Зямля – аснова ўсёй Айчыне”

Нядаўна Беларусь адзначыла 125-годдзе аўтара гэтых слоў, а сэнс іх, нягледзячы на здабыткі цывілізацыі, так і застаўся нязменным. Хіба што варта дадаць да Коласавых слоў: “зямля і людзі, якія на ёй працуюць”.Зямля ўжо спіць. Заспакоеная, задаволеная, што ўсё аддала, узараная ці з пяшчотным зялёным “вожыкам” маладой азіміны, яна ўлеглася пад пакуль што яшчэ тонкую белую коўдру і сцішылася, усім сваім выглядам нібы запрашаючы людзей, што пад сонцам і пад дажджом палівалі яе сваім потам, таксама спыніцца, адпачыць. Яно і праўда, калі б, здавалася, як не цяпер, позняй восенню, нарэшце прысесці, спакойна пакласці на калені стомленыя рукі, паглядзець уволю тэлевізар, няспешна пагутарыць, падумаць пра вечнае... Але дзе ён, той час, на гэткую раскошу? — спытае любы селянін. Сапраўды, так можа падумаць толькі чалавек, ад сельскай гаспадаркі вельмі далёкі. Бо на вёсцы няма выхадных: кароў даіць трэба штодня. На вёсцы няма “гультайскіх” сезонаў: калі не сеяць — дык збіраць, калі не збіраць — дык захаваць і перапрацаваць, рыхтавацца да наступнай сяўбы, бо кожны веснавы дзень не цярпіць марудства. І так кожны год, спрадвеку. Вечны колазварот і людзі ў ім, людзі, якія так любяць гэту зямлю, што ў іх нават у думках няма, каб адрачыся ад яе, пакінуць у пошуках лягчэйшага хлеба і бесклапотнага жыцця.У гэтых людзей заўтра свята. Чым не нагода падзякаваць ім і яшчэ раз прыгадаць, адкуль узяўся на стале хлеб і да хлеба.