14 мая исполняется 115 лет со дня рождения народного артиста БССР и СССР Иосифа Жиновича

Звіняць чароўныя цымбалы

Цікавыя факты з жыцця беларускага дырыжора, кампазітара, цымбаліста, народнага артыста БССР, народнага артыста СССР Іосіфа Жыновіча. 14 мая спаўняецца 115 год з дня яго нараджэння.

nafo.by

Іосіф Іосіфавіч з’явіўся на свет у сялянскай сям’і ў вёсцы Арэшкавічы Пухавіцкага раёна. Бацькі працавалі на зямлі, а ў вольны час захапляліся музыкай. Тата і дзед Іосіфа добра ігралі на цымбалах, якія выраблялі сваімі рукамі. 

Калі хлопчыку споўнілася 15 год, ён прыйшоў на музычнае праслухоўванне ў Першы Беларускі драматычны тэатр (сёння Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Першы блінец не аказаўся комам. Таленавітага музыку адразу прынялі ў трупу тэатра. Прычым Іосіф не ведаў нотнай граматы, іграў на слых. Аднак пазней ён усё ж паступіў у музычную школу, а затым у Мінскі музычны тэхнікум. Паралельна вучыўся і на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

З 1930 года Іосіф Іосіфавіч працаваў канцэртмайстрам і салістам Дзяржаўнага ансамбля беларускіх народных інструментаў. Праз дзевяць год стаў лаўрэатам Першага Усесаюзнага агляду выканаўцаў на народных інструментах. Затым паступіў на тэарэтыка-кампазітарскае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. 

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, быў накіраваны ў Казахскую філармонію. У складзе франтавых канцэртных брыгад выязджаў на фронт. Выступаў на Паўночна-Заходнім фронце, у войсках Першага Беларускага і Далёкаўсходняга франтоў, а ў красавіку — маі 1945 года падтрымліваў баявы дух воінаў-вызваліцеляў, іграў у Патсдаме, Бабельсбергу, Штраусбергу і іншых мясцінах. 

Калі пасля вайны музыкант вярнуўся на радзіму, жахнуўся: Мінск быў разбураны. Аднак майстра працягваў сваю справу. Стаў салістам-цымбалістам Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь. У 1946 годзе быў прызначаны на пасаду мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора. 

У багатым рэпертуары ансамбля былі ўласныя арыгінальныя творы Іосіфа Жыновіча, а таксама творы сусветнай класікі. Дзякуючы майстэрству Іосіфа Жыновіча аб цымбалах як акадэмічным інструменце даведаліся далёка за межамі нашай краіны. 

Іосіфа Жыновіча ведалі і як выдатнага педагога. Доўгі час ён выкладаў на кафедры народных інструментаў у Белдзяржфілармоніі. Маэстра стварыў першы падручнік па цымбалах «Школа для белорусских цимбал» (1948 г.), мадэрнізаваў шэраг народных інструментаў. 

У 1955 годзе яму было прысвоена званне народнага артыста БССР, у 1968-м — званне народнага артыста СССР. Жыновіч быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР, двух ордэнаў «Знак Пашаны», ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, медаля «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.». 

Традыцыі, закладзеныя майстрам дзесяцігоддзі таму, перадаюцца новаму пакаленню слухачоў. Цымбалы лічацца інструментальным голасам Беларусі. Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі носіць імя славутага майстра — Іосіфа Жыновіча. 

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter