
Тэхніка — проста космас!
Вучоныя БДУ не навічкі ў даследаванні космасу. З 1985 года ў аддзеле аэракасмічных даследаванняў ствараюцца сродкі і метады аптычнага дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, адпрацоўваюцца тэхналогіі дыстанцыйнага маніторынгу і апрацоўкі дадзеных. З дапамогай прапанаваных метадаў можна вызначаць маштаб забруджвання пры аварыях на прамысловых аб’ектах і трубаправодах, рэгістраваць франты раставання снегу, пясчаныя буры і іншыя прыродныя з’явы. Якія нашы тэхнічныя рашэнні ўкаранілі ў космас апошнім часам, мы даведаліся ў доктара фізіка-матэматычных навук прафесара Барыса Бяляева, загадчыка аддзела аэракасмічных даследаванняў Інстытута:

Прыборы нашых вучоных дазваляюць атрымаць адначасова каляровыя лічбавыя фотавыявы высокага прасторавага дазволу і мноства спектральных характарыстык адлюстраванага выпраменьвання зямнымі паверхнямі. Дарэчы, у геафізічным эксперыменце «Маланка-Гама» таксама задзейнічаны створаны ў БДУ блок знешніх датчыкаў, размешчаны па-за герметычным аб’ёмам станцыі.
«САВА» пільнуе кругласутачна
Што тычыцца навацыі, то на борт Міжнароднай касмічнай станцыі ўнікальны прыбор «САВА-1–426» трапіў у пачатку снежня мінулага года. Падарункі з зямлі экіпажу даставіла ракета-носьбіт «Саюз-2.1а» з касмічным грузавіком «Прагрэс МС-13». Старт адбыўся з касмадрома Байканур. Расійскі касмічны транспартнік даставіў на станцыю ваду і прадукты для трох касмічных экспедыцый. Акрамя таго, там знаходзілася ўнікальная навуковая апаратура, створаная нашымі вучонымі.

Прасцей кажучы, касманаўт уручную ўводзіць каардынаты патрэбнага аб’екта і можа спакойна займацца іншымі справамі. Разумная сістэма сама будзе кіраваць здымкай паверхні Зямлі з арбіты. МКС даволі хутка ідзе па небе: вуглавая хуткасць — каля 1 градуса ў секунду. Усачыць за такой дынамічнай карцінкай чалавеку даволі складана — «САВА» ў дапамогу. Да прыкладу, касманаўт паставіў задачу сістэме сканцэнтравацца на вулкане Сіндакэ, што вывяргаецца, на поўдні Японіі. Увесь час, што ён знаходзіцца ў полі зроку сістэмы, будзе бесперапынна здымацца фота- і відэакамерамі. Сістэма таксама здольная прагназаваць, калі карабель зможа ўбачыць той ці іншы аб’ект.
Зверху лепш відаць
Кіруецца «САВА» з дапамогай люстэркаў. Адно з іх нерухомае і накіроўвае светлавы паток на здымачную апаратуру. За кошт павароту другога люстэрка дыяпазон сканіравання паверхні Зямлі павялічваецца да плюс-мінус 30 градусаў. «Паглядзець» на патрэбны аб’ект з вышыні каля 400 км (на такой вышыні знаходзіцца МКС. — Заўв. аўт.) можна нават пад вуглом. Такая рухомая платформа сур’ёзна пашырае магчымасці МКС па даследаванні планеты і яе атмасферы. Барыс Бяляеў пералічвае перавагі:
— Дадзеныя маніторынгу дазваляюць аператыўна ацаніць маштабы тэхнагенных і прыродных катастроф. Таксама сістэма спрошчвае стварэнне мадэляў развіцця патэнцыяльна небяспечных катаклізмаў, такіх як пажары, паводкі, цунамі, рух леднікоў і многае іншае. Дарэчы, зараз касманаўты праводзяць эксперыменты па праграме «Ураган».
Над інавацыйнай сістэмай каля трох гадоў працавала каманда з 30 навукоўцаў. Праца кіпела ў трох лабараторыях Інстытута: дыстанцыйнай фотаметрыі, оптыка-электронных сістэм, оптыка-фізічных вымярэнняў. Пасля паспяховых канструктарска-даводачных выпрабаванняў, праведзеных на спецыяльных стэндах РКК «Энергія», вырабілі тры сістэмы. «САВА-1–426» дапамагае касманаўтам кіраваць здымкай і тым самым вырашаць цалкам зямныя праблемы. У гэты час навукоўцы БДУ скрупулёзна працуюць над удасканаленнем сістэмы. У будучым яны плануюць «навучыць» апаратуру самастойна рэагаваць на якія-небудзь цікавыя кропкі планеты. Уявіце: МКС пралятае над месцам, дзе ў дадзены момант разгарэўся моцны пажар, і «Сава» тут жа, без каманды касманаўта, здымае патрэбны аб’ект. Навукоўцы працуюць і над тым, каб дыяпазон сканіравання паверхні Зямлі павялічыўся да паўсферы.
ypopko@sb.by
Фота з архіва героя матэрыялу.