Зямля дулебаў і дрыгавічаў.

Сумесны праект “Народнай газеты”, Магілёўскага аблвыканкама, Асіповіцкага райвыканкама і рэдакцыі асіповіцкай раённай газеты “Асіповіцкі край”-- Асіповіцкі раён -- адзін з самых маляўнічых і цікавых у гістарычным плане куткоў Беларусі, -- гаворыць старшыня раённага выканаўчага камітэта Пётр Шукаловіч. -- 60 працэнтаў раёна займаюць лясы, некаторыя з іх унікальныя. У іх можна сустрэць рэдкія віды звяроў, а папуляцыя “асіповіцкіх” зуброў налічвае каля сямі дзесяткаў жывёлін. Па тэрыторыі раёна нясуць свае воды 20 рэк, у тым ліку Бярэзіна, Свіслач, Пціч.Першыя людзі з’явіліся ў нашым краі яшчэ ў эпоху мезаліта -- 9--5 тысяч гадоў да нашай эры. На гэтай зямлі жылі дулебы і дрыгавічы, уладарыла Кіеўская Русь і Вялікае княства Літоўскае, ішлі баі з чужынцамі і ўсталёўвалася савецкая ўлада…

Сумесны праект “Народнай газеты”, Магілёўскага аблвыканкама, Асіповіцкага райвыканкама і рэдакцыі асіповіцкай раённай газеты “Асіповіцкі край”
-- Асіповіцкі раён -- адзін з самых маляўнічых і цікавых у гістарычным плане куткоў Беларусі, -- гаворыць старшыня раённага выканаўчага камітэта Пётр Шукаловіч. -- 60 працэнтаў раёна займаюць лясы, некаторыя з іх унікальныя. У іх можна сустрэць рэдкія віды звяроў, а папуляцыя “асіповіцкіх” зуброў налічвае каля сямі дзесяткаў жывёлін. Па тэрыторыі раёна нясуць свае воды 20 рэк, у тым ліку Бярэзіна, Свіслач, Пціч.
Першыя людзі з’явіліся ў нашым краі яшчэ ў эпоху мезаліта -- 9--5 тысяч гадоў да нашай эры. На гэтай зямлі жылі дулебы і дрыгавічы, уладарыла Кіеўская Русь і Вялікае княства Літоўскае, ішлі баі з чужынцамі і ўсталёўвалася савецкая ўлада…

Лясны храм ля жываноснай крыніцы

…Аднойчы двое сляпых з хлопчыкам-павадыром заблукалі ў дрымучым лесе каля вёскі Карытнае. Куды ні пойдуць, вакол толькі дрэвы. Зразумеўшы, што загінуць, упалі старыя на калені і пачалі маліцца. Раптам чуюць: цурчыць побач вада. Нахіліліся яны напіцца, прамылі вочы і раптам сталі відушчымі. Бачаць -- на дрэве ікона Маці Божай...
Кажуць, тую ікону колькі разоў пераносілі ў Карытнянскую царкву, але нейкім цудам яна зноў вярталася да крыніцы. Зразумелі тады людзі, што месца гэта святое, і пабудавалі ў лесе царкву. У 1928 годзе яна была спалена, але вернікі ўсё роўна прыходзілі, ставілі крыжы, павязвалі на іх ручнікі і маліліся, як іх продкі. У 1992-м храм у гонар іконы Божай Маці “Жываносная крыніца” быў адноўлены, з таго часу людзі з’язджаюцца да яго з усёй Беларусі і іншых краін. Сястра Валянціна, якую мы заспелі каля храма, кажа, што чыстая вада і шчырыя малітвы сапраўды вяртаюць здароўе.
Запаветная мясціна знаходзіцца ў лесе паміж Асіповічамі, пасёлкам Татарка і вёскай Карытнае. Паколькі паляна пад нябачным заступніцтвам Багародзіцы, у якой можна прасіць прабачэння за грахі цяжкія, яна займела назву Прошча.

Браты Багдановічы

Выхаванцы Бабруйскага вучылішча алімпійскага рэзерву 25-гадовы Аляксандр і 20-гадовы Андрэй Багдановічы сталі пераможцамі Пекінскай алімпіяды. Разам з залатым медалём браты прынеслі сусветную вядомасць сваёй малой радзіме -- гарадскому пасёлку Ялізава Асіповіцкага раёна. Дарэчы, знакамітых братоў і сёння можна ўбачыць у бацькоўскім доме -- звычайнай пяціпавярхоўцы на вуліцы Леніна.

Асіповіцкае вадасховішча

Вадасховішча плошчай 11,9 квадратных кіламетра створана ў 1953 годзе ў ніжнім цячэнні ракі Свіслач, каля вёскі Вяззе, падчас будаўніцтва Асіповіцкай ГЭС. Народная будоўля плаціны доўжылася чатыры гады, у лістападзе 1953 года гідрагенератары далі першы ток. ГЭС дагэтуль можа забяспечыць энергіяй сацыяльна-бытавую сферу рэгіёна. Устаноўленыя на ёй турбіны фірмы Siemens- Schuckert з дня пуску і па сённяшні дзень працуюць без адзінага рамонту.

Рэліктавыя дубы і эталонныя сосны

Сярэдні ўзрост дрэў у рэліктавай дуброве каля вёскі Жорнаўка -- 250 гадоў. Такіх старых лясоў у Еўропе больш няма.
Жорнаўская дуброва захавалася некранутай выпадкова: у 1884 годзе, калі адбылося ажыятажна ўзрос попыт на драўніну, вялізныя асіповіцкія лясы былі імгненна высечаны. Засталася толькі дуброва, што прылягала да маёнтка Радзівілаў. Князь Антон Радзівіл забараніў яе секчы, бо не жадаў псаваць краявід вакол фальварка. Чаранкі гэтых асілкаў, даўно пусцілі карані ў розных лясгасах Беларусі. Праўда, збіраць іх цяжка: дырэктар Жорнаўскай эксперыментальнай базы Інстытута лесу НАН Беларусі Уладзімір Барэйша кажа, што даводзіцца выклікаць альпіністаў. 
Некаторыя дубы Асіповіцкага краю пры жыцці сталі помнікамі прыроды: Акцябрскі дуб-велікан (каля 200 год, вышыня 37 м, дыяметр 1,3 м), Брыцалавіцкі дуб-волат -- (190 год, вышыня 36 метраў, дыяметр 1,25), Брыцалавіцкі дуб-багатыр ( каля 175 гадоў, вышыня 36 м, дыяметр 1,8). Кажуць, што ў 1812 годзе Напалеон па дарозе ў Францыю складаў пад яго шатамі ліст да сваёй Жазефіны.

Свіслацкае замчышча

На высокай паўвыспе, дзе Свіслач зліваецца з Бярэзінай, знаходзяцца руіны Свіслацкага замка.
Тут кожная жменя зямлі дыхае гісторыяй: археолагі знайшлі рэшткі паселішча, узрост якога 2--1-е стагоддзе да нашай эры. Пазнейшыя руіны нагадваюць пра былую велічнасць драўлянага Свіслацкага замка -- заснаванага ў Х1 стагоддзі магутнага фартыфікацыйнага збудавання, фарпосту Полацкай экспансіі на беларускай зямлі. Замак быў рэзідэнцыяй свіслацкага ўдзельнага князя, адміністрацыйным цэнтрам часоў Вялікага княства Літоўскага, нейкі час знаходзіўся ў Радзівілаў.

Канал Халадцова

Па гэтым унікальным гідралагічным аб’екце можна пускаць караблікі адразу ў двух супрацьлеглых кірунках. Толькі тут можна назіраць з’яву біфуркацыі -- пераліву вады з басейна Пцічы ў басейн Свіслачы і наадварот.
Канал быў пракапаны ў канцы XIX стагоддзя, каб сплаўляць лес па Свіслачы і Пцічы ва Украіну.  Яго назва, магчыма, паходзіць ад прозвішча аднаго з будаўнікоў ці арганізатараў будоўлі.

Юны шахматыст Антон Шарамет

Асіповіцкі гімназіст Антон Шарамет -- неаднарозовы чэмпіён Беларусі па шахматах сярод дзяцей і адзін з шасці кандыдатаў у майстры спорту па шахматах у Асіповічах і наваколлі. Пэўна, прычыны поспеху варта шукаць не толькі ў прыродных схільнасцях хлопчыка, але і ў сур’ёзным стаўленні бацькоў да яго падрыхтоўкі і асобе трэнера -- выкладчыка сталічнага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках Сямёна Мерыбанава.

Дарагія чытачы!

Каб прыняць удзел у выбары цудаў нашай роднай Беларусі, проста запоўніце анкету і пастаўце адзнаку па сямібальнай шкале кожнаму з прапанаваных сёння цудаў Аcіповіцкага раёна. Анкеты адпраўляйце на адрас рэдакцыі “Народнай газеты” з прыпіскай на канверце “7 цудаў Беларусі”.
Свае меркаванні аб праекце вы можаце выказаць на сайце рэдакцыі ў Інтэрнэце www.ng.by.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter