія гаспадаркі захочуць займацца такімі відамі сельгасвытворчасці, як зверагадоўля, пчалярства, авечкагадоўля, арганізацыя вытворчасці запатрабаваных на рынку спецыфічных відаў прадукцыі (казінага малака, вінаградных слімакоў, грыбоў і г. д.). Цяпер актуальны аграэкатурызм, які практычна заўсёды суправаджаецца вырошчваннем уласнай сельгаспрадукцыі.

Яўген Піменаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter