Туркмену Чарыяру Керакуліеву не было і дваццаці, калі ён у 1980 годзе прыехаў з Ашгабата ў Мінск, абсалютна нікога не ведаючы і не ўяўляючы, куды ісці далей…

Зямля добрых людзей

Туркмену Чарыяру Керакуліеву не было і дваццаці, калі ён у 1980 годзе прыехаў з Ашгабата ў Мінск, абсалютна нікога не ведаючы і не ўяўляючы, куды ісці далей…


 
У 2010 годзе Чарыяр Керакуліеў узначаліў туркменскую суполку ў Беларусі і Мясцовы культурна-асветніцкі фонд “Бахар”
Ведаю нямала гісторый, у тым ліку і мастацкіх, калі вясковыя жанчыны-беларускі падчас Вялікай Айчыннай вайны ратавалі жыцці параненых савецкіх салдат розных нацыянальнасцей, а таксама, рызыкуючы сваім жыццём, дапамагалі, чым маглі, байцам, якія выходзілі з акружэння, уцякалі з палону… Як вядома, гора, агульнае і вялікае, радніла і ў тыле, і на палях бою, і на занятых ворагам тэрыторыях людзей з розных куткоў Савецкага Саюза. У гады выпрабаванняў праявіліся іх якасці, якія стагоддзямі, з пакалення ў пакаленне ў нас фарміруюцца. І дагэтуль у Туркменістане жывуць дзясяткі ветэранаў, якія ваявалі на беларускіх франтах, удзельнічалі ў партызанскім руху ў Беларусі. Дарэчы, ваявалі дастойна. У паўночна-ўсходняй частцы Мінска праходзіць ажыўленая вуліца Анаева (да 1976 года — Калектыўная). Так увекавечана імя Героя Савецкага Саюза, удзельніка баёў за вызваленне Беларусі туркмена Араза Анаева. Ён праявіў гераізм у кастрычніку 43-га пры фарсіраванні ракі Дняпро ў раёне пасёлка Камарын. Герой і пахаваны пры Дняпры, яго іменем названыя вуліцы ў Светлагорску (Гомельшчына) і туркменскім Сердары, дзе ў савецкі час быў усталяваны і бюст Анаева.

А гісторыя, якую нядаўна расказаў мне кіраўнік туркменскай суполкі ў Беларусі і мясцовага культурна-асветніцкага фонду “Бахар” (“Вясна”) Чарыяр Керакуліеў, прыадкрывае новыя штрыхі ў ментальнасці беларусаў. Яны дапамаглі туркменскаму хлопцу не згубіцца на новым месцы, і з часам ён стаў прадпрымальнікам, лідарам дыяспары. Чалавекам, паважаным як у Беларусі, так і ў Туркменістане: Прэзідэнт Гурбангулы Бердымухамедаў не раз запрашаў яго ганаровым госцем на дзяржаўныя святы ў Ашгабат.

Імя Чарыяр азначае “чацвёрты сын у сям’і”. А было ў яго 5 братоў і 6 сясцёр. Шматдзетныя сем’і, зрэшты, у 60-я (а ён родам з 1962 года) у Сярэдняй Азіі, Туркменіі — не рэдкасць. Яго родны горад — абласны цэнтр Туркменбашы, у савецкія часы Краснаводск. Так здарылася, што ў сям’і раптоўна не стала спачатку бацькі, а потым і маці, вось Чарыяру і давялося шукаць свой шлях у жыцці. І ён выра­шыў змяніць яго кардынальна. Да таго часу скончыў рускую школу, тэхнікум, атрымаўшы адукацыю бухгалтара, паспеў нават папрацаваць па спецыяльнасці. А потым паехаў у Мінск. Чарыяр успамінае: “Пайшоў на перон — абсалютна нічога з сабою: кашуля, пінжак, штаны, туфлі… Дапамог мне наогул выпадковы чалавек, Пётр Апанасавіч, прозвішча яго не памятаю. Ён працаваў у аблвыканкаме, ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі. Я хадзіў туды на прыём, прасіць, каб мяне куды-небудзь прынялі на работу. Расказаў, што ў сям’і бяда, на вакзале начую… Паглядзеў ён спачувальна, нічога не абяцаў… Ну, думаю, няма калі яму мною займацца. А Пётр Апанасавіч сам потым прыехаў на вакзал, мяне адшукаў і павёз кудысьці. Аказалася — у Дубравы, вёска кіламетраў 40 ад Мінска, у бок Маладзечна. Там дырэктарам саўгаса быў Андрэй Казіміравіч Буры, яго сябар. І Пётр Апанасавіч папрасіў: вазьмі хлопца на работу, няхай пажыве, да беларусаў прывыкне. Уладкавалі мяне да бабулі Веры на пастой. Вельмі добрая жанчына была, дагэтуль яе памятаю”.


Васьміканцовыя зоркі часта сустрэнеш як у туркменскіх, так і ў беларускіх вышыванках
Яго аповед высвятляе яшчэ адну цікавую дэталь: беларусы — народ асцярожны, да чужых прыглядаюцца. Хадзіў туркмен у Мінску па розных арганізацыях, і патрэбныя былі там бухгалтары, ды ўзяць на працу па спецыяльнасці ніхто не адважыўся. “Відаць, нацыянальнае пытанне перашкаджала…” — заўважае суразмоўца. Затое ён змог убачыць і нават прачуць жыццё ў глыбінцы. Што там здалося цікавым, як чужынца прымалі? “Бабуля са мной як з сынам была! — у голасе Чарыяра з’яўляюцца цёплыя інтанацыі. — Першапачаткова, праўда, бачыў: крыху баялася. І ўся вёска хадзіла на мяне глядзець, гаварылі: “Чалавек з далёкага свету прыехаў, нейкі чорны…” Тыдзень, напэўна, не спала яна, бедная. А потым, як прывыкла, гучным голасам будзіла самай раніцай, крычала: “Генік, уставай, араць пойдзем!” Я, вядома, яшчэ не ведаў, што ў беларусаў “араць” — гэта апрацоўваць зямлю плугам. Для мяне гэта была навіна: “Баб Вера, гавару, чаго гэта нам у такую рань араць хадзіць па вёсцы?” Яна мне: “Плугам, дурань, араць будзем!” Так што за плугам прымушала мяне хадзіць. Для мяне, гараджаніна, гэта ўсё было дзіка: конь, плуг... То я падаў, то плуг выскокваў з зямлі, убок сыходзіў... Але я навучыўся! І касіць мяне баба Вера навучыла, і як бульбу садзіць, і капаць, і збіраць. Я бабулі як памочнік па гаспадарцы быў: загон для свіней у хляве чысціў, гной вазіў, дровы сек. Гэта — звычайная работа ў беларускай вёсцы. Дарэчы, баба Вера і не прымушала мяне потым працаваць — сам за ўсё браўся. Што ж сядзець, калі другі працуе? Я ў саўгасных майстэрнях вартаўніком працаваў — дзяжурыў, глядзеў, каб ніхто нічога адтуль не краў”.

Што цікава, моўнага бар’ера ў Чарыяра з бабай Верай, вяскоўцамі не было: школу ж ён рускую скончыў. А ў Беларусі ўсе ведаюць, разумеюць рускую мову, нават у аддаленых вёсках. І асабліва лёгка, жартуе Чарыяр, ішла ў іх гутарка, калі гаспадыня дазваляла сабе самагоначкі, гэта значыць самаробнай гарэлкі, выпіць...

І калі Чарыяр у Мінск перабраўся, бабу Веру не забываў, наведваў. Папрацаваў ён паўгода токарам на заводзе шасцерняў, потым — ахоўнікам на шарыка-падшыпнікавым. Графік працы задавольваў: суткі на вахце — трое дома. Паспрабаваў другія суткі працаваць у магазіне, на вуліцы Маякоўскага, грузчыкам. Гандаль, дарэчы, і павёў яго далей па жыцці. І зноў сустрэўся туркмену добры чалавек: Раіса Антонаўна Біч, дырэктар магазіна, узяла яго на працу, а прыгледзеўшыся, даведаўшыся, што хлопец з адукацыяй, прапаноўвала пасаду загадчыка аддзела. Ключы ад склада яму давяралі. Але кіроўцам быць Чарыяр не спяшаўся: вырашыў навучыцца секчы тушы, стаць мясніком. Па загадзе дырэктара старыя “рубакі” яго майстэрству і навучылі, хоць спачатку бачылі ў ім канкурэнта.

Цяжкая праца — за змену даводзілася разбіраць, перацягваць па тры і больш тоны мяса — не пужала моцнага хлопца. У хуткім часе ён ужо працаваў і ў буйным універсаме “Рыга”, вельмі нядрэнна ў выніку зарабляючы. Ажаніўся тры разы, і ўсё на беларусках. З трэцяй жонкай, Алай са Слуцкага раёна, якая і цяпер працуе ў гандлі, разам ужо больш за 20 гадоў. У першым шлюбе ў Чарыяра нарадзілася дачка Юльяна (якая нядаўна падарыла яму ўнучку), у другім — сын Руслан. Дзеці яго не бывалі ў Туркменістане, на радзіме продкаў па бацьку, але ён хоча ім яе паказаць.

Хоць і грашовай была работа ў магазіне, але цяжкай. І калі ў пачатку 90-х з’явіліся кааператывы, прадпрымальнікі, Чарыяр праявіў ініцыятыву. Тады ездзілі ў Мінск з Сярэдняй Азіі фуры, вазілі агародніну, садавіну, кавуны. Ведаючы мінскі гандаль, Керакуліеў прапаноўваў гасцям паслугі пасрэдніка. Ішоў на Камароўскі рынак, дамаўляўся, размяшчаў паўднёвы тавар у магазінах… Многія пастаў­шчыкі агародніны і садавіны яго ведалі, і ўсім супрацоўніцтва было выгаднае. Так Чарыяр набываў новы досвед. А калі знаёмы рускі з Ашгабата стварыў у Мінску гандлёвую кампанію, то і ў яго Керакуліеў добра папрацаваў. “З часам адчуў: пара сваю справу адкрываць! — гаворыць Чарыяр. — Я шмат гандляваў, у тым ліку і тэхнікай, “на метале ся­дзеў”. І мне адзін добры чалавек, былы дырэктар завода на пенсіі, прапанаваў працаваць з металаканструкцыямі, распрацоўваць і вырабляць арыгінальную кабіну для трактароў. Я паглядзеў дакументы, чарцяжы: прыгожа! Трактары будуць добра глядзецца. Салідныя фірмы ўжо праяўляюць цікавасць. Профілі толькі металічныя — астатняе шкло. Кабіна будзе ўніверсальная, з шырокім аглядам, зручная і для аграрыяў, і для камунальшчыкаў. І гэта толькі пачатак, ёсць і іншыя праекты”.

У 2010 годзе Чарыяр Керакуліеў узначаліў туркменскую суполку ў Беларусі і Мясцовы культурна-асветніцкі фонд “Бахар”, увайшоў у Кансультатыўны міжэтнічны савет пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Дарэчы, у 2009-м у Беларусі, згодна з перапісам, пражывала каля 2700 туркменаў. Каля 9 тысяч студэнтаў з Туркменістана атрымліваюць адукацыю ў беларускіх ВНУ. У тым ліку і з іх удзелам Чарыяр марыць правесці ў наступным годзе Дні культуры Туркменіі ў Беларусі. Запрасіць артыстаў, сабраць супляменнікаў, актывістаў дыяспары з розных краін. Гэта, паводле яго слоў, дапаможа беларусам бліжэй пазнаёміцца з культурнай спадчынай туркменаў, лепш пазнаць адзін аднаго.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter