Матушка з Кобрына апране ў вышыванку ўсіх ад малога да вялікага

Звязаныя адной ніткай

Сукенка заўсёды жаноцкая і элегантная. А сукенка з вышыўкай? Даўней лічылася, што арнаменты на вопратцы могуць прыносіць карысць, з іх дапамогай можна абараняцца ад негатыву, прыцягваць спрыяльныя падзеі, мяняць свой вобраз. Вышыванкі сёння ў модзе. Аднак рэдка сустрэнеш жанчыну ў вышыванай сукенцы ў рабочым кабінеце. Дарэчным выглядае такі ўбор на народным свяце. Сукенка-вышыванка таксама можа быць актуальнай і практычнай, вырашыла Марына Баніфацьева з Кобрына. І ўзялася апранаць дам у лён з арнаментам. Не прыдумаеш лепшага адзення ў спякоту.


Некалькі гадоў таму я ўбачыла на кіраўніку жанчыне адной культурнай структуры Брэстчыны касцюм, ад якога вачэй не адарваць. Кожны раз, сустракаючы яе на мерапрыемствах у гэтай сукенцы, захаплялася талентам майстрыхі: і з поясам яно добра, і без, а з камізэлькай — як завершаны народны касцюм. Прыгожа і практычна. З часам забылася імя майстрыхі, але, як аказалася, памяць мая не такая ўжо і дрэнная.

Нездарма кажуць, што думкі матэрыяльныя. Гэтая сукенка невядомымі шляхамі ўсё ж такі прывяла мяне да Марыны. Я знайшла цуда-краўчыху ў сацсетках. Неўзабаве сустрэліся ў яе майстэрні ў Кобрыне. Майстру складана чужому чалавеку паказаць сваю “святая святых”, але слова за слова, і Марына паклікала мяне за перагародку, дзе адбываецца крой адзення і стаіць вышывальная машына. Замест меркаванай гадзіны прагаварылі чатыры...

Марына рукадзельнічае ўжо 15 гадоў:

— Сваю першую прафесію — кравец індывідуальнага пашыву — атрымала школьніцай у навучальна-вытворчым камбінаце. Педагог Людміла Паўлаўна Краўчук тады казала, што заўсёды змагу абшыць сваю сям’ю. Але вучыцца на канструктара адзення не пайшла, пасля школы паступіла ў Мінскую духоўную семінарыю на рэгенцкае аддзяленне.

Там Марына сустрэла свой лёс — Андрэя Баніфацьева. Сёння айцец Андрэй — настаяцель Свята-Іаана-Прадцечанскай царквы ў вёсцы Хідры Кобрынскага раёна. Марына, значыць, матушка. У іх двое дзетак — Павел і Сафія.

— Мы, можна сказаць, звязаныя, пашытыя адной ніткай. Андрэй — не толькі муж, бацька маіх дзяцей, сябар, але яшчэ і мой галоўны крытык і дарадца. Без яго я не адважылася б стаць рамесніцай, — прызнаецца Марына.

Калі ўжо першыя крокі ў рамястве рабілі разам з мужам-святаром, няма чаго здзіўляцца, што вывучалі перш за ўсё царкоўнае шыццё і вышыўку. Так Марына асвоіла майстэрства вырабу царкоўнага адзення, харугваў, плашчаніцы. Спачатку для мужа майстравала адзенне, у храм, дзе ён служыць, потым — на заказ. Сёння работы Баніфацьевай можна ўбачыць не толькі ў цэрквах Беларусі, але і ў праваслаўных храмах Расіі, Польшчы, Украіны, Германіі, Італіі, Канады, Эстоніі...

А першым “грамадзянскім” вырабам стала кашуля, якую таксама папрасіў пашыць святар.

Марына ўспамінае:

— Ён незвычайны чалавек. Займаецца зборам траў, яму хацелася мець кашулю ў народным стылі, вышытую палявымі кветкамі. У мяне атрымалася.

Чаму ў гэты “мадэльны рад” потым увайшлі сукенкі і спадніцы, цяпер разумееце? Першае: яны — атрыбут жаноцкасці. Другое: у іх закладзены сакральны сэнс. Нездарма ў праваслаўны храм парафіянак просяць прыходзіць у жаночых уборах.

Кроіць і шые Марына сама. А вышывае машынкай — крыжыкам, гладдзю. Вырабы з ажурнай вышыўкай рышэлье таксама ёсць у шафе майстрыхі.

— Худзенькім прасцей знайсці добрую сукенку, пасля 50-га памеру складаней. Вось я і вырашыла дапамагчы такім, як я. Зараз размерны рад пашырыла. Па цане таксама імкнуся дагадзіць усім. Калі заказваюць унікальную сукенку, каштуе яна нятанна. Але ёсць і бюджэтныя варыянты.

— Ці лёгка ацаніць сваю працу ў грошах? Наша грамадства, мне здаецца, яшчэ не гатова плаціць за ручную работу.

— Хочацца кожнаму дагадзіць, але, калі аддаваць за так, за што потым купіць тканіну, ніткі? Ёсць заказчыкі, якіх не цікавіць кошт, яны просяць стварыць унікальны вобраз. Для тых, хто абмежаваны ў сродках, я таксама шыю прыгожа.

— Вышымайкі, вышыванкі, народны касцюм... Як вырашылі аддаць даніну модзе вы?

— У нас была адна паездка, дзе трэба было паказацца ў народных касцюмах. Гадоў восем таму. Змайстравала, вышыла. Спадабалася. З’явіліся заказы. З гэтага пачалося маё разуменне беларускай вышыванкі. Сёння я сама нашу свае сукенкі. Муж — кашулі. Гэта лепшая рэклама.

— А дзеці?

Марына паказвае мне фатаграфію сына:

— Неяк Павел папрасіў вышыць яму кашулю пад пінжак у школу 1 верасня. Вярнуўся, распавёў, што хлопцы смяяліся. А ён ім адказаў: “Я ж беларус, я нашу беларускае, тым больш што мне кашулю мама пашыла”. Потым да мяне сталі прыходзіць яго аднакласнікі заказваць кашулі. І дачка на апошні званок у школу пайшла ў сукенцы з вышыўкай.

Тканіну Марына купляе на Аршанскім ільнокамбінаце. Па словах майстрыхі, якасць беларускага лёну выдатная, а вось ніткі для вышыўкі — з Расіі і Германіі:

— Мае рэчы можна мыць нават у пральнай машыне. Не паліняюць, не сядуць.

У творчым багажы майстрыхі сёння не толькі царкоўнае, жаночае і мужчынскае адзенне. Яна пляце паясы (дапамагае муж), асвойвае майстэрства баціку, робіць сувеніры ў народным стылі, сумкі з вышыўкай.

Гэтую незвычайную, абаяльную, сучасную жанчыну можна ўбачыць на многіх мерапрыемствах — на свяце вышыванкі ў Мінску, на “Славянскім базары” ў Віцебску, на “Мотальскіх прысмаках”... Марына заўсёды прывозіць работы, якія можна купіць. Уладальнікі арыгінальных рэчаў ад Баніфацьевай, а сёння і я ў іх ліку, у захапленні. Праўда, у нашых этнографаў і народных майстроў да машыннай вышыўкі стаўленне, скажам, не надта, ім ручную работу давай. Але хіба вышыўка машынкай выключае творчасць? За плячамі ў Марыны Баніфацьевай, якая і талент свой, і часцінку душы ўкладвае ў кожную сукенку, у кожную кашулю, — дзве персанальныя выставы, яны мелі вялікі поспех. Ці тое яшчэ будзе?

Марына сабрала арнаменты розных рэгіёнаў Брэстчыны. Пераносіць іх на свае вырабы. Сёе-тое прыдумляе сама, адаптуе да сучасных рэалій. І ніколі ў сваіх работах не паўтараецца.

Valentinak3@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter