Звярыны перапіс

Традыцыйны зімовы падлік у Белавежжы выявіў 460 зуброў

Традыцыйны зімовы падлік у Белавежскай пушчы выявіў 460 зуброў.

Колькасць рэдкіх жывёл з мінулага года павялічылася на чатыры, пры гэтым спецыялісты налічылі толькі 46 цялят, што значна менш у параўнанні з мінулагоднім прыплодам.

Работнікі нацыянальнага парку адзначаюць, што сёлета зубры пушчы жывуць не толькі буйнымі статкамі, ад 80 да 100 асобін, у месцах добрага кармлення, але і малымі групамі, па 25—30 галоў. У іх, як правіла, уваходзяць зубрыныя сем’і з самцоў, самак і маладых жывёл. Што цікава, большая частка папуляцыі жыве на тэрыторыі Пружанскага раёна.

Кожную зіму ў Белавежскай пушчы перапісваюць зуброў, каб не толькі ведаць іх колькасць, але і для даследвання полаўзроставай структуры папуляцыі. Паколькі аптымальнай для пушчы колькасцю лічыцца 350 зуброў, астатнiх рассяляюць у новыя месцы. Напрыклад, у мінулым годзе 11 белавежскіх зуброў адправілі ў Віцебскую вобласць. Зараз вырашаецца пытанне адпраўкі двух жывёл ва Уладзімірскую вобласць і яшчэ пяці — у Казахстан.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter