Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

22 сакавіка 1943 года карнікі спалілі беларускую вёску ў Лагойскім раёне — разам са старымі, жанчынамі, дзецьмі, самаму малодшаму з якіх было ўсяго 7 тыдняў

Звоняць званы Хатыні

Пра трагедыю Хатыні ведаюць па ўсім свеце. Жыла звычайная, нічым не адметная лясная беларуская вёска ў 26 двароў наўзбоч ад дарогі з Мінска ў бок Віцебска, паміж Лагойскам і Плешчаніцамі. Была вайна. Раніцай 22 сакавіка 1943-га ў 6 кіламетрах ад Хатыні партызаны абстралялі на шашы нямецкую аўтакалону. І саслужыўцы загінулых пайшлі помсіць за тое — мірным жыхарам. Неўзабаве Хатынь акружылі карнікі. Сагналі ўсіх у свіран, у тым ліку старых, жанчын, дзяцей, замкнулі дзверы, потым абклалі саломай, аблілі бензінам і падпалілі будынак. У агні загінулі 149 чалавек, з іх 75 дзяцей. Тых жа, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі... З полымя жывым удалося вырвацца толькі 56-гадоваму Іосіфу Камінскаму. Вось такая трагічная гісторыя ў “вогненнай вёскі”, калі расказаць яе коратка.

Хоць з часам Хатынь стала вёскаю-сімвалам, сусветна вядомым мемарыялам, і даследчыкі нямала папрацавалі ў архівах, людзей апытвалі, па драбніцах збіралі весткі пра ахвяры трагедыі, але ж і цяпер у гісторыі знішчэння Хатыні ёсць некаторыя “цёмныя плямы”. Між тым дакладна ўстаноўлена: хто вінаваты ў трагедыі, хто аддаваў загад на знішчэнне, хто былі яго непасрэдныя выканаўцы. Беларускія гісторыкі, архівісты правялі тытанічную працу, шукаючы афіцыйныя архіўныя дакументы з тых часоў. Напярэдадні 75-годдзя адной з самых зверскіх акцый карнікаў у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны супраць мірнага насельніцтва ў Прэс-цэнтры мінскага Дома прэсы прайшла вялікая прэс-канферэнцыя. Яе ўдзельнікі гаварылі пра параўнальна нядаўна адкрытыя падрабязнасці страшнага злачынства.

Вобразам для 6-метровай скульптуры “Няскораны” паслужыў Іосіф Камінскі 

Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Селямянёў прэзентаваў зборнік дакументаў і матэрыялаў “Хатынь. Трагедыя і памяць”. У ім сабраны ўсе знойдзеныя на сённяшні дзень дакументы па знішчэнні Хатыні. “Гэтыя дакументы даюць поўную карціну падзей напярэдадні трагедыі, — адзначыў Вячаслаў Дзмітрыевіч. — Частка дакументаў нам была прадастаўлена вядомымі расійскімі гісторыкамі Дзмітрыем Жукавым ды Іванам Коўтунам, якім пашчасціла ў архівах ЗША выявіць данясенне оберлейтэнанта Абвэра Ганса Вагнера аб знішчэнні Хатыні. Раней жа мы не ведалі, які з батальёнаў прымаў удзел у самым агідным злачынстве супраць чалавечнасці”. Данясенні нямецкага падпалкоўніка ўтрымліваюць весткі пра тое, што ў аперацыі ўдзельнічала нямецкая рота. “Гэта ж азначае адно: у знішчэнні Хатыні прымалі ўдзел чыстакроўныя немцы, — робіць асаблівы акцэнт гісторык. — І гэта вельмі важна ведаць. Калі не было на руках архіўных дакументаў, то ў тым злачынстве “нядобрасумленныя гісторыкі” з-за розных абставінаў, перш за ўсё палітычных, спрабавалі абвінаваціць каго заўгодна: украінцаў, палякаў і нават беларусаў. Дык вось: Хатынь спалілі войскі СС. Прозвішча гестапаўскага генерала, гітлераўскага ката Хатыні — Оскар Пауль Дзірлевангер. Гэта ён асабіста аддаваў загад на знішчэнне вёскі разам з яе жыхарамі. Прычым гэта далёка не адзінае яго злачынства. Нямала бязвіннай крыві простых мірных жыхароў праліў Дзірлевангер і ў іншых раёнах і абласцях Беларусі, аддаючы загады на масавыя крывавыя акцыі — у самім Лагойску, Смалявічах ды ў іншых месцах”.

Усяго ж за гады вайны, адзначалася на прэс-канферэнцыі, на тэрыторыі Беларусі было цалкам знішчана звыш 9 тысяч вёсак. Лічба гэтая аказалася амаль удвая большай за тую, што агучана была пяць гадоў таму. “Мы правялі за гэтыя гады поўнае выяўленне дакументаў па знішчэнні вёсак ва ўсіх дзяржархівах краіны, — заявіў на прэс-канферэнцыі Вячаслаў Селямянёў. — І можам сказаць так: у Беларусі было цалкам і часткова знішчана больш за 9093 вёскі з насельніцтвам і без насельніцтва. Цяпер мы стварылі электронную базу тых вёсак, якая даступная кожнаму. І гэтай працай можам ганарыцца, бо Беларусь — адзіная з краін, што ўтварыліся на поставецкай прасторы, дзе ведаюць дакладную лічбу знішчаных у вайну вёсак”. Больш за тое: сёння беларускія архівісты і гісторыкі дакладна ведаюць, якія дакументы і дзе захоўваюцца. Скажам, найбольш каштоўны комплекс дакументаў па знішчэнні вёсак у Беларусі захоўваецца ў Нацыянальным архіве Беларусі ды ў Цэнтральным архіве КДБ. “Праўда, мы пакуль не ведаем: што захоўваецца ў нямецкіх архівах і што захоўвацца ў расійскім архіве — гэта Цэнтральны архіў Мінабароны Расіі”, — адзначыў Вячаслаў Дзмітрыевіч. Таму, па яго словах, у гэтым раздзеле нашай гісторыі кропка пакуль не пастаўлена. І “цёмныя плямы” яшчэ застаюцца.

Раніцай у чацвер 22 сакавіка ў Мемарыяльным комплексе “Хатынь” адбылася Усебеларуская малітва за мір пад час мітынга-рэквіема, на які сабраліся тысячы людзей. Перазвон званоў Хатыні зноў нагадаў усяму свету пра жудасныя падзеі вясны 43-га. Іх тужлівыя галасы — гэта сігналы памяці. Як і сігналы надзеі, што ніколі больш такая вяліка бяда, як здарылася тут, у Беларусі, не паўторыцца нідзе. Гэта ж і папярэджанне ўсім, хто свядома ці міжволі пераступае межы маральнасці, адпрэчвае базавыя агульначалавечыя каштоўнасці: памятайце, за злачынствам заўсёды, абавязкова будзе пакаранне. Яно дагоніць катаў, іх нашчадкаў і на тым свеце. А мы ж, хто спавядае дабрыню, міласэрнасць і вышэйшую справядлівасць, хто імкнецца жыць у згодзе са сваім сумленнем, у любові да людзей, будзем памятаць: Хатынь звоніць па бязвінна забітых. Будзем верыць, што пакуты, якія церпім у гэтым свеце, — не дарэмныя.

Іна Ганчаровіч
Носьбіты геннай памяці

Успамінаючы Хатынь, мы ўспамінаем тысячы па-зверску знішчаных вёсак. Аплакваючы ахвяры тых жудасных падзей, мы аплакваем кожнага трэцяга жыхара Беларусі, які загінуў пад час Другой сусветнай вайны. Гэты боль назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах як памяць пра жорсткія злачынствы супраць чалавечнасці. І няма ім апраўдання. Занадта дарагой цаной дасталася свабода роднай зямлі нашаму народу. Гістарычную памяць аб тых страшных гадах мы беражліва захаваем і перададзім дзецям як імунітэт супраць любой ваеннай агрэсіі ды нацыяналістычнай варожасці. Як разуменне таго, што нішто на свеце не вартае адабранага чалавечага жыцця.

Свет зноў забывае тыя ўрокі. Ваенныя пагрозы, тэрарыстычныя атакі, міжканфесійныя звады і міжнацыянальныя канфлікты запаўняюць старонкі гісторыі XXI стагоддзя новымі незлічонымі ахвярамі. І сучасны твар ліха, часам схаваны за маскай добрых намераў, — такі ж пачварны, як і ў нацызму. Ідэі звышдзяржаўнасці ды перавагі нацый знаходзяць чарговых паслядоўнікаў і вядуць да новых бедаў.

Мы, беларусы, носьбіты геннай памяці нечалавечых пакут народа, якія выцерпеў у Вялікай Айчыннай вайне, гаворым усім: “Няхай журботны звон званоў Хатыні гучыць і перасцерагае ад паўтарэння страшнай трагедыі. Няхай іх металічны плач данясецца да тых куткоў Зямлі, дзе сёння забыліся пра тое, што жыццё — гэта дарунак звыш, што мір — самая вялікая каштоўнасць. Мы павінны гэта памятаць заўсёды!”

Са Звароту Прэзідэнта Беларусі да суайчын­нікаў з нагоды 75-годдзя Хатынскай трагедыі


Урокі з гісторыі

Трагедыю Хатыні прыгадвалі ў Рыме

Напярэдадні жалобнай даты ў Рыме ўспаміналі пра жудасную трагедыю Хатыні. У Навучальна-метадычным цэнтры “Николай Гоголь” прайшоў Урок памяці “Каб памяталі, каб ведалі...”. Вучням сярэдніх і старэйшых класаў школы мы паказалі фільм пра падзеі, што здарыліся ў беларускай вёсцы. Дзякуючы намаганням беларусаў Рыма ў цэнтры працавала літаратурная выстава. Дзеці вывучылі на памяць і чыталі вершы. Многія малявалі плакаты на тэму “Мір на Зямлі”. Навучэнцы старэйшых класаў пісалі эсэ, эпіграфам да якога сталі словы “Помните! Через века, через года, — помните!/ О тех, кто уже не придет никогда, — помните!”.

Дзень памяці ў цэнтры “Николай Гоголь” атрымаўся вельмі кранальным: пад час мерапрыемстваў ні дарослыя, ні дзеці не маглі ўтрымаць слёз. Сапраўды, боль трагедыі дагэтуль жыве ў сэрцах беларусаў. Падзяляем яго і мы, супляменнікі ў Рыме. За межамі роднай краіны захоўваем любоў да Бацькаўшчыны, стараемся перадаць яе нашым дзецям.

Цяпер Міжнародны культурны цэнтр “Содружество” распачаў падрыхтоўку да акцыі “Бессмертный полк”, якая пройдзе сёлета ў Рыме ўжо ў трэці раз. Запланаваны вялікі святочны канцэрт, прысвечаны Дню Перамогі. Падтрымліваюць нашу ініцыятыву Амбасады Расіі, Беларусі, Казахстана, Арменіі, Узбекістана, а таксама — упершыню — Малдовы і Украіны. 

Ніна Пашчанка, г. Рым, Італія 


Чужога болю не бывае

Літаратурную пастаноўку да 75-годдзя Хатынскай трагедыі прадставілі беларусы Арменіі

Дзень памяці пра ахвяры Хатыні пачаўся ў Ерэване з жалобнай літургіі ў праваслаўным Пакроўскім храме. Пасля ў Цэнтры культуры нацыянальных меншасцяў Арменіі была прадстаўлена літаратурная кампазіцыя, прысвечаная трагічным падзеям. Яе ладзіла Ерэванская беларуская суполка “Беларусь” пры падтрымцы Амбасады Беларусі ў Арменіі. Сярод гасцей былі ветэраны Вялікай Айчыннай, тыя, хто перажыў блакаду Ленінграда, былыя вязні канцлагераў, прадстаўнікі розных этнааб’яднанняў Арменіі, жыхары горада. Прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых.

Літа­ратурна-тэатралізаваную пастаноўку  прадставіў гледачам творчы калектыў беларускай суполкі “Родныя карані”. Спектакль зрабілі паводле вершаў Андрэя Дзяменцьева, Валерыя Барыгіна, Ірыны Карацеевай ды інш. І словы, прасякнутыя болем, гучалі на фоне знакамітага твора В.-А. Моцарта “Рэквіем”. Рэжысёрам пастаноўкі выступіла мастацкі кіраўнік гурту Жанна Нікітчук. Артысты, сярод якіх былі й дзеці, прапусцілі праз свае сэрцы пранікнёныя радкі вершаў, эмацыйна раскрывалі трагічныя падзеі, што адбыліся 22 сакавіка 1943 года ў Хатыні.

У вітальным слове Амбасадар Беларусі ў Арменіі Ігар Назарук адзначаў, што Хатынская трагедыя — гэта напамін усім людзям на Зямлі, як важна шанаваць мір. І што такія трагедыі не павінны больш нідзе і ніколі паўтарыцца.

Кацярына Аляксандрава

Голас Радзімы № 12 (3564), чацвер, 29 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter