Электронныя таргі па рэалізацыі зямельных участкаў у Мінскім раёне, прынеслі ў бюджэт 102,2 тысячы рублёў

Зямля пайшла з малатка

На электроннай гандлёвай пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» адбыліся чарговыя электронныя таргі па рэалізацыі зямельных участкаў, размешчаных у Мінскім раёне. На продаж у прыватную ўласнасць былі выстаўлены 18 участкаў.

Электронныя таргі — ідэальная пляцоўка для продажу дзяржаўнай маёмасці

Арганізатарам таргоў выступіў Міханавіцкі сельскі выканаўчы камітэт. Па 5 участках рэалізоўвалася права заключэння дагавора арэнды тэрмінам на 99 гадоў для грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Самыя дарагія зямельныя ўчасткі прапаноўваліся для продажу ў вёсках Аляксееўка і Кайкава па пачатковай цане 18 тысяч рублёў і 15 тысяч рублёў адпаведна. Участкі танней – у вёсках Грабёнка і Міханавічы коштам ад 5,58 тысячы да 8,98 тысяч. Зямельныя ўчасткі з продажам права заключэння дагавора арэнды рэалізоўваліся з пачатковым коштам у дыяпазоне 3,2 — 4,7 тысячы рублёў.

Па выніках таргоў два ўчасткі ў Аляксееўцы былі прададзеныя на 5% вышэй пачатковага кошту. Пакупніком аднаго з іх стала жыхарка Брэста. Кошт аднаго ўчастка ў Грабёнцы ў выніку канкурэнтнай барацьбы пакупнікоў вырас у 1,5 раза: з 5,5 тысячы да 8,5 тысячы рублёў. У Міханавічах два ўчасткі былі рэалізаваны на 5% даражэй за стартавую цану.

Цікавымі сталі таргі з правам заключэння дагавораў арэнды ўчасткаў на 99 гадоў. Два з іх сышлі па пачатковай цане + 5%, а па пакінутых трох разгарнулася сапраўдная барацьба паміж пакупнікамі. У прыватнасці, кошт арэнды аднаго з іх вырас на 35% (з 3,6 ты-сячы да 4,9 тысячы рублёў). У цэлым у выніку праведзеных таргоў прададзена 10 зямельных участкаў на агульную суму 84,5 тысячы рублёў. А з улікам кампенсацыі арганізатару выдаткаў на арганізацыю і правядзенне электронных таргоў у бюджэт паступіць102,2 тысячы рублёў.

Старшыня Міханавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Святлана Давальцова, якая назірала за ходам таргоў, лічыць электронную пляцоўку «БУТБ-Маёмасць» ідэальным на дадзены момант варыянтам для рэалізацыі дзяржаўнай маёмасці. На яе думку, такая працэдура таксама аптымальная і для патэнцыяльных пакупнікоў, паколькі яна абсалютна празрыстая, зразумелая і зручная ў выкарыстанні незалежна ад месца знаходжання як цяперашніх уладальнікаў, так і будучых уласнікаў.

Ульяна БУШУЙ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter