Свыше 60 лет ансамбль песни и танца из Молодечно сберегает народные традиции

«Зямля бацькоў дала такое права...»

Больш за 60 гадоў ансамбль песні і танца «Спадчына» з Маладзечна зберагае народныя традыцыі

Маладзечна, гісторыя якога налічвае больш за 600 гадоў, — сапраўдная культурная сталіца нашай краіны. Нездарма гэты статус прысуджваўся гораду. З 1993-га тут праходзіць адно з самых вядомых свят — Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Палац культуры ў Маладзечне з непаўторнай архітэктурай, Зімовым садам, выставачнай галерэяй, студыямі, нават з амфітэатрам на 2600 месцаў. Будоўля палаца адноўлена ў 2001 годзе пасля візіту Прэзідэнта, а ўжо ў 2002-м праца па ўзвядзенні завяршылася, сюды завіталі першыя гледачы. Культурная ўстанова годна трымае марку, яна для многіх стала месцам, дзе можна праявіць сябе, удасканаліць свае творчыя магчымасці.


У палацы культуры 29 клубных фарміраванняў, прычым 12 з іх заслужаныя, народныя і ўзорныя. Збірае і захоўвае лепшыя традыцыі народнага мастацтва на працягу 60 гадоў заслужаны аматарскі калектыў — ансамбль песні і танца «Спадчына» імя Іосіфа Сушко. Бадай, гэта старэйшае фарміраванне на маладзечанскай зямлі, заснавальнік яго — кампазітар і дырыжор лаўрэат прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Іосіф Сушко. Ён кіраваў «Спадчынай» на працягу 56 гадоў і сваім настаўнікам заўсёды лічыў творцу беларускай песні Гена­дзя Цітовіча.

– На жаль, Іосіф Фаміч у 2016 годзе адышоў у іншы свет, але яго творчасць застанецца навечна, — пераканана мастацкі кіраўнік Палаца культуры Валянціна Жаўняровіч. — У скарбонцы самабытнага кампазітара больш за паўсотню песень, якія выконваюць прафесійныя артысты і калектывы. Напрыклад, «Што ж ты сэрца мне параніў», «А мне ў шчасце верыцца», «Песня пра Маладзечна». У адметным народным стылі Іосіф Сушко стварыў шмат меладычных вакальна-харэаграфічных кампазіцый, якія сталі разынкай «Спадчыны». Іх сюжэтная аснова — святы гадавога кола, хрысціянскія, сямейна-бытавыя абрады, народныя гулянні.

У кожнай такой пастаноўцы свая драматургія, логіка, а галоўнае — відавочна, ярка, зразумела ўяўляецца канкрэтная народная традыцыя. Узяць бы «Талаку». Песня, пантаміма, скокі, пераплеценыя са спаборніцтвам і гульнямі, карагод як нельга лепш паказваюць свята ўраджаю. Бачым, як з песняй ідуць жаць жнеі, касіць касцы. І ўсё не без кахання, што пацвярджаецца радкамі: «Талака, талака, талачоная, // Я ў цябе, міленькі, улюбёная. // Талака, талака, талачыстая, // Мая мілая, як зярнятка, залацістая». А вось выконваюць танец мужчыны з цапамі, што абазначае малацьбу — завяршэнне гарачай пары. Усяму вянец — песня-гімн спечанаму караваю з новага ўраджаю.

Кампазіцыя «Хрэсьбіны», адметны традыцыйны абрад, запамінаецца па-свойму. Кружыць «Танец буслоў», а баба-павітуха, якую катаюць у начоўках, выконвае гумарыстычнае сола. Народ развесяліўся ў карагодзе і забыўся, чаму гуляе. Вяртаюць да рэальнасці словы ў песні: «Вы сабе дуйце сваё го-ца-ца, ды не разбудзіце малое дзіця». Госці (артысты) схамянуліся і збіраюцца вакол маці, спяваюць ля калыскі немаўляці прыгожую калыханку.

Такім чынам створаны і іншыя вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі, напрыклад «Купалле», «За ваколіцай», «Беларускі лянок». У рэпертуары «Спадчыны» ёсць праграма «Поры года» з творамі «Калядная варажба», «Гуканне вясны», «Кірмашовыя замалёўкі», «Хрэсьбіны», «Вячоркі». Наогул, «Спадчына» выконвае каля 400   твораў: песні беларускіх кампазітараў, народныя, а таксама танцы, жарты, прыпеўкі.


«Зямля бацькоў дала такое права // Нам песню родную любіць і зберагаць, // Каб моцную краіну і дзяржаву // Маглі ў спадчыну нашчадкам перадаць» — удзельнікі гурта, а іх 45 чалавек, трымаюцца гэтага правіла. Яны ўдала працягваюць фальклорныя традыцыі, спалучаючы старадаўнюю песню, народны танец і элементы сучаснай харэаграфіі. За ўвесь час праз выдатную школу майстэрства прайшло больш за тысячу ўдзельнікаў. У складзе «Спадчыны» пераважна самадзейныя артысты, большасць з якіх сярэдняга ўзросту. Яны ўсе розныя, а сустракаюцца ра­зам — адна сям'я. Звыш 30 гадоў зберагае і развівае народную культуру стаматолаг Ала Шэка, выхавальніца Марыя Рудык, настаўніца Лілія Сцяпная, інжынер-праекціроўшчык Валерый Канстанцінаў, тэхнік Генадзь Петрусевіч і многія іншыя. Як бачым, прадстаўнікі розных сфер.

Не так даўно мастацкім кіраўніком «Спадчыны» стала выкладчык музычнага каледжа Вольга Кохан, якая згуртавала вакол сябе прафесійных музыкаў. І гэта вельмі добры альянс з аматарамі, бо веданне нотнай граматы дапамагае выконваць самыя складаныя песні. Апрача ўсяго, у калектыве гучаць розныя інструменты: баян, скрыпка, кантрабас, цымбалы.

— Гісторыя «Спадчыны» багатая і даўняя. У 1960 годзе на аснове былога партызанскага ансамбля песні і танца нарадзіўся калектыў, у які прыйшлі выкладчыкі дзіцячай музычнай школы і музычнага вучылішча, — канкрэтызуе Валянціна Жаўняровіч. — Словам, сабраліся лепшыя танцоры і спевакі краю, якія даверылі свае творчыя лёсы Іосіфу Сушко. І ён згуртаваў вакол сябе ўлюбёных у музыку людзей. Першыя вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць: у 1963-м ансамблю прысвоена ганаровае званне народнага, а ў 1970-м ён лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

Самабытны калектыў хутка стаў візітоўкай Маладзечаншчыны і Міншчыны. Яго запрашалі з выступленнямі на розныя пляцоўкі: у Крамлёўскі палац з'ездаў, на ВДНГ СССР, у Зорны гарадок касманаўтаў. У 2004 годзе «Спадчыне» прысвоена ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў».

Прызнанне, дасягненні — у многім дзякуючы легендарнаму кіраўніку. У 60-я гады мінулага стагоддзя яго песню «Што ж ты мне сэрца параніў» на верш Ніны Тарас спяваў увесь СССР. Творы Іосіфа Сушко ўвайшлі ў скарбонку беларускага традыцыйнага мастацтва і знаходзяцца ў рэпертуары народнага хору, якім кіраваў Міхаіл Дрынеўскі. У 2020-м на 60-годдзе ансамбля па запрашэнні тагачаснага мастацкага кіраўніка Яўгена Гарчаніна ў Маладзечна прыехаў Нацыянальны акадэмічны народны хор.

Вусная народная творчасць, традыцыйныя песні і танцы ніколі не вый­дуць з моды — гэта наш нацыянальны код. Таму ансамбль «Спадчына» па-ранейшаму запатрабаваны, штогод выступае на розных святах, у тым ліку на Рэспубліканскім фестывалі харавога мастацтва «Пеўчае поле» на Мядзельшчыне. У Айчыне ёсць свае прарокі.

Відэа з выступленнем «Спадчыны» з YouTube-канала Палаца культуры ў Маладзечне.

basikirskaya@sb.by

Фота з архіва ансамбля «Спадчына».

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter