Зямля на далонях

Дыхае яшчэ няўпэўненым цяплом, падстаўляе сонцу i ветру парудзелыя пад снегам бакi. Уся ў салодкiм прадчуваннi, у лёгкай дрымоце, засмужаная i вечная. Яна спакойная i ўпэўненая, што той, каго яна чакае, абавязкова прыйдзе.

Бо i яму, як наконаднi жаданага спаткання з каханай, карцiць дакрануцца да яе, удыхнуць яе водар, адчуць iмкненне насустрач. Зноў i зноў спрычынiцца да найвялiкшага Божага цуду, назiраючы, як з сухiх маленькiх зярнят, якiя зямля прыме ў сваё ўлонне, вырасце колас i духмяны каравай.
Кожную вясну яны сустракаюцца — Зямля i Сейбiт. Iх спатканне заўсёды радаснае i ўрачыстае, i гiмнам iх саюзу гучыць ракатанне трактароў, i шлейфам iх святочнай працэсii — белыя птушкi, што збiраюцца на раллi... Заблiшчаць на сонцы першыя тлустыя скiбы, простая i заўсёдная, як свет, дзея пачнецца з такой утрапёнасцю, уважлiвасцю, беражлiвасцю, нiбы адбываецца ўпершыню ў гiсторыi...
Зямля i сейбiт сустрэлiся. Пакуль толькi на поўднi краiны, але з кожным днём буркатлiвы гiмн iх сустрэчы чуваць усё далей i далей i хутка загучыць па ўсёй Беларусi.А значыць, будзе колас, а пасля — каравай. Простая, як хлеб, спрадвечная, як зямля, iсцiна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter