Зямная школа Сезянеўскага

Чаму вучаць урокі былога першага сакратара, ганаровага грамадзяніна Шаркаўшчыны
Кожны ранак, злёгку накульгваючы, выходзіць Мечыслаў Часлававіч з хаты і накіроўваецца на прысядзібны ўчастак. Там яго маленькая гаспадарка — цяплічкі, пладовыя кусты і дрэвы, гародзік. Хлебасольны гаспадар Сезянеўскі вырашчанай гароднінай ахвотна дзеліцца з суседзямі, умее сардэчна сустракаць гасцей. У доме Мечыслава Часлававіча ёсць асобны кабінет, дзе ён за столікам пераглядае чарговую перыёдыку, адказвае на тэлефонныя званкі, піша лісты, дзеліцца ўспамінамі пра пройдзены працоўны шлях.



Нарадзіўся Мечыслаў Сезянеўскі ў вёсцы Бурнева Ваукавыскага раёна. Бацькі — сяляне. Да працы прывучаны з дзяцінства: у 9 гадоў умеў араць, школьнікам касіў з дарослымі на роўных. Закончыў дзесяць класаў. Служыў у арміі. Затым вучоба на аграфаку ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і размеркаванне на племзавод “Рэканструктар” Талачынскага раёна. Затым — імклівы кар’ерны рост ад галоўнага агранома ў Віцебскім саўгасе “Рудакова” да старшыні райвыканкама ў Расонах.

На шаркаўшчынскую зямлю Мечыслаў Сезянеўскі прыехаў у 1980-м першым сакратаром райкама партыі. За адзінаццаць гадоў працы на высокай пасадзе, кажа Мечыслаў Сезянеўскі, свае клопаты падпарадкоўваў “тром кітам”. Па-першае, выкананне планаў-заказаў дзяржавы. Па-другое, харчовая бяспека — забеспячэнне мяса-малочнымі прадуктамі, свежымі і кансерваванымі гароднінай, пладамі, ягадамі. А гэта развіццё падсобных, у тым ліку і асабістых, гаспадарак, стварэнне цэхаў па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, агародніцтва і пладаводства. І галоўны накірунак, “трэці кіт”, сацыяльная сфера. ”Хочаш мець поспех — апярэджвай падзеі!” — паўтараў Мечыслаў Часлававіч і ставіў задачу палепшыць жыццё вяскоўцаў. Каб з аддаленых вёсачак яны маглі карыстацца такімі ж дабротамі, як жыхары цэнтральных сядзіб, дзе галоўныя прадпрыемствы быту, гандлю, медыцыны — комплексныя прыёмныя пункты, пральні, магазіны, ФАПы, бальніцы. Прыкладам таму могуць служыць Лужкаўская бальніца і рынак, магазіны ў Германавічах, Більдзюгах, Васюках, Вялікім Сяле, Гарадцы.

Пакрываліся асфальтам дарогі да кожнай гаспадаркі, пад’езды да ферм і з’езды да палёў. Мне памятаецца, як планавалася правядзенне семінара ў той ці іншай гаспадарцы і абавязкова да яе добраўпарадкавалася галоўная дарога і пад’езды да тых участкаў, якія павінны былі наведаць удзельнікі семінара. Такім чынам у раёне не паспелі заасфальтаваць толькі дзве дарогі — у былыя калгасы “Усход” і “Іскра”.

У раслінаводстве гаспадарак аграпрамысловага комплексу Шаркаўшчыны звярталася ўвага на культурную пашу, безадказнае дзеянне меліяратыўных сістэм. Раслі, як вынік, ураджаі сельгаскультур. Сталі ўзнаўляцца сялянскія рамёствы, удасканальвацца тэхналогіі кансервавання. Галоўнае, што ўсе выгоды рабіліся з мэтай нейкім чынам зацікавіць моладзь, каб тая заставалася жыць і працаваць у калгасах, зразумела, што і на сяле можна жыць камфортна…

Пра час развіцця інфраструктуры раёна Мечыслаў Часлававіч успамінае з непадробным гонарам. Не столькі за сябе, колькі за тых, з кім давялося працаваць:

— На шчасце, лёс звязваў мяне з добрымі, таленавітымі, энергічнымі людзьмі — спецыялістамі і кіраўнікамі, якім можна было давяраць любую справу. А калі кіраўнік бярэ рашэнне пытанняў на сябе, на свае плечы і даводзіць справу да канца — гэта цэнны работнік. Прыемна, што многія з такіх спецыялістаў раёна ўзняліся на вышэйшыя ступені па кар’ернай лесвіцы.

Дзяржава па заслугах ацаніла працу Мечыслава Сезянеўскага. Ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі “Знак Пашаны”, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, юбілейнымі медалямі.

У 2010 годзе Мечыславу Часлававічу было прысвоена званне “Ганаровы грама- дзянін гарадскога пасёлка Шаркаўшчына”. Гэта рашэнне з задавальненнем падпісваў вучань Сезянеўскага, былы галоўны аграном саўгаса “Гарадзец”, затым старшыня калгаса “Вялікае сяло” і старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама на той час Мечыслаў Морхат. І сёння дэпутат Палаты прадстаўнікоў вельмі ўдзячны свайму першаму сакратару за навуку і слушныя жыццёвыя парады.

Заўсёды рады бачыць Мечыслава Часлававіча ў працоўных кабінетах кіраўніцтва райвыканкама. Бо ўрокі мудрага і вопытнага чалавека вучаць: абапіраючыся на мінулыя дасягненні, смела крочыць наперад.

Кацярына СОСНА,

член Саюза журналістаў Беларусі

Фота аўтара


АД “СГ”

10 жніўня Мечыславу Часлававічу Сезянеўскаму споўнілася 80 гадоў. Віншуем заслужанага чалавека зямлі беларускай і свайго даўняга і вернага падпісчыка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter