Зялёнае святло педагогам

Выпускнікоў школ будуць заахвочваць вучыцца на педагогаў

Узмацніць матывацыю лепшых выпускнікоў школ для атрымання гэтых спецыяльнасцей плануе Міністэрства адукацыі Беларусі.

«Хлопцаў і дзяўчат, якія мараць выбраць жыццёвы шлях педагога, не так ужо і мала. Гэта паказала змена маладых лідараў, якая праходзіла нядаўна ў «Зубраняці», — адзначае першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук. — Калі нашы прапановы будуць падтрыманы, уладальнікі залатых, сярэбраных медалёў, а таксама чырвоных дыпломаў (выпускнікі ССНУ), пераможцы абласных тураў алімпіяд па вучэбных прадметах маглі б паступаць без уступных экзаменаў на педагагічныя спецыяльнасці ў ВНУ краіны».

У цэлым жа ранейшыя Правілы прыёму ў ВНУ сябе апраўдалі, а значыць, не патрабуюць таго, каб іх цалкам перапісалі. Па словах Аляксандра Жука, прыйшоў час іх невялікай карэкціроўкі. У прыватнасці, гэта тычыцца пытання мэтавага прыёму. «Мы плануем, што па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях колькасць мэтавікоў можа быць павялічана ў два разы — з 30 да 60 працэнтаў. Напэўна, трэба зняць абмежаванні па мэтавым прыёме, каб гэта былі не толькі абітурыенты з сельскіх населеных пунктаў, але і з гарадоў», — гаворыць першы намеснік міністра адукацыі.

Адносна мінімальнага прахаднога бала, па словах суразмоўніка, ні аб яго павышэнні, ні аб паніжэнні гаворка не ідзе: сітуацыя павінна выстаяцца. «Сёння ў Беларусі досыць вялікая колькасць студэнтаў. Гэта нядрэнна. Але, азіраючыся на іншыя дзяржавы, мы не хочам атрымаць дэвальвацыю дыплома аб вышэйшай адукацыі. Дыплом павінен гаварыць аб высокай якасці падрыхтоўкі спецыяліста», — падкрэслівае Аляксандр Жук. Што тычыцца недабору на некаторыя спецыяльнасці ва ўступную кампанію мінулага года, асабліва звязаныя з такімі дысцыплінамі, як фізіка і матэматыка, паводле слоў Аляксандра Жука, сітуацыя ва ўсіх, нават роднасных, ВНУ, якія знаходзіліся ў аднолькавых умовах, была розная. Некаторыя ўсё ж здолелі цалкам ажыццявіць набор. «Значыць, іншыя недапрацавалі», — падкрэслівае ён.

Эксперымент па электроннай сістэме залічэння, які ў мінулым годзе рэалізоўваўся ў сямі ВНУ, будзе працягнуты. «Тут ёсць шэраг тэхнічных пытанняў, звязаных з упарадкаваннем розных баз даных, — кажа Аляксандр Жук. — Гаворка не толькі аб выніках ЦТ, але і аб медыцынскіх супрацьпаказаннях, якія таксама трэба рыхтаваць у электронным выглядзе. Мы ідзём у гэтым кірунку паступова. Найменшы збой у сістэме можа даць праблемы з уступнай кампаніяй».

Што тычыцца бюджэтнага набору, у наступным годзе Міністэрства адукацыі плануе больш жорстка сфармуляваць крытэрыі і паказчыкі выдзялення бюджэтных месцаў для ВНУ. Па словах кіраўніка, далёка не ўсе навучальныя ўстановы кіруюцца патрэбамі рэальнага сектара, рынак перанасычаны незапатрабаванымі спецыялістамі. «Пры складанні плана бюджэтнага набору ў першую чаргу будзем арыентавацца на заяўкі работадаўцаў, вынікі папярэдніх набораў. Вядома, усё гэта — з улікам дэмаграфічнай сітуацыі», — адзначае Аляксандр Жук.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter