Тры дні беларуская зямля прымала высокага госця

Зямля пад белымі крыламі

Найсвяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл прызнаўся, што заўсёды прыязджае ў нашу краіну з вельмі добрым пачуццём.
Тры дні беларуская зямля прымала высокага госця. Адразу па прыбыцці ў Мінск Найсвяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл прызнаўся, што заўсёды прыязджае ў нашу краіну з вельмі добрым пачуццём. Але цяпер прыезд асаблівы:

— Таму што мой візіт звязаны з 1000-годдзем з дня спачыну святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра — хрысціцеля Русі, які паклаў пачатак хрысціянскай цывілізацыі для ўсходніх славян і праваслаўнай верай звязаў брацкія народы. Таму наведванне Беларусі, якая з’яўляецца каштоўным каменем у гэтай выдатнай кароне ўсходніх праваслаўных народаў, для мяне і істотна важнае, і па-чалавечы вельмі прыемнае.


 Нягледзячы на выхадны дзень, высокага госця прыняў і нават правёў для яго кароткую экскурсію па залах Палаца Незалежнасці Прэзідэнт. Падчас ду­шэўнай гутаркі каля каміна Аляксандр Лукашэнка даверна паведаміў уладыку, што не бачыць ніякіх праблем ва ўзаемаадносінах вернікаў у нашай краіне:

— Мы гэта вельмі цэнім і будзем берагчы, наколькі гэта магчыма. Мы стараемся, каб людзям было зручна і каб кожны знайшоў сваю дарогу да храма.

Вядомая і наша міратворчая місія па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Прэзідэнт быў крайне адкрыты:

— Ад яе нікуды не дзенешся. Мы браты, рускія, беларусы, украінцы, мы ад аднаго кораня. Нам балюча, калі адбываецца бяда ў нашых братоў. Мы будзем усё рабіць для таго, каб неяк змякчыць сітуацыю, а калі магчыма — і спыніць гэтую братазабойчую вайну.

У адказ Найсвяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл назваў падзеі, якія адбываюцца ў брацкай нам краіне, вялікім жалем:

— Гэта сапраўды рана на сэрцы. Сёння наша царква з’яўляецца адзінай арганізацыяй ва Украіне і адзінай сілай, якая захавала міратворчы патэнцыял, таму што яна сябе не атаясамляе ні з аднымі, ні з другімі. Бо немагчыма падзяліць паству па палітычным прынцыпе.

Асаблівае цяпло мінскай праграме Патрыярха і яго сустрэчы з Прэзідэнтам надаў душэўны абмен падарункамі. Найсвяцейшы Патрыярх Кірыл уручыў Аляксандру Лукашэнку ордэн прападобнага Серафіма Сароўскага I ступені — узнагароду, якой у розны час удастойваліся вядомыя дзяржаўныя, грамадскія і рэлігійныя дзеячы. І перадаў у дар ікону святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра. Прэзідэнт перадаў у дар Патрыярху Кірылу ікону “Анёл-захавальнік”, вырабленую гомельскімі майстрамі.

***

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам і ўскладання вянкоў да манумента Перамогі Найсвяцейшы Патрыярх Кірыл сустрэўся з паствай у мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Па завяршэнні ўрачыстай Боскай літургіі і пропаведзі, якія трансляваліся па-за сценамі сабора на спецыяльна вынесеным вялікім экране, Патрыярх Кірыл і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел урачыста пагасілі марку ў гонар 1000-годдзя спачыну князя Уладзіміра — хрысціцеля Русі. І прынялі ўдзел у адкрыцці новага Духоўна-адукацыйнага цэнтра Беларускай праваслаўнай царквы, а таксама  асвячэнні скульптурнай кампазіцыі “З’яўленне іконы Божай Маці”. Гэтая ікона, знікшы ў Кіеве, у жніўні 1500 года цудоўным чынам з’явілася на водах Свіслачы каля старажытнага Мінскага замчышча. З тых часоў яна, атрымаўшы назву Мінская, ніколі не пакідала горад і цяпер знаходзіцца ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы.

***

Візіт Найсвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла прадоў­­­жыўся ў Брэсце. У нядзелю кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы правёў Боскую літургію ў Свята-Васкрасенскім саборы, дзе сабралася некалькі тысяч вернікаў, кіраўніцтва вобласці і горада, духавенства. А ў ноч на 22 чэрвеня прадстаяцель РПЦ наведаў Брэсцкую крэпасць. Тут ён здзейсніў памінальную літыю па загінулых воінах у Мікалаеўскім гарнізонным храме, а затым прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме. У памяць аб знаходжанні на брэсцкай зямлі прадстаяцель перадаў крэпасці абраз Божай Маці “Усіх туж­лівых Радасць”.

Максім Восіпаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter