Зямля сяброў прымае сардэчна

У Iўі ў Дзень горада адкрылася экспазіцыя «Кола гісторыі»

Віншаванні і шчырыя пажаданні на розных мовах гучалі ва ўтульным невялічкім Iўі з нагоды адметнага мерапрыемства — Дня горада

Гарадское свята ажыло пасля шматгадовага перапынку, расквецілася яркімі фарбамі ў мінулым годзе па ініцыятыве старшыні Іўеўскага райвыканкама Міхаіла Валчэцкага. Адкрыццё памятнага знака «У гонар сяброўства і адзінства канфесій Іўеўшчыны» стала самай адметнай падзеяй леташняга Дня горада. Тады ў слаўнае мястэчка над Іўянкай з’ехаліся землякі з розных куткоў свету.

Сёлета гасцей сабралася яшчэ больш. Чуткі пра тое, што тутэйшыя гаспадары ўмеюць з густам святкаваць і хлебасольна прымаць гасцей, даўно выйшлі за межы нашай краіны. Прадстаўнікі дэлегацый з татарскага Азнакаева, польскай Сакулкі і літоўскага Кайшадорыса, суседніх раёнаў вобласці, мясцовых органаў улады і дыпламаты, тыя, хто бываў у гарадку раней, і тыя, хто трапіў сюды ўпершыню, не хавалі захаплення ад пачутага і ўбачанага. «Дзень добры», «Лаба дзіена», «Шалом», «Салам» — прывітанні на розных мовах — з’ява ў час такіх падзей для Іўя звычайная.

Безумоўна, адзін з самых маладых гарадоў Гродзеншчыны мае сваю адметную гісторыю. З лёгкай рукі журналістаў Іўе здабыло сабе славу «маленькага Іерусаліма», неафіцыйнай «татарскай сталіцы» Беларусі, зямлі сяброў, горада чатырох рэлігій, а таксама горада, у якім шануюць… разумную жанчыну. На гербе мястэчка, названага ў гонар жонкі Гедыміна княгіні Евы, нездарма адлюстравана знатная дама ў сярэдневяковым уборы — зборны вобраз усіх асветніц — уладальніц гэтых зямель.

Незлічонае мноства паэтычных радкоў прысвечана Іўеўскаму краю і яго гасцінным, усмешлівым, працавітым і шчырым жыхарам, якія стагоддзі жывуць у згодзе і, бадай, на генным узроўні пераймаюць любоў да роднай зямлі і ўменне шанаваць бліжняга.

Знаёміць гасцей з самабытнай аўрай Іўя цяпер экспазіцыя «Кола гісторыі», адкрыццё якой стала адным з самых знакавых момантаў Дня горада. На вялікіх камянях прымацаваны шыльдачкі з напамінам пра яркія падзеі вірлівага жыцця мястэчка. Іўяўчане спадзяюцца, што іх «кола» стане важнай кропкай на турыстычных картах Прынёмання.

Пасля богаслужэння ў храмах горада за еднасць народаў, за мір у родным краі яго ўдзельнікі рушылі да гарадской плошчы, на якой было ўрачыста абвешчана аб адкрыцці свята.

На набярэжнай возера, куды пазней перамясцілася свята і якая стала галоўнай сцэнічнай пляцоўкай, удзельнікаў чакалі новыя сюрпрызы: сельгаскааператывы раёна арганізавалі падворкі, дзе частавалі падарожнікаў рознымі прысмакамі. Тут можна было не толькі паесці, але і ў скокі пусціцца, і ад душы паспяваць.

Кіраўнік раёна Міхаіл Валчэцкі тым часам прымаў віншаванні са святам і сардэчныя падарункі ад шматлікіх гасцей. Безумоўна, прыемна было чуць прызнанні ў тым, што горад становіцца сучасным, усё больш утульным, добраўпарадкаваным. Так, напрыклад, ад абласнога выканаўчага камітэта раён атрымаў машыну хуткай медыцынскай дапамогі. Імаму мусульманскай абшчыны Адаму Радзецкаму ад гасцей з Татарстана быў уручаны сертыфікат на пяць тысяч долараў на рамонт мячэці. Самыя заслужаныя працаўнікі атрымалі пасведчанні «Ганаровы грамадзянін горада Іўя».

Добры настрой стваралі ў гэты дзень творчыя калектывы Гродзеншчыны, са сваімі музычнымі падарункамі выступілі гурты з гарадоў-пабрацімаў — Кайшадорыса і Азнакаева. Дарэчы, на асобнай пляцоўцы ўдзельнікі свята маглі дазнацца, што такое сапраўдны сабантуй па-татарску. Для маленькіх гасцей Дня горада працавала дзіцячая пляцоўка, праводзіўся фестываль паветраных змеяў, выступалі цыркавыя артысты. Завяршылася свята канцэртам салісткі Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра эстрады Гюнэш, дыскатэкай і феерверкам.

У рамках святкавання Дня горада прайшлі таксама прэзентацыі літаратурна-мастацкага зборніка «Іўеўшчына літаратурная», матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі «Іўеўская зямля — сузор’е народаў, рэлігій і культур», у якой узялі ўдзел навукоўцы Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы і мясцовыя краязнаўцы. Увесь дзень ў цэнтры горада працавала выстава-кірмаш прадукцыі прадпрыемстваў раёна. А дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці ў якасці падарунка ад райвыканкама атрымаў выдатны басейн і сертыфікат на набыццё неабходнага спартыўнага абсталявання і ноўтбука.

На здымках: момант свята.

Фота: Іна ДАБРЫДЗЕНЬ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter