Отметил, выпил - за руль: вышли в рейд со «Стрелой» в новогодние праздники

Зялёнае праміле

Толькі за першыя два дні новага года па ўсёй краіне выяўлена 176 фактаў кіравання транспартнымі сродкамі ў стане ап’янення. Нецвярозыя вадзіцелі — патэнцыяльныя забойцы за рулём. А яшчэ затрыманы 272 бяспраўнікі. «Адзначыў, выпіў — за руль», на жаль, звычайная справа для некаторых нашых грамадзян, таму ў паслясвяточныя дні за бяспекай на дарогах узмоцнена сочаць экіпажы ДАІ, а таксама спецпадраздзяленне ДПС «Страла», разам з якім і заступіў на службу карэспандэнт «Р». 

Інспектары правяраюць вадзіцеляў выбарачна, асабліва звяртаюць увагу на дзіўныя паводзіны.

Службовы танк

Старэйшыя інспектары спецпадраздзялення ДПС «Страла» Юрый Цюцюноў і Ягор Кузмічоў, як і ўсе іх калегі, прайшлі навучанне контраварыйнаму кіраванню — умеюць выходзіць з заносу і нават рабіць праславуты паліцэйскі разварот. Заступілі на службу з табельнымі ПМ. Патрульная машына, дакладней, танк — магутны «амерыканец» Крайслер 300С, масіўны, паўнапрывадны. Пад капотам — ледзь не тры сотні конскіх сіл, уцякаць ад такога «табуна» — задума бессэнсоўная. 

Ды і самі пагоні цяпер хутчэй выключэнне, чым штодзённасць.

— Вадзіцелі за апошнія гады сталі больш стараннымі, — радуецца Ягор Кузмічоў. 

Маршрут наш ляжыць па Мінскай вобласці: Смалявічы, Жодзіна, Барысаў. Там паралельна працуюць і мясцовыя экіпажы Дзяржаўтаінспекцыі.

Кружым па раёне

Інспектары правяраюць вадзі-целяў выбарачна, асабліва звяртаюць увагу на дзіўныя паводзіны, напрыклад, калі тыя рэзка змяншаюць ход або цалкам мяняюць маршрут, толькі згледзеўшы ўдалечыні наш Крайслер у міліцэйскай «форме». 

Спынілі машыну, у вадзіцеля вочы блішчаць. Ускосны факт, можа быць, проста праява стомленасці. Інспектары просяць прайсці ў патрульную машыну. 

— Спіртныя напоі ўжывалі? Даўно? Дзе працуеце? — бліц-пытанні ад інспектара. 

— Ніяк не, еду ў рэйс, я дальнабойшчык, — як на духу выдае вадзіцель. 

Ужо пасля Юрый Цюцюноў тлумачыць мне, навошта столькі пытанняў. На вуліцы не заўсёды пачуеш пах. Іншая справа — у машыне, падчас размовы. Паху алкаголю інспектары ад вадзіцеля не пачулі, таму няма патрэбы нават у алкатэстар дыхаць. Добрай дарогі! 

Вадзіцелі і інспектары размаўляюць ветліва, віншуюць адзін аднаго з Новым годам. Дарэчы, кожны такі дыялог маўкліва фіксуецца відэарэгістратарамі: у патрульнай машыне і на грудзях інспектараў.

Вось легкавушка з’ехала з трасы на прасёлкавую дарогу, без паказальніка павароту. Мы рынуліся за ёй. Адбой: вадзіцель цвярозы і з дакументамі ўсё ў парадку.

— У вас вадзіцельскае пасведчанне заканчваецца ў гэтым годзе, —заўважыў Юрый Цюцюноў. А вось іншаму вадзіцелю гэтага няма каму было падказаць загадзя, а сам той не адсачыў. 

— Вы не маеце права кіраваць транспартным сродкам: вадзіцельскае пасведчанне пратэрмінавана на цэлы год, — са шкадаваннем канстатуе Юрый Цюцюноў. — Вымушаны выпісаць штраф — пяць базавых велічынь. Вы не можаце кіраваць аўтамабілем, пакуль не зробіце новыя правы. 

Пакружылі па ваколіцах Жодзіна. На сустрэчнай паласе значна ўдалечыні Юрый Цюцюноў заўважыў «Мерседэс», які рэзка прытармазіў на абочыне. Паскараемся. Вадзіцель нямецкага прэміума рыссю праз дарогу кінуўся проста ў лесапаласу. Мы за ім, выйшлі з ляска ўжо разам. Вадзіцель прыкметна хваляваўся. Патлумачыў свой рэзкі манеўр тым, што натуральная патрэба накаціла. І практычна следам прызнаўся, што напярэдадні піў спіртное. Аказалася, яшчэ і пазбаўлены правоў. На яго шчасце, алкатэстар паказаў мізэрную колькасць алкаголю ў крыві. Таму атрымаў толькі штраф — пяць базавых велічынь — за тое, што бяспраўнік, і перадаў аўтамабіль пад адказнасць сябру, які пад’ехаў па першым клічы — праз пару хвілін. У выніку ён нават застаўся задаволены: не паспей алкаголь выветрыцца — атрымаў бы штраф 50 базавых велічынь. 

Напоі памацней

Аграгарадок Лошніца Барысаўскага раёна. Падчас чарговай праверкі вадзіцеляў Ягор Кузмічоў прыкмеціў:

— Здаецца, з дарогі ў двары рэзка звярнуў «Фальксваген Вента».

Селі яму на хвост. І калі, здавалася б, «Вента» ўжо згубілася сярод дамоў, знаёмы сілуэт зноў мільгануў на гарызонце. Юрый Цюцюноў уключыў пробліскавыя маячкі і праз гучнагаварыцель папрасіў вадзіцеля спыніцца. 

Той выканаў патрабаванне, спыніўся і выйшаў. Хаця не, не выйшаў —меланхалічна выпаўз з машыны. Тут ужо ўсім стала зразумела: шафёр падшафэ. 

— На месцы агляд прайсці згодны, не адмаўляю — піў, але няшмат, —вадзіцель хмурны, як навальнічная хмара. Правы ў яго з 1994 года, і за ўвесь гэты час сёння — першае парушэнне. 

Алкатэстар толькі пацвердзіў відавочнае — 0,7 праміле. Дапушчальны жа ўзровень алкаголю ў крыві вадзіцеляў — 0,29 праміле. Зафіксавалі гэты факт у прысутнасці двух панятых.

Праз кароткі час — паўторная праверка на алкатестары: так прынята. І ўжо 1,19 праміле. Як гэта так?

— Цалкам рэальна: у машыне цёпла, а яшчэ нервы разгуляліся, — растлумачыў Ягор Кузмічоў. 

Інспектары склалі пратакол агляду. Пакуль яго запаўнялі ў машыне, я выйшаў у суседні кіёск па ежу, як-ніяк з самай раніцы ў дарозе. Там ля касы падслухаў тэлефонную размову: 

— Федзя, тут мінская «Страла», сядзі дома.

Вось чаму інспектары і казалі мне, што ўвесь час у руху, у дарозе. «Сарафаннае радыё» разносіць інфармацыю аб іх дыслакацыі з хуткасцю святла. 

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter