Минск
+15 oC
USD: 2.06
EUR: 2.28

Зялёная карта жыцця

Сёння зялёная, альбо цыркулярная, эканоміка паступова выходзіць на пярэдні план і становіцца адным з вядучых трэндаў як у глабальным маштабе, так і ў канкрэтных дзяржавах і рэгіёнах. Вычарпанне разнастайных прыродных рэсурсаў, пагаршэнне экалагічнай сітуацыі і кліматычных умоў для эфектыўнага гаспадарання вымагаюць большасць дзяржаў з вялікай адказнасцю ставіцца да жыццядзейнасці цяперашняга і будучых пакаленняў: шукаць годны адказ на ўсе існуючыя выклікі сучаснасці.  

Паводле слоў намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя Матусевіча (што прагучалі падчас нядаўняй канферэнцыі ў Мінску “Зялёны і рэсурсаэфектыўны бізнес: выклікі і практычныя рашэнні”), нашай краіне, укараняючы прынцыпы зялёнай эканомікі, трэба гаварыць аб трансфармацыі ўсёй айчыннай эканомікі. Ад дзяржаўнага да прыватнага яе сектараў — для адпрацоўкі механізму рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, ажыццяўлення праектаў па экалагізацыі вытворчасцяў.

Хочам мы ці не, а пераход да зялёных тэхналогій стаіць на парадку дня. Наша краіна для дасягнення сусветных Мэт устойлівага развіцця (МУР) плануе далучыцца да мэты ААН па адказнай вытворчасці і спажыванні. 

Даказана: укараненне асноў зялёнай эканомікі можа забяспечыць Беларусі прырост ВУП на ўзроўні 12—15 працэнтаў. Дзмітрый Матусевіч упэўнены: нягледзячы на тое, што цыркулярная эканоміка ў нацыянальным вымярэнні пакуль знаходзіцца на пачатковым этапе фарміравання, гэта ўсё ж якасна новая эканоміка, здольная прынцыпова змяніць асобныя галіны народнай гаспадаркі, стварыць высокапрадукцыйныя рабочыя месцы, прыцягнуць інвестыцыі, скіраваныя на інавацыі. Аднак зялёную эканоміку будзе даволі складана ўкараніць у дзейнасць прадпрыемстваў рэальнага сектара, хаця імкнуцца да гэтага трэба. Галоўнае практычнае пытанне — фактары кіравання і менеджмента — адказнасць кіраўніцтва прадпрыемстваў, іх работнікаў за паступовую рэалізацыю ідэй зялёнай эканомікі.

Клімат, экалогія, зялёная эканоміка. На фоне цяперашняй папулярнасці гэтых актуальных тэрмінаў экспертная супольнасць працягвае біць трывогу: галоўнымі пагрозамі для нас па-ранейшаму застаюцца — змяненне клімату, распаўсюджванне ажырэння і недаяданне. Між іншым, ланцужок згаданых паняццяў паміж сабой цесна звязаны. Найперш недасканалай харчовай палітыкай, існаваннем міжнароднай сістэмы, якая працуе выключна на эканамічны рост, прасоўваннем інтарэсаў буйных транснацыянальных вытворцаў прадуктаў харчавання, не ўлічваючы шкодных уздзеянняў іх прадукцыі на здароўе чалавека. 

Адносна тэмпературных змяненняў на планеце: вучоныя з універсітэта ў Берклі (ЗША, Каліфорнія) у часопісе Science папярэджваюць аб больш хуткім, чым лічылася раней, надыходжанні кліматычнай катастрофы (з-за выкідаў парніковых газаў, якія садзейнічаюць награванню Сусветнага акіяну, актыўнага раставання ільдоў Арктыкі і Антарктыкі). 

Што датычыцца перспектыўнага развіцця чалавецтва, то з-за змяншэння аб’ёмаў біярэсурсаў для вытворчасці прадуктаў харчавання на Зямлі прагназуецца масавы голад. Лічыце самі: толькі за апошнія дваццаць гадоў “агрэсіўная” гаспадарчая дзейнасць значна паўплывала на біяразнастайнасць расліннага покрыва нашай планеты, якое на 20 працэнтаў стала менш прадукцыйным. Да таго падлічана, што колькасць паловы ўсіх відаў насякомых бліжэйшым часам можа рэзка знізіцца, а трэць можа назаўсёды знікнуць. Прычыны — масавая ўрбанізацыя, павелічэнне плошчаў сельскагаспадарчых зямель і прымяненне вялікай колькасці пестыцыдаў. Спецыялісты ўпэўнены, што за апошнія трыццаць гадоў у Еўропе скарачэнне на 80 працэнтаў колькасці насякомых прывяло да змяншэння папуляцыі птушак на 400 мільёнаў асобін.

Ад экалагічнай дэградацыі да кліматычных праблем — адзін крок. Узрастанне рызыкі шматлікіх стыхійных бедстваў стала цяпер для многіх народаў амаль звычайнай з’явай. Паводле ацэнак ААН, летась у свеце ў выніку прыродных катаклізмаў загінулі 10 300 чалавек, каля 60 мільёнаў пацярпелі. Паводкі, пажары, ураганы і засухі ў 2018-м назіраліся ў Афрыцы, Аўстраліі, Злучаных Штатах, Інданэзіі, Індыі, Еўропе, Кітаі і на Філіпінах. 

Сёлета, як прагназуецца, краіны Паўднёвай і Цэнтральнай Афрыкі чакае моцная засуха. 

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
2.5
Загрузка...